Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(61)/2012
SUMMARY
Благаслаўлёныя Крыжам

«ЦЯРПЕННЕ — НАЙВАЖНЕЙШАЯ ЧАСТКА ПРАЦЫ»
З катэхезаў айца Максімільяна Кольбэ
Постаці

НЕЗВЫЧАЙНЫ І НЕЗАМЕННЫ
Пераклады
Галерэя
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Постаці

РУПЛІВЕЦ НА БОЖАЙ НІВЕ
Нашы святыні

...ТОЛЬКІ КАСЦЁЛ
Memoria


БЕЛАРУСКІЯ ПАМЯТНЫЯ КРЫЖЫ ПАД ТАЙШЭТАМ
Постаці
Літаратуразнаўства
Асобы
Данута БІЧЭЛЬ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Нашы святыні
Мастацтва
Гісторыя

КРЫЖОВЫ ШЛЯХ

Тамаш КЭМПІЙСКІ

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ

Пачатак у №2(40)/2007

Разьдзел ХІІІ
Пабожная душа ўсенькім сэрцам
павінна імкнуцца, каб злучыцца
ў Сакрамэнце з Хрыстом

1. Хто ж дасьць мне, Пане, каб найшоў я Цябе адзінага ды адчыніў перад Табою ўсенькае сэрца сваё і весяліўся Табою, паводле таго, як імкнецца душа мая, каб ніхто ўжо мною не пагарджаў, каб ніякае стварэньне ня здолела мяне пацягнуць за сабою ды надта цікавіць, а каб Ты адзін толькі са мною гутарыў, а я з Табою, як любы да любага гаворыць ці прыяцель да прыяцеля.

Гэтага я прашу, да гэтага імкнуся, каб з Табою цалкам злучыцца, ачысьціць сэрца сваё ад усяго, што створана, а каб праз сьв. Камунію ды частае адпраўленьне Імшы навучыўся я любіць усё нябеснае ды вечнае.

Ах, Пане і Божа, калі на гэтулькі злучуся я з Табою, на гэтулькі буду захоплены, каб забыўся зусім аб сабе?

Ты ўва мне, а я ў Табе, ды ў гэткай лучнасьці, каб назаўсёды трываць.

2. Сапраўды Ты мой Улюблёны, з тысячаў вы­браны, у якім душа мая хоча жыць праз усенькія дні жыцьця свайго.

Ты сапраўды маё ўспакаеньне, у Табе супакой найвялікшы ды сапраўдны адпачынак, а ўсё апроч Цябе — адныя сьлёзы з сумам, праца ды бяда бязконцая.

Ты сапраўды Бог укрыты, ня маеш ніякіх Ты гутарак з людзьмі бязбожнымі, а толькі зьвяртаешся да пакорных і простых.

О, які салодкі дух Твой, Пане, бо каб паказаць ласкавасьць сваю сынам Тваім, даеш ім магчымасьць пасілкавацца хлебам найсалодшым, які зь неба прыходзіць.

Сапраўды няма іншага народу так вялікага, каб багі ягоныя блізка былі да яго, як Ты, наш Бог (Дрг 4, 7), што заўсёды з’яўляешся сваім верным ды даеш сябе за страву нам дзеля заўсёднае супацехі ды дзеля таго, каб падымаць іхныя сэрцы ў неба.

3. Бо ці ж ёсьць дзе іншы народ гэткі слаўны, як народ хрысьціянскі?

Або якое ж стварэньне пад небам бачыць гэтулькі любові, як душа пабожная, да якое Бог сам прыходзіць, каб карміць яе сьвятым сваім Целам.

О, нявыказаная ласка! О, дзіўная дабрата! О, любоў бязконцая, аказаная найбольш чалавеку!

Чым, аднак, я аддзякую Пану за ласку гэную, за гэткую бязьмерную любоў?

Ня маю нічога вялікшага, што мог бы даць ды чым аддзякаваць, як толькі ахвяраваць сэрца маё ўсенькае Богу ды найстульней зь Ім злучыцца.

Калі ж ужо злучыцца дасканальна душа мая з Богам, тады ўзьвесяліцца яна ўсенькая.

Тады скажаш Ты мне: калі хочаш быць са Мною — Я хачу быць з табою. А я адкажу: будзь, Пане, са мною, а я радасна буду з Табою.

Гэта адзінае імкненьне маё, каб сэрца маё было злучана з Табою.

 

Разьдзел ХIV
Аб гарачым пажаданьні Цела Хрыста
ў некаторых пабожных душаў

1. Якая ж вялікая колькасьць салодкасьці Твае, Пане, што схаваў Ты яе дзеля тых, што баяцца Цябе (Пс 30, 20).

Калі падумаю пра тых пабожных, што з гэткаю пабожнасьцю ды любоўю прыступаюць да Сакрамэнту Твайго, Пане, тады сам у сабе саромлюся ды чырванею, што да алтара Твайго, да стала Камуніі з гэткаю неахайнасьцю ды холадам прыступаю, што гэткі я нейкі сухі ды бяз ніякага ў сэрцы чуцьця, што не гару я ўвесь міласьцяй да Цябе, Бога майго, і што ня гэткая прага ды імкненьні мяне абхапілі, як шмат якіх іншых, пабожных, якія дзеля вялікага пажаданьня сьв. Камуніі і дзеля гарачай міласьці ад сьлёзаў не патрапяць стрымацца.

І клічуць Цябе яны вуснамі сэрца свайго ды аднолькава імкнуцца і целам сваім да Цябе, Божа, крыніцы жывое.

Свае смагі ніяк не патрапяць супакоіць ды голаду накарміць, калі ня прымаюць Цела Твайго, у радасьці вялікай духа ды з сьвятым пажаданьнем.

2. Гэткая сапраўды гарачая іхная вера — гэта ўжо ясны доказ Тваёй сьвятой прысутнасьці!

Бо тыя сапраўды пазнаюць Пана свайго, ломячы хлеб (Лк 24, 30–32), сэрца якіх так гарыць праз Езуса, каторы ідзе зь імі.

Далёка ад мяне часта гэткая пабожнасьць і чуласьць гэткая вялікая, любоў ды жарлівасьць.

Зжалься нада мною, добры Езу, салодкі і міласэрны, і дай мізэрнаму жабраку свайму, каб хоць крышку калі гарачае любові да Цябе пачуць у сабе, каб вера мая пабольшала ды надзея ў дабрату Тваю, любоў мая да Цябе, раз пачаўшы гарэць і ўзмацаваная маннай нябеснай, ніколі ўжо мяне не пакідала.

3. Вялікая міласэрнасьць Твая, і магу я праз яе даступіцца да жаданае сабе ласкі, а калі прыдзе той дзень вялікае ласкавасьці Тваёй, духам жарлівасьці напоўні мяне.

Бо хаця і не гару яшчэ я агнём пажаданьня, як іншыя з выбраных пабожных Тваіх, аднак ласка Твая спараджае ў мяне імкненьне да стану такога, і малюся тады, і прашу, каб зрабіў Ты мяне ўчасьнікам усіх тых, што горача Цябе любяць, ды каб схацеў Ты бачыць мяне ў іх ліку.

 

Разьдзел XV
Ласка пабожнасьці прыходзіць
праз пакору і зрачэньне самога сябе

1. Трэба табе няўхільна імкнуцца да ласкі, горача прасіць, цярпліва і верна чакаць, з падзякаю прымаць, пакорна захаваць, пільна працаваць зь ёю, а пакінуць Богу хвіліну ды абставіны, калі схоча Ён цябе адведаць.

Асабліва трэба табе пакарыцца, калі мала або ніякае пабожнасьці чуць ня будзеш, але ня трэба, аднак, дзеля гэтага кідацца ў роспач ды сумаваць бязьмерна.

Часта Бог дае ў адной кароценькай хвіліне, чаго доўга даць не хацеў; дае часам у канчатку малітвы тое, чаго не хацеў даць у яе пачатку.

2. Калі б даваць заўсёды хутка ласку ды на кожную просьбу, чалавеку ўломнаму было б гэта небясьпечным.

Дзеля гэтага з трывалкаю надзеяю ды пакорліваю цярплівасьцю трэба чакаць на ласку пабожнасьці. Калі, аднак, дар гэты хутка табе не даецца або забіраецца таёмна ад цябе, дык усё гэта дзеля грахоў тваіх.

Часта драбяза нейкая спыньвае або аддаляе ласку, калі малым — замест вялікага — назваць можна тое, што праганяе гэткае вялікае дабро. Калі ж гэную малую ці вялікую перашкоду аддаліш ды дасканальна пераможаш, дастанеш, чаго просіш.

3. Бо калі толькі аддасі сябе цалкам Богу ды ня будзеш глядзець нічога, каб здаволіць пажаданьні свае, а ўсенькім сэрцам злучышся з Богам — зразу супакоішся, бо ж нічога так хацець ня будзе табе так падабацца, як тое, што мілае волі Божай.

Дык хто думку сваю ў прастаце сэрца падымае да Бога ды пражане ўсю неўпарадкаваную любоў далёка, ды ў кім ня будзе ніякай нездаволенасьці з тае ці іншае створанае рэчы — той будзе надта здатным, каб ласку прыняць, ды будзе даступным дару пабожнасьці.

Бо Пан парожняе і чыстае начыньне напаўняе сваім блаславеньнем.

А чым больш дасканальна хто зрачэцца зямных рэчаў, ды чым больш, пагарджаючы сабою, умірае дзеля сябе, тым хутчэй з’яўляецца ў таго ласка, і ў вялікшай колькасьці ды вышэй падымае свабоднае сэрца ягонае.

4. Тады гляне і дзівіцца будзе з гэнага вялікага свайго багацьця і ўзьвесяліцца сэрца ягонае, бо зь ім рука Пана, а ён зусім ды назаўсёды аддаўся ў рукі Яго.

Вось гэтак будзе бласлаўлёны чалавек, які імкнецца да Бога з усенькага сэрца свайго ды нялёгкаважыць душы свае (Пс 23, 4).

Такі, прымаючы сьвятую Эўхарыстыю, вялікаю будзе карыстацца ласкаю лучнасьці з Богам, бо не глядзіць ён уласнае пацехі ды пабожнасьці, а больш за ўсякую пабожнасць ды пацеху глядзіць на чэсьць ды хвалу Божую.

З лацінскай мовы пераклаў
д-р Ст. Грынкевіч

Заканчэнне будзе


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY