Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(61)/2012
SUMMARY
Благаслаўлёныя Крыжам

«ЦЯРПЕННЕ — НАЙВАЖНЕЙШАЯ ЧАСТКА ПРАЦЫ»
З катэхезаў айца Максімільяна Кольбэ
Постаці

НЕЗВЫЧАЙНЫ І НЕЗАМЕННЫ
Пераклады
Галерэя
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Постаці

РУПЛІВЕЦ НА БОЖАЙ НІВЕ
Нашы святыні

...ТОЛЬКІ КАСЦЁЛ
Memoria


БЕЛАРУСКІЯ ПАМЯТНЫЯ КРЫЖЫ ПАД ТАЙШЭТАМ
Постаці
Літаратуразнаўства
Асобы
Данута БІЧЭЛЬ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Нашы святыні
Мастацтва
Гісторыя

КРЫЖОВЫ ШЛЯХ

Айцец Аркадзь КУЛЯХА OCD

НЕЗВЫЧАЙНЫ І НЕЗАМЕННЫ

Было гэта пасля святой Камуніі. Кардынал Казімір Свёнтэк змясціў кансэкраваныя эўхарыстычныя постаці ў табэрнакулюм, а сам укленчыў і доўгі час маліўся — здавалася, што надта доўга. Ён быў засяроджаны, заглыблены ў малітву — у сустрэчу з Абраннікам, а па твары ў яго цяклі слёзы. Ён не проста плакаў, а ўсхліпваў, не паказваючы пры гэтым, што адбывалася ў яго душы. Потым кардынал замкнуў табэрнакулюм. Мы пачулі характэрны гук замка, прыведзенага ў рух энергічным паваротам ключыка. Тады я ўсвядоміў, што гук ад замыкання табэрнакулюма быў для кардынала чымсьці асаблівым. Гэта было замыканне не проста дзвярэй, а цэлай эпохі, у якую ён жыў. Гук замка табэрнакулюма — гэта таксама чутны з воддалі часу гук замыкання дзвярэй вязніцы, камеры смерці, цягніка, які ідзе ў Сібір. Я думаю, што 30 верасня 2001 года, падчас Эўхарыстыі ў семінарыйнай капліцы, у момант пераўтварэння, ксёндз кардынал дзякаваў Богу за Яго прысутнасць у сваім жыцці, за Яго падтрымку ва ўсе тыя цяжкія моманты, калі ён, кардынал, з’яднаны з Хрыстом, неаднаразова чуў гук замыкання дзвярэй, за якімі заставаўся сам-насам са спрадвечным Богам. Культ Эўхарыстыі ў жыцці кардынала Казіміра Свёнтка быў бачны ўсім. Пасля кожнай святой Камуніі ён засяроджана трываў на малітве, а пасля заканчэння святой Імшы ішоў у прэзбітэрый — каб не страціць дару, які атрымаў. Ён часта нагадваў мне, што трэба вучыць клерыкаў пашане да Хрыста, Вязня табэрнакулюма, і тут жа казаў пра ўласны досвед з часоў вучобы ў семінарыі.

 

*

Кардынал Казімір Свёнтэк быў надзвычай добра выхаваным чалавекам, які ўмеў адпаведным чынам паводзіць сябе ў розных сітуацыях. Ён з лёгкасцю наладжваў кантакты з новымі людзьмі, ніколі не дэманструючы якой-небудзь перавагі або непрыязнасці. У вочы кідалася яго вялікая павага да кожнага чалавека. Думаю, гэта не было звычайнаю ветлівасцю або проста чалавечаю пазіцыяй, перш за ўсё гэта быў вынік хрысціянскай пазіцыі любові да бліжняга, любові, якая нараджаецца і развіваецца ў асабістай сустрэчы з Богам — Любоўю. Кардынал умеў прасіць і дзякаваць. І гэтым самым вучыў іншых пакоры. Ён звычайна казаў, што падзякі ніколі не бывае зашмат, спасылаючыся пры гэтым на сваю маму, якая выхоўвала ў сваіх дзецях пачуццё ўдзячнасці. І зноў напрошваецца роздум пра сувязь удзячнасці ў адносінах да людзей і ўдзячнасці Богу. Толькі чалавек, які прабывае ў еднасці з Богам, які ўсведамляе, наколькі вялікія дары ён атрымаў ад Пана, і ўмее дзякаваць за ўсё, будзе здольны ў духу любові, якая паходзіць ад Хрыста, дзякаваць людзям. Сапраўдная ўдзячнасць нараджаецца ў глыбокай малітве, асабістай і супольнай, асабліва ў сямейнай. Роля маці кардынала Свёнтка тут вельмі бачная, і не толькі ў яго ўменні дзякаваць, але і ў дачыненні да іншых цнотаў. Можна зрабіць выснову, што гэта была мужная, пабожная жанчына, якая, страціўшы сужэнца, умела справіцца са сваім жыццёвым пакліканнем.

 

*

Кожны чалавек добра ведае, што такое канфлікт пакаленняў, як цяжка старэйшаму пакаленню знайсці паразуменне з моладдзю. Калі прыказка «роўны роўнага шукае» праўдзівая, то трэба сказаць, што ксёндз кардынал заўсёды быў малады — зразумела, не ўзростам, а духам. У ім было штосьці, што прыцягвала дзяўчат і хлопцаў, якія па гадах маглі б быць яго праўнукамі. Незвычайнаю была атмасфера яго сустрэчаў з моладдзю. У кардынала было што ім распавесці, а яны жадалі слухаць і слухаць яго... Пра што ён гаварыў? Нічога незвычайнага! Проста дзяліўся сваім досведам веры як роўны з імі. Таму кардынал быў для моладзі аўтарытэтам. Апрача таго, ён проста прамяніўся радасцю, часам сапраўды дзіцячай. Маладыя людзі без словаў разумелі, што сустрэчы з ім яны былі вельмі важныя для яго, бо ён успрымаў іх як роўных. Кардынал не маралізаваў і не павучаў, а даваў уласнае сведчанне дабрыні і любові Бога, захапляючыся Божымі справамі ў сваім жыцці.

Я чуў яго размову з парафіянамі ў Нарачы. Кардынал умацоўваў у іх чалавечую годнасць звычайным і простым зваротам: «Дарагія мае нарачанцы!» Яны адчувалі, што іх цэняць, а гэтыя простыя словы былі выяўленнем яго прыхільнасці і адначасова абавязвалі. У 2010 годзе група моладзі з Нарачы прыехала ў Пінск на святкаванне 71-й гадавіны святарства кардынала. Пасля святой Імшы Казімір Свёнтэк запрасіў іх у сваю бібліятэку, што знаходзілася ў дыяцэзіяльнай курыі. Я бачыў вочы гэтых маладых людзей і вочы кардынала: ніякай розніцы! Яны заглядзеліся на яго ў захапленні, ён, захоплены сустрэчаю, з пакораю распавядаў, як шмат учыніў для яго Пан Бог. Пасля сустрэчы ўсе, у тым ліку катэхетка, гаварылі, што гэтая размова напоўніла іх унутраным супакоем і шчасцем.

 

*

Духоўная семінарыя — гэта сэрца кожнай дыяцэзіі і аб’ект асаблівага клопату біскупа. Кардынал Казімір Свёнтэк моцна жадаў, каб у яго дыяцэзіі была семінарыя, імкнуўся адкрыць яе і стараўся, каб кандыдаты ў святарства мелі ўсё неабходнае, перш за ўсё — у духоўным плане. Неаднойчы падчас пасяджэнняў адміністрацыйна-выхаваўчай рады ён звяртаў увагу на неабходнасць фармацыі ў духу хрысціянскага персаналізму, прасякнутага любоўю да бліжняга. Для ксяндза кардынала было важна, каб у семінарыі панавала атмасфера адкрытасці і ўзаемнай пашаны, даверу, дапамогі. Ён асабіста далучаўся да арганізацыі харчавання, фізічнай культуры выхаваўцаў, падкрэсліваючы вартасць спорту і кантакту з прыродаю. Вельмі важнаю ён лічыў духоўную фармацыю. За чатыры месяцы да смерці падчас апошняй размовы са мною кардынал дзяліўся ўласным духоўным досведам і раіў, каб клерыкі як мага глыбей развівалі ў сабе здаровую традыцыйную пабожнасць праз жывое перажыванне Эўхарыстыі, даручэнне сябе Марыі, а таксама штодзённыя разважанні, рахунак сумлення, ружанцовую малітву, Вяночак да Божай Міласэрнасці, літаніі. Ён заўсёды вельмі радаваўся поспехам клерыкаў, падкрэсліваючы прыгажосць святарскага паклікання і яго ўзнёсласць. Кардынал заўсёды наведваў семінарыю падчас рэкалекцый, прысвечаных святарскаму пакліканню, сам цэлебраваў Эўхарыстыю, а пасля яе распавядаў гісторыю свайго паклікання, згадваючы біскупа Зыгмунта Лазінскага, вадзіў удзельнікаў рэкалекцый па семінарыі і катэдры і заахвочваў адважна адказваць на Божы заклік.

 

*

Чалавек, які чэрпае з крыніцы Божай міласэрнасці, атрымлівае здольнасць прабачаць. Ксёндз кардынал меў вялікі жыццёвы досвед і не раз асабіста пераканаўся ў існаванні зла і нянавісці. Ён шмат разоў паўтараў, што ад сэрца прабачыў ворагам Пана Бога, Касцёла і ўсім тым, хто яго пакрыўдзіў, але гэтае прабачэнне не азначала сцірання з памяці ўсяго дрэннага. Ён разумеў, што трэба прабачыць усе віны, але адначасова вучыў, што ўчыненае зло трэба выправіць, а шкоду кампенсаваць. Гэтае вымярэнне духоўнасці міласэрнасці дамагала ксяндзу кардыналу і ў вырашэнні асабістых справаў. Больш за дзесяць гадоў таму ў адной з парафіяў змянілі пробашча, але вернікі ніяк не хацелі згаджацца з гэтым. Яны ездзілі ў Пінск з петыцыямі, пісалі лісты, збіралі подпісы. Змест гэтай карэспандэнцыі не заўсёды быў слушны, што і давяло да канфлікту. Змена пробашча адбылася, а незадаволенасць парафіянаў і непрыемны асадак у ксяндза кардынала засталіся. Праз год пасля гэтага здарэння ў парафіі праходзіла бежмаванне, і ксёндз кардынал, перакананы ў непрыязнасці парафіянаў, сказаў, што паедзе з неахвотаю, але не можа адмовіць ва ўдзяленні сакрамэнту. Перасцярог толькі, што касцёл павінен быць упрыгожаны сціпла, што не павінна быць кветак на дарозе, па якой ён будзе ісці ў святыню, а таксама прывітанняў і падзякаў. Ён тады гучна сказаў па тэлефоне: «Калі на зямлі будуць кветкі, я іх абыйду». Усё было зроблена так, як ён сказаў. Уваход быў сумны, твар кардынала — спакойны. Ён нясмела узнімаў вочы на сабраных вернікаў. Падышоўшы да алтара, ён доўга кленчыў, прыкрыўшы твар далонямі. Калі кардынал устаў, у яго вачах з’явіліся слёзы — ад радасці прабачэння, якім ён адарыў сваіх вернікаў. А калі ён прамовіў казанне — плакалі ўжо парафіяне. Пасля пурыфікацыі ксёндз кардынал ціха сказаў, што чакае слова ад парафіянаў. У спешцы можна было толькі сарваць кветкі, якія раслі на пляцы перад касцёлам і крамаю. Гэты букет, спантанна падараваны і прыняты, стаў сімвалам хрысціянскай любові, якая ўвесь час удзяляецца і прымаецца.

 

*

Ксёндз кардынал вельмі паважліва ставіўся да святарства — ён захапляўся сваім святарствам і шанаваў іншых святароў. Асабліва выразна выяўляліся яго перажыванні падчас святарскіх пасвячэнняў. Ён радаваўся, што ёсць яшчэ адзін святар, што ён можа ўдзяліць яму пасвячэнне. Гэтая радасць была сапраўды айцоўская, злучаная з клопатам пра адзінства і ўзаемную любоў сярод святароў. Ужо ў семінарыі клерыкі атрымлівалі падпісаную асабіста кардыналам картку на памяць пра аблучыны, прызначэнне лектарам, акалітам або кандыдатам у святарства. У гонар пасвячэнняў ён уручаў Біблію або Катэхізіс Каталіцкага Касцёла з асабістым подпісам. Ксёндз кардынал падкрэсліваў: тым элементам, што яднае прэзбітэраў, з’яўляецца любоў Хрыста, якая мае моц перамяняць і ўдасканальваць. Пасля аднаўлення структураў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі кожны месяц у розных парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі адбываліся дні духоўных сустрэч святароў і кансэкраваных асобаў. Адлегласці, якія трэба было пераадолець, каб трапіць на іх, былі вялікія. Як у той час, так і пазней, калі дні духоўных сустрэч сталі адбывацца ў Мінску і Баранавічах, ксёндз кардынал браў у іх удзел, прагнучы сустрэцца са сваімі святарамі на супольнай малітве, у Эўхарыстыі, у сакрамэнце пакаяння і паяднання. Ён заўсёды вызначаўся вялікаю павагаю да касцёльнай іерархіі. Дастаткова ўзгадаць яго адносіны да Святога Айца або падрыхтоўку да візіту Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці кардынала Тарчызіо Бэртонэ. Для нас гэта быў урок пакоры і паслухмянасці Касцёлу: Казімір Свёнтэк паказаў нам, якую значнасць маюць адданасць і пашана ў адносінах да іерархаў.

 

*

Ажно дзіву даюся, што яму хацелася спяваць! Святую Імшу ксёндз кардынал цэлебраваў вельмі ўрачыста і прыгожа. Спеў яго таксама быў прыгожы, напоўнены духам праслаўлення Бога. У пінскай катэдры святыя Імшы распачынаюцца часцей за ўсё са спазненнем. Ксёндз кардынал здзіўляў нас сваёй цярплівасцю ў чаканні, пакуль пробашч вернецца з канфесіянала. Казанні былі для яго яшчэ адным «полем» для праслаўлення Бога і выяўлення радасці святарства. Запал, з якім гаварыў ксёндз кардынал, быў школаю для клерыкаў — у нейкім сэнсе ён даваў больш, чым тэарэтычныя заняткі. Кожная гамілія кардынала была ўгрунтаваная на Божым слове і датычылася праблем сучаснасці. Мы не раз бачылі ў яго пажоўклыя старонкі, спісаныя ў пасляваенныя гады, а чулі актуальнае, жывое сведчанне. Асабіста мяне кардынал уразіў пасля адной з гамілій. Ён падышоў да мяне і паказаў некалькі спісаных старонак — казанне, даўным-даўно складзенае ў Ружанах, — і спытаў, ці добрае яно было б. Я і ў гэтым убачыў чарговы ўрок пакоры...

 

*

Адной з любімых святых ксяндза кардынала была Тэрэза ад Дзіцятка Езуса. Ён цаніў яе за той «малы шлях», якім яна ішла да святасці ў поўным даверы да Пана Бога. Акрамя таго, Тэрэза — гэта святая вельмі радасная і поўная надзеі.

Ксёндз кардынал цаніў у людзях пачуццё гумару і ўменне радавацца. У яго прысутнасці прыемна было знаходзіцца — проста было добра...

Падчас каранацыі абраза Маці Божай Гудагайскай, які славіцца шматлікімі ласкамі, кардынал адзначыў, што ўрачыстасць гэта сапраўды цудоўная, але разам з тым дадаў, што такія ўрачыстасці яшчэ будуць — «напэўна будуць!». Што датычыць надзеі, то ён звычайна казаў клерыкам, каб яны не расчароўваліся з-за цяжкасцяў на шляху фармацыі, а іншлі да святарства, дару самога Бога: «Усё гэта праміне: лета, зіма, лета, зіма... А за гэтым вас ужо чакае Хрыстус і святарства, і людзі чакаюць!» Можа, менавіта святая Тэрэза, босая кармэлітка, спрычынілася да таго, што ў семінарыю былі прынятыя нашы кандыдаты, босыя кармэліты. У семінарыі мы спазналі ад ксяндза кардынала шмат сардэчнасці і дабрыні. Некалькі гадоў таму падчас урачыстасці ў Янаве нашыя браты пачулі цёплае прывітанне-прызнанне: «Дарагія мае кармэліты!» Здаецца, для яго ўсе былі дарагія...

Тут кардынал Казімір Свёнтэк
жыў, працаваў, адпачываў і маліўся...
Пінск, вул. Шаўчэнкі, 12.

*

Вуліца, на якой жыў ксёндз кардынал, была незаасфальтаваная, з калдобінамі і лужынамі ў дажджлівую пару. Нічога асаблівага! Затое сад каля дома, у якім ён жыў, быў аазісам зеляніны і прыгажосці. Там ксёндз кардынал адпачываў, маліўся, там працаваў. Ён любіў прыроду. Гэта было відаць! Вучыў таксама шанаваць прыроду і жыць у гармоніі з ёю. А якім жа сціплым было яго жыллё! Ён жыў бедна і проста. Быў вялікім чалавекам! Многія бачылі гэта... Неяк распавядаў мне, што не хоча пакінуць гэты маленькі дом, бо абяцаў Богу сціпласць і ўбоства да канца сваіх дзён. «Калі б я цяпер перасяліўся ў курыю, то здрадзіў бы! Так, здрадзіў бы!» Тады мне здавалася, што гэта не было б здрадаю, а цяпер я разумею, што ён хацеў застацца сапраўды верным. Вернасць паказвала яму шлях з таго самага моманту, калі ён маладым хлопцам каля труны біскупа Зыгмунта Лазінскага прасіў у Бога не поспеху, не багацця ці шчасця, а менавіта вернасці. Пан Бог выканаў яго просьбу, даўшы яму сябе самога, а людзі заўважылі вартасць яго вернасці і сталі называць сведкам веры.

 

*

...У гэтым доміку на вуліцы Шаўчэнкі Бог даў мне ласку сустрэцца з ксяндзом кардыналам за некалькі дзён да яго чарговага пералому. Тады я пачуў словы чалавека, цалкам адданага Пану Богу: «Цяпер я згодны ўжо на ўсё, што Пан Бог для мяне падрыхтаваў!» Ён расказваў пра тое, як шпіталь змяніў яго, яшчэ раз распавядаў пра сваю любоў да біскупа Лазінскага, абразок якога заўсёды меў пры сабе, і пра тое, што бяссілле, якое ён спазнаў, яшчэ больш наблізіла яго да Бога. Тады здавалася, што ксёндз кардынал хутка выздаравее. Мы ніколі ва ўсёй глыбіні не ведаем прычынаў чалавечага цярпення, бо не ведаем да канца самага таемнага — адносінаў чалавека з Богам. Магчыма, гэтае цярпенне апошніх месяцаў жыцця кардынала было адказам Усявышняга на яго згоду выцерпець усё, на яго ахвярнасць. Магчыма, ён цярпеў за Касцёл, які любіў, за мяне... Невядома, што ён яшчэ казаў Пану Богу ў малітве...

 

*

«Божа, які Ты вялікі! Божа, які Ты добры!» Мы часта чулі ад яго гэтыя словы. І тады, калі ён успамінаў сваё жыццё, а дакладней, тое, што Бог учыніў у ім, і тады, калі ён удзяляў пасвячэнні, адчыняў і кансэкраваў адноўленыя і новыя касцёлы. І тады, калі ён не ўсё разумеў у сваім жыцці, але казаў: «Пане Божа... Я на ўсё згодны».

 

*

...Незаменных людзей няма?.. Але ёсць людзі сапраўды незвычайныя і... незаменныя! Божа, які Ты добры і вялікі, што даў мне магчымасць сустрэць на сваім жыццёвым шляху гэтага незвычайнага чалавека, Твайго сведку!

А. Аркадзь Куляха OCD


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY