Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(61)/2012
SUMMARY
Благаслаўлёныя Крыжам

«ЦЯРПЕННЕ — НАЙВАЖНЕЙШАЯ ЧАСТКА ПРАЦЫ»
З катэхезаў айца Максімільяна Кольбэ
Постаці

НЕЗВЫЧАЙНЫ І НЕЗАМЕННЫ
Пераклады
Галерэя
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Постаці

РУПЛІВЕЦ НА БОЖАЙ НІВЕ
Нашы святыні

...ТОЛЬКІ КАСЦЁЛ
Memoria


БЕЛАРУСКІЯ ПАМЯТНЫЯ КРЫЖЫ ПАД ТАЙШЭТАМ
Постаці
Літаратуразнаўства
Асобы
Данута БІЧЭЛЬ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Нашы святыні
Мастацтва
Гісторыя

КРЫЖОВЫ ШЛЯХ

Віктар МАЛІНОЎСКІ

...ТОЛЬКІ КАСЦЁЛ

Да 100-годдзя кансэкрацыі
касцёла Беззаганнага Зачацця
Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску

Бабруйскі касцёл
Беззаганнага Зачацця
Найсвяцейшай Панны Марыі
ў 1912 г.

Перадгісторыя пабудовы ў Бабруйску касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі была даволі складаная. 15 снежня 1885 г. адбылося трагічнае для ўсёй каталіцкай супольнасці Бабруйскага дэканата і парафіі здарэнне — пажар у старажытным парафіяльным касцёле св. апосталаў Пятра і Паўла. Дагэтуль рэнесансная святыня, пабудаваная ў 1630-я гады, неаднаразова зазнавала панішчэнне агнём: у 1648 г. і 1655 г. гэта здарылася праз ліхадзейства казакаў, а ў ліпені 1859 г. пажар здарыўся ад удару маланкі ў касцёльную вежу. Кожны раз касцёл аднаўлялі, але шкода, нанесеная агнём снежаньскай ноччу 1885 г., была непапраўнаю. Уратаваныя касцёльныя рэчы перанеслі ў суседнюю двухпавярховую плябанію, адзін з пакояў якой быў ператвораны ў капліцу, дзе змяшчалася не больш за 70 чалавек. Дый суседства з каталіцкаю святыняю было непажаданым для кіраўніцтва вайсковага гарнізона, размешчанага ў Бабруйскай крэпасці, якая з 1810 г. увабрала ў сябе землі з парафіяльным касцёлам і плябаніяй. Для вайсковых мэтаў, артылерыйскага цэйхгаўзу, у 1810 г. быў прыстасаваны былы езуіцкі касцёл пабудовы 1747 г., які перайшоў у распараджэнне свецкай улады яшчэ ў 1773 годзе.

Католікі Бабруйска мусілі прасіць у гарадской управы іншае месца для будаўніцтва новага касцёла. Разгляд прашэння заняў больш за 7 гадоў. Яшчэ некалькі гадоў спатрэбілася на ўзгадненне з Духоўнай кансісторыяй і ўладамі ў Санкт-Пецярбургу праектна-каштарыснай дакументацыі на новабудоўлю. І толькі ў 1895 годзе, на пустцы Слуцкага фарштату (прадмесця), па вул. Разенмаркаўскай, распачалося будаўніцтва драўлянага будынка новага бабруйскага касцёла і плябаніі. 1 мая 1896 г. сямідзесяцігадовы бабруйскі дэкан і пробашч кс. Міхал Аляхновіч паведаміў у Духоўную кансісторыю: «Новапабудаваны ў Бабруйску рыма-каталіцкі касцёл пачаў богаслужэнні…». З гэтым драўляным касцёлікам бабруйскія католікі сустрэлі ХХ стагоддзе.

Пераслед Касцёла ў нашым краі царскай уладай у другой палове ХІХ ст. не змог суняць дзеяння Духа Святога. І гэты Дух натхніў да святарскіх і манаскіх пакліканняў мноства лепшых сыноў і дачок нашай зямлі. Многія з іх сталі тымі падзвіжнікамі, якія ў пачатку ХХ ст. ахвярна спрычыніліся да духоўнага і рэлігійнага адраджэння і ў сваіх парафіях, і ва ўсім Касцёле на Беларусі. Адным з іх быў ксёндз Ян Красоўскі. Божы Провід падрыхтаваў гэтаму святару магчымасць скласці ўсе свае таленты і дары на алтар служэння Богу і людзям на Бабруйшчыне. У 1901 г. кс. Яна прызначылі выконваючым абавязкі дэкана, а ў 1902 г. ён стаў дэканам Бабруйскага дэканата і парафіяльным пробашчам. Абсяг працы на гэтай пасадзе быў даволі вялікі. Дэканат займаў значны абшар з парафіямі ў Шацілках (цяпер Светлагорск), Глуску, Свіслачы (цяпер Асіповіцкі р-н) і Харомцах (цяпер Акцябрскі р-н). А ў парафію, апроч Бабруйска, уваходзіла дзесяць філій, у тым ліку ў Асіповічах. У 1901 г. здараецца новае выпрабаванне — згарае драўляны парафіяльны касцёл. Нават цяжка ўявіць разгубленасць бабруйскіх вернікаў — незагойнаю ранаю яшчэ чарнеліся асмыленыя руіны старадаўняга касцёла, а да гэтай раны дадалося папялішча новабудоўлі...

Але ксёндз Красоўскі здолеў мабілізаваць усю сваю волю і пастанавіць сабе, што новы касцёл у Бабруйску абавязкова будзе. За вельмі кароткі час кс. Яну ўдалося вырашыць мноства пытанняў: дабіцца дазволу на пабудову касцёла ад мясцовай і пецярбургскай уладаў; распрацаваць праект і зацвердзіць яго каштарыс; знайсці фундатараў, якія б аператыўна ахвяравалі значныя сродкі на будаўніцтва; заахвоціць да ахвярнай дапамогі найбяднейшых парафіянаў. Усё гэта паспрыяла таму, што ўжо 8 мая 1903 г. у Бабруйску адбылася закладка вуглавога каменя неагатычнага касцёла ў гонар Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Мураваную святыню ўзводзілі непадалёк ад згарэлага драўлянага касцёла. Паводле ўспамінаў старых парафіянаў, запісаных у 1993 годзе, кс. Красоўскі ўсімі сіламі стараўся скончыць будаўніцтва за тры гады, і ён гэтага дамогся. З усіх навакольных вёсак, дзе жылі католікі, людзі дапамагалі — хто працоўнаю сілаю, хто грашыма. Нельга абмінуць удзячным успамінам асноўных ахвярадаўцаў касцёла, якімі былі прадстаўнікі шляхецкіх родаў: Сымон Забэла, Баляслаў Тышкевіч, Вінцэнт і Марыя Козел-Паклеўскія, Юзэфа фон Урдман, сем’і Сыраколяў-Булгакаў, Зарубаў, Кяльчэўскіх і Мурашкаў.

Выгляд Слуцкага фарштату Бабруйска ў пач. ХХ ст.
Касцёл — у левым верхнім кутку здымка.

У другой палове 1906 г. у Бабруйску з’явіўся новы велічны касцёл. Яго архітэктура да апошняй дробязі была вырашана ў стылі неаготыкі. Трохнававы касцёл меў даўжыню 17 сажняў/36 м; шырыню — 9 с/19 м; вышыню — 8 с/17 м. Званіца з шатровым купалам, вышынёю 20 с/42,5 м, была завершана металічным крыжам. Касцёл асвяціў мінскі дэкан — кс. Казімір Міхалькевіч. Цягам наступных трох гадоў у адзіным стылі быў выкананы інтэр’ер храма — вялікі галоўны алтар, канфесіяналы, амбона і пяць радоў лавак, вырабленых з дубу; жалезная балюстрада паміж касцёльнаю наваю і прэзбітэрыем і іншае. Адпаведна тытулу касцёла, пачэснае месца ў сярэдняй нішы галоўнага алтара было адведзена абразу Беззаганнай Мадонны, копіі славутага твора іспанскага мастака ХVІІ ст. Барталомэ Мурыльё. Над алтарамі бочных наваў мясціліся абразы Маці Божай Вастрабрамскай і Сэрца Збавіцеля. Над уваходам, на хорах, былі ўстаноўлены арганы фірмы братоў Рыгераў з Вірыдорфа, набытыя ў 1908 годзе. На званіцы паступова павесілі тры званы. Тэрыторыю вакол касцёла і плябаніі, плошчаю больш за 1 га, абнеслі цаглянаю агароджаю з каванымі пралётамі. Касцёл архітэктурнаю дамінантаю ўзвышаўся над навакольнаю аднапавярховаю забудоваю.

9 верасня 1912 г. адбылася векапомная падзея, шлях да якой пралягаў праз выпрабаванні і непахіснасць веры. У гэты дзень Яго Эксцэленцыя Магілёўскі арцыбіскуп мітрапаліт Вінцэнт Ключынскі здзейсніў кансэкрацыю галоўнага алтара і касцёла ў Бабруйску.

Ксёндз Ян Красоўскі.

Да 1917 г. бабруйская парафія, якая мела 6 000 вернікаў, уваходзіла ў Магілёўскую архідыяцэзію. Бабруйскі дэкан і пробашч кс. Ян Красоўскі з’яўляўся яшчэ і канонікам — сябрам дыяцэзіяльнай капітулы. Адзінаццаць гадоў працы ксяндза Яна сталіся для парафіі вельмі плённымі. Гэта быў прыгожы, інтэлігентны чалавек, асоба і навукі якога прывабілі і вярнулі да рэлігійнай практыкі шмат людзей — парафія ўзрасла да 10 000 чалавек. Ім было створана Дабрачыннае таварыства для дапамогі бедным і абяздоленым. Cярод бабруйчанаў ён меў важкі і бездакорны аўтарытэт. На жаль, пасля моцнай прастуды напрыканцы 1912 года ксёндз Ян Красоўскі адышоў да Пана Бога. Пахавалі кс. Яна паблізу касцёла, у месцы, дзе ўжо спачывалі парэшткі двух святароў. Вось такім шчасным і журботным увайшоў 1912 год у гісторыю бабруйскай каталіцкай парафіі.

Паводле даўніх успамінаў вернікаў, самы вялікі фэст у парафіі ладзіўся на свята Божага Цела, калі ў Бабруйск з’язджаліся тысячы католікаў з усяго дэканата. Пілігрымы ледзьве раскватароўваліся ў 30-тысячным горадзе. У дзень урачыстасці па цэнтральных вуліцах праходзіла такая грандыёзная працэсія, што з ёй не магло параўнацца ніводнае іншае святкаванне ў горадзе. Уражаны гэтым дзействам у маленстве, польскі пісьменнік, нараджэнец Бабруйшчыны Фларыян Чарнышэвіч, апісаў яго ў сваім аўтабіяграфічным рамане «Надбярэзінцы».

Як праява асаблівай пабожнасці ў парафіі практыкавалася малітва ў паставе лежачы крыжам. Дзеля гэтага ў левай наве мелася адмысловае месца перад алтаром, пазначанае крыжам і акаймаванае шлякам. Як згадвае найстарэйшая парафіянка Гэлена Казіміраўна Жыбартовіч, якая памятае касцёл з 30-х гадоў, як бы ні было ў касцёле шматлюдна ў вялікія святы, на гэтае месца ніхто не ступаў. Людзі маліліся тут у найпільнейшых патрэбах. Вернікі такі чын малітвы называлі «ахвяравацца крыжам».

У розны час у пачатку ХХ ст. вікарыямі ў Бабруйску служылі ксяндзы Вітольд Івіцкі, Адам Сухвалка, Альбін Ройша, Ян Ворслаў, Вінцэнт Латарэвіч, Ян Сянкевіч, беларускі паэт і публіцыст Аляксандр Астрамовіч (Андрэй Зязюля). У 1916 г. вікарыем у парафіі працаваў кс. Адам Пучкар-Хмялеўскі, грамадскі і культурны дзеяч, будучы пробашч катэдральнага касцёла ў Мінску (быў двойчы арыштаваны, у 1933 г. асуджаны на 10 гадоў лагераў, расстраляны ў 1938 г.). Падчас Першай сусветнай вайны ў касцёле служыў благаслаўлёны кс. Міхал Сапоцька, спаведнік святой Фаўстыны Кавальскай.

Пэўны час у касцёле працавалі пробашчы суседніх парафій: у 1918–1920 гг. — кс. Караль Бялініс (пр. у в. Харомцы); у першыя гады стагоддзя — старэнькі ксёндз Уладзіслаў Ісаевіч (былы навагрудскі дэкан, адм. у Глуску); кс. Казімір Кедрынскі, вельмі пабожны святар (пр. у Свіслачы). А ў 1920–1930 гг. бабруйскую, глускую і харамецкую парафіі часта абслугоўваў кс. Мечыслаў Сабачынскі (слуцкі дэкан, арыштаваны ў 1933 г., перацярпеў жахлівыя катаванні, асуджаны на 10 гадоў лагераў; быў этапаваны ў Карлаг НКВД, але далейшы лёс невядомы).

Пасля спачыну кс. Яна Красоўскага бабруйскім дэканатам і парафіяй да 1918 г. кіраваў кс. Вацлаў Пацэвіч. Часовым адміністратарам парафіі ў 1913 г. быў кс. Ян Брэчка. Перад 1918 г. кс. Вінцэнт Латарэвіч пасля пасады пробашча ў Ішкалдзі ўзначаліў дэканат і парафію ў Бабруйску, але служыў ён непрацяглы час — 19 сакавіка 1919 г. кс. Вінцэнта расстралялі ў Мірскім замку чырвонаармейцы. Дэканальным і парафіяльным адміністратарам у 1921 г. працаваў кс. Тэадор Рыло (гады жыцця: 1884–1950, ГУЛАГ), адначасна кс. Тэадор выконваў абавязкі адміністратара ў Свіслачы. Яго наступнікам у 1922 г. стаў нараджэнец Бабруйска кс. Ян Жаўрыд (нар. у 1885 г.). У гэты час у касцёле адбылася канфіскацыя каштоўнасцяў, якой святар супраціўляўся, але расправіліся з ім праз некалькі гадоў. 21 сакавіка 1928 г. святара арыштавалі, а 25 сакавіка 1935 г. калегія АДПУ асудзіла яго на 10 гадоў салавецкіх лагераў, дзе 1 лістапада 1937 года кс. Яна расстралялі. Ксёндз Казімір Мустэйкіс змог адпрацаваць парафіяльным кіраўніком з канца 1929-га да пачатку 1930 года. Па паклёпніцкім даносе ксяндза прыгаварылі да трох гадоў турмы. У 1933 г. кс. Мустэйкісу ўдалося выехаць у Літву.

Драматычны этап у жыцці бабруйскай касцёльнай супольнасці з 1931-га па 1944 г. прыпаў на кіраўніцтва парафіяй кс. Францішкам Выліжынскім (нар. у 1885 г.). Напрыканцы 1934 г. ксяндза арыштавалі і асудзілі на 5 гадоў ППЛ. У тым жа 1934 г. касцёл у парафіянаў адабралі. Касцёльныя рэчы часткова панішчылі і ўнутры размясцілі сельскагаспадарчую выставу, а на прылеглай зямлі нагарадзілі загонаў жывёлагадоўчай «выставы». Затым касцёл выкарыстоўвалі як збожжасховішча і склад. Уволю ўлада паздзеквалася і з кс. Францішка. Зняволенне ён адбываў у Карлагу, адкуль яго вызвалілі ў 1940 годзе. Па вяртанні ксёндз працаваў вартаўніком і, па магчымасці, выконваў святарскія паслугі. Неўзабаве яго зноў арыштавалі і адправілі ў Пячорлаг. Была рэпрэсаваная і родная сястра ксяндза Францішка, якая жыла ў Бабруйску. Пасля акупацыі горада фашыстамі, у ліпені 1941 г., касцёл адчынілі для богаслужэнняў. Кс. Францішак вярнуўся на працу ў святыню, але фактычнам кіраўніком у парафіі падчас акупацыі быў нямецкі святар з Германіі, які зрабіў у касцёле значны рамонт. 29 чэрвеня Бабруйск вызвалілі ад фашысцкіх захопнікаў, і адразу ж пачаўся чарговы пераслед католікаў. Службы ў касцёле забаранілі. Пад забарону трапіла і душпастырская дзейнасць кс. Францішка. Жывучы ў касцёле, ён вартаваў яго ад рабаўнікоў. Восенню 1944 г. святара спасцігла таемная смерць. Спачатку вернікі пахавалі свайго душпастыра перад касцёлам, справа, крыху зводдаль ад уваходу. У 1967 г., па патрабаванні ўлады, парафіянам давялося перапахаваць парэшткі касяндза Францішка на хрысціянскіх могілках па вул. Мінскай. Магіла святара стала цэнтрам малітоўнага яднання і чування бабруйскіх католікаў у 1970–1980-я гады. І цяпер, штогод, у дзень памінання памерлых менавіта каля магілы кс. Францішка пачынаюцца памінальныя набажэнствы.

З лета 1946-га да восені 1967 г. касцёл выкарыстоўвалі як філіял краязнаўчага музея; некалькі гадоў тут гаспадарыў архіў; пасля працяглы час сакральную пабудову выкарыстоўвалі ў «ідэалагічных мэтах», прыстасаваўшы яе пад кіналекторый. Прашэнні вернікаў аб вяртанні касцёла і двух дамоў плябаніі ўлада ігнаравала.

Забудоўванне фасада касцёла.

Самымі непапраўнымі стратамі абярнуліся для касцёла ў Бабруйску падрыхтоўкі да святкавання дзвюх гадавінаў Кастрычніцкай рэвалюцыі. Да 20-годдзя бясследна зруйнавалі тры магілы святароў, пахаваных каля касцёла, і крыж-помнік, усталяваны імігрантамі католікамі ў маі 1918 года. Але давяршальную расправу над каталіцкаю святыняю бязбожная ўлада прымеркавала да 50-годдзя бальшавіцкага перавароту. У 1967–1968 гг. фасад касцёла забудавалі, быў знесены шатровы купал касцёльнай вежы, а саму вежу ўмуравалі ў пяціпавярховы будынак-«каробку» ўпраўлення будаўнічага трэста. На жаль, пры гэтым знішчылі ўсе неагатычныя элементы афармлення фасада. Залу святыні ператварылі ў трэстаўскі клуб са сцэнаю ў прэзбітэрыі. Партыйныя сходы і танцы працягваліся тут да кастрычніка 1989 г., калі бабруйскі гарвыканкам прыняў рашэнне аб вяртанні каталіцкай супольнасці горада будынка касцёла. Фактычная ж перадача адбылася 1 сакавіка 1990 года. Вернікі, у літаральным сэнсе, і ўдзень, і ўначы вярталі касцёлу сакральную адпаведнасць. І ўжо 13 ліпеня 1990 г. біскуп Тадэвуш Кандрусевіч кансэкраваў падрамантаваную святыню. З гэтага моманту ў жыцці бабруйскай рыма-каталіцкай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі пачаўся новы этап станаўлення, адраджэння і развіцця. І цэлыя 22 гады доўжыцца згубная безадказнасць чыноўных «адказных» асобаў, якія ніяк не наважацца вярнуць каталіцкай святыні ў Бабруйску першасны выгляд, зрабіць так, каб у касцёле быў толькі касцёл, а не ўпраўленні, офісы, крамы, атэлье і іншы ваколжыццёвы тлум.

Пра значныя падзеі, што адбыліся ў жыцці адроджанай бабруйскай рыма-каталіцкай парафіі, неаднаразова распавядаў на сваіх старонках часопіс «Ave Maria», а найбольш падрабязна гэты этап апісаны мной у кнізе «…І будуць расчынены брамы. Гісторыя касцёлаў Бабруйска» («Pro Christo», 2008).

За дваццацігоддзе сучаснага існавання і дзейнасці каталіцкая супольнасць Бабруйска прайшла благаслаўлёны, хоць часам і складаны, шлях. Вялікую ролю ў навяртанні людзей, іх духоўным сталенні і ўсвядомленай перамене жыцця ў Хрысце адыгралі першыя пробашчы парафіі, нараджэнцы Польшчы, ксёндз Анджэй Шчэнсны (проб. з 13 ліпеня 1990 г.) і ксёндз Раман Факсінскі (проб. з 15 сакавіка 1993 г.). Гэтыя святары праводзілі сваю дзейнасць у духу новай Евангелізацыі. Будучы актыўнымі і чулымі пастырамі яны не менш ахвярна займаліся складанаю справаю рамонту касцёла. Варта адзначыць, што і кс. А. Шчэнсны, і кс. Р. Факсінскі паспрыялі вяртанню (а фактычна – увядзенню) у літургічную практыку беларускай мовы і ўкараненню ў парафіі беларускамоўнай малітоўнай традыцыі. Так сталася, што з-за памылковых звестак у 1990 годзе парафію кансэкравалі пад тытулам св. ап. Пятра і Паўла, таму ў 1996 годзе кс. Р. Факсінскі прыняў рашэнне вярнуць касцёлу былую назву. Яго Эмінэнцыя мітрапаліт Казімір Свёнтэк гэтую ідэю падтрымаў. Падчас велічнай урачыстасці рэкансэкрацыю касцёла пад гістарычным тытулам кардынал

К. Свёнтэк учыніў 9 снежня 1996 года. Сярод наступных кіраўнікоў парафіі найбольш удзячную памяць пакінуў пра сябе кс. Антоній Клімантовіч, пробашч парафіі са студзеня 2000 г. па люты 2001 года. У пачатку 2000-х гадоў парафію таксама ўзначальвалі кс. Аляксандр Тарасевіч, кс. Генрык Акалатовіч і кс. Уладзімір Русак. Вось ужо сем гадоў, з 18 верасня 2005 г., пробашчам парафіі годна працуе ксёндз Юры Быкаў. Гэта святар інтэлектуал і вялікі рупліўца як у душпастырскіх, так і ў гаспадарчых справах. А катэхізацыяй парафіяльнай дзятвы і моладзі апошнія гады ксяндзу Юрыю дапамагаюць займаюцца сёстры з ордэну дамініканак.

Вось такія яны, гэтыя 100 гадоў пад апекаю Беззаганнай. 100 гадоў, вартыя памяці і малітвы за ўсіх, хто сваім жыццёвым чынам і вераю напоўніў гэтае стагоддзе святлом Евангелля і жывіў сабою містычнае Цела паўсюднага святога апостальскага Касцёла.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY