|
|
|
№
3(61)/2012
SUMMARY
Благаслаўлёныя Крыжам
Постаці
Пераклады
Галерэя
Ad Fontes
Постаці
Нашы святыні
Memoria
Постаці
Літаратуразнаўства
Асобы
Данута БІЧЭЛЬ
Паэзія
Нашы святыні
Мастацтва
Гісторыя
|
Практыка ўмелага маўчання Маўчанне патрэбнае і нават неабходнае: калі недастаткова маўчання, недастаткова і Божых ласкаў. Тады мы перастаем быць прыладамі ў руках Беззаганнай і толькі шкодзім Яе справам, нават калі робім самыя ўзвышаныя ўчынкі. Маўчаць — не значыць нічога не гаварыць, гэта значыць гаварыць столькі, колькі пажадае Беззаганная, — ні больш, ні менш. Калі мы гаворым менш, чым трэба, — дрэнна робім; калі гаворым больш, чым трэба, — таксама дрэнна робім. Каб гаварыць столькі, колькі належыць, трэба ўвесь час сачыць за сабою і гаварыць толькі тое, што важна і неабходна для вырашэння справы. Калі мы не будзем захоўваць патрэбнага маўчання, то і на ласкі Божыя не зможам адказаць, а калі не адкажам на якую-небудзь адну, то страцім і шэраг наступных ласкаў, якія мы маглі б атрымаць, застаючыся ў засяроджанні. А якую вялікую адказнасць мы нясем перад Панам Богам!.. Выкарыстаўшы гэтыя ласкі, мы маглі б стаць святымі і пабудзіць да святасці іншых, даўшы добры прыклад. А так — і іншыя не скарысталіся, і мы страцілі. У той жа час прыклад вельмі прыцягальны. Адзін лекар з Нагасакі распавядаў мне, што, бачачы ўчынкі хрысціянаў, ён і сам навярнуўся1. Яму не патрэбныя былі ні дыспуты, ні чыесьці пераконванні. Прыклад аказаў большае ўздзеянне, чым усе дыспуты і пераконванні. Як жа авалодаць практыкай умелага маўчання? Перадусім трэба маліцца, бо толькі сама Беззаганная можа чыніць усё гэта ў нас. І было б добра, калі б гэтую практыку маўчання мы на пачатак і заканчэнне асобных справаў дня ахвяравалі Беззаганнай хаця б толькі заклікам «Марыя!». Ніколі нельга засмучацца ў выпадку падзення, бо гэта смуродная пыха; наадварот, трэба з вялікаю любоўю і весялосцю духу адразу ж устаць і ісці наперад! А ў гэтым падзенні суцешыцца актам дасканалай любові... І няспынна, няспынна прыкладаць намаганні... Штораз падымацца на прыступку вышэй, як гаварыла святая Тэрэза ад Дзіцятка Езуса, пакуль мы ўрэшце не запаланім Пана Бога, які прыйдзе і — узяўшы нас — панясе ўгору2. Так мы будзем прамяніцца святлом Беззаганнай і распаўсюджваць вакол сябе Яе водар. Але ўсё гэта будзем рабіць ужо не мы, а Беззаганная, наша Матуля. Мы ж будзем падобныя да месяца, які ўвечары свеціць так, што ў яго бляску можна чытаць кнігу. Але свеціць ён святлом сонца, а не сваім, бо ён мёртвы. Гэтак жа і мы з’яўляемся мёртвымі і не даем святла. Аднак будзем прамяніцца, калі зачэрпнем святла ў Беззаганнай, нашай Маці...
Mugenzai no Sono, аўторак, 17.IV.1934.
У аснове святасці — паслухмянасць Ёсць адзін паказчык, па якім можна пазнаць, ці жыве душа ў дасканаласці і ці набліжаецца яна да Беззаганнай; а з’яўляецца ім паслухмянасць. Калі, нягледзячы на ўсялякія цяжкасці і ўнутраныя перашкоды, душа жыве так, як падказвае паслухмянасць, то ўсё ў парадку. Еднасць з Беззаганнаю заключаецца не ў тым, каб нашы думкі ўвесь час былі занятыя Ёю, а ў тым, каб мы стараліся з’яднаць сваю волю з Яе воляю, а гэта значыць прагнуць таго ж, чаго жадае і прагне Беззаганная. Можна свабодна разважаць у думках пра Сэрца Езуса, пра ўкрыжаванага Хрыста, а воляю быць з’яднаным з Беззаганнаю. Аднак душа заўсёды будзе звяртацца менавіта да Беззаганнай, бо будзе адчуваць у Ёй патрэбу, бачачы сваю слабасць і ўбоства. Важней за ўсё тое, як душа ставіцца да Беззаганнай і сама Беззаганная — да душы. На самым пачатку гэты шлях звычайна прыемны, усыпаны цукеркамі, але пазней Пан Бог дае сухі і цвёрды хлеб, а яшчэ пазней час ад часу гэты хлеб можа быць цвярдзейшы за камень. Калі, нягледзячы на змрок, расчараванні і перашкоды, душа перамагае сябе і робіць так, як ёй дыктуе воля Беззаганнай, то яна на добрым шляху. Вынік набліжэння да Беззаганнай будзе праяўляцца ў справах, якія стануць выконвацца лягчэй, бо душа будзе побач з Ёю. Адна толькі рэч небяспечная. Напісана: «Яна сатрэ табе галаву, а ты будзеш падсцерагаць Яе пяту» (пар. Быц 3, 15). Значыць, там, дзе з’явіцца Беззаганная, дзе душа набліжаецца да Яе, сатана пачынае наступаць на пяту. Але не трэба палохацца або трывожыцца. Мы павінны быць асцярожныя і чуйныя, самае важнае — маліцца шмат і добра, але баяцца яго няма чаго. Трэба з пагардаю пазіраць на яго і не ўсчыняць бітву з ім, бо ён няварты гэтага. Ён здрадзіў Богу і не заслугоўвае таго, каб мы ўступалі ў адносіны з ім. У такім выпадку ён нічога нам не зробіць. Ён надзвычай пыхлівы і больш за ўсё баіцца пагарды, як і чалавек пыхлівы не церпіць пагарды. Давайце дзейнічаць з сатаною так, як з сабакам. Калі брэша — няхай брэша, а мы будзем ісці далей сваёй дарогаю. Будзем маліцца, каб выпрасіць для сябе ласку поўнага выканання Божай волі. Калі ж мы захоўваем паслухмянасць, то ўжо выконваем Божую волю, і гэты акт нашмат больш глыбокі — нават самы глыбокі. Выкананне Божай волі — гэта і ёсць любоў, а любоў — аснова святасці. Не ва ўтаймаванні, не ў малітве, не ў працы, не ў адпачынку, а толькі ў паслухмянасці — заслуга і аснова святасці.
Непакалянаў, аўторак, 23.VI.1936,
Малітва, утаймаванне, паслухмянасць 1. <...> Трэба вельмі шмат маліцца. Не патрэбна шмат словаў, бо на гэта ў нас не заўсёды ёсць час, але мы можам часта ўзносіць кароткія малітоўныя заклікі. Пан Бог хоча, каб людзі пашыралі Яго хвалу, Ён прагне чыніць гэта таксама і з нашаю дапамогаю. Кожную працу трэба акрапляць малітваю. Тут, у Непакалянаве, працуюць толькі манахі, душы выбраныя, якія Маці Божая па-асабліваму любіць, і таму наша слова ў малітве шмат значыць. Яна вырвала нас са свету і прывяла сюды, бо Ёй так спадабалася. Былі і больш годныя за нас, але іх Яна не паклікала, бо ўсё гэта не паводле справядлівасці, а паводле міласэрнасці. Мы таксама мацней палюбілі Яе, бо з любові да Яе пакінулі свет. Дзякуючы гэтаму наша малітва будзе хутчэй выслуханая, бо нас Беззаганная любіць мацней. Гэта не значыць, што трэба няспынна гаварыць пацеры, але дастаткова хаця б часта ўзносіць гарачыя малітоўныя заклікі. Пан Бог хоча, каб душы, якія жывуць на зямлі, як мага больш прагнулі дабра. Калі б хтосьці прыйшоў да імператара і папрасіў у яго капейку, то гэта было б абразаю для яго, бо ў імператара просяць шмат — тысячаў... Гэтак жа і ў Пана Бога мы павінны прасіць не капейку, бо гэта будзе абразаю Яго дабрыні і шчодрасці, а многага. І атрымаем шмат, і тады хвала Божая будзе вялікая. Калі ёсць нейкая цяжкасць, то адразу ж трэба бегчы да Беззаганнай, аддаць Ёй гэта і сказаць: я не ведаю, як гэта зрабіць, таму дапамажы мне. 2. Апрача гэтага, <...> ёсць яшчэ цярпенне. Часам разбірае ахвота пабегаць, скаштаваць свабоды, а тут сядзі ды сядзі. Калі камусьці гэта вельмі шкодна для здароўя, то разважлівасць патрабуе сказаць пра гэта настаяцелям, але калі гэта дробязі, то ціха сядзі і цярпі. 3. А калі здараецца цярпенне, якое вынікае з ахвяравання Богу ўласнай волі?.. У паслухмянасці. Што азначае паслухмянасць? Трэба распавесці тое, што ведаеш, і прывесці аргументы, але калі табе загадваюць так, а не інакш, то выканаць волю Беззаганнай. Кожны з нас мае шмат самалюбства і, магчыма, часам заўпарціцца, бо «ён так вырашыў», і, хоць яго сумленне скараецца і прызнае віну — гэтае «я вырашыў» супраціўляецца. Тады ўзнікае канфлікт з Беззаганнаю, і ў выніку чалавек не мае ніякай заслугі. Трэба дазволіць Беззаганнай так кіраваць намі і весці нас, каб Яна дзейнічала ў нас і праз нас. Самае важнае ў нашай мэце <...> — каб кожны належаў Ёй, як мага больш належаў Ёй, каб кожны звяртаўся да Яе і прызнаваў, што вынікі належаць Ёй, а не нам. Мы — як пяро для паперы. Не пяро піша, а пісьменнік. Што значыць прызнаваць вынікі, якіх Яна дасягнула? Пазнаваць тое, што Яна зрабіла і робіць, мы заўсёды можам і мусім, але мы не павінны прыпісваць сабе таго, што не з’яўляецца нашым. Тое, што атрымалася добра, зрабіла Беззаганная. А ўсе недасканаласці, недакладнасці, хібы — гэта тое, што назапасілі мы самі. Затым айцец дырэктар3 паўтарыў братам пытанне, якое задаў сёння братам аспірантам: ці патрэбныя мы Маці Божай? Меркаванні і адказы былі розныя. Вось некаторыя з тых, што выказалі браты. Калі Беззаганная паклікала нас, то, безумоўна, мы патрэбныя Ёй, бо Пан Бог дзейнічае рознымі сродкамі. Яшчэ адзін брат дадаў, што мы не зусім патрэбныя Ёй, бо тое, што Яна нас паклікала, — Яе вялікая ласка. Іншы сказаў, што, як мастаку патрэбны пэндзаль, так і мы патрэбныя Беззаганнай, каб Яна магла свабодна маляваць. Іншыя меркавалі, што не мы патрэбныя Маці Божай, а Яна нам патрэбная. Яшчэ некаторыя сказалі, што на самай справе мы Ёй патрэбныя і непатрэбныя, бо Яна магла б выкарыстаць для гэтага іншыя сродкі, зрабіць гэта нашмат больш дасканала, магла б нават паклікаць з неба войска анёлаў, а мы толькі псуем Ёй справу. Аднак, нягледзячы на супярэчлівыя меркаванні, у большасці пераважалі выказванні аб тым, што мы патрэбныя Маці Божай. Айцец дырэктар развіў гэтую думку наступным чынам. Калі гаварыць у цэлым, то Пану Богу не патрэбна нічога, але калі Пан Бог хоча пэўным чынам нешта зрабіць, напрыклад, каб «Rycerz» быў надрукаваны, то для гэтага патрэбны машыны — друкарня. Праўда тое, што Беззаганная можа атрымаць усе вынікі непасрэдна, але Пан Бог дзейнічае звычайнымі шляхамі, таму і мы патрэбныя Беззаганнай у пэўных умовах. Святы айцец Францішак гаварыў: «Наказваю ўсім сваім братам, якія ёсць цяпер і будуць пасля, заўсёды праслаўляць Маці Бога і ўшаноўваць Яе на ўсіх шляхах, усімі спосабамі, як могуць, і ставіцца да Яе з найвышэйшаю пашанаю і пакораю»4; «Я таксама прагну, каб яны заўсёды былі Яе вернымі слугамі»5.
Непакалянаў, пятніца, 10.VII.1936,
Замагільнае жыццё Звычайна пасля чыёйсьці смерці пануе смутак, а часам нават роспач... Смерць у кляштары не ўспрымаецца як нейкі страшны вораг. Некаторыя свецкія людзі ахоплены справаю вечнасці, але лічаць смерць чымсьці дрэнным і пагрозлівым. Між тым смерць — гэта шлях да неба. Натуральна, часам смерць выклікае смутак, асабліва смерць дарагіх і блізкіх нам людзей. Нават Пан Езус плакаў над смерцю свайго сябра Лазара. Таму ў гэтым смутку няма нічога дрэннага — гэта нават не правіна. Памятаю, калі адзін з першых членаў Рыцарства Беззаганнай памёр у Рыме, атмасфера была спакойная, нават радасная. Усе цешыліся, што ён ужо трапіў у неба6. Гэтак і тут, у Непакалянаве, пануе такая ж самая радасць. Усе мы перакананыя, што памерлы сёння раніцаю бр. Аннунц’ятус7 пайшоў проста ў неба. Той, хто прыйшоў у кляштар, напэўна, зрабіў гэта не для таго, каб асудзіць сябе, а каб здабыць вечнае жыццё. Аднак чысцец дадае нам неспакою. Вядома, што амаль усе павінны апынуцца там і цярпець цяжкія мукі. Я неаднойчы размаўляў на тэму чыстца з братамі, якія пыталіся ў мяне пра гэта, і казаў ім, што з Непакалянава ў чысцец не трапляюць. Магчыма, гэтае выказванне выглядае дзіўным, але гэта праўда. Калі я кажу «з Непакалянава», я маю на ўвазе дух! Калі хтосьці знаходзіцца тут толькі целам, а духам будзе па-за Непакалянавам, то гэтае выказванне яго не датычыцца. Але хто бязмежна аддаўся Беззаганнай — целам і душою, у смерці і ў вечнасці, як гэта напісана ў дыпломіку Рыцарства, той не пойдзе ў чысцец. Нельга расчароўвацца з-за нязначных падзенняў, бо гэта спакуса сатаны. Давайце старацца, каб дух поўнага даручэння сябе Беззаганнай увесь час узмацняўся ў нас. Калі хтосьці мае ў сабе такі дух, то не важна, у Непакалянаве ён будзе ці дзесьці на яго задворках, манах гэта будзе або нават чалавек свецкі, які стараецца жыць у гэтым духу, — цяжка нават дапусціць, цвяроза разважыўшы, каб такі чалавек трапіў у чысцец. Калі б хтосьці з нас, напрыклад, быў на месцы Беззаганнай, хіба ён быў бы такі нядобры і паслаў бы на чыстцовыя мукі тых, хто даверыўся яму бязмежна, без ніякіх агаворак, ва ўсім? Сапраўды, гэта не ўкладваецца ў нашым розуме. А цяпер задумайцеся, хіба не з’яўляецца Беззаганная лепшаю за ўсіх нас? Гэта дае маральную ўпэўненасць у тым, што Яна не можа дапусціць, каб чалавек, які жыве ў духу даручэння сябе Ёй, трапіў у чысцец. Мы павінны радавацца, што бр. Аннунц’ятус пайшоў проста ў неба, бо ён меў гэты настрой, гэты дух. Гэта было відаць па ім самім. Таму гэта правільна, што сярод нас пануе супакой, калі хтосьці з нас пераходзіць у вечнасць. Цярпенне — найважнейшая частка працы. Я часта хаджу сярод хворых і кажу: вы выконваеце асобную частку працы, і частку найважнейшую... Вы знаходзіцеся ў тым шчаслівым становішчы, калі не бачыце плёну сваёй працы, а жывеце з таго, што іншыя заробяць для вас. Вы не бачыце на свае вочы вынікі свайго цярпення. Самалюбству тут няма чаго рабіць, яму няма месца сярод вас. А калі чалавек выконвае якую-небудзь іншую частку працы, ён бачыць вынікі сваіх намаганняў, і яму неаднойчы можа прыйсці думка, што ніхто іншы не змог бы гэтага зрабіць, што ўсё належыць прыпісваць яго кемлівасці, здольнасцям і г. д. Хоць і тут усё можна асвяціць добраю інтэнцыяй. Аднак у шпіталі вы вольныя ад гэтых спакусаў, нягледзячы на тое, што мы ніколі не здолеем цалкам вызваліцца ад іх, тым больш ад спакусаў, якія вынікаюць з самалюбства. Гвардыян кракаўскага канвента айцец Мар’ян Сабалеўскі, праводзячы рэкалекцыі ў гэтым жа канвенце, сказаў, што, калі б у якім-небудзь кляштары не было хворых, трэба было б маліцца, каб яны былі. Калі хворыя настолькі патрэбныя, а іх праца такая эфектыўная, то што можна сказаць пра тых, хто ўжо ў небе! У нас умацавалася такое перакананне, што, калі трэба зрабіць нейкую выключную справу, то хтосьці выбіраецца ў неба і становіцца там «правадніком» гэтай справы. Так было і з Рыцарствам Беззаганнай: цэлы год — мноства самых розных клопатаў, цяжкасцяў і няўдачаў. І толькі пасля смерці двух першых братоў усё пачало развівацца: ёсць дазвол айца генерала Тавані на заснаванне Рыцарства ў францішканскіх семінарыях, ёсць дазвол на далучэнне свецкіх і г. д. Калі айцец Венанты8 сышоў у магілу, распачалося выданне «Rycerza». У Гродне памёр адзін з першых братоў, які, напэўна, быў больш за ўсё патрэбны, — брат Альберт9, а затым мы вырушылі шукаць тэрыторыю для Непакалянава на тэрэсінскіх палях. І так далей можна было б пераконвацца ў гэтым. Айцец Альфонс10 памёр менавіта тады, калі фінансавыя цяжкасці былі надзвычай вялікія: нават айцец правінцыял11 плакаў, што не здолее выбрацца з іх, і непазбежна мусіць быць катастрофа. Тым часам пасля смерці айца Альфонса невядома адкуль, цалкам неспадзявана, знайшліся вялікія сумы і пазыкі ўрэгуляваліся. Тыя, хто сыходзіць з гэтага свету, толькі «там» распачынаюць сваю справу. Непакалянаў — гэта толькі навіцыят. Адны прыходзяць у навіцыят, другія выходзяць з яго. Гэтак жа з усім Непакалянавам: ёсць прыліў і адліў, адны браты прыходзяць, другія пакідаюць нас, вырушаючы ў краіну вечнасці. Праз нейкі час і нас не будзе — пойдзем на «зашлюбіны». Тут часам можа стацца, што хтосьці здрадзіць святым абяцанням, а там, у небе, «зашлюбіны» мы дакладна разарвем, і не пагражае нам у гэтым стане ніякая небяспека... Тут, на зямлі, чалавек мае вольную волю, можа рабіць усё, нават сабе на шкоду і на згубу. Нават пасля вечных абяцанняў мы яшчэ не маем гарантыі поўнай бяспекі. У Святым Пісанні сказана, што нават кедры Лівану падаюць (пар. Пс 28, 5).
Вельмі важна маліцца і прымаць прыніжэнні, каб у чалавека не было недахопу ў Божай ласцы. Такім чынам, бачна, што нават манаскія абяцанні не захоўваюць нас ад небяспекі тут, на зямлі. Але той, хто трапіць у неба, адтуль ужо не выйдзе, яго не пакіне. У такім выпадку справядліва будзе сказаць, што усё жыццё на зямлі — гэта навіцыят, а там, у небе — «зашлюбіны». Тут — спробны Непакалянаў, а там — сапраўдны; гвардыянам у ім з’яўляецца Беззаганная. Мы не можам зразумець гэта належным чынам, бо гэта пераўзыходзіць наш чалавечы розум. Конь таксама захацеў уявіць, як выглядае бяседа ў яго гаспадара, і падумаў, што там будзе авёс найлепшага гатунку, а саломы ўжо, напэўна, зусім не будзе, толькі мяккае сена. Гэтак жа і з нашым уяўленнем пра справы вечнасці. Немагчыма апісаць, як усё будзе ў гэтым нябесным Непакалянаве, але можна сказаць, што Беззаганная будзе ў ім гвардыянам. Інструментальных аддзелаў, як і аддзела здароўя, там не будзе, бо ўсё гэта там непатрэбнае, а будзе там толькі адзін аддзел — адміністрацыя Рыцарства Беззаганнай, або аддзел працы з душамі. Гэтая адміністрацыя будзе падтрымліваць кантакт з душамі, ствараць т. зв. еднасць святых. Аддзел будзе развівацца. Зразумела, ён будзе думаць пра свет нават больш за нас, будзе клапаціцца пра нашыя справы, перш за ўсё пра збаўленне душаў, таму што ў небе выбраныя душы нашмат больш любяць Пана Бога і Беззаганную. Калі хтосьці абслугоўвае цяпер якое-небудзь ваяводства, то ён і пасля смерці будзе памятаць пра яго, апекавацца ім, маліцца аб збаўленні душаў з гэтай тэрыторыі і г.д. Еднасць святых у тым і заключаецца, каб падтрымліваць кантакт з душамі. Пасля смерці мы, дзякуючы малітве, зможам нашмат больш дапамагаць усім, бо рукі нашыя ўжо будуць свабодныя. Святыя ўжо не клапоцяцца пра сябе. Тыя, хто перайшоў у нябесны Непакалянаў, больш цікавяцца намі і справамі зямнога Непакалянава, чым мы. Такім чынам, мы можам уладжваць з імі справы непасрэдна, ужо не з дапамогаю папераў ды інстытуцый, а непасрэдна. Калі ў нас будзе нейкая праблема або штосьці яшчэ, мы можам звярнуцца да іх, а яны вырашаць гэта з Беззаганнаю. Калі хтосьці з нас памірае, можна даручыць яму розныя справы, і, несумненна, яны будуць уладжаныя ў небе. Можа, хтосьці пачне сумаваць з прычыны адыходу якога-небудзь брата, блізкага яму, але гэты смутак не будзе недасканалым — наадварот, нічога недасканалага ў ім не будзе. Зразумела, мы павінны даверыць бр. Аннунц’ятуса міласэрнасці Бога і Беззаганнай, як сказана ў нашым Правіле, але будзем перакананыя, што яму ўжо не патрэбныя гэтыя малітвы, а Беззаганная прызначыць іх іншым душам.
Непакалянаў, серада, 4.ХІ.1936.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнкі.
Гл. таксама:
|
|
|
|