Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(61)/2012
SUMMARY
Благаслаўлёныя Крыжам

«ЦЯРПЕННЕ — НАЙВАЖНЕЙШАЯ ЧАСТКА ПРАЦЫ»
З катэхезаў айца Максімільяна Кольбэ
Постаці

НЕЗВЫЧАЙНЫ І НЕЗАМЕННЫ
Пераклады
Галерэя
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Постаці

РУПЛІВЕЦ НА БОЖАЙ НІВЕ
Нашы святыні

...ТОЛЬКІ КАСЦЁЛ
Memoria


БЕЛАРУСКІЯ ПАМЯТНЫЯ КРЫЖЫ ПАД ТАЙШЭТАМ
Постаці
Літаратуразнаўства
Асобы
Данута БІЧЭЛЬ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Нашы святыні
Мастацтва
Гісторыя

КРЫЖОВЫ ШЛЯХ

Андрэй ШПУНТ

Памяці жыхароў былой Рэчы Паспалітай —
жаўнераў Вялікай Арміі.

КРЫЖОВЫ ШЛЯХ

Бярэзінская пераправа, 1812.

Што гэта? Творчы акт ваеннага Генія? Гульня ў жаўнерыкі, дзе замест алавяных фігурак — людзі? Ці гэта расплата Еўропы за крывавае шаленства і парушэнне святыняў Французскай рэвалюцыяй?

Аб вайне, у якой хаця і паміралі па-сапраўднаму, але была даўно і з нашага далёка выглядае як касцюміраванае дзейства, што мы ведаем? Усё. Але дзе месца ў гэтым «усім», у месіве народаў і дзяржаваў, у тым мурашніку, патрывожаным вялікім геніем, — дзе месца маёй Айчыны? Наколькі Айчыннай была для беларусаў Айчынная вайна 1812 года?

 

У шэрагах Вялікай Арміі

Музыкай велічнай прыгажосці, у захапляючым шматквецці і разнастайнасці прыборных і іншых колераў, колераў масці, абмундзіравання і амуніцыі гучалі назвы карпусоў, дывізій, брыгадаў і паўбрыгадаў, палкоў, батальёнаў, швадронаў, ротаў і паўротаў гвардзейскіх, пяхотных лёгкіх і лінейных, карабінерных, кавалерыйскіх, драгунскіх, егерскіх, гусарскіх, уланскіх, артылерыйскіх конных і пешых, сапёрных, мінёрных і пантонных вестфальцаў, гесенцаў, баварцаў, бадэнцаў, італьянцаў, галандцаў, партугальцаў і яшчэ не менш за тузін назваў тых, што маглі здрадзіць у выпадку няўдачы, і Напалеон, ведаючы аб гэтым, усё ж рызыкнуў пакласці маральныя фактары на алтар матэрыяльнай магутнасці. Больш за тое, суадносіны прадстаўніцтва французаў змяніліся б яшчэ больш, калі б улічваўся нацыянальны склад французскіх рэкрутаў.

Праз месяц пасля пачатку вайны граф Дару, галоўны інтэндант Вялікай Арміі, казаў імператару французаў, што ні народ Францыі, ні армія не разумеюць прычынаў вайны, што яна «не папулярная, не народная». Маральная стомленасць адчувалася ўжо перад паходам. Супраць вайны адкрыта выказваліся перад імператарам яго старыя баявыя таварышы, у тым ліку Мюрат, Берцье, Макданальд і пасынак Яўген Багарнэ. Выключэннем быў Даву, зацяты вораг Прусіі і Расіі, які сімпатызаваў справе Рэчы Паспалітай, а таму падтрымліваў вайсковыя прыгатаванні і цалкам аддаваўся ім з усім сваім геніяльным арганізацыйным і адміністрацыйным талентам. Лепшымі былі настроі на ніжэйшых ступенях, дзе не так уплывалі датацыі ды ўзнагароды.

Але руская армія, якая «ў адносінах маральнага духу была непамерна вышэй за Вялікую Армію, — як сцвярджаў расійскі савецкі гісторык Любамір Бяскроўны, — бо змагалася за незалежнасць сваёй Радзімы», мела перад сабой праціўніка, маральны дух якога быў ніколькі не ніжэй, бо для жаўнераў Варшаўскага Герцагства (у тым ліку і літвінаў, якія пераважна былі афіцэрамі) вайна з Расійскай імперыяй была таксама вайной за незалежнасць. З першых дзён вайны беглі рэкруты, набраныя з польскіх і беларускіх земляў. Кутузаў у дакладзе Аляксандру І ад 7 снежня 1812 года паведамляў: «… Белорусские и литовские рекруты, в полках бывшие, когда российская армия ретировалась в Россию, почти ещё до Смоленска разбежались, но ныне отыскиваются».

Пяхота Варшаўскага Герцагства.

Варшаўскае Герцагства і яго Войска

Варшаўскае Герцагства — адданы саюзнік Напалеона — толькі яму было абавязана сваім існаваннем, і толькі з ім былі звязаны спадзяванні вярнуць страчаныя землі. Існавала яно намінальна каля васьмі гадоў, ад Тыльзіцкага трактата з ліпеня 1807 года да Венскага з траўня 1815 года; а фактычна ад паўстання ў Вялікай Польшчы ў лістападзе 1806 года і да мілітарнай агоніі ў лістападзе 1813 года — амаль сем гадоў. Нельга без захаплення і здзіўлення думаць пра тое, як гэтая эфемерная дзяржаўка, што мела спачатку каля 2 млн жыхароў, а пад канец няпоўныя 4 млн, за кароткі тэрмін пры такіх невялікіх людскіх рэсурсах прымала ўдзел у чатырох вялікіх кампаніях: пруска-расейскай 1806–1807 гг., аўстрыйскай 1809 года, расейскай 1812 года і кааліцыйнай 1813 года; акрамя таго, з 1808 года стала ўдзельнічала ў вайне ў Іспаніі і пазней рэшткамі сваёй зброі дапамагала Напалеону ў Французскай кампаніі 1814 года. Недабіткі, што ацалелі ў гэтай мясарубцы, падтрымалі імператара французаў падчас 100 дзён і на палях Ватэрлоо.

Паступовае павелічэнне Варшаўскага Герцагства і магчымасць адраджэння Рэчы Паспалітай непакоілі Расію яшчэ болей, чым вымушаны саюз з Напалеонам і Кантынентальная блакада. У жніўні 1810 года ў Санкт-Пецярбургу з’явіўся план раптоўнага нападу на яго і стварэння новай кааліцыі. Рабіліся захады прыцягнуць да гэтай справы правадыроў вызвольнага руху, у тым ліку князя Юзафа Панятоўскага. Зімой 1811 года Панятоўскі паведаміў імператару аб расійскіх вайсковых прыгатаваннях. Напалеон, да ўсеагульнага захаплення, абвясціў, што знішчэння Варшаўскага Герцагства Расія не даб’ецца без смяротнай барацьбы, «нават калі б яе войскі стаялі на вышынях Манмартра». Славуты польскі ваенны гісторык, брыгадны генерал Марыян Кукель, які пакінуў фундаментальнае даследаванне «Wojna 1812» (Krakow, 1937. T. I–ІІ), сцвярджаў, што менавіта пытанне існавання Варшаўскага Герцагства было істотнай зачэпкай да вайны, іншыя падставы — выйсце Расіі з кантынентальнай блакады, спрэчка наконт новай заваёвы Напалеона (Ольдэнбург) — мелі другаснае значэнне. Сутыкненне станавілася непазбежным. Імператар французаў пачаў беспрэцэдэнтныя вайсковыя прыгатаванні…

Краіна, уцягнутая ў арбіту напалеонаўскіх войнаў, ператварылася ў адзіны ваенны лагер, дзе войска было элітаю грамадства. Яго шэрагі папаўняліся таксама літоўскай моладдзю, эміграцыя якой, нягледзячы на ўсе цяжкасці і перашкоды, не спынялася. Князь Дамінік Радзівіл, Людвіг Пац, князь Аляксандр Сапега і іншыя прадстаўнікі шляхецкіх родаў пераязджалі на пастаяннае жыхарства ў Варшаўскае Герцагства, кідаючы свае маёнткі на секвестры, упэўненыя, што неўзабаве вернуцца з пераможнымі войскамі Напалеона. «Вядома, — пісаў тагачасны расейскі сведка, — якім гарачым патрыятызмам палала тады Літва, нават пераважаючы, мабыць, у гэтым палякаў. Для яе Напалеон быў паўбогам, ідэалам грамадзянскай моцы, пасланым з неба для адбудовы Польшчы і Літвы». Войска Варшаўскага Герцагства, як сведчыў напалеонаўскі дыпламат і шпіён Эдуард Біньён, было найпрыгажэйшаю часткаю гэтай краіны. Пасля 1809 года яго колькасць узрасла з 30 да 50 тысяч. Асабліва ён адзначыў кавалерыю, узровень якой быў настолькі высокі, што яна нават пастаўляла інструктараў у французскую армію. З прычыны скасавання адпаведных навучальных установаў пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай пэўныя цяжкасці перажывалі артылерыя і інжынерыя.

Выдатнай вайсковай школай былі легіёны, праз якія прайшлі каля 800 афіцэраў і каля 35 000 падафіцэраў і шараговых. Яны служылі пад камандаю найлепшых камандзіраў рэвалюцыйнай Францыі. Адтуль выйшлі выдатныя вайсковыя кадры, што аблегчыла ўвядзенне новых прагрэсіўных формаў арганізацыі і падрыхтоўкі войскаў Варшаўскага Герцагства.

Кароль Саксоніі і герцаг Фрыдрых Аўгуст І быў вельмі задаволены станам свайго войска, якое паказвала выдатныя вынікі на манеўрах.

У паход 1812 года было выстаўлена 48 тыс. пяхоты, 17 200 кавалерыі і 104 гарматы з 1 500 артылерыстамі. Усяго — 66 700 чал. (без уліку залогаў Замосця, Модліна, Торуня, Серацка і Варшавы, якія з артылерыяй і сапёрамі налічвалі некалькі тыс. чал.). Гэта былі вялікія высілкі, параўнальныя з выклікам 1830 года. Войска было ўключана ў склад Вялікай Арміі. Яе ядром быў V корпус, камандуючым якога на пачатку сакавіка 1812 года Напалеон прызначыў генерала дывізіі князя Юзафа Панятоўскага.

V корпус Вялікай Арміі (шэф штаба — генерал Фішар) складаўся з трох дывізіяў пяхоты і трох брыгадаў лёгкай кавалерыі.

У кожнай дывізіі было па 2 роты палявой артылерыі, паўрота цяжкай артылерыі і паўрота сапёраў.

У корпусе былі рэзерв, парк артылерыі, парк інжынерыі, абоз. Усяго — 40 328 жаўнераў і 70 гарматаў. На корпус ускладалася задача засланяць гіганцкую канцэнтрацыю галоўных сілаў ад раптоўнага нападу рускай арміі.

Астатнія часткі арміі Варшаўскага Герцагства былі раскіданыя па неабсяжных абшарах Вялікай Арміі (дзе з 620-тысячнай ударнай групоўкі толькі 370 тыс. складалі французы) і ўваходзілі ў імператарскую гвардыю, Х корпус Макданальда і IV кавалерыйскі корпус Латура-Мабура. Ваенная неабходнасць для Напалеона была важней за нацыянальныя амбіцыі, і толькі ваеннай неабходнасцю тлумачылася, што ён разбіваў маналітныя кантынгенты. Напалеон імкнуўся да такога падзелу, каб кавалерыя Герцагства Варшаўскага была прадстаўлена на ўсім аперацыйным фронце як здольная да разведкі. Не было таксама выпадковым камбінаванне ў дзвюх брыгадах лёгкай кавалерыі палкоў польскіх з прускімі — надзейных саюзнікаў з сумніўнымі. Напалеон не лічыўся таксама з амбіцыямі баварцаў, саксонцаў, вестфальцаў, вюртэмбержцаў, прызначаючы ім французскіх камандзіраў.

Даволі шмат афіцэраў, былых жыхароў Рэчы Паспалітай, пераважна палякаў, літвінаў (беларусаў) і габрэяў, аб чым красамоўна сведчыць пералік прозвішчаў, прыведзены Вацлавам Гансяроўскім у прадмове да «Успамінаў» генерала Юзафа Грабоўскага, было пры імператарскім штабе і штабах французскіх карпусоў, пачынаючы ад штаба генерала Сулкоўскага, ад’ютанта і сябра Банапарта ў егіпецкім паходзе. У кампаніі 1812 года трэба адзначыць паручніка швалежэраў Станіслава Вансовіча, закліканага да асобы імператара пры пераходзе Нёмана, Рамана Солтыка, славутага афіцэра артылерыі, генералаў Сакальніцкага, начальніка контрвыведкі Напалеона, Касакоўскага, Паца, Фрэдра, Мюльберга, Ельскага, Квілецкага, Гансеўскага, Хлапоўскага. Генерал Кліцкі і паручнік Даўгела былі пры Яўгену Багарнэ, Мальчэўскі — пры Мюрату, Павел Ежманоўскі (у будучым камандзір Эльбінскага швадрона палка швалежэраў гвардыі, які паследаваў за Напалеонам на Эльбу) працяглы час быў пры Дзюроку, Юзаф Шыманоўскі і Кабылінскі служылі ад’ютантамі Даву, палкоўнік Камероўскі — ад’ютантам Мармона, Кежкоўскі — ад’ютантам Марцье.

Падчас падрыхтоўкі паходу айцец легіёнаў, генерал Ян Генрых Дамброўскі, апынуўся сярод невялікай колькасці скептыкаў і правідцаў, не чакаўшых нічога добрага ад такога рызыкоўнага мерапрыемства. Яны разумелі, што паход будзе карэнным чынам адрознівацца ад папярэдніх. На Усходзе праціўнік набываў адразу двух моцных саюзнікаў, вартых некалькіх арміяў, — клімат і вялізныя абшары. Напалеон не звяртаў увагі на ўсе гэтыя «дробязі», а ўпэўнена глядзеў у далечыню, праводзячы позіркам бясконцыя маршавыя калоны.

Генерал Дамброўскі звярнуўся да Панятоўскага з планам, меўшым на мэце змякчыць удар па Варшаўскім Герцагстве ў выпадку паразы Напалеона ў Расіі. Прапанавалася павялічыць рэзервы, узмацніць залогі, павялічыць узброеныя сілы настолькі, каб краіна магла самастойна бараніцца. Дадаваў у паўголаса, што нядрэнна было б захаваць на ўсялякі выпадак кадравыя рэзервы і запасы зброі. Князь Юзаф спачатку нібыта згадзіўся з разумнымі довадамі старога генерала, але з-за апаскі настроіць супраць сябе імператара ці з-за веры ў яго шчаслівую зорку адхіліў план. Дома засталося толькі каля 5 тыс. жаўнераў, раскіданых па залогах. Перамога альбо смерць.

...Уначы з 11 на 12 чэрвеня 1812 года 300-м жыхарам былой Рэчы Паспалітай з 8-га ўланскага палка Дамініка Радзівіла выпаў гонар першымі перайсці мяжу сваёй Бацькаўшчыны.

Данясенне аб пераходзе Вялікай Арміі цераз Нёман Аляксандр І атрымаў 12 чэрвеня падчас балю ў Закрэце, пад Вільняй. Не жадаючы псаваць усеагульны настрой, не стаў абвяшчаць яго адразу, а наступнай раніцай пачалася мітусня, якая працягвалася некалькі дзён. Знішчалі вялікія магазіны з харчаваннем, вывозілі адміністрацыйныя акты, якія тычыліся скарбу, паліцыі, іншых галінаў кіравання за 50 гадоў, каб ускладніць хуткую арганізацыю кіравання, вывозілі мясцовую адміністрацыю і ўсіх, хто мог быць карысным новым уладам. 1

6 чэрвеня 8-ы ўланскі полк першым уступіў у Вільню. Праз чатыры гадзіны жыхары горада навялі новы мост, па якім авангард рушыў далей, пераследуючы непрыяцеля.

Адам Міцкевіч у «Пане Тадэвушы» добра перадаў настрой, што панаваў у Літве ўвесну і летам 1812 года, паводле сваіх дзіцячых успамінаў. Перад намі — узнёслая карціна ўсеагульнага ўздыму і захаплення. Напалеон сярод гэтай святочнай атмасферы, паверыўшы абяцанням Юзафа Выбіцкага, дарэмна чакаў на нашых землях 100-тысячнае войска. Да восені, калі Вялікая Армія ўжо пачала свой драматычны зыход, здолелі сабраць усяго 30 тысяч. Армія знаходзілася на краі гібелі. Як пісаў Януш Івашкевіч (Litwa w roku 1812. Krakow–Warszawa, 1912), да вялікага гістарычнага моманту Літва была падрыхтаваная дрэнна. За выключэннем адзінкавых доблесных афіцэраў, з прычыны шматлікіх цяжкасцяў, ніводны беларускі селянін не трапіў у легіёны, дзе ў масе польскіх шарагоўцаў не бракавала русінаў. У Літве адсутнічалі адпаведныя падпольныя арганізацыі, якія б мабілізавалі грамадства на барацьбу. Яна не ўдзельнічала ў падзеях 1806 і 1809 гадоў. Затое наконадні і падчас самога драматычнага высілку 1812 года мелася дастаткова фактараў для тушэння іскры, а не распальвання полымя. Пасля задушэння паўстання Касцюшкі тыя з літоўскіх патрыётаў, хто не загінуў ці не трапіў у палон, бадзяліся ў эміграцыі. Хто казаў, што «ўваходжанне» нашых земляў у склад Расійскай імперыі было карысным? Ад якой «карысці» на працягу XVIII стагоддзя ў Літву з Расіі збег мільён сялянаў? У 1805–1807 гадах краіна, сцёртая з мапы, цярпела ад пастаянных перамяшчэнняў расейскіх войскаў, пастояў, рэквізіцый, звязаных з гэтым злоўжыванняў і гвалтаў. Трохгадовы неўраджай, недахоп працоўных рук, голад і эпідэміі зменшылі насельніцтва на 1/5. Падаткі бралі ў срэбры (за 100 руб. асігнацыямі — 22 руб. срэбрам), што ў параўнанні з расейскімі губернямі было ў пяць разоў болей. Пасля трэцяга падзелу літвіны апынуліся ў складзе імперыі, якая вяла бесперапынныя войны, што вымушала яе праводзіць у некаторыя гады па два рэкруцкія наборы замест аднаго ці павышаць норму пастаўкі рэкрутаў. Гэткім чынам да прыходу Вялікай Арміі ў наяўнасці апынуўся вельмі сыры матэрыял — старыя, інваліды ды непаўналетнія. У давяршэнне да ўсяго, пакідаючы Літву, расійскія войскі пакідалі пасля сябе выпаленую зямлю.

Столькі перацярпеўшая краіна была не ў стане ні выставіць жаўнераў, ні пракарміць Вялікую Армію.

Праблемы з забеспячэннем выклікалі рабункі, якія пачаліся адразу ж, як толькі Вялікая Армія ўступіла на землі былога Вялікага Княства Літоўскага. Нэй наракаў на 129-ы полк (гамбургскі) і ілірыйскі за дэзерцірства і разбой, жадаючы пазбавіцца ад іх, сцвярджаючы, што ад такіх фармацый больш шкоды, чым карысці. Удзіно скардзіўся на партугальцаў, а генерал Вандам сам выпраўляў сваіх вестфальцаў спусташаць Лідскі павет (ад іх не адставалі і галандцы). Толькі ў корпусе маршала Даву, дзякуючы жалезнай дысцыпліне, панаваў узорны парадак. У Менску Даву звярнуўся да жаўнераў дывізіі Кампана са словамі: «Панове, нагадваю вам аб вашай павіннасці, волі імператара і маіх загадах; клянуся, што выкарыстаю ўсе сродкі для пакарання вінаватых, не зважаючы на асобу злачынцы». І тут жа перад строем 13 кірасіраў, якія адважыліся рабаваць склепы, былі расстраляныя. Напалеон, гледзячы на ўсё гэта, з роспаччу паўтараў, што «трэба берагчы насельніцтва, якое з намі», і зацвярджаў смяротныя прысуды, якія штодзённа падаваў Берцье. Адзінымі фармацыямі, якія не апусціліся да ваенных злачынстваў, былі войскі Варшаўскага Герцагства, прынца Яўгена, Макданальда і хуткага на расправу Даву.

Трэба адзначыць, што па частцы рабункаў, якія не маглі спыніць ні Напалеон, ні маршал Нэй, руская армія была не лепшая. У снежні Чычагоў, а потым Тучкоў помсцілі Дамініку Радзівілу, на працягу некалькіх дзён рабуючы замак у Нясвіжы. Вывезлі выдатную калекцыю табакерак, парцаляны, зборы медалёў, зброі, кітайскія і турэцкія намёты, тканіны, гетманскія булавы з каштоўнымі камянямі, срэбра і касцёльнае золата, арнаты, манстранцыі, срэбраныя і залатыя сервізы, бібліятэку і інш., сярод каштоўнасцяў — меч, падараваны Яну Сабескаму папам Інакенціем ХІ. Асабліва балючым ударам для айчыннай гісторыка-культурнай спадчыны стала страта архіва, які ператварыўся ў попел жаўнерскіх вогнішчаў. Страты, панесеныя ў замку, згодна з падлікам радзівілаўскай адміністрацыі, не лічачы спусташэнняў у фальварках, складалі 10 млн польскіх злотых.

 

Генерал дывізіі
Ян Генрых Дамброўскі
(падчас італьянскага паходу).

Стомленасць і расчараванне

На вайсковай Імшы біскуп Дадэрка прамаўляў: «Ужо скінуты кайданы, уваходзім у салодкае панаванне імператара Напалеона Вялікага», і заклікаў усіх сыноў Айчыны станавіцца пад харугвы вызваліцеля. Але сыноў Айчыны аказалася не так шмат, бо яны ваявалі ўжо ў войсках праціўніка. Загадам Напалеона ад 5 ліпеня 1812 года Літва мусіла выставіць чатыры кавалерыйскія і пяць пяхотных палкоў. Хутка пераканаўшыся, што не выставіць і паловы ад абяцаных ста тысяч, Напалеон разлічваў, прынамсі, на верныя тысяч пятнаццаць, але і гэта аказалася вельмі цяжкай задачай для новага ўрада, які папрасіў аб субсідыі ў 4 млн франкаў на фармаванне і экіпіроўку. Напалеон са здзіўленнем запытаўся, што ж гэта за грамадскі патрыятызм, які не можа зрабіць ахвяру ў 4 млн, калі гаворка ідзе аб незалежнасці Айчыны? Прысаромлены прадстаўнік урада, князь Аляксандр Сапега, апраўдваўся, што шляхта хаця і мае шмат зямлі, аднак без наяўных грошай. 400 тысяч — гэта ўсё, што імператар згадзіўся пазычыць са сваёй касы.

Узнёслы настрой хутка скончыўся. Гэта было толькі праяўленне радасці грамадства, стомленага рэквізіцыямі і злоўжываннямі, але не жаданне дзейнічаць. Да расчаравання імператара і французскіх камандзіраў, у Літве яны не сустрэлі шырокай падтрымкі. Войскі галадалі. Напалеон не хацеў зразумець, што краіна і так ужо знясіленая панаваннем чужынцаў, і прыпісваў усё злой волі грамадства і прошукам здраднікаў, як ён называў Агінскага, Ваўжэцкага і іншых. Песімізм пачаў узмацняцца на фоне вайсковых аперацый. Баграціён выблытваўся з пастак, расстаўленых князем Экмюльскім і каралём Вестфаліі. Прайшло тры тыдні з пачатку ваенных дзеянняў, але не было атрымана ніводнай значнай перамогі. Прыгняталі няпэўнасць і велічэзныя абшары, аб якія разбіваліся геніяльныя камбінацыі, засмучаў дрэнны стан войскаў, якія змяншаліся ад хваробаў і дэзерцірства.

І толькі моладзь, асабліва ўніверсітэцкая, палала патрыятызмам. Некалькі сотняў літоўскіх дзідаў будуць біцца на барадзінскіх палях.

 

Маршал Францыі
князь Юзаф Антон Панятоўскі,
ваенны міністр
Варшаўскага Герцагства.

Корпус Панятоўскага

V корпус Панятоўскага, разам з VІІ (саксонскім) Рэнье, VІІІ (вестфальскім) Вандама і ІV (кавалерыйскім) Латура-Мабура (усяго каля 80 тыс. пры 159-ці гарматах), складалі правае крыло Вялікай Арміі пад камандаваннем малодшага брата імператара, вестфальскага караля Жэрома Банапарта. Застаецца незразумелым, як геніяльны Напалеон мог аддаць настолькі адказную пасаду такой «нявопытнай і гнюснай асобе», па словах відавочца, генерала Клеменса Калачкоўскага, тады 18-гадовага капітана інжынерыі.

Сам Панятоўскі меў мала вопыту ў камандаванні корпусам у некалькі дзясяткаў тысячаў; да таго ж войска складалася пераважна з маладых жаўнераў, якія ні разу не былі пад агнём.

29 чэрвеня, амаль не сустракаючы супраціўлення, V і VIII карпусы ўвайшлі ў Гародню, дзе Жэром Банапарт затрымаўся да 4 ліпеня. Сярод баляў і фэстаў, якія ладзілі ўдзячныя жыхары ў яго гонар, прыйшоў цвёрды загад Напалеона аб правядзенні вайсковых аперацый, але вестфальскі кароль чакаў, пакуль пройдуць дажджы і прасохнуць дарогі. Баграціён тым часам імкліва адступаў на ўсход.

Тыя пяць дзён адгукнуліся пад Смаленскам, а пакуль яны «кампенсаваліся» фарсіраванымі маршамі, абцяжаранымі ліпеньскай спёкай, і няўдалым кіраўніцтвам Жэрома Банапарта.

Панятоўскі звярнуўся да імператара. Ён апісваў варты жалю стан свайго корпуса, а таксама прасіў, каб яму «растлумачылі яго становішча адносна караля Вестфаліі». Напалеон загадаў перадаць адрасату сваё «незадаволенне, бо не прыстала гаварыць аб аплаце і хлебе, калі гаворка ідзе аб пераследаванні непрыяцеля». Але камандаванне правым крылом перадаў выпрабаванаму Даву.

Баграціён, прайшоўшы школу Суворава і італьянскія кампаніі, належаў да самых выдатных генералаў і мог параўноўвацца з Нэем, Ланам, Даву. Бліскуча манеўруючы, ён імкліва адыходзіў на Смаленск, куды на злучэнне накіраваўся і Барклай дэ Толі, камандуючы 1-й арміяй.

У Магілёве V корпус атрымаў доўгачаканую перадышку. За няпоўныя два месяцы без аніводнага бою страты склалі больш за 1/3 асабовага складу. Такога не было ў іншых фармацыях Вялікай Арміі. На пачатку жніўня ў шэрагах корпуса налічвалася каля 23 тысяч чалавек.

Праз два тыдні з Магілёва выйшла 15 тысяч. (Паводле загаду Напалеона, XVII дывізія Дамброўскага была накіраваная на другасны напрамак, засланяючы Варшаўскае Герцагства і зносіны Вялікай Арміі з боку Валыні, а лепшую кавалерыю корпуса перадалі пад асобнае французскае камандаванне.)

3 жніўня V корпус злучыўся з галоўнымі сіламі Вялікай Арміі пад мурамі Смаленска, страчанымі калісьці «ключамі ад Вільні». Панятоўскі і Фішар стаялі перад імператарам пад градам папрокаў за страты на маршы і іншыя недахопы.

Раніцай наступнага дня V корпус атрымаў баявы хрост і магчымасць рэабілітацыі — першым быў кінуты на штурм горада. Вялікая Армія сустрэлася з нябачаным дагэтуль супрацівам. Пад параненым генералам Заёнчакам конь атрымаў пяць куляў. Да вечара жаўнеры Панятоўскага першыя зламалі правы фланг абароны праціўніка і ўварваліся ў прадмесце. Раніцай 17 жніўня яны першыя перасеклі крапасныя муры. Ноччу, узрываючы за сабою парахавыя склады і падпальваючы дамы, расейцы пачалі пакідаць горад.

Смаленск зноў стаў усходнім фарпостам Літвы. У гонар яго вызвалення ва ўсіх касцёлах спявалі «Te Deum».

Шэрагі V корпуса зменшыліся яшчэ на паўтары тысячы геройскі загінуўшых, сярод якіх былі 83 афіцэры, і папоўніліся 89-цю кавалерамі Ганаровага Легіёна. На ўрачыстым аглядзе з нагоды вызвалення горада імператар у прысутнасці ўсёй арміі выказваў жаўнерам гарачую падзяку, што здаралася даволі рэдка. Ён увогуле быў вельмі скупы на пахвалу, бязлітасна нішчыў прадстаўленні да крыжа Ганаровага Легіёна і пры кожным уласнаручна занатоўваў: «Àccordé, a quel titre? (Прадстаўлены, а па якім праве?) — Combien de blessures? (Колькі раненняў?) — Plus tard! (Пазней!)» і г. д.

Уночы 12 жніўня Вялікая Армія выйшла са Смаленска, літаральна па слядах пераследуючы Барклая. Правае крыло ператварылася ў пярэднюю варту, засланяючы авангард Мюрата, і ўвесь час знаходзілася ў сутычках з лятучымі казацкімі аддзеламі.

На пачатку верасня ў адной з сутычак Панятоўскі ледзь не загінуў з усёй сваёю світаю, пракладваючы шлях шабляй праз акружэнне непрыяцельскай кавалерыі.

З пачатку выправы Вялікая Армія паменшылася напалову не столькі з-за супраціву ворага, колькі ад хваробаў, стомленасці, а галоўнае, з прычыны вялікіх абшараў з празмерна расцягнутымі і слабымі лініямі камунікацый.

 

Генерал дывізіі
Караль Ота Князевіч.

Кульмінацыя

Прызначаны 8 жніўня галоўнакамандуючым Заходнімі арміямі расейцаў Міхаіл Кутузаў з вялікай неахвотай і толькі пад ціскам цара і грамадства 4 верасня прыпыніў адступленне каля вёскі Барадзіно, каб даць цалкам не патрэбную, на яго думку, генеральную бітву.

Раніцай 26 жніўня, пры першых сонечных промнях, корпус віцэ-караля Італіі Яўгена Багарнэ абрынуўся на Барадзіно на левым флангу. Даву, Нэй і Мюрат ударылі па цэнтры на Баграціёнавы флешы каля сяла Сямёнаўскае. Панятоўскаму імператар паставіў задачу абысці левы фланг рускіх і ўдарыць з тылу.

На працягу дня Напалеон атрымліваў супярэчлівыя весткі — ад радасных да трывожных — як вынік нябачанай храбрасці і бязлітаснасці з абодвух бакоў: «Камандзір CVI лінейнага палка генерал Плазон выбіў расейскіх егераў з Барадзіно… Плазон і многія яго афіцэры забітыя… Лепшая дывізія корпуса Даву, генерала Кашона трапіла пад страшэнны агонь… Кашон паранены, яго афіцэры параненыя ці перабітыя… Пад Даву ядром забіты конь, маршал кантужаны… Нэй з трыма дывізіямі выбіў рускіх грэнадзёраў з Баграціёнавых флешаў… Дывізія Невяроўскага выбіла Нэя… Нэй выбіў Невяроўскага… Нэй і Мюрат нясуць аграмадныя страты і просяць падмацавання… Баграціён цяжка паранены ці забіты… Батарэя Раеўскага адчайна супраціўляецца… Саксонцы атакуюць з тылу, а пяхота Багарнэ ў лоб… Вестфальскі корпус знік, як вясновы снег… У палон не бяруць з ніводнага боку…».

У сем раніцы корпус Панятоўскага ўступіў у перастрэлку на ўскрайку Уціцкага лесу з рускімі егерамі. Рускія адышлі да вёскі Уціца і занялі пануючую вышыню. Падмацаванні падыходзілі да абодвух бакоў. У 11.00 Панятоўскі пайшоў у атаку...

Калі дзень пачаў хіліцца да захаду, рускія, пакінуўшы на полі бітвы 1/3 арміі (больш за 38 тыс. і 22 генералаў), пачалі павольна адступаць, зберагаючы баявы парадак, які не здолелі парушыць ні залпы 300 гарматаў, ні кавалерыйскія атакі V корпуса, што страціў у той дзень каля 2 тысяч чалавек.

Вялікая Армія перамагла, але не было чуваць крыкаў радасці ў яе шэрагах, як пасля Аўстэрліца, Іены ці Фрыдланда, — на полі засталося ляжаць больш чым 58 тыс. яе воінаў і 49 генералаў.

 

Прывід перамогі

На зыходзе дня, 2 верасня, калі апошнія расейскія аддзелы яшчэ выходзілі з Масквы, на другім канцы паказалася кавалерыя Панятоўскага. Перад адыходам сталіца па загадзе губернатара Растапчына была падпалена (у чым наўмысна абвінавацілі Вялікую Армію), але памераў будучай вогненнай катастрофы ніхто не ўяўляў.

V корпус затрымаўся ў горадзе толькі на два дні, накіраваны пераследаваць адступаючага праціўніка і ахоўваць з поўдня адпачынак Вялікай Арміі.

Кутузаў адышоў на 80 км на паўднёвы захад і размясціў свае войскі лагерам каля вёскі Таруціна, куды ўвесь час паступалі свежыя сілы і харчаванне. Адсюль час ад часу рабіліся набегі. 16 верасня пад Чырыкавым, на Вялікай Калужскай дарозе, сутычка зацягнулася на 6 гадзінаў. Пры надыходзячым змроку Панятоўскі асабіста павёў у атаку два швадроны драгунаў. Рускія адступілі, але страты нічым не папаўняліся.

6 кастрычніка на авангард Мюрата, што стаяў у назіраючай пазіцыі перад Таруцінам, раптоўна абрынулася частка арміі Кутузава пад камандаваннем выконваючага абавязкі начальніка Галоўнага штаба, генерала ад кавалерыі Лявонція Бенігсена. Здарылася гэта ў той самы момант, калі Напалеон з узнятым настроем праводзіў агляд дывізій Нэя ў Крамлі. Прымчаўся ад’ютант і пад акампанемент аддаленага гарматнага грукату сапсаваў усё, далажыўшы, што Мюрат церпіць паразу.

З ваеннага пункту гледжання параза Мюрата, які страціў 2,5 тыс. жаўнераў (супраць 1 200 рускіх), 36 гарматаў, 50 зарадных скрыняў і, самае непрыемнае — аднаго «арла» (наверша сцягоў напалеонаўскіх войскаў) не была сакрушальнаю дзякуючы падаспеўшаму корпусу Панятоўскага. Па словах Станіслава Хербста, гэта была «бадай найвыдатнейшая бітва кн. Юзафа», але гэта было і першае наступленне рускіх з пачатку вайны. Пасля 12-гадзіннай бітвы ад V корпуса засталіся адна назва і забіты начальнік штаба Фішар.

 

Зыход

4 тысячы вайскоўцаў — гэта ўсё, што засталося ад «прыгожага» 40-тысячнага корпусу. Але была захавана ўся артылерыя і не страчаны ніводны «арол».

На наступны дзень пасля Таруцінскай бітвы Вялікая Армія пачала пакідаць Маскву.

V корпус рухаўся ў ар’ергардзе. Панятоўскі амаль не сходзіў з сядла. Яго ад’ютант Шумлянскі ўспамінаў, як заўсёды схільны да сібарыцтва яго камандзір цярпеў голад разам з усімі і нават не меў уласнага лекара.

Вялікая Армія адступала па ўжо пройдзенай спустошанай мясцовасці. Калі шанцавала, — успамінаў капітан Людвіг Шчанецкі з XVII дывізіі, — выразалі пячонку ў забітых коней і пяклі яе на багнетах, яна вельмі падабалася, тая нудна-салодкая, мачалістая пячонка, ды грызлі кавалкі чорных сплеснявелых сухароў, што знаходзілі ў тарністрах забітых расійцаў.

Ар’ергард Даву, Мюрата і Нэя, пакутуючы разам з усімі, гераічна стрымліваў насядаючых Міларадавіча, Платава і Арлова.

17 кастрычніка пад Гжацкам, на рэкагнасцыроўцы, Панятоўскі, жадаючы ўдакладніць размяшчэнне лініі рускай кавалерыі, прышпорыўшы вельмі наравістага каня, паслізнуўся на пагорку і рухнуў разам з канём у галопе — вывіхнуў нагу і разбіў калена. Не ў стане трымацца ў сядле, ён аддаў камандаванне корпусам старэйшаму па званні генералу Юзафу Заёнчаку і з гэтага часу ехаў у карэце.

Па выйсці з Масквы Вялікая Армія нагадвала вялікі цыганскі табар — хтосьці нёс нарабаванае, задаволены памерамі ранцу, а хтосьці не грэбаваў армейскімі павозкамі. (Казакі выглядалі не менш дзіўна. Абцяжараных нарабаваным, коні ледзь неслі. Бывала, казак меў пад плашчом ці буркаю багата шыты мундзір французскага генерала.) Але ніхто не падумаў тады аб цёплай адзежы, кошт якой праз месяц перавысіць усё трафейнае золата. Зіма 1812 года пачалася вельмі рана: напрыканцы кастрычніка тэмпература панізілася да -18–23 °С. З узмацненнем маразоў Вялікая Армія катастрафічна змяншалася. Пакідаючы Смаленск 2 лістапада, Напалеон меў у страі толькі 37 тысяч байцоў і столькі ж без зброі супраць 120 тысяч у Кутузава.

Пад Красным карэта Панятоўскага параўнялася з ішоўшым па галалёдзе імператарам, які абапіраўся на палку, — наўмысна не сядаў на каня, уласным прыкладам падтрымліваючы жаўнераў, нароўні з імі пакутуючы ад усіх цягатаў паходу. Скокнуў на прыступку і аб чымсьці доўга па-сяброўску размаўляў з князем…

 

Генерал дывізіі Юзаф Заёнчак.

Геній перад абліччам катастрофы

…Калі ў Талачыне імператару далажылі аб страце пераправы цераз Бярэзіну каля Барысава, заўсёды спакойны, нават у самых цяжкіх абставінах, ён збялеў нібыта палатно. Заўважыўшы гэта, нават самыя мужныя з яго палкаводцаў разгубіліся (авангард Кутузава маячыў ужо ў адным пераходзе). Паследаваў загад спаліць сцягі. А далей, як гэта бывала і будзе ў крытычныя моманты, праявіў свой геній ва ўсім бляску — удалымі манеўрамі перахітрыў рускіх наконт сапраўднага месца пераправы і пачаў яе 14 лістапада каля вёскі Студзёнкі ў ваколіцы на поўнач ад Барысава, дзе лансьеры 8-га палка Надвіслянскага легіёна знайшлі брод.

Падчас набліжэння да Бярэзіны да адступаючых далучыліся карпусы Удзіно, Віктора і дывізія Дамброўскага, разбітая пад Барысавам, але ў бадзёрым настроі і, самае дзіўнае, захаваўшая ў тых катастрафічных абставінах аркестр. Сілы Вялікай Арміі на галоўным напрамку ўзраслі да 50 тысяч байцоў. Сярод іх было каля 6 тыс. былых жыхароў Рэчы Паспалітай — рэшткі V корпуса (каля 1200 чалавек і 54 гарматы), дывізія Дамброўскага, дывізія Жырара і Надвіслянскі легіён. Уся артылерыя Вялікай Арміі мела тады 300 гарматаў.

Насупраць пераправы стаяў толькі атрад генерал-маёра Карнілава (батальён егераў, два палкі казакаў і 4 гарматы), адзін з тых, што пакінуў адмірал Чычагоў ва ўсіх месцах магчымага пераходу, так і не разгадаўшы сапраўдныя намеры Напалеона.

Кавалерыйскі швадрон генерала Карбіно і 400 егераў з дывізіі Дамброўскага на платах і ўплаў пад прыкрыццём агню з 40 гарматаў фарсіравалі Бярэзіну і адкінулі атрад Карнілава ад месца пераправы.

У гэты ж час, праяўляючы цуды гераізму і самаахвярнасці, французскія і галандскія (11-я рота) пантанёры і рота сапёраў з дывізіі Дамброўскага пад камандаваннем генералаў інжынерыі Эбле і Шаслу-Лаба наводзілі масты на драўляных козлах, з матэрыялу дамоў Студзёнкі. Левы — для кавалерыі, правы — для пяхоты. Шырыня Бярэзіны ў месцы пераправы складала каля 90 м. Калі кавалерысты брыгады Карбіно фарсіравалі раку ўплаў, глыбіня не перавышала 1,5 м, але з-за адлігі ўзровень вады павысіўся да 2 м.

Навесці пераправу не ўяўляла б асаблівых цяжкасцяў і заняло б не болей за 2 гадзіны, калі б Напалеон захаваў свой пантонны парк, які быў спалены ў Оршы, а коні не былі перададзены артылерыі. Аднак мудры Эбле ўсё ж захаваў дзве паходныя кузні, дзве павозкі з вуглём і шэсць фураў з прыладамі і цвікамі. Гэта выратавала армію.

Напалеон з 7 гадзін раніцы стаяў каля пераправы. «Доўга, генерал, вельмі доўга!» — звярнуўся ён да Эбле. «Ваша вялікасць, маеце ласку бачыць, што мае людзі стаяць па горла ў вадзе, іх працы перашкаджаюць льдзіны; у мяне няма ні харчоў, ні гарэлкі, каб даць ім сагрэцца».

Правы мост быў гатовы а першай па поўдні. Зараз жа па ім прадэфіляваў ІІ корпус Удзіно з 5600 пяхоты і 1400 кавалерыі і дывізія Дамброўскага. Войскі пераходзілі мост з крыкамі: «Няхай жыве імператар!». Пасля кароткага і моцнага ўдару 5-тысячны атрад генерала Чапліца, падаспеўшы на дапамогу Карнілаву, адступіў. Дарога на Вільню была свабодная.

Пад грукат гарматаў і ружэйны трэск, пантанёры па пояс, а дзе і па плечы ў ледзяной вадзе працягвалі сваю працу. Другі мост быў гатовы а чацвёртай па поўдні. У восем гадзін некаторыя апоры левага маста рухнулі пад цяжарам павозак. Адрамантаваны нечалавечымі высілкамі а адзінаццатай, уначы мост зноў не вытрымаў. Здзяйсняючы немагчымае, пантанёры ўвайшлі ў ваду, і а шостай раніцы рух узнавіўся. Паводле справаздачы палкоўніка Шапэля ад 18 ліпеня 1818 года, больш як сотня людзей працавала ў вадзе. Амаль усе яны загінулі ад пераахаладжэння.

15 лістапада на другі бераг перайшлі гвардыя і карпусы Мюрата, Даву і Панятоўскага. Гэта былі адзінкавыя, згуртаваныя вакол сваіх «арлоў» атрады сярод вялікага натоўпу. Усялякія высілкі вярнуць у шэрагі людзей, адарваных ад палкоў і яшчэ прыдатных трымаць зброю, былі дарэмныя. Для гэтага не было сродкаў. Афіцэр, генерал і жаўнер дзялілі адзіны лёс; розніца паміж імі знікла.

16 лістапада дывізія Дамброўскага перайшла на левы бок ад дарогі і цэлы дзень стрымлівала праціўніка. Генерал Заёнчак з рэшткамі V корпуса — на правым баку.

У гэты час на правым беразе заставаўся маршал Віктор з адной польскай дывізіяй Жырара і некалькімі сотнямі кавалерыі генерала Фурнье, доблесна адбіваючы атакі корпуса Вітгенштэйна.

Каля 11-й раніцы ружэйная куля раструшчыла Дамброўскаму руку, у якой ён трымаў шаблю Сабескага. Пасля параненых Панятоўскага, Заёнчака (ядром адарвала нагу) і Дамброўскага кіраўніцтва V корпусам атрымаў адважны Князевіч, але і ён пратрымаўся менш за суткі.

Ціск рускіх усё нарастаў. Натоўп паблізу мастоў павялічваўся. Нарэшце, калі ядры Вітгенштэйна пачалі падаць у гэты тлум, пачалася паніка. 17 лістапада Напалеон загадаў Віктору пакінуць левы бераг. Пад артылерыйскім агнём, скідваючы з маста ўсё, што стаяла на шляху, — людзей і павозкі, — корпус Віктора перайшоў на правы бераг. Ля маста заставалася яшчэ больш за 10 тысяч чалавек, але без зброі яны былі толькі абузаю. Эбле атрымаў загад спаліць масты.

Пераход Бярэзіны, — пісаў Марыян Кукель, — належыць да найпрыгажэйшых подзвігаў Напалеона і яго войска. Клаўзевіц (які быў тады ў арміі Вітгенштэйна) пацвярджае: «Ніколі не было больш магчымага прывядзення арміі да капітуляцыі ў адкрытым полі, як тут».

Перад абліччам той катастрофы, якая абрынулася на Вялікую Армію, было зроблена галоўнае — з пасткі, што рыхтавалі рускія, вырваліся Напалеон, дзесяць маршалаў, амаль усе генералы, большая частка афіцэрскага корпуса і гвардыя.

Напалеон затрымаўся ў Маладзечне і ў палацы Агінскіх прадыктаваў славуты 29-ы бюлетэнь, які абвяшчаў Францыі і ўсяму свету аб гераічнай барацьбе Вялікай Арміі і яе гібелі. Насмешкаю лёсу выглядала вестка аб тым, што Літва нарэшце гатовая выставіць 15 тысяч лёгкай кавалерыі. Было вельмі позна. Напалеон здаў камандаванне Мюрату і таемна ад’ехаў у Парыж рыхтавацца да кампаніі 1813 года.

 

Доблесныя да апошняга

На працягу другой паловы студзеня ў Варшаву, да палаца Панятоўскага «Пад бляхай», сцягваліся рэшткі V корпуса — 220 жаўнераў і 160 афіцэраў стаялі на палацавым дворыку. Моўчкі яны паклалі «арлоў» перад сваім камандзірам. Князь употай змахваў слёзы. Прымаючы рапарт, не без здзіўлення пачуў аб захаванні ўсёй артылерыі. Як мог, аддзячыў сваіх жаўнераў — запрасіў на абед і раздаў усе свае наяўныя грошы.

Ганна Патоцкая, дачка графа Тышкевіча і Канстанцыі з Панятоўскіх, пляменніцы караля Станіслава Аўгуста, занатавала ва ўспамінах наступны эпізод: «Як толькі даведалася аб прыбыцці князя, пабегла цалаваць яго рукі. Рысы яго, змененыя пакутамі, выяўлялі хутчэй боль душы, чым фізічныя цярпенні.

Заўважыўшы вялікую кнігу каля ложка князя, запытала яго, смеючыся, ці гэта не яго мемуары?

— Ах, ці ж маем час для пісання, — адказваў. — Бяры тую кніжку на памяць — гэта мой трафей. Загадаў яе падняць на гасцінцы і чытаў, каб бавіць час. Гэта „Падарожжа на Усход” — захавай яе для сваіх дзяцей, гады дададуць ёй вартасці (кнігу захаваў, нават калі падчас адступлення давялося кінуць багаж і знішчыць штабныя паперы. ІІ том „Tableau génerale de l’empire Ottoman” („Навуковае апісанне Турэччыны”) Ігнація д’Асона, выдадзены ў 1790-м, быў яму асабліва дарагі як памяць і адзіны трафей з той вайны)».

Толькі на працягу 1812 года маленькае Варшаўскае Герцагства выставіла 162 тыс. жаўнераў — лічба, недасяжная для Рэчы Паспалітай за ўсю яе гісторыю.

Напалеон, далёкі ад сантыментаў, справядліва сказаў пра V корпус: «Іх знішчыла сіла абставінаў, але загінулі смерцю мужных».


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY