Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(61)/2012
SUMMARY
Благаслаўлёныя Крыжам

«ЦЯРПЕННЕ — НАЙВАЖНЕЙШАЯ ЧАСТКА ПРАЦЫ»
З катэхезаў айца Максімільяна Кольбэ
Постаці

НЕЗВЫЧАЙНЫ І НЕЗАМЕННЫ
Пераклады
Галерэя
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Постаці

РУПЛІВЕЦ НА БОЖАЙ НІВЕ
Нашы святыні

...ТОЛЬКІ КАСЦЁЛ
Memoria


БЕЛАРУСКІЯ ПАМЯТНЫЯ КРЫЖЫ ПАД ТАЙШЭТАМ
Постаці
Літаратуразнаўства
Асобы
Данута БІЧЭЛЬ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Нашы святыні
Мастацтва
Гісторыя

КРЫЖОВЫ ШЛЯХ

Стэфан СВЯЖАЎСКІ

СВЯТЫ ТАМАШ, ПРАЧЫТАНЫ НАНАВА

Працяг. Пачатак у № 3(57)/2011.

VI. БОГ ЯК САМАІСНАЕ ІСНАВАННЕ —
IPSUM ESSE SUBSISTENS

Сузіраючы рэчы вакол нас, мы пераконваемся не толькі ў тым, што яны існуюць, але калі задумваемся над імі глыбей (усё роўна, ці будуць гэта прадметы, якія нас атачаюць, ці наша Зямля, ці ўвесь сусвет, ці мы самі), мы павінны будзем пераканацца і сцвердзіць, што існаванне кожнай з гэтых рэчаў не з’яўляецца неабходным. Ніводная з іх не мусіць існаваць. З аднаго боку, нам цяжка гэта прыняць, а разам з тым — вельмі проста, бо хвіліна глыбейшага роздуму прыводзіць нас да высновы, што ў прыродзе ніводнай рэчы няма таго, каб яна мусіла існаваць. «Мусяць» існаваць матэматычныя быты, але яны існуюць іншым, вельмі адмысловым чынам. Квадрат мусіць быць, бо ён — квадрат. Тут выступае сутнасная неабходнасць, якая кіруе матэматычным светам, а гэта — зусім іншы свет, у адрозненне ад свету рэальна існуючых, пачуццёва ўспрымальных рэчаў. Ніводная з гэтых рэальна існуючых рэчаў не мусіць існаваць, бо, як кажа св. Тамаш, сутнасць кожнай рэчы адрозная ад яе існавання. Тут выяўляецца рэальная розніца; існаванне толькі ўдзяляецца рэчы, ёсць яе ўдзелам, а не належыць яе прыродзе.

Такім чынам, гэтае двайное разважанне, якое канстатуе з аднаго боку існаванне ўсяго таго, што ўтварае рэчаіснасць, а з другога, што існаванне ўсіх гэтых рэчаў ёсць існаваннем неабавязковым, выпадковым (на лаціне: esse contingens), прыводзіць проста да высновы, што мусіць існаваць штосьці, з чаго вынікае гэтае частковае існаванне выпадкова існуючых рэчаў. Вось жа мусіць існаваць штосьці, што само па сваёй прыродзе ёсць існаваннем, існаваннем самаісным, неабходным, у якім не ўзнікае розніцы між сутнасцю і існаваннем, бо сутнасцю гэтага чагосьці ёсць існаванне (essentia – esse). Хто ведае Святое Пісанне, можа знайсці ў ім выразны водгук усіх гэтых выказванняў, але ў дадзены момант мы не хочам выходзіць за межы чыстай філасофіі. І вось гэты выток усялякага існавання, які мусіць быць існаваннем неабходным, каб удзяляць існаванне, якое не з’яўляецца неабходным; які мусіць быць існаваннем самаісным, каб удзяляць існаванне несамаіснае; які, нарэшце, мусіць быць існаваннем, што атаясамляецца з сутнасцю, св. Тамаш называе Богам. Тамаш кажа: менавіта Бог — крыніца ўсялякага існавання, крыніца ўсіх існуючых выпадкова (няпэўна, часткова, мінімальна) рэчаў. І таму, калі мы разгледзім розныя аспекты рэчаіснасці, якая нас атачае (св. Тамаш называе пяць такіх аспектаў), мы прыходзім да ўсведамлення, што мусіць існаваць існавальная, калі можна так сказаць, крыніца ўсіх рэчаў, якія ўтвараюць гэты свет, і самога свету.

І вось гэта тыя пяць аспектаў, тыя славутыя quinque viae — пяць шляхоў св. Тамаша, якія няслушна называюць пяццю доказамі існавання Бога. Гэта памылковая назва, бо памянёныя шляхі вельмі далёкія ад доказаў у тым значэнні, якое мы сёння надаем гэтаму слову. Гэта — не матэматычныя альбо навукова-фізічныя доказы, і нават не доказы ў сэнсе лагічным, хоць і маюць сваю лагічную структуру. Лагічную слушнасць гэтых палажэнняў св. Тамаша падрабязна даследавалі, але істотная не яна. Яго разважанні — гэта, калі ўжыць лексіку Марытэна, хутчэй, «шляхі» падыходу, таму св. Тамаш не называе іх rationes, бо ў схаластычнай тэрміналогіі ratio — гэта тое, што і доказ, але называе іх viae — шляхі. Бо гэта пяць шляхоў, якімі мы набліжаемся да рэчаіснасці, і ў канцы кожнага з шляхоў тая самая рэчаіснасць яўляецца нам іначай, у іншым асвятленні і ў іншай афарбоўцы.

Для св. Тамаша ясна, што існаванне Бога не ёсць для нас відавочным: ён палемізуе з тымі, хто лічыў, што выказванне «Бог існуе» перадае відавочную праўду. Паводле яго, гэтая праўда не відавочная, бо відавочным з’яўляецца тое, што мы можам пацвердзіць эмпірычна, што можам выпрабаваць. Існаванне Бога можа быць відавочным толькі для таго, хто перажывае яго асабіста ў містычным досведзе.

Відавочнасць, апрача таго, — камунікатыўная, калі я магу яе некаму іншаму перадаць, а містычны досвед у сваёй сутнасці – некамунікатыўны і не мае нічога агульнага з пачуццёвай ці лагічнай відавочнасцю. Таму існаванне Бога – кажа св. Тамаш – у гэтым сэнсе не відавочнае.

Аднак з іншага боку, чалавечы розум павінен быць неяк вельмі дэфармаваны і абмежаваны, калі – праводзячы сумленнае філасофскае разважанне на аснове тых метафізічных разрозненняў, пра якія мы гаварылі, – лічыць, што ён не можа адкрыць Бога як крыніцу ўсёй рэчаіснасці. Любая наша паглыбленая рэфлексія над светам, разгляданым у аспекце існавання, прыводзіць і павінна заўсёды прыводзіць да адкрыцця Бога. Нам прыгадваецца тут слова revelabile, пра якое ўжо была гаворка, а таксама св. Павел, які ясна кажа, што з разважання над рэчамі гэтага свету мы прыходзім да пазнання Бога і Божых справаў (пар. Рым 1, 20).

Схема пяці шляхоў адна, у іх ідзе гаворка пра тое самае: Бог выступае ў кожным з гэтых шляхоў як крыніца існавання, якое не з’яўляецца неабходным, якое мы спасцігаем ва ўсіх разгляданых рэчах, гэта значыць, што сам Ён выступае як існаванне неабходнае. Паглядзім на аспекты гэтай праўды, над якімі пачаргова разважае св. Тамаш.

Першы шлях: з руху (ex motu) зыходзіць з назірання руху і змены ў навакольным свеце, гаворка ідзе пра ўсялякую змену ў вельмі шырокім сэнсе. Паколькі кожная змена ўказвае на развіццё, на пераход ад магчымасці да здзяйснення, таму рэфлексія над любою зменаю прыводзіць нас да простай высновы: каб маглі адбывацца самыя розныя пераходы ад магчымасці да здзяйснення, мусіць існаваць Быт, які здзейснены цалкам, які дазваляе гэты пераход ад станаў бытава няпоўных да станаў паўнейшых. Здзяйсненне на лаціне называецца actus, таму Бог названы чыстым актам, ці бытам, у якім няма аніякай магчымасці, але адно толькі здзяйсненне. Можа ўзнікнуць думка, што з прычыны гэтага Бог — статычны быт, у якім няма руху. Гэта тыповае, вельмі «чалавечае» разуменне боскіх справаў. Нам у нашым свеце падаецца, што дасканаласць атаясамліваецца з пастаяннаю зменаю, тым часам уся паўната жыцця — у Богу, як пабачым, кажучы пра Божыя якасці, а таксама — уся паўната здзяйснення.

Другі шлях: з існавання вытворчай прычыны (ex ratione causae efficientis) падводзіць нас да рэчаіснасці ў аспекце прычыннасці. Увесь свет, усё, што нас атачае, — гэта гульня прычынаў і вынікаў. Паўсюль, ва ўсім і пастаянна, дзейнічаюць вытворчыя прычыны. Вытворчыя прычыны ўдзяляюць існаванне, з’яўляюцца перадавальнікамі існавання. Штосьці, чаго не было, дзякуючы пэўным імпульсам здзяйсняецца. Таму зноў жа, каб усе гэтыя другасныя прычыны, якія мы бачым, маглі дзейнічаць, мусіць быць першая вытворчая прычына, якая ўдзяляе сілы і моцы ўсім іншым, не ліквідуючы іх і не адбіраючы іх вартасці: гэта ёсць, уласна кажучы, causa omnium causarum — прычына ўсіх прычынаў.

Трэці шлях: з існавання рэчаў, якія не з’яўляюцца неабходнымі (ex possibili et necessario), звяртае ўвагу на аспект рэчаіснасці найбліжэйшы да таго, які мы абмяркоўвалі, калі гаварылі пра метафізіку як філасофію існуючага ў рэчаіснасці быту. Трэці шлях прапануе нам абраць пункт гледжання, які дазваляе сцвердзіць выпадковасць рэчы — прызнаць, што ўсё, што мы бачым, з’яўляецца крохкім з гледзішча існавання, не мусіць быць, ёсць выпадковым, але ёсць. Усё нібы падвешана ў несамастойнасці і залежыць ад існавання неабходнага. Бог выяўляецца тут як неабходнае існаванне, якое ёсць асноваю ўсіх існаванняў выпадковых.

Чацвёрты шлях — гэта шлях ступеняў дасканаласці (ex gradibus perfectionis). Калі паглядзім на свет, на рэчы, то напэўна ў сутнасным парадку гэтыя рэчы выявяцца як сутнасці вельмі рознай ступені дасканаласці. Духовыя быты больш дасканалыя за цялесныя, а сярод цялесных больш складаныя мы ў прынцыпе прызнаем дасканалейшымі за менш складаныя. Шматлікія ступені дасканаласці маюць сваю аснову ў быце, які ўлучае ўсе ступені дасканаласці як паўната існавання. Цудоўны тэкст на гэтую тэму ёсць у Каментары св. Тамаша да ўступу Евангелля св. Яна. Бо трэба памятаць, што Тамаш быў таксама праніклівым каментатарам Святога Пісання. Гэта той аспект яго творчасці, які часта не бярэцца пад увагу з меркавання, што ён быў толькі філосафам і спекулятыўным тэолагам. А між тым св. Тамаш быў таксама выдатным біблістам, і каментары да Святога Пісання з’яўляюцца важнаю часткаю яго творчасці. У памянёным каментары ён піша: Cum ergo omnia quae sunt, participent esse, et sunt per participationem entia, necesse est esse aliquid in cacumine omnium rerum, quod sit ipsum esse per suam essentiam, id est quod sua essentia sit suum esse, et hoc est Deus... a quo omnia quae sunt, participent esse – паколькі ўсё, што існуе omnia quae sunt, – удзельнічае ў існаванні, participent esse – не мае ў сабе існавання, бо інакш яно мусіла б існаваць альбо было б гэткім дасканалым, што давала б існаванне само сабе — таму ўсе гэтыя рэчы з’яўляюцца бытамі праз удзел, а не бытамі самаіснымі. Св. Тамаш супрацьпастаўляе тут быт самаісны быту праз удзел, які ёсць таму, што ўдзельнічае ў існаванні. Таму неабходна, каб існавала штосьці на вяршыні ўсіх рэчаў: in cacumine omnium rerum, што па сваёй сутнасці per suam essentiam было б самім існаваннем; quod sit ipsum esse per suam essentiam, гэта значыць, што яго сутнасцю было б яго існаванне.

Тут мы прыходзім да фундаментальнага палажэння. Св. Тамаш паступова адкрывае нам, што ёсць толькі адзін, адзіны быт (і не можа быць двух!), які ў супрацьлегласць да ўсіх іншых, якія ёсць чымсьці і маюць існаванне, маюць нейкую сутнасць і валодаюць існаваннем — ёсць бытам, сутнасцю ці прыродаю якога ёсць існаванне. У ім няма розніцы паміж сутнасцю і існаваннем. Толькі Бог ёсць гэтым бытам, у якім сціраецца розніца паміж сутнасцю і існаваннем, уласцівая ўсім створаным бытам, але не Богу. Тут мы апынаемся ў самай сэрцавіне тэалогіі св. Тамаша. Зразуменне гэтай тэзы і разважанне над ёю дастатковае для зразумення ўсёй філасофіі і тэалогіі Тамаша. Калі хтосьці гэта добра разумее, ён мае ключ да ўсяго вучэння св. Тамаша, які кажа вельмі проста: і гэта ёсць Бог — Той, з якога ўсе існуючыя рэчы атрымліваюць існаванне. Бог – гэта адзіны быт, у якім гэтае злучэнне, гэтая складзенасць з магчымасці і здзяйснення, з сутнасці і існавання знікае. Гэтая складзенасць тут не патрэбная, таму што Бог ёсць само існаванне.

Нарэшце пераходзім да пятага шляху: з ладу і мэтазгоднасці ў свеце (ex gubernatione rerum). Ён звяртае ўвагу на пяты аспект — аспект парадку ў свеце, бо быты не толькі розняцца з гледзішча дасканаласці, але існуе іх іерархія. Арыстоцель казаў: «Свет не з’яўляецца кепска напісанай трагедыяй, гэта не бязладныя аскепкі, а суладная цэласць». І гэта цудоўная думка Арыстоцеля. Існуе парадак, які мае сваю прычыну, сваю крыніцу, які з’яўляецца водбліскам Таго, у Кім парадак даходзіць да канчатковага завяршэння, а менавіта Бога, чыстага акту, які ёсць ipsum esse subsistens, самім самаісным існаваннем. Такі вынік філасофскага разважання св. Тамаша.

Такім чынам, з гэтак званых «шляхоў» вынікае — па-рознаму, — што мусіць быць быт, сутнасцю якога з’яўляецца існаванне, які ёсць крыніцаю ўсяго, што існуе недасканала. Гэтае філасофскае разважанне суадносіцца са зместам Аб’яўлення.

Св. Тамаш не сумняваўся, што Tetragrammaton, ці святое імя Бога, названае ў Старым Запавеце Майсею: Ягвэ, належыць разумець як «Той, які ёсць». Тут было вымаўленае, кажа Тамаш, сапраўднае імя Бога, якое Бог хацеў аб’явіць чалавеку: «Так скажаш сынам Ізраэля: ЯКІ ЁСЦЬ паслаў мяне да вас» (Зых 3, 14). Як бы філалагічна не інтэрпрэтавалі гэтыя словы, несумненна тое, што думка пра існаванне нейкім чынам змяшчаецца ў гэтых выказваннях, і зрэшты, не толькі ў Кнізе Зыходу, але і ў іншых, яшчэ больш захапляючых нас, хрысціянаў, выказваннях Новага Запавету. Калі, напрыклад, Пан Езус прамаўляў у сінагозе і на словы: «Табе няма яшчэ пяцідзесяці гадоў, і ты бачыў Абрагама?», — ён адказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: раней, чым з’явіўся Абрагам, Я ёсць» (Ян 8, 57–58). Жыды добра зразумелі, што гэтае выказванне «Я Ёсць» (згодна з інтэрпрэтацыяй св. Тамаша) значыць, што Езус — Той, прырода якога — існаванне. «Ёсць» паказвае сутнасць Божай прыроды.

Дзіўна тое, што, нягледзячы на столькі каментараў Святога Пісання, зробленых айцамі Касцёла, такая інтэрпрэтацыя была дадзеная толькі св. Тамашам. Калі, напрыклад, св. Аўгустын разважае над гэтым пасажам, аналізуе гэтае месца ў Кнізе Зыходу, ён дае цалкам іншае тлумачэнне: кажа, што «Той, які Ёсць», гэта значыць — «Той, які трывае, які не змяняецца». Ён не ўхоплівае гэтага моманту існавання як асноўнага, канстытутыўнага элемента быту, кажа толькі: «Той, які трывае, які нязменны». У Платона Бог таксама — Той, які не змяняецца. Калі майстар Экгарт, адзін з вялікіх дамініканскіх містыкаў, аналізуе гэтае месца, ён тлумачыць яго прыгожа, але таксама цалкам інакш, чым св. Тамаш. Экгарт кажа: калі ў цемры ты спатыкаеш некага і пытаеш: «Хто ты?», а ён кажа: «Я той, хто ёсць», значыць ён хоча сказаць гэтым, што не хоча назваць табе сваё імя. Ён з’яўляе сябе як вялікая таямніца: «Я той, хто ёсць»; і кропка! І ты не павінен дапытвацца далей.

Толькі св. Тамаш тлумачыць гэтыя словы так, што Аб’яўленне згаджаецца тут з самою сутнасцю метафізічнага разважання. І вось гэта тыповае revelabile, гэта значыць праўда, якая была аб’яўленая, але да якой можна прыйсці таксама філасофскім намаганнем, гэтак, як мы стараліся прыйсці з дапамогаю гэтага самага філасофскага разважання да зразумення таго, што гэта значыць, што Бог ёсць самаісным існаваннем. У адным са сваіх першых твораў, а менавіта ў Каментары да Сентэнцый (змест якога св. Тамаш пазней не раз мадыфікаваў, а Summa teologiae з’яўляецца канчатковым выразам яго думкі) ён піша так: In Deo autem ipsum esse suum est sua quidditas; et ideo nomen quod sumitur ab esse proprie nominat ipsum, et est proprium nomen eius. — У Богу само існаванне ёсць Яго прыродаю, і таму назва, якая выводзіцца з існавання, акрэслівае яго адпаведна і ёсць яго сапраўдным імем (І 8, 1), quidditas — гэта тое ж, што і сутнасная прырода. Згодна са словамі св. Тамаша, Бог аб’явіў Майсею сваё сапраўднае імя, каб паказаць праз Аб’яўленне, што Бог ёсць само існаванне. І св. Тамаш, звычайна вельмі суворы, калі гэта датычыць пачуццяў, і не выяўляе іх, але ў гэтым адзіным выпадку, як кажа Жыльсон у Філасофскай суме (C. gent. I, 22), спыняецца ў поўным захапленні перад гэтай згоднасцю філасофіі з Аб’яўленнем. Спасылаючыся на тое, што Бог — ipsum esse subsistens, ён называе гэтую незвычайную праяву згоднасці Аб’яўлення і метафізікі haec sublimis veritas – праўдай дзівоснай узнёсласці. Яна перадае нам proprium nomen Dei, сапраўднае імя Бога, гэтае невымоўнае tetragrammaton. Гэтае імя пралівае святло на саму сутнасць Божай прыроды. Так што праўда пра Бога як самаіснае існаванне — гэта філасофская праўда, якую мы адкрываем шляхам філасофскай рэфлексіі, рэфлексіі прыроджанай і адначасна – гэта тая праўда, якую Бог аб’явіў пра сябе ў агністым кусце, пра што мы ведаем з Кнігі Зыходу.

Нават людзі, якія займаюць высокую пазіцыю ў касцёльнай іерархіі, аўтарытэты ў галіне тэалогіі, часта лічаць, што сённяшняму чалавеку гэтак званыя «доказы існавання Бога» св. Тамаша ўжо нічога не даюць, што трэба выключыць іх з душпастырства і катэхезы, што гэта толькі гістарычныя рэлікты, сёння ўжо не патрэбныя. І тут выяўляецца відавочнае непаразуменне. Бо не ідзе гаворка пра тое, каб рацыяналізаваць, каб уводзіць нейкія схаластычныя тонкасці ў мысленне, але проста пра тое, каб ісці на цвёрды грунт, а не на плыткае месца, на тое, што людзям здаецца прывабным і прыемным.

Натуральна, што філасофія не навяртае людзей, яна не з’яўляецца метадам непасрэднага душпастырскага ўздзеяння, але калі тыя, хто займаецца душпастырствам на той ці іншай дзялянцы, не будуць мець магчымасці паглыблення ў найвялікшыя дасягненні філасофска-тэалагічнай думкі, то ўрэшце яны не будуць мець таго матэрыялу, таго зместу, які сваімі словамі і іншым чынам павінны будуць потым перадаваць іншым. Гаворка не пра тое, каб гэтыя пяць шляхоў непасрэдна выкладаць з амбоны ці падчас катэхізацыі, але пра тое, каб кожны ў меру сваіх магчымасцяў абдумаў і вывучыў гэтае пытанне. Праблема Бога, Яго пазнавальнасці, Яго прыроды і ўрэшце Яго найглыбейшай сувязі са створанымі рэчамі належыць да тэмаў, якія павінны быць абдуманымі і перажытымі ўсімі адказнымі і неабыякавымі вернікамі.

Пераклад з польскай мовы
Алеся Жлуткі.

Паводле: Świeżawski Stefan. Święty Tomasz
na nowo odczytany. — Poznan, 1995.

Працяг будзе.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY