Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(61)/2012
SUMMARY
Благаслаўлёныя Крыжам

«ЦЯРПЕННЕ — НАЙВАЖНЕЙШАЯ ЧАСТКА ПРАЦЫ»
З катэхезаў айца Максімільяна Кольбэ
Постаці

НЕЗВЫЧАЙНЫ І НЕЗАМЕННЫ
Пераклады
Галерэя
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Постаці

РУПЛІВЕЦ НА БОЖАЙ НІВЕ
Нашы святыні

...ТОЛЬКІ КАСЦЁЛ
Memoria


БЕЛАРУСКІЯ ПАМЯТНЫЯ КРЫЖЫ ПАД ТАЙШЭТАМ
Постаці
Літаратуразнаўства
Асобы
Данута БІЧЭЛЬ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Нашы святыні
Мастацтва
Гісторыя

КРЫЖОВЫ ШЛЯХ

Алена ВАЛЬЧУК

ЯНКА КУПАЛА
І БЕЛАРУСКІЯ
СВЯТАРЫ-АДРАДЖЭНЦЫ

Да 130-годдзя з дня нараджэння

На пачатку ХХ ст. кансалідуючую ролю ў беларускім сацыякультурным жыцці пачаў адыгрываць нацыянальна-адраджэнскі рух, далучаючыся да якога, прадстаўнікі розных грамадскіх сфер, у тым ліку і рэлігійнай, імкнуліся да агульнай мэты – рупнай асветніцкай працай садзейнічаць абуджэнню самасвядомасці народа.

Не выклікае сумненняў той факт, што Янка Купала, прымаючы чынны ўдзел у пашырэнні беларускай адраджэнскай справы, кантактаваў з духоўнымі асобамі. Пуцявіны іх лёсу маглі перакрыжавацца, калі паэт, знаходзячыся ў Вільні, працаваў у рэдакцыі газеты «Наша Ніва». Паводле ўспамінаў А. Станкевіча, у гэты час у Віленскай духоўнай семінарыі склаўся асяродак навучэнцаў, якія, усведамляючы сябе беларусамі, імкнуліся весці культурніцкую дзейнасць, надаўшы ёй афіцыйны статус. Ініцыятыва была падтрыманая кіраўніцтвам вучэльні, у выніку чаго намаганнямі кс. Адама Станкевіча быў арганізаваны беларускі гурток. Яго ўдзельнікі ладзілі вечары, дзе спявалі народныя песні, чыталі вершы, ставілі сцэны з беларускага жыцця. Паказальна, што ў 1908 г. на адным з такіх мерапрыемстваў «быў дэкламаваны верш Ф. Багушэвіча “Мая дудка...”»1. Акрамя таго, у семінарыі існавала магчымасць далучыцца да друкаванага слова на роднай мове, бо ў яе бібліятэцы, створанай на ахвяраванні навучэнцаў, можна было знайсці беларускія кнігі, у прыватнасці, «Кароткую гісторыю Беларусі» В. Ластоўскага, часопісы.

Уваходзячы ў свет беларушчыны, будучыя святары, сярод якіх кс. А. Станкевіч узгадвае Ф. Аляшкевіча, А. Аўгустыновіча, М. Бобрыка, М. Шалкевіча, Я. Рэшаця, А. Цікоту і іншых, падтрымлівалі стасункі не толькі з аданадумцамі ў межах вучэльні, але і спрабавалі наладзіць сувязі з тымі, хто змог бы зразумець іх памкненні і падтрымаць пачынанні на культурна-асветніцкай ніве. Так, на думку даследчыцы Алены Глагоўскай з Гданьска, на фармаванне беларуса-цэнтрычных поглядаў кс. Казіміра Сваяка ў значнай ступені паўплывалі як «навучанне ў духоўнай семінарыі», так і «віленскія сустрэчы з беларускімі адраджэнцамі, знаёмства з “Нашай Нівай”»2. Будучы супрацоўнікам рэдакцыі газеты, а таксама прымаючы ўдзел у розных мерапрыемствах, Я. Купала мог сустракацца з клерыкамі, якія бачылі сваё пакліканне ў шчырым і адданым служэнні інтарэсам народа.

Не перарваліся гэтыя сувязі і пасля пераезду паэта ў Пецярбург, бо ў паўночную сталіцу Расійскай імперыі скіроўваліся і некаторыя выпускнікі семінарыі, каб працягнуць вучобу ў Пецярбургскай рыма-каталіцкай духоўнай акадэміі. Тут імі, як і Я. Купалам, апекаваўся выкладчык грэчаскай і лацінскай моваў, самаахвярны працаўнік на адраджэнскай ніве Браніслаў Эпімах-Шыпіла.

Надзелены ад прыроды дарам настаўніка, асветніка, ён распаляў у душах студэнтаў жывы агмень любові да Бацькаўшчыны як з дапамогай «жывога слова і ўласнага прыкладу», так і праз далучэнне іх да кніжнай мудрасці. Паводле ўспамінаў кс. А. Станкевіча, Б. Эпімах-Шыпіла сам настойліва прапаноўваў студэнтам для чытання кнігі, прысвечаныя Беларусі, а таксама адгукаўся на іх просьбы прынесці неабходную літаратуру. Яе ён «даставаў ня толькі зь бібліятэкі унівэрсытэцкай, але з Акадэміі навук, зь бібліятэкі Публічнай і з прыватных збораў сваіх уласных і іншых»3.

Шчырасцю, дабрынёю, здольнасцю прыйсці на дапамогу Б. Эпімах-Шыпіла заслужыў павагу ў студэнтаў, стаў для іх «агульнапрызнаным лідэрам беларускага руху, духоўным апекуном студэнтаў-беларусаў»4, якога яны з любоўю называлі бацькам. Дзякуючы яго тактоўнасці той, хто не спяшаўся прызнаваць свае беларускія карані, з цягам часу прыходзіў да іх усведамлення і актыўна падключаўся да культурна-асветніцкай працы, распачатай у гэтай навучальнай установе. Намаганнямі кс. Люцыяна Хвецькі ў 1912 г. тут быў створаны беларускі акадэмічны гурток. У яго склад, акрамя заснавальніка, увайшлі святары А. Цікота, П. Пякарскі, С. Шырокі, Францук, І. Жаўняровіч, В. Гадлеўскі. Аднак, паводле кс. А. Станкевіча, існаваў ён «фактычна», і толькі «ў кастрычніку месяцы 1913 г. быў фармальна заснаваны гурток беларускай студэнцкай моладзі ў Пецярбургскай акадэміі»5. Узначаліў яго кс. П. Пякарскі, а сакратаром стаў кс. В. Гадлеўскі. Удзельнікамі аб’яднання быў распрацаваны статут, паводле якога галоўныя задачы іх будучай дзейнасці палягалі ў тым, каб «прыгатаваць народ да скарыстаньня з спадзяваных лепшых варункаў, каб ён сам зажадаў сваей мовы ў касьцёле і ў школе, ня ... сеяць нянавісьці да другіх народаў, а такжа між беларусамі-каталікамі і праваслаўнымі, ... працаваць зь верай, надзеяй і міласьцяй у сэрцы, ... ісьці з воклічам на вуснах: “З Богам для народу!..”»6

Хрысціянска-асветніцкі характар працы, абранай «акадэмікамі», адпавядаў мэтам адраджэнскага руху, таму паўстала неабходнасць аб’яднання намаганняў як духоўных асобаў, так і свецкіх дзеячаў, скіраваных на актывізацыю нацыянальных працэсаў у розных сферах беларускага грамадства. Значную ролю ў пашырэнні кантактаў паміж аднадумцамі адыграў Б. Эпімах-Шыпіла. Будучы не толькі натхніцелем стварэння Беларускага гуртка Пецярбургскай духоўнай акадэміі, суполкі навучэнцаў-беларусаў Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, але і іх навуковым кіраўніком, ён садзейнічаў правядзенню сумесных сустрэчаў, падчас якіх адбываліся б «знаёмствы клерыкаў са свецкай беларускай інтэлігенцыяй...»7 На пасяджэннях акадэмічнага гуртка разам з Бр. Тарашкевічам, Ц. Гартным, Алаізай Пашкевіч (Цётка), Я. Варонкам, Т. Грыбам, К. Дуж-Душэўскім прысутнічаў і Янка Купала8. Не выключана, што ён таксама браў удзел і ў агульных мерапрыемствах, якія праходзілі «на катэдры кс. Ф. Будзькі»9, дзе мог сустракацца не толькі з «гаспадаром», але і з іншымі святарамі-адраджэнцамі — Ф. Абрантовічам, А. Астрамовічам, А. Сакам і інш.

Думаецца, дзякуючы іх уплыву, хрысціянская тэматыка загучала ў творчасці Янкі Купалы, сведчаннем чаго сталі росшукі Я. Янушкевіча, звязаныя з праблемай атрыбуцыі паэмы «Святы Андрэй Баболя. Мучанік беларускі». Даследчык звярнуў увагу на вершаваны твор, змешчаны ў беларускім выданні кнігі, якая пабачыла свет у 1911 г. у Вільні ў друкарні Марціна Кухты, і прысвечаны вядомаму рэлігійнаму дзеячу. Выяўленыя ў выніку супастаўляльна-параўнальнага аналізу блізкіх па часе напісання паэм «Курган» і «Святы Андрэй Баболя. Мучанік беларускі» стылістычна падобныя элементы, а таксама псеўданім Я. Купальскі, якім падпісаўся аўтар, навялі Я. Янушкевіча на думку, што да напісання твора спрычыніўся Купала. Канчаткова гіпотэзу даследчыка пацвердзілі запісы Б. Эпімах-Шыпілы, захаваныя ў Літаратурным музеі паэта ў Мінску. Згодна з імі, у 1910 г. Янкам Купалам была створана паэма, прысвечаная А. Баболю10.

Разважаючы над тым, пад чыім уплывам узнікла задума ўзяцца за распрацоўку сюжэта, звязанага з хрысціянскай тэматыкай, Я. Янушкевіч, зыходзячы з факта знаёмства паэта са святаром А. Астрамовічам, пацверджанага эпісталярнай спадчынай Я. Купалы, згадаў яго як аднаго з магчымых натхніцеляў на напісанне твора11. Аднак найбольш верагодна, што да гэтага спрычыніўся кс. Ф. Будзька, які, усвядоміўшы сваю прыналежнасць да беларускага народа, яшчэ падчас навучання ў Пецярбургу, захапіўшыся ідэяй біскупа С. Дэнісевіча зрабіць духоўную літаратуру даступнай для простага люду, «прабаваў тлумачыць польскія рэлігійныя кніжкі на беларускую мову»12. У выніку, дзякуючы яго намаганням, былі выдадзены «Катэхізм», «Святы Андрэй Баболя», «Святая гісторыя», «Касцёльныя абрады». Згодна са звесткамі, прыведзенымі гісторыкам Юрым Туронкам, брашура, прысвечаная вядомаму на беларускіх землях прапаведніку, была перакладзена кс. Ф. Будзькам з польскай кнігі Яна з-над Буга (Я. Урбан) і пабачыла свет у 1911 г. у віленскай друкарні Марціна Кухты13. Паколькі гэтыя дадзеныя адпавядаюць тым, якія прыводзіць Я. Янушкевіч (згадка аўтара першакрыніцы, год і месца друку), становіцца відавочным, што ў абодвух выпадках маецца на ўвазе адно і тое ж выданне. Натуральна, будучы аўтарам і выдаўцом кнігі, кс. Ф. Будзька клапаціўся пра тое, каб яна суправаджалася па-майстэрску напісанай паэмай, у якой таленавіта і ў даступнай для чытача форме быў бы паказаны жыццёвы лёс пакутніка, а таму звярнуўся да Я. Купалы. Узяўшыся за напісанне твора, паэт не толькі падтрымаў рэлігійна-асветніцкую дзейнасць святара, з якім ён мог пазнаёміцца ў Вільні або Пецярбургу падчас сумесных сустрэчаў адраджэнцаў, але і сам далучыўся да яе.

З цягам часу прыток беларусаў хрысціянаў у нацыянальны рух усё больш павялічваўся, на што звярнуў увагу Антон Луцкевіч, які, у прыватнасці, пісаў: «Адно толькі бачым: між маладымі ксяндзамі (асабліва яшчэ вучашчыміся), каторыя выйшлі зь вёскі і не адарваліся ад яе сусім, трапляецца ўсё болей і болей сьвядомых беларускіх патрыётаў. Дзе-нідзе — часта пад страхам свайго бліжэйшага начальства — яны ўжо пачалі ў касьцёле гаварыць казаньні па-беларуску, выдаюць катэхізм і рэлігійныя кніжкі ў беларускай мове і т.д. Усё гэта – ксяндзы-народнікі, людзі, каторыя скрозь свае рэлігійныя справы і ідэі ўмеюць бачыць жывы народ; гэта – ксяндзы-грамадзяне свайго краю...»14

Шчырая праца на культурна-адраджэнскай ніве збліжала іх з Янкам Купалам, пашыраючы кола яго знаёмстваў. Жыццёвыя шляхі звялі паэта з Янам Вольскім, які сваю першую Імшу цэлебраваў па-беларуску ў родных для Купалы мясцінах – Радашковічах. На думку У. Содаля, ім выпала сустрэцца падчас знаходжання ў Пецярбургу, дзе Ян Вольскі атрымоўваў веды ў духоўнай вучэльні, якую скончыў у 1910 г., а паэт – на агульнаадукацыйных курсах Чарняева15.

Як ужо адзначалася, Я. Купала падтрымліваў адносіны і з кс. А. Астрамовічам (паэтычны псеўданім – А. Зязюля), пра што сведчыць карэспандэнцыя Янкі Купалы за 1912 г., дзе імя ксяндза ўзгадваецца двойчы. Да кс. А. Астрамовіча паэт заязджаў улетку, калі адпачываў у Акопах, а таксама ён гасцяваў у яго пасля першай сустрэчы з Я. Коласам16. Думаецца, у асобе кс. Астрамовіча Купала знайшоў духоўна блізкага чалавека, аднадумца, які звязаў сваё жыццё з адраджэнскай справай. Абуджаць нацыянальную свядомасць беларусаў ён пачаў яшчэ будучы навучэнцам Віленскай семінарыі. Згодна з успамінамі аднаго з парафіянаў, «ксёндз Астрамовіч ... заўсёды прыязджаў у Трабы на вакацыі да кс. Ф. Чагліса. Вучыў ён нас пяяць беларускія песьні і заўсёды прывозіў зь Вільні беларускія кніжкі... Найбольшай жа памяткай па ім для Трабскай парафіі была яго першая імша сьвятая. Памяткавыя абразкі яго шмат у каго хаваюцца і цяпер...»17

З цягам часу поле яго дзейнасці пашыралася. Разумеючы неабходнасць збору і выдання культурнай спадчыны народа, кс. А. Астрамовіч разам з А. Грыневічам прыняў удзел у падрыхтоўцы зборніка «Беларускія песні з нотамі», які пабачыў свет у Пецярбургу ў 1912 годзе.18 Гэтая праца выклікала цікавасць у Я. Купалы, пра што сведчыць ліст, у якім ён, звяртаючыся да Б. Эпімаха-Шыпілы, пісаў: «Папрасіце, паночку, п. Грыневіча, каб ён прыслаў свае песні, 1-ы і 2-і зборнікі»19.

Двух творчых людзей аб’ядноўвала не толькі адраджэнская дзейнасць, але і тое, што яны былі паэтычнымі натурамі. Вершы, напісаныя А. Астрамовічам пад псеўданімам А. Зязюля, друкаваліся на старонках перыядычных выданняў, сярод якіх найперш варта адзначыць газеты «Наша Ніва» і «Bielarus». Яму належыць аўтарства шырокавядомага рэлігійнага гімна «Божа, што калісь народы на асобкі падзяліў...». Творы А. Зязюлі (у зборніках «З роднага загону», «Слова праўды», «Аленчына вяселле»), напоўненыя глыбокім хрысціянскім зместам, сталі яскравым адлюстраваннем духоўных пошукаў чалавека, яго памкненняў да гарманічнага суладдзя ў свеце.

Відавочна, абмен думкамі і ідэямі падчас сустрэчаў Янкі Купалы са святаром-адраджэнцам уземаўзбагачаў абодвух творцаў, натхняў іх на новыя паэтычныя пошукі. Існуе меркаванне, што пад уплывам размовы з кс. Астрамовічам Купалам быў напісаны верш «Мая малітва»20. І надалей, спрабуючы асэнсаваць складаныя анталагічныя праблемы ў такіх творах, як «Прарок», «Цару неба й зямлі» і інш., Янка Купала неаднаразова звяртаўся да хрысціянскай паэтыкі, якая дазволіла яму спасцігнуць сутнасць духоўнага жыцця беларускага грамадства, таму невыпадкова, што верш «Прарок», прачытаны Купалам на адным з пасяджэнняў літаратурна-навуковага гуртка студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта і перадрукаваны ў агульнай справаздачы гэтай навучальнай установы за 1912 г., фактычна стаў дэкларацыяй асноўнага кірунку дзейнасці для яго ўдзельнікаў.

У кола духоўных асобаў, з якімі падтрымліваў стасункі Янка Купала, уваходзіў і кс. Фабіян Абрантовіч. З ім паэт, хутчэй за ўсё, пазнаёміўся ў ранні перыяд свайго жыцця, але больш блізкія адносіны ў іх склаліся ў паслярэвалюцыйныя гады. Будучы актыўным прыхільнікам ідэі беларусізацыі Касцёла, кс. Ф. Абрантовіч прыняў удзел у першай службе на роднай мове. Адзначаючы грамадскую значнасць гэтай падзеі, аўтар паведамлення, змешчанага на старонках часопіса «Беларуская думка», пісаў: «6 сьнежня 1918 г. а гадзіне восьмай зранку адбылася першая беларуская імша ў Менску. Служыў сам біскуп Лазінскі, у часе імшы пяяў хор па-беларуску рэлігійныя старабеларускія песьні пад загадам рэктара семінарыі ксяндза Абрантовіча... У канцы імшы сам біскуп Лазінскі прачытаў па-беларуску Эванэлію і на тэму з Эванэліі сказаў казаньне — горача, ад сэрца і добра па-беларуску... Цэлая імша і казаньне ўхапілі за душу ня толькі беларусаў-каталікоў, але і беларусаў-праваслаўных. Усе мелі сьлёзы на вачах...»21

Пачынанне касцёльных уладаў было падтрымана святарамі-адраджэнцамі, і, калі Купала ў 1919 г. вярнуўся са Смаленска ў Мінск, такія службы ўжо набылі рэгулярны характар. Паводле ўспамінаў П. Татарыновіча, прыведзеных Л. Юрэвічам, у гэтым годзе паэт «прысутнічаў кожны маёвы вечар на філязафічна-рэлігійных канфэрэнцыях вучонага духоўніка беларускага Ф. Абрантовіча…»22 Настаўляючы паству на шлях любові і міласэрнасці, святар уласным прыкладам пацвярджаў жыццёвасць хрысціянскіх ідэалаў. Яго дзейсная міласэрнасць і спагадлівасць дапамаглі Я. Купалу перажыць цяжкае выпрабаванне лёсу, пра што ён узгадваў у лісце да Б. Эпімаха-Шыпілы: «На дабітак усяго ў 1920 г., у студзені, я захварэў страшнай хваробай... Пралежаў у бальніцы, змагаўся з смерцю, тры месяцы і выйшаў з пакрыўленай губай і з надламаным зусім здароўем. Папраўдзе пабываў на тым свеце. Толькі дзякуючы добрай апецы, асабліва кс. рэктару б. Мінскай духоўнай семінарыі Абрантовічу, я не пайшоў да Абрагама на піва»23. Разам са святаром паэта падтрымлівала і сябра Беларускай школьнай рады Апалонія Гірконт, якой сям’я Луцэвічаў выказала шчырую падзяку праз газету «Беларусь»24.

Не выключана, што сустрэча з Ф. Абрантовічам — багасловам, бліскучым філосафам, які вучыўся і абараніўся ў Лювэнскім універсітэце25, натхніла Янку Купалу на напісанне верша «На біблейскія матывы», дапамагла яму раскрыць усю глыбіню пакутаў беларускага народа, пазбаўленага сваёй Айчыны.

Сведчаннем прыязных адносінаў у сям’і Я. Купалы да духоўных асобаў можна лічыць успаміны П. Татарыновіча, якому разам з кс. Рамейкам давялося пабываць на сядзібе паэта. Апісваючы гэтую сустрэчу, ён адзначаў: «Вельмі сымпатычна прыймалі нас з жонкаю скромнай пачосткай і шчырай бяседай. Незацёртае ўражанне з гэтай візыты мне й да сёння гаворыць аб Купале і Купалісе як аб людзях веруючых...»26 Такім чынам, хрысціянства, будучы праасновай Купалавага светапогляду, стала адным з тых фактараў, якія адыгралі значную ролю ў збліжэнні паэта са святарамі. Дзякуючы духоўнай лучнасці яны агульнымі намаганнямі рабілі ўсё магчымае для таго, каб беларусы ў будучыні годна пачувалі сябе сярод іншых народаў.

Гл. таксама:
Уладзімір СОДАЛЬ :: ДА 130-ГОДДЗЯ З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ ЯНКІ КУПАЛЫ ::


  1. Станкевіч, А. Беларускі хрысціянскі рух / А. Станкевіч // З Богам да Беларусі. – Вільня, 2008. — С. 481.
  2. Глагоўская, А. «Баліць мне сэрца за народ...» (ліставаньне Кастуся і Альбіна Стэповічаў) / А. Глагоўская // Хрысьціянская думка. 1994. № 1. — С. — 59.
  3. Станкевіч, А. Прафэсар Браніслаў Эпімах-Шыпіла: зь яго жыцьця і працы / А. Станкевіч // З Богам да Беларусі. — Вільня, 2008. — С. 267.
  4. Конан, Ул. Браніслаў Эпімах-Шыпіла і пачатак беларускага каталіцкага адраджэння / Ул. Конан // На шляхах да ўзаемаразумення. — Мінск, 2000. С. — 280.
  5. Станкевіч, А. Беларускі хрысціянскі рух / А. Станкевіч // З Богам да Беларусі. — Вільня, 2008. С. 481.
  6. Тамсама. С. 482–483.
  7. Трацяк, Я. Роля Браніслава Эпімах-Шыпілы ў фарміраванні беларускага каталіцкага духавенства / Я. Трацяк // На шляхах да ўзаемаразумення. – Мінск, 2000. — С. 287. 
  8. Конан, Ул. Браніслаў Эпімах-Шыпіла і пачатак беларускага каталіцкага адраджэння / Ул. Конан // На шляхах да ўзаемаразумення. – Мінск, 2000. — С. 280.
  9. Станкевіч, А. Беларускі хрысціянскі рух / А. Станкевіч // З Богам да Беларусі. – Вільня, 2008. — С. 481.
  10. Янушкевіч, Я. Калі не Купала, дык хто? / Я. Янушкевіч // За архіўным парогам: беларуская літаратура ХІХ–ХХ ст. у святле архіўных пошукаў. – Мінск, 2002. — С. 141.
  11. Тамсама. С. 134.
  12. Станкевіч, А. Родная мова ў святынях / А. Станкевіч // З Богам да Беларусі. – Вільня, 2008. — С. 416.
  13. Туронак, Ю. З пачыну пралата Сьцяфана Данісевіча / Ю. Туронак // Мадэрная гісторыя Беларусі. – Вільня, 2006. — С. 452.
  14. Станкевіч, А. Беларускі хрысціянскі рух / А. Станкевіч // З Богам да Беларусі. – Вільня, 2008. — С. 472.
  15. Содаль, У. І. Купалава рэха / У.І. Содаль // ЛіМ. 2002. — С. 13.
  16. Купала, Я. Поўны збор твораў : у 9 т. / Я. Купала. – Мінск : Маст. літ, 2003. Т. 9. Кн. 1. — C. 231.
  17. Станкевіч, А. Родная мова ў святынях / А. Станкевіч // З Богам да Беларусі. – Вільня, 2008. — С. 418.
  18. Ліс, А. Песня – мэта і запавет : Слова пра Антона Грыневіча / А. Ліс // Роднае слова. 1997. № 5. — С. 158.
  19. Купала, Я. Поўны збор твораў : у 9 т. / Я.Купала. – Мінск : Маст. літ., 2003. Т. 9. Кн. 1. C. 231.
  20. Золава, Э. Поўны збор твораў Янкі Купалы ў 9-ці тамах (да праблемы датавання) / Э. Золава // Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні : матэрыялы навук. канф., Гродна, 3–6 кастр. 1995 г. — Гродна, 1996. — С. 82.
  21. Станкевіч, А. Родная мова ў святынях / А. Станкевіч // З Богам да Беларусі. — Вільня, 2008. С. 427, 428.
  22. Юрэвіч, Л. Vita memoriae / Л. Юрэвіч // Беларуская мемуарыстыка на эміграцыі = Belarusian memoirs in diaspora. — Нью-Ёрк : Беларус. ін-т навукі і мастацтва, 1999. — С. 92.
  23. Купала, Я. Поўны збор твораў : у 9 т. / Я.Купала. – Мінск : Маст. літ., 2003. Т. 9. Кн. 1. — C. 453.
  24. Тамсама. С. 255.
  25. Бабкін, Г. В. Абрантовіч Фабіян / Г.В. Бабкін // Рэлігія і Царква на Беларусі : энцыкл. давед. – Мінск : Беларус. энцыкл., 2001. — C. 8.
  26. Tatarynovič, P. Na marhinesie uspaminau ab J. Kupale / P. Tatarynovič // Znič. 1952. № 19. — С. 5.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY