|
|
|
№
3(61)/2012
SUMMARY
Благаслаўлёныя Крыжам
Постаці
Пераклады
Галерэя
Ad Fontes
Постаці
Нашы святыні
Memoria
Постаці
Літаратуразнаўства
Асобы
Данута БІЧЭЛЬ
Паэзія
Нашы святыні
Мастацтва
Гісторыя
|
Пецярбургскі мастацтвазнаўца Сафія Караўкевіч напісала пра «Тайную Вячэру» Мікалая Ге: «Змест раскрываецца як філасофскі роздум мастака над сутнасцю жыцця, у гэтым плане ён працягнуў пошукі, распачатыя Аляксандрам Іванавым. Аточаны вучнямі Хрыстус (у Яго вобразе адлюстраваны партрэтныя рысы А.І.Герцэна) супрацьпастаўлены адкінутаму Юду як увасабленню зла, здрады высокім этычным ідэалам. Адмысловае месца ў кампазіцыі належыць асвятленню, у чым бачна творчае праламленне традыцый вялікіх майстроў мінулага»1. Цяжка ўявіць, што гаворка ідзе пра ранні твор зусім маладога жывапісца, якому было крыху за трыццаць. На пачатку свайго творчага шляху Мікалай Ге (1831–1894) намаляваў вялікую па памерах карціну, якая стала адной з самых знакамітых у гісторыі рускага жывапісу. Наперадзе былі дзесяцігоддзі пошукаў і адкрыццяў, але ў прынцыпе ўжо ў гэтым палатне Ге сказаў людзям усё, што хацеў сказаць. Нават марксісцкае мастацтвазнаўства вымушана было лічыцца з гэтым палатном. Яго не адважваліся схаваць у запаснікі, замаўчаць, прымусіць забыцца аб ім. Хітрыя тэарэтызаванні савецкага перыяду («религия тут ни при чём…») не маглі падмануць людзей, якія шукалі ў мастацтве рэлігійную духоўнасць. Аднак, як і многія ягоныя сучаснікі, Ге сутыкнуўся з неразуменнем з боку афіцыйнай царкоўнай іерархіі, якая заявіла, што карціна «надта рэалістычная», і забараніла яе рэпрадуцыраваць. На шчасце, карціну ўпадабаў і купіў для сваёй калекцыі імператар Аляксандр ІІ. Цемрашалы адразу сцішыліся, а кіраўніцтва Пецярбургскай Імператарскай Акадэміі мастацтваў у пазачарговым парадку надало мастаку званне прафесара. Мікалай Ге нарадзіўся ў Варонежы, у сям’і памешчыка, нашчадка французскіх імігрантаў, якія ўцяклі ў Расію з рэвалюцыйнай Францыі (цікава, што бацька мастака ўдзельнічаў у складзе рускай арміі ў акупацыі Парыжа ў 1814 г.). У 1841 г. сям’я пераехала ў Кіеў, дзе пасля заканчэння гімназіі Ге вучыўся на фізіка-матэматычным факультэце мясцовага ўніверсітэта. Юнак працягнуў навучанне ў Пецярбургскім універсітэце, але ў 1850 г. пакінуў факультэт і паступіў у Акадэмію мастацтваў, дзе навучаўся пад кіраўніцтвам П. Басіна. За работы на антычныя і біблейскія тэмы Ге атрымаў акадэмічныя ўзнагароды і быў накіраваны на пенсіянерства за мяжу. Пасля творчай працы ў Парыжы ён пераязджае ў Італію і працуе спачатку ў Рыме, а потым у Фларэнцыі. У Рыме ён пазнаёміўся з сваім вялікім папярэднікам у жывапісе Аляксандрам Іванавым, а ў Фларэнцыі пасябраваў з Аляксандрам Герцэнам, партрэт якога намаляваў і нелегальна пераправіў у Расію. Менавіта ў Італіі Ге намаляваў карціну «Тайная Вячэра» і шэраг іншых работ на евангельскую тэму, але ўсе яны мелі халодны прыём у пецярбургскай Акадэміі. У 1870 г. мастак вярнуўся ў Пецярбург, але ў 1875 г. назаўсёды пераехаў ва Украіну, пасяліўшыся на хутары Іванаўскім на Чарнігаўшчыне. На працягу некалькіх гадоў Мікалай Ге перажываў глыбокі духоўны крызіс, падчас якога не маляваў, шмат думаў і пісаў на рэлігійныя тэмы. З крызісу яго вывеў Леў Талстой, з якім ён пазнаёміўся ў Маскве ў 1882 годзе. Ге пачаў плённа працаваць над евангельскімі тэмамі, але крытыка і публіка не зразумелі ягоных наватарскіх работ. Нават такі шэдэўр, як карціна «Што ёсць ісціна?» (1890), быў зняты з выставы і высмеяны ў прэсе. Жывапісная і вобразная трактоўка хрысталагічнай тэмы была настолькі новаю, што абсалютная большасць сучаснікаў мастака не прыняла яго адкрыцці. Памёр мастак на сваім хутары на Чарнігаўшчыне (там знаходзіцца яго магіла). Мікалай Ге апярэдзіў свой час і прадвызначыў тэндэнцыі развіцця еўрапейскага жывапісу ХХ стагоддзя. І хаця ў яго ранняй карціне «Тайная Вячэра» яшчэ няма экспрэсіўнага гучання колеру, свабоды жывапіснай пластыкі, але ў ёй адбылося канчатковае выйсце мастака па-за рамкі акадэмічнай традыцыі і засваенне абсалютна новай мастацкай лексікі. Перш за ўсё ў «Тайнай Вячэры» ўражвае кампазіцыя. Мастак разгортвае яе як мізансцэну тэатральнай драмы. Прастору вялікага пакоя, дзе адбываецца апошняя сумесная сустрэча Настаўніка з вучнямі, амаль напалам падзяляе (дакладней, зломвае) кут, выдзелены рэзкай простай лініяй ценю на фоне. Менавіта так, крыху збоку, мы назіраем за тым, што адбываецца ў слаба асветленай прасторы. У адрозненне ад безлічы карцін на гэтую тэму, фігура Хрыста не з’яўляецца ў рабоце Ге галоўным цэнтрам кампазіцыі — такіх цэнтраў некалькі. Хрыстус толькі што вымавіў словы выкрыцця здрады і здрадніка і паглыбіўся ў сумны роздум. Ён ляжыць на ложку і цяжка абапірае галаву на руку. Другая рука апушчана на калена як знак пакорлівага падпарадкавання Божай волі. Пачуўшы словы Хрыста, узняўся юны апостал Ян, які напружана глядзіць услед Юду. На супрацьлеглым краі гэтай кампазіцыйнай лініі ёсць такі ж дынамічны ўсплеск у фігуры святога Пятра. Ён таксама ўскочыў з свайго месца і кідае гнеўны позірк на здрадніка. Фігуры іншых апосталаў значна слабей прачытваюцца на фоне ценю ад фігуры Юды, які хістануўся ўлева ад простай лініі, што падзяляе кампазіцыю. А на першым плане, справа, на самым ускрайку кампазіцыі, манументам подласці ўзвышаецца постаць-цень Юды. На працягу стагоддзяў творцы выяўленчага мастацтва і тэатралізаваных містэрый надавалі выгляду адступніка самыя адмоўныя рысы, каб глядач адразу ідэнтыфікаваў яго сярод апосталаў. Для Мікалая Ге Юда — істота, пазбаўленая партрэтных рысаў. Юда — амаль абстрактнае ўвасабленне цёмнай сілы, кіруемай д’яблам. Накрываючы галаву плашчом, здраднік хавае свой твар і пакідае Вячэру Пана. Уся энергетыка палатна такая насычаная Боскім святлом, што яна вывяргае прэч гэты чорны згустак зла. У правай частцы кампазіцыі вызначаны самы моцны кантраст усяго ладу карціны. Цёмны сілуэт Юды гучыць яшчэ больш змрочна ў рэзкім супастаўленні з ярка асветленай постаццю святога Пятра. Твар апостала вылеплены найбольш выразна з усіх партрэтных выяваў кампазіцыі, як і ягоная фігура. Ён абапіраецца на стол, накрыты белым абрусам, які спадае амаль да самай падлогі. Гэты фрагмент карціны прымае на сябе, як экран, плынь святла, што разліваецца ад крыніцы збоку ад Юды. Сціплы нацюрморт — сасуды, кош, скамечаны ручнік — ледзь парушаюць геаметрычную чысціню гэтай выявы (і ў гэтым жыве кантраст з ламаным сілуэтам постаці Юды). Цень ад фігуры здрадніка падае на сцяну за групай апосталаў. Ён, як монстр, як лютая пагроза, навісае над вучнямі Езуса і над Ім. Цяжкая маса ценю часткова накрывае сабою і праём акна над галовамі апосталаў, зліваючыся з цемраю начы. Але ў гэтай цемры пераліваецца жывым блакітам водблеск месяца. Там царуюць ціша і спакой — свет нічога не ведае пра драму, што разыгралася на Вячэры Пана. Кампазіцыйныя і пластычныя нюансы напаўняюць карціну глыбокім сэнсам. Трактоўка часткі палатна, на якой паказаны Хрыстус, бадай самая статычная ў кампазіцыі, але покрыва на ложку, які служыць асноваю Ягонай постаці, намалявана мастаком надзвычай дынамічна: скамечаныя складкі тканіны ўскаламучаны хвалямі ценяў. У стыхіі беспрадметнага адлюстроўваецца трагічны стан душы Езуса... Колеры амаль не маюць голасу ў карціне Мікалая Ге, але гэта свядомае самаабмежаванне мастака. Ён дэманструе бліскучае валоданне майстэрствам малюнка, якое заўсёды было на вышыні ў пецярбургскай Акадэміі. Праца з натураю дала выдатны вынік — ад акадэмічных штудый Ге робіць рывок у жывое, рэалістычнае, адухоўленае мастацтва. Чалавек дэмакратычных поглядаў, талстовец, Мікалай Ге вяртае сваіх сучаснікаў і наступныя пакаленні людзей да вечных хрысціянскіх каштоўнасцяў. Валеры Буйвал
|
|
|
|