|
|
|
№
3(61)/2012
SUMMARY
Благаслаўлёныя Крыжам
Постаці
Пераклады
Галерэя
Ad Fontes
Постаці
Нашы святыні
Memoria
Постаці
Літаратуразнаўства
Асобы
Данута БІЧЭЛЬ
Паэзія
Нашы святыні
Мастацтва
Гісторыя
|
Паўсюдна вядома, што святы Максімільян Кольбэ загінуў у Асвенціме, аддаўшы сваё жыццё за іншага чалавека, заснаваў Непакалянаў і «Рыцара Беззаганнай». Яго імя часта асацыюецца з Японіяй. Пра Гродна ўзгадваюць найбольш дасведчаныя знаўцы шляху святога Максімільяна да святасці і яго ідэі здабыць свет для Хрыста праз Беззаганную. Гродна — гэта вельмі важны этап ўсёй дзейнасці, распачатай святым францішканінам. Можна сказаць: вялізны крок на шляху евангелізацыі праз сродкі масавай інфармацыі <...> Яму было няпроста, і святы Максімільян дакладна пацярпеў бы паразу, а яго задума выдаваць і друкаваць каталіцкі штомесячны часопіс сышла б у нябыт, калі б не моцны падмурак, на якім ён заснаваў свой будучы поспех, што трывае да сённяшняга дня. Гаворка ідзе пра Беззаганную. Святы даверыў усе свае ініцыятывы і высілкі найлепшай Маці — той жанчыне, якая сцерла галаву змею. Між іншым, ён шмат разоў апісваў сучаснага яму «змея»: масонства, зачаткі таталітарызму, і менавіта ў артыкулах, друкаваных у «Рыцары Беззаганнай», што выходзіў у Гродне. Дзеля чаго варта падкрэсліць выключнасць гродзенскага этапу ў жыцці святога Максімільяна? Я б звярнуў увагу на некалькі аспектаў. Па-першае, гэта грамадска-палітычны кантэкст, па-другое — эканамічныя праблемы. І ўрэшце, асабістыя справы святога Максімільяна, звязаныя з манаскім жыццём, здароўем, найбліжэйшымі сваякамі, духоўнасцю... Я не буду займацца іх класіфікацыяй, але апішу гэта ўсё ў кароткім аповедзе. Унутраныя і знешнія клопаты З 20 кастрычніка 1922 года, з таго дня, як айцец Максімільян пакінуў Кракаў і накіраваўся ў Гродна, і да 10 лістапада 1927 года, калі быў распачаты дэмантаж друкарскіх машын, каб перавезці іх у маёнтак, ахвяраваны братам князем Друцка-Любецкім у Тэрэсіне (цяперашні Непакалянаў), доўжыўся час, што напрамую папярэднічаў вялікай місіі, якую Непакалянаў імкнецца выконваць да сённяшняга дня. Каб усвядоміць, што можа здарыцца на працягу пяці гадоў, звернемся спачатку да статыстыкі, паглядзім на лічбы. Штомесячны часопіс «Рыцар Беззаганнай» павялічыў свой аб’ём з 16 да 32 старонак, а наклад — з 5 тыс. экзэмпляраў у 1922 годзе да 50 тыс. экзэмпляраў у 1927 годзе. Варта узгадаць, што колькасць членаў Рыцарства Беззаганнай таксама ўзрасла з некалькіх тысяч да 126 000. І ўсё гэта адбывалася ў часы заняпаду вялікіх канцэрнаў прэсы і друкарняў, краху выдавецтваў. Апроч гэтага, айцец Максімільян сутыкаўся з неахвотаю і бесперапыннай крытыкай братоў у ордэне. Крытыка датычыла і «Рыцара...», і раздачы цудоўных медалікаў, і дзейнасці Рыцарства Беззаганнай, а таксама асаблівага набажэнства айца Кольбэ да святых жанчын: Джэмы Гальяні і Тэрэзы з Лізьё. Апошняя была кананізаваная менавіта тады, калі айцец Максімільян працаваў у Гродне, 17 траўня 1925 года. Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езуса гаварыла пра патрэбу місіі і евангелізацыі ва ўсім свеце, і гэта ж вельмі моцна адчуваў у сваім сэрцы мучанік з Асвенціма. Перад тым як выехаць з Кракава, дзе былі надрукаваныя першыя нумары «Рыцара...», айцец Максімільян жыў у Мшане Дольнай (у жніўні і верасні 1922 г.). Ён пачаў сур’ёзна хварэць. З гэтай жа прычыны ён мусіў на пэўны час пакінуць Гродна, скіраваўшыся на аздараўленне і лячэнне ў Закапанэ (1926 г.). У яго ўсё больш развіваліся сухоты. Рашэнне перанесці выдавецтва з Кракава ў Гродна (што было на руку айцу Кольбэ) было прынятае і пад націскам незычлівых братоў у ордэне. Аднак афіцыйна — гэта быў клопат тагачаснага правінцыяла пра здароўе свайго падапечнага. Айцец Максімільян аспрэчыў гэта, кажучы, што памяшканне ў францішканскім кляштары, былая школа, прызначаная для выдавецтва, знаходзіцца далёка ад горада, а паблізу няма ні пошты, ні зручных транспартных вузлоў, а Кракаў у гэтых адносінах — ідэальны... Урэшце, паслухмяны волі і рашэнню настаяцеля, ён выехаў у Гродна, забраўшы з сабою ўсё кракаўскае выдавецтва ў адной тэчцы. Калі 20 лістапада, праз пяць гадоў, браты выязджалі з Гродна ў Непакалянаў, каб перавезці друкарскія машыны, яны нанялі 8 чыгуначных вагонаў. Можна ўжо зрабіць параўнанне, хоць гэта быў толькі пачатак справы...
Гродзенская штодзённасць У снежні 1922 г. у кляштары быў пастаўлены стары друкарскі прэс, які браты назвалі «бабулькаю». Каб выдрукаваць 5 тыс. экзэмпляраў часопіса, трэба было 30 тысяч разоў пакруціць ручку прэса. Усе браты круцілі яе па чарзе, у тым ліку і святы Максімільян. Сярод іншага ў гродзенскіх нумарах «Рыцара...» можна знайсці артыкулы пра навяртанне Альфонса Рацісбона, пра нябёсы, пра Рыцарства Беззаганнай: пра яго сутнасць, мэту і дзейнасць, а таксама заахвочванне далучацца да яго шэрагаў. Расла колькасць падпісчыкаў часопіса і членаў Рыцарства Беззаганнай. 12 снежня 1923 г. айцец Максімільян у лісце свайму брату, айцу Альфонсу, піша, што папера даражэе і абяцаюць далейшае павышэнне коштаў. Гэта дрэнныя навіны для таго, хто распачынае паліграфічную справу. Акрамя праблемаў, цяжкай працы, непаразуменняў, розных малых і вялікіх крыжоў, з Гроднам звязана і некалькі смешных гісторый, якія можна распавядаць як анекдоты. Пра некаторыя з іх гаворыць прафесар Клод Р. Фостэр — аўтар белетрызаванай біяграфіі св. Максімільяна пад назваю «Рыцар Марыі», апісваючы яго жыццё і дзейнасць. Першая, якую я працытую, датычыць працы ў друкарні. У гродзенскі кляштар прыйшоў брат Зено, які пазней спадарожнічаў айцу Максімільяну і працаваў з ім на місіях у Японіі ажно да сваёй смерці. Японцы так палюбілі яго, што яшчэ пры жыцці паставілі яму помнік. У Фостэра мы чытаем: Хутка пасля свайго прыбыцця брат Зено натхніў айца Максімільяна набыць рухавік унутранага згарання фірмы «Дызель», каб лепш выкарыстоўваць друкарскую машыну. Ён пераконваў: «Ойча, калі замест таго, каб круціць ручку самім, мы будзем рабіць гэта з дапамогаю механічнага прываду, значна ўзрасце наклад часопіса, а ў нас будзе больш сілы на іншыя справы». Выглядала, што законнік ведаў, пра што кажа, бо сам заняўся ўсталяваннем рухавіка. У запакоўцы былі доўгія шрубы, якія трэба было правесці праз адтуліны ў стальной падстаўцы машыны і пасля прыкруціць да драўлянай падлогі. З жэстам рукі, што падкрэсліваў яго ўпэўненасць у сабе, брат Зено сказаў законнікам, якія яму дапамагалі: «Не трэба прабіваць дзіркі ў падлозе, каб прымацаваць рухавік. Дастаткова пакласці на падстаўку вялікія камяні, каб ён не вагаўся. Тады ў друкарню ўвайшоў айцец Максімільян у белай альбе, несучы начынне і асвечаную ваду. Паглядзеўшы на абсталяванне, ён сказаў: «Мне здаецца, трэба прымацаваць яго шрубамі». «Не трэба», — з націскам запярэчыў брат Зено. Максімільян акрапіў рухавік асвечанай вадой і сказаў: «Дзякуй табе, рухавік, цяпер мы выдрукуем шмат нумароў “Рыцара Беззаганнай”. Пане Божа, паблагаславі». Пасля гэтых словаў брат Зено пацягнуў за вяроўку, каб завесці «Дызель». Цішыня. Рухавік не скрануўся. Законнік паўтарыў. Ізноў ніякай рэакцыі. Толькі пасля трэцяй спробы рухавік характэрна забуркатаў. І тут з прычыны моцнай вібрацыі машыны каменне, пакладзенае на яе падстаўку, адскочыла ўбок, а рухавік пачаў «танчыць» па пакоі. Айцец Максімільян здолеў крыкнуць: «Уцякайма!» Некаторыя з братоў адным скокам апынуліся на пісьмовым стале, іншыя ў паніцы разбегліся. Толькі брат Зено безвынікова ганяўся за рухавіком, спрабуючы яго спыніць. Нарэшце ён спыніўся сам, дзякуючы таму, што яго заклініла паміж іншымі часткамі друкарскага абсталявання. Максімільян з панурым выразам твару сказаў брату Зено: «Браце, гэты рухавік занадта каштоўны, каб праз тваю пыхлівасць нам пагражала страціць яго. Прашу, прымацуй яго добра шрубамі. Брат Зено, чыя ўпэўненасць у сабе з кожнаю хвілінаю малела з прычыны здарэння, пакорна пачаў выконваць даручэнне, адчуваючы вялікую палёгку ад таго, што рухавік не сапсаваўся і ў сваім шалёным танцы не пашкодзіў іншага абсталявання. Айцец Максімільян, сыходзячы з пакою, усміхнуўся, калі ўзгадаў, як брат Зено ў аўтабіяграфіі адзначыў, што мае тэхнічную адукацыю. З таго часу законнікі называлі брата Зено «майстар — рукі на ўсе штукі». Калі з часам у кляштары зрабілася цесна, тагачасны правінцыял вылучыў для патрэбаў выдавецтва яшчэ адно памяшканне, дзе знаходзіўся кляштарны рэфектарый. З гэтым звязаны яшчэ адзін анекдот. Айцец Максімільян прытрымліваўся прынцыпу «куй жалеза, пакуль гарачае». Каб пазбавіцца пярэчанняў непрыхільных да яго братоў, ён разам з іншымі пачаў рыхтаваць памяшканне яшчэ ўначы, не чакаючы, пакуль узыдзе сонца. Браты не ведалі, што слоікі з малаком, якія кухар пакінуў у памяшканні на ноч, былі адчыненыя, і нацерушылі ў іх пылу, перасяляючыся ў рэфектарый. Назаўтра айцец Максімільян хадзіў следам за кухарам, які не хацеў даць «рамонтнай брыгадзе» сняданку, і прасіў у яго прабачэння. Нарэшце кухара ўдалося задобрыць. Варта дадаць, што ў Гродне браты мелі і час на адпачынак. Узгадваецца выпадак, калі аднойчы айцец Максімільян з братамі шпацыравалі ўздоўж берагоў Нёмана. Прафесар Фостэр піша: Аднойчы, ідучы каля ракі, браты заўважылі на беразе за чарговым мостам два чаўны і непадалёк двух габрэяў-дрывасекаў за працаю. Максімільян спытаўся: «Чый гэта човен?» Старэйшы адказаў: «Мой». «А колькі б пан узяў за тое, каб нам праехацца?» — дапытваўся Максімільян. «Неяк дойдзем да згоды. А ці паны самі паедуць?» Максімільян адказаў: «Так, дамо сабе рады. Вось над чым мы працуем, — сказаў ён і выняў з кішэні хабіта вераснёўскі нумар „Рыцара...”». — Ці гэта дастатковая плата?» «Добра», — адказаў старэйшы габрэй і кіўнуў галавою малодшаму, які адразу спусціў човен на ваду. Апісанне гэтага здарэння засталося ў нататніку Максімільяна, дзе ён са шчырасцю дзіцяці занатаваў: «Мы селі ў човен. Я — за стырно, яны — за вёслы. Не меў панятку, як кіраваць ...». У лісце з Гродна ад 1 красавіка 1925 г. айцец Кольбэ піша свайму брату Альфонсу пра планы, звязаныя са стварэннем «Маленькага рыцара Беззаганнай». І ў той жа час вядзе перапіску з маці Марыяннаю, якая тады знаходзілася ў кляштары ў Кракаве, бядуючы над лёсам старэйшага з братоў Кольбэ, яе сына Францішка. Той пакінуў ордэн, каб змагацца за свабоду Польшчы. Пазней ён, праўда, стварыў сям’ю, але ў сужэнстве не ўсё было добра. Быў час, калі ён нават не мог сустрэцца з Максімільянам, бо жонка стварала для гэтага перашкоды. Маці вельмі перажывала з гэтай прычыны, і айцец Кольбэ імкнуўся яе суцешыць. Ён нават сустракаўся з ёю, калі вяртаўся з Закапанэ ў Гродна праз Кракаў, а ў лістах запэўніваў, што яны разам з айцом Альфонсам моляцца за старэйшага брата, і Пан Бог, пэўна ж, пакажа яму шлях. Падчас побыту айца Максімільяна ў Гродне ў свеце стала неспакойна. Калі святы пісаў аб любові і супакоі, Адольф Гітлер выдаў «Mein Kampf», кнігу, якая з цягам часу стала «бібліяй» нацыстаў. Аднак з-за мяжы прыходзілі і добрыя навіны. Напрыклад, у суботу 23 красавіка папа Пій ХІ асобным брэве ўзняў рымскае Рыцарства Беззаганнай да годнасці Пабожнай Уніі вернікаў, надаючы яму права ствараць супольнасці па-за Рымам, а таксама прывілей удзяляць адпусты... Ва ўрачыстасць святога Антонія Падуанскага 13 чэрвеня 1927 г. у Гродна прыбыў ксёндз Тадэвуш Цібароўскі з Адамовічаў, каб сустрэцца з Яўгенам Шрэдніцкім, паўнамоцным адміністратарам князя Друцка-Любецкага... Ён прапанаваў братам, што скантактуецца з князем і апіша яму справу, якую робяць браты. Князь меў ва ўладанні шмат моргаў зямлі недалёка ад Варшавы, і гэта стала адказам на ўзрастанне патрэбаў, як бы мы сказалі сёння, медыйнай імперыі айца Максімільяна, якая ўжо тады патрабавала асобнага будынка паблізу ад вялікіх дарогаў, пошты і транспарту... Што з гэтага для нас? Ці мае сэнс цяпер казаць пра тое, што зрабіў бы святы Максімільян, калі б застаўся жыць? Ці яго паслядоўнікі павінны біць сябе ў грудзі, параўноўваючы тое, што здолеў зрабіць ён, з тым, што было зробленае пасля ягонай смерці? Мне здаецца, сам святы не хацеў бы, каб на гэта была звернутая ўвага. Змяніўся час і сродкі, адкрыліся новыя магчымасці... Ментальнасць людзей таксама трошкі іншая, хоць у некаторых аспектах, не заўсёды станоўчых, яна застаецца нязменнаю. Але заўсёды застаецца той самы Хрыстус і той самы шлях да Яго — Беззаганная. Нашая Найлепшая Маці ва ўсім супрацоўнічае з тымі, хто хоча служыць Богу і здабываць для Яго людзей. У гэтым айцец Кольбэ не пакінуў бы нас у спакоі, прадпісваючы перадусім бязмежную і безумоўную адданнасць Ёй у якасці рэчы, прылады і ўласнасці, ва ўсіх акалічнасцях. Гродна, якое павінна было стаць своеасаблівым «цвіком у труне» зусім маладога часопіса, сталася істотнаю часткаю справы, якую мы называем Непакалянавым. Змяняліся месцы і ўмовы, але ад самага пачатку браты працавалі ў тым самым духу, з адданасцю і ахвярнасцю дзеля найбольшай славы Пана. Што засталося сёння ў самім Гродне пасля святога Максімільяна? Гэта тэма для асобнага артыкула. Мне здаецца, найважнейшым з’яўляецца тое духоўнае будаўніцтва з вернікаў, якія навярнуліся і пад уплывам чытання «Рыцара...» і прысутнасці братоў францішканаў панеслі ў свет пасланне любові. На шчасце, паслядоўнікаў святога Максімільяна і сёння хапае на гэтай зямлі. Праз дзевяноста гадоў тут таксама працуюць францішкане, працягваючы яго справу і місію.
Караль Вайтына.
Гл. таксама:
|
|
|
|