Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(61)/2012
SUMMARY
Благаслаўлёныя Крыжам

«ЦЯРПЕННЕ — НАЙВАЖНЕЙШАЯ ЧАСТКА ПРАЦЫ»
З катэхезаў айца Максімільяна Кольбэ
Постаці

НЕЗВЫЧАЙНЫ І НЕЗАМЕННЫ
Пераклады
Галерэя
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Постаці

РУПЛІВЕЦ НА БОЖАЙ НІВЕ
Нашы святыні

...ТОЛЬКІ КАСЦЁЛ
Memoria


БЕЛАРУСКІЯ ПАМЯТНЫЯ КРЫЖЫ ПАД ТАЙШЭТАМ
Постаці
Літаратуразнаўства
Асобы
Данута БІЧЭЛЬ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Нашы святыні
Мастацтва
Гісторыя

КРЫЖОВЫ ШЛЯХ

Брат Эмануэль ЮРАН OH

СВЯТЫ ЯН БОЖЫ
З ВЯЛІКАЙ БЕРАСТАВІЦЫ

Памяць пра яго не знікне,
а яго імя будзе жыць
у многіх пакаленнях.

(Сір 39, 9)

Скульптура Яна Божага з Бераставіцы перад рэстаўрацыяй.

Што можа быць агульнага паміж Вялікай Бераставіцай і баніфратрамі? А вось жа дзіўным чынам паяднала гэты невялікі гарадок у Гарадзенскай вобласці і шпітальны ордэн святога Яна Божага цудоўная барокавая скульптура, якую ў 1973 годзе выявіла экспедыцыя Мастацкага музея ў драўлянай капліцы на бераставіцкіх каталіцкіх могілках. Фігура была ў занядбаным стане, з адламанай правай рукою, забруджаная. Супрацоўнікі музея перавезлі яе ў Мінск, дзе былі праведзеныя рэстаўрацыйныя працы, і цяпер скульптура Яна Божага захоўваецца ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, і гэта, без сумнення, уратавала твор ад знішчэння, бо праз тры гады каплічку на могілках дашчэнту знішчыў пажар.

Незвычайна ўжо тое, што фігура захавалася падчас дзесяцігоддзяў пераследу Каталіцкага Касцёла, якое пачалося яшчэ ў Расійскай імперыі і набыло катастрафічныя памеры ў гады камуністычнага панавання. 1970–80-я гады былі часам найвялікшай атэізацыі, калі на Беларусі не існавала касцёльнай іерархіі, не дзейнічаў (адкрыта) ніводзін ордэн і цяжка было нават раздабыць Біблію. Напэўна, менавіта з-за немагчымасці атрымаць парады ад знаўцаў традыцыі Касцёла і адбылося памылковае апісанне знойдзенай скульптуры як выявы св. Фелікса з Канталіцыо1. Нават раённая «Бераставіцкая газета» ў 2011 годзе размясціла гэтую памылковую інфармацыю2, хаця ўжо ў 2001 годзе загадчыца аддзела старажытнабеларускай скульптуры Алена Карпенка ў артыкуле «Феликс из Канталиции или Иоанн от Бога» на падставе прадметных сімвалаў (галоўным чынам цярновай кароны), тыпалогіі і аналагаў у еўрапейскім жывапісе і скульптуры меркавала, што твор увасабляе святога Яна Божага3. І на сённяшні дзень, апрача руінаў кляштара ў Высокалітоўску і нешматлікіх архіўных запісаў, на тэрыторыі Беларусі не засталося ніякіх іншых слядоў баніфратраў, якія ў часы ВКЛ неслі сваю паслугу хворым і церпячым у 6-ці кляштарах на нашых землях.

Cкульптура cвятога Яна Божага
з вёскі Вялікая Бераставіца
(захоўваецца ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі).

Скульптура св. Яна Божага, хутчэй за ўсё, была створана на пачатку XVIII ст. невядомым аўтарам4. Постаць святога гнуткая і дынамічная. Яна спалучае ў сабе малітоўную засяроджанасць духу і лёгкі нахіл цела пад цяжарам мяхоў, поўных сабранай міласціны. Скульптура мае вышыню 135 см, выканана з ліпы і, верагодна, была пакрытая паліхроміяй пад колер шэрага каменя. Уражваюць дакладныя рысы твару і далікатныя дэталі ацалелай левай рукі. Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што скульптура не знаходзілася ў драўлянай капліцы на могілках. Але адкуль жа яна была перанесеная? Магчыма, з вялікага барокавага кармэліцкага касцёла, які быў перароблены ў 1866 г. пад праваслаўную царкву, у 1920 г. вернуты католікам, а ў 1963 г. канчаткова зачынены савецкімі ўладамі. (І цяпер у цэнтры горада ўзвышаюцца толькі велічныя руіны былой святыні). Таксама магчыма, што скульптура паходзіць са шпіталя, заснаванага ў Вялікай Бераставіцы Юрыем і Амеліяй Мнішкамі ў 1741 годзе.5 Ёсць версія, што фігура была перавезена з якога-небудзь блізкага кляштара баніфратраў (напрыклад, з Гародні, ад якой да Вялікай Бераставіцы каля 60 км), Наваградка (каля 150 км ад Вялікай Бераставіцы), Высокалітоўска (каля 130 км), якія былі скасаваныя ў 1830–1840-я гады.

Аб тым, што пра баніфратраў і, адпаведна, пра святога Яна Божага ў ВКЛ ведалі, можна меркаваць па інфармацыі, якую пакінуў Стэфан Росяк у сваёй кнізе «Bonifratrzy w Wilnie»: «Тут (у віленскім касцёле баніфратраў) у галоўным алтары пануе Маці Божая, Аздараўленне Хворых, на Літве Баніфрацкай званая... цешылася і цешыцца розгаласам і пашанаю ва ўсёй Літве» 6. Апрача таго, аб папулярнасці баніфратраў на нашых землях сведчыць і тое, што ў Віленскім канвенце ў 1761–1825 гг. адбывала навіцыят нямала братоў, якія паходзілі з мясцовасцяў, даволі аддаленых ад баніфрацкіх кляштараў. Напрыклад, з-пад Мядзела (каля 130 км ад Менска і Вільні), са Слуцкага павета (каля 100 км ад Менска), з Ігуменскага павета (каля 70 км ад Менска)7.

Памяць пра святога Яна Божага і яго духоўных сыноў, нягледзячы на шматлікія віхуры гісторыі, на Беларусі не загінула і будзе трываць, бо яны аказаліся вернымі ў сваім служэнні, а з часам можна спадзявацца на адшуканне новых слядоў дзейнасці добрых братоў на нашай зямлі.

 
Руіны касцёла
Наведзінаў Дзевы Марыі
ў Вялікай Бераставіцы.
  Месца, дзе знаходзілася
драўляная капліца,
у якой у 1973 годзе
экспедыцыя Мастацкага музея
знайшла скульптуру
святога Яна Божага.

Бр. Эмануэль Юран OH


  1. Высоцкая, Н.Ф. Пластыка Беларусі ХІІ–ХVІІІ стагоддзяў. — Мінск, 1983. — С. 115–117.
  2. Жывы сведка з касцельных муроў // Бераставіцкая газета. — 2011. — 29 крас. — http://www.beresta.by/?p=6047
  3. Карпенко, Е. В. Феликс из Канталиции или Иоанн от Бога? (К вопросу об атрибуции одной древнебелорусской скульптуры.) // Навуковыя матэрыялы да канферэнцыі «Аладаўскія чытанні», 2001.
  4. Тамсама.
  5. Шыдлоўскі, А. Касьцёлы ў Вялікай Бераставіцы // Слова жыцьця. — 2011. — 13 кастр. — http://slowo.grodnensis.by
  6. Rosiak, S. Bonifratrzy w Wilnie (1635–1843–1924). — Wilno, 1928. — S. 67–69.
  7. Тамсама. — S. 50–54.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY