|
|
|
№
3(61)/2012
SUMMARY
Благаслаўлёныя Крыжам
Постаці
Пераклады
Галерэя
Ad Fontes
Постаці
Нашы святыні
Memoria
Постаці
Літаратуразнаўства
Асобы
Данута БІЧЭЛЬ
Паэзія
Нашы святыні
Мастацтва
Гісторыя
|
Псальм Даспела душа мая ў цярпенні, о Божа мой... Напоўнілі яе і жаль, і боль, але ж не апанавалі яе ні злосць, ні нянавісць. Апусцела яна і ўвайшла ў глыб сваю, каб схаваць ад цікавага вока свой сум і жуду. Пакрыліся раны яе тканінай містэрнаю, а пад ёй плыве і плыве кроў жывая... Не затрымлівай, о Божа мой, крыві плывучай, не адбірай яе агню жывога, бо акамянее душа мая, Пане, і цвёрдай масаю зробіцца. Няхай плыве кроў гарачая, няхай жыве боль магутны, каб не сталася яна падобнаю да скалы горнай, нячулай на енкі і стогны ветру бяздольнага.
Нёмну З далёкай краіны, праз акопы і рады штыкоў нясецца думка мая лётам быстрага сокала да цябе, мой Нёман таёмны... Да тваіх берагоў, цёмнымі пушчамі пакрытых... Да тваіх вод люстраных... Я помню, як беглі светлыя хвалі твае і ціхім шопатам сваім будзілі ў душы гэтулькі дум-казак, гэтулькі мар-сноў... І адкрываліся вочы, аслепленыя пылам будзёншчыны, і бачылі перад сабою гэтулькі цудаў нявіданых. І адчыняліся вушы, аглушаныя шумам жыццёвым, і чулі песні нечуваныя... Воды твае, о Нёман мой, былі магічнай істужкай, нясучай усе абразы, сабраныя з берагоў тваіх, і ўсе галасы, якія ты чуў у падарожжах тваіх. Колькі песняў ты чуў, колькі слёз, гора прыняў ты, колькі захаваў ты таямніц людскіх, сцерагучы іх зайздросна ў сваёй халоднай глыбіні... А цяпер, о бедны Нёман мой, цяпер цябе напаілі гарачай крывёй... Цяпер накармілі цябе целам людскім... Цяпер апаганілі святыя воды твае збуглёнымі астаткамі хат і адрын... І берагі твае апусцелі, і яны страцілі ўсю сваю красу... Ці ты і гэты грэх людскі захаваеш у хвалях сваіх і пасля — некалісь — які з унукаў нашых вычытае яго сваёй чуткай душой? I, спалоханы грозай крывавых абразоў, уцякаць будзе ад цябе? О не, не, Нёман! Ты гэтага не захаваеш, не будзеш помніць таго страшнага сну. Воды твае аднясуць кроў і трупы далёка... Спалошчуць, абмыюць акрываўленыя берагі. Літосным шопатам заглушаць енкі і стогны. I, поўныя цішыні і спакою, укалышуць набалелыя душы дзяцей гора і слёз... 1917
Шкада Шкада мне тых, што не спачынуць сёння... Тых, чые думкі спавіла чорная ноч болю... Тых, чые вочы збялелі ў муках сэрцаў... Тых, чыя душа забіта здзекам ворагаў... Тых, каторых праўды свет паняць не можа. Шкада мне тых, што па цярністых пуцінах жыцця ў адзіноцтве ідуць. Нясуць поўнымі жменямі цудоўныя дары Праўды, Дабра і духовай Пекнаты, але ж ніхто да іх не працягне рукі, ніхто іх не бярэ... I далей ідуць, адзінокія, з душамі, атручанымі жалем і крыўдай... Але ж і тых шкада, чые вочы не бачаць справядлівасці... Чые сэрцы акамянелі ў злосці... Чые душы спавітыя цемраю крыўды людской, нячулыя на святло праўды... Шкада тых, што раняць людскія пачуцці, топчуць іх і панявяраюць... I тых шкада, чые нізкія шэрыя інстынкты не маюць адвагі бараніць таго, што яснае, і разводзяць цемру зла. Шкада цябе, род людскі... Род ахвяр і забойцаў... 1925
Канвалія У маленькай крывенькай хатцы пад самым лесам жыла са сваёй маткай бедная маленькая дзяўчынка. Яна гуляла па зялёнай сенажаці з другімі дзяцьмі, пасвіла жывёлу, збірала краскі, слухала птушыныя песні і, хоць бедная, была вясёлая і шчаслівая. Ды нядоўга пажыла яна на белым свеце. Раз неяк захварэла і хутка памёрла, а дзеля таго, што была вельмі добрая, зараз жа пасля смерці апынулася ў небе сярод белых скрыдлатых анёлкаў, сярод птушак райскіх. І пытаюцца ў яе анёлкі: — Ці не шкада табе, дзіцятка, тваёй хаткі ўбогай? — А яна ім адказвае: — Як жа я магу шкадаваць сваю хатку, крывую ды маленькую, калі я цяпер жыву ў цудоўным небе? Анёлкі ізноў пытаюцца: — А ці не сумуеш ты па дзецях, з каторымі гуляла, па кветках, што растуць на вашым лузе? — Чаго ж маю сумаваць па дзецях, калі тут з анёлкамі гуляю, ці па кветках, калі тут шмат пякнейшыя растуць навакола? Нарэшце анёлкі пытаюцца: — А ці не шкадуеш ты сваёй маткі, што там на зямлі так горка па табе плача-забіваецца? Успомніўшы сваю маму, дзяўчынка засмуцілася, сціснулася яе сэрца, а з вачэй пасыпаліся дробныя слёзкі. Ды не слёзкамі яны на зямлю ўпалі, а з’явіліся ў густым лесе, побач матчынай хаткі, белымі, пахучымі чарачкамі лясной канваліі. 1927
Гл. таксама:
|
|
|
|