Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(61)/2012
SUMMARY
Благаслаўлёныя Крыжам

«ЦЯРПЕННЕ — НАЙВАЖНЕЙШАЯ ЧАСТКА ПРАЦЫ»
З катэхезаў айца Максімільяна Кольбэ
Постаці

НЕЗВЫЧАЙНЫ І НЕЗАМЕННЫ
Пераклады
Галерэя
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Постаці

РУПЛІВЕЦ НА БОЖАЙ НІВЕ
Нашы святыні

...ТОЛЬКІ КАСЦЁЛ
Memoria


БЕЛАРУСКІЯ ПАМЯТНЫЯ КРЫЖЫ ПАД ТАЙШЭТАМ
Постаці
Літаратуразнаўства
Асобы
Данута БІЧЭЛЬ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Нашы святыні
Мастацтва
Гісторыя

КРЫЖОВЫ ШЛЯХ

Данута БІЧЭЛЬ

ЯНКА БРЫЛЬ — НОСЬБІТ СПАКОЮ

Да 95-годдзя Майстра

Кнігу «Парастак»Янка Брыль пісаў, ведаючы, што гэта яго развітальная кніга з намі, яго роднымі і духоўнымі літаратурнымі дочкамі, сынамі і ўнукамі. Я атрымала «Парастак» 21 ліпеня, з надпісам: «Прымі, дарагая Дануся, яшчэ адну маю новую кніжыцу, 9.VII.06, Янка Брыль… Захацелася мне ў адказ яму кніжку паслаць, ды не мела новай, то знайшла батлейку «Нараджэнне Езуса Хрыста, нашага Збаўцы», якую выдалі ў тым жа выдавецтве «Про Хрысто», дзе і «Парастак», але на год раней. На памінках дочкі Брыля Наташа і Галя сказалі мне, што ён атрымаў кніжку і прачытаў за дзень да смерці.

Янка Брыль памёр 25 ліпеня, у той жа дзень, што і Валодзя Караткевіч... Для мяне важна ўсё, што звязана з асобай Янкі Брыля. Чаму мы выбіраем сабе літаратурных куміраў, літаратурныя арыенціры, празораў, якія асвятляюць нам дарогу праз жыццё і пасля таго, як ім даводзіцца развітацца з гэтым светам і пайсці ў невядомы? Мы ўсё роўна адчуваем іх прысутнасць у нашых дробных справах жыцця, адчуваем, што адлегласць паміж намі неадольная, але дыханне духу даходзіць адтуль праз невідочную прастору. Іх жыццёвая праўда ўплывае на нашы ўчынкі і настроі. Выходзіць — няпраўда, што іх час тут спыняецца…

Янка Брыль не рваўся наперад, на трыбуну — на з’ездах займаў месца ў зале, даваў магчымасць зарадзіцца ад яго святла і спакою. Яму былі ўласцівыя надзейнасць, дабрыня, маўклівае прабачэнне дрэнных учынкаў, стварэнне спакойнай атмасферы і раздаванне літаратурных авансаў. Не евангельскае ўсёдараванне – Брыль разумеў, што такое дазволена толькі Богу, — але бацькоўскае дараванне маўчаннем да пэўнай меры. Казаў вачыма: «Ты — дрэнь, ды людзі даюць табе адтэрміноўку, каб стаць такім, як браты твае па мове Уладзімір Караткевіч і Уладзімір Калеснік». Як да калегаў па прафесіі, так адносіўся і да начальнікаў. Ніколі не чула, каб Янка Брыль з кім-небудзь спрачаўся, сварыўся, каб насміхаўся, павышаў голас, злаваў, гаварыў моцныя словы. Ён прымаў усіх людзей паважна, сур’ёзна, без кпінаў. Чужых па духу не пускаў у сэрца — меў свой нябачны плот ці купал над сваёй галавой. Умеў далікатна жартаваць як у жыцці, так і ў творчасці.

Ён прайшоў праз пекла і па другім крузе ісці не хацеў. Прыняў жорсткую рэальнасць: нават пісаў нарысы пра саветаў, але выбіраў сярод іх годных людзей.

Янка Брыль быў найбольш прыдатны Богу, каб змагацца з нячыстымі духамі.

Адзін з маладых выдаўцаў кніг, якому гэтая пасада звалілася як бы з неба, сказаў мне нядаўна: «Янку Брыля надта хутка забылі…» У адказ я працытавала Марыну Цвятаеву:

«Моим стихам, как драгоценным винам, настанет свой черёд…»

Але прагнозаў не раблю — не заўсёды збываюцца нават прагнозы надвор’я.У Янкі Брыля ў Беларусі чытачоў было меней, чым у Івана Шамякіна. Чамусьці ў краіне, дзе грамадства выхоўваюць на страшнай вайне, хутка забылі кнігу Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка «Я з вогненнай вёскі». Не так змагаліся тыя героі — ахвяра была споўненая на ўзор Езуса Хрыста...

Калі Беларусь стане іншамоўнай, то мала хто будзе чытаць такія залацінкі, як апавяданне «Галя», аповесць «Ніжнія Байдуны», раман «Птушкі і гнёзды», версэты «Жменя сонечных промняў»… Па якіх жа тэкстах можна правяраць чысціню беларускай мовы, калі забудзем Яна Скрыгана і Янку Брыля?

Брыль нарадзіўся паэтам, але ў нас не разумеюць іншасказання. Таму пісаў прозу…

Прачытала ў «Парастку»:

«На шарай гадзіне, не ўключаючы святла, у адзіноце спяваў сабе, у нейкі момант нават і ў слёзнай асалодзе ад музыкі і словаў — родных, рускіх, украінскіх і польскіх. І тут нечаканы і доўгачаканы званок ад Галі, што вось — і яна ўжо бабуля, а я — такім чынам, прадзед! У Мішы і Машы дачушка, імя якой падрыхтавана бацькамі загадзя — Даша, Дар’я, а ў нас па-загорску — Адарка, Адара…»

Прачытаўшы гэта, сама я заспявала, як акунулася ў крынічнай вадзіцы, – песня ачышчае, песня вяртае да вытокаў, да мамы. Песня ўдзельнічае ў малітвах у шмат якіх рэлігіях…

Прысніла аднойчы Янку Брыля ў сваёй хаце. Хацела яго накарміць, а не было ніякай ежы. У той ранак я не мела магчымасці схадзіць у касцёл памаліцца за душу, якая патрабуе ежы. Прысніла назаўтра зноў — ён стаяў каля ложка ў маёй хаце і казаў разгублена: «То што ж, я ўжо пайду спаць…» І пабегла я ў касцёл — спавядацца, прымаць Камунію за яго… І зразумела я, што маё прызначэнне — маліцца за душы настаўнікаў па прафесіі, якія адышлі ў вечнасць.

Калі мне самотна і хмурна, і слёзна, і дрэнна, супакойваюць і ўзмацняюць духам не жывыя, а тыя, хто некалі не шкадаваў для мяне сваёй дабрыні, любові і часу.

Янка Брыль — гэта магутны гмах айчыннай літаратуры, фасады і кшталты якога пакуль што аглядалі толькі павярхоўна, звонку. Каб заглянуць у яго сярэдзіну, трэба адчыніць насцеж дзверы і зайсці ў «кухню», гэта значыць прачытаць яго дзённікі, яго нататкі. Уся проза Янкі Брыля была спавядальнаю, але споведзь была не поўнаю: даводзілася, як тады модна было казаць, «наступаць на горла ўласнай песні», стрымліваць, падманваць самога сябе, рабіць адборку, селекцыю, быць цэнзарам уласнай творчасці.

Творчасць Янкі Брыля — гэта тэксты для медытацыі, паглыбленне ў будучыню праз вясковую мінуўшчыну не для экспанавання і ўседазволенасці ці ўседаступнасці… Гэта трэба, каб фармаваць душу нацыі. Паколькі нашаму народу не да літаратурных іншасказанняў, не да гіпербалізацыі, бо ён увесь час займаецца выжываннем, пакуль што толькі выбраныя бедачыны з інтэлігенцыі смакавалі, перачытвалі і чакаюць з хваляваннем, калі іх пусцяць у сціплую, прыгожую і чыстую «кухню» Майстра…

Данута Бічэль, Гародня.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY