Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(61)/2012
SUMMARY
Благаслаўлёныя Крыжам

«ЦЯРПЕННЕ — НАЙВАЖНЕЙШАЯ ЧАСТКА ПРАЦЫ»
З катэхезаў айца Максімільяна Кольбэ
Постаці

НЕЗВЫЧАЙНЫ І НЕЗАМЕННЫ
Пераклады
Галерэя
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Постаці

РУПЛІВЕЦ НА БОЖАЙ НІВЕ
Нашы святыні

...ТОЛЬКІ КАСЦЁЛ
Memoria


БЕЛАРУСКІЯ ПАМЯТНЫЯ КРЫЖЫ ПАД ТАЙШЭТАМ
Постаці
Літаратуразнаўства
Асобы
Данута БІЧЭЛЬ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Нашы святыні
Мастацтва
Гісторыя

КРЫЖОВЫ ШЛЯХ

Міхась СКОБЛА

ШАРАЯ ПТАШКА
ПАНАРСКАГА ЛЕСУ

Зоська Верас чакае гасцей.
Фота Сяргея Панізьніка. 1982 г.

Смерць і радзіны не выбіраюць гадзіны. Зоська Верас не дажыла да свайго стагоддзя ўсяго адзін год і некалькі месяцаў. 30 верасня 1892 года прыйшла ў гэты свет — 10 кастрычніка 1991-га яго пакінула. А так хацелася, каб дажыла, каб заставалася жывым злучнікам паміж пакаленнямі, эпохамі і стагоддзямі. Не збылося — сувязь часоў распалася.

Яе, маладую ўдаву нацдэма Фабіяна Шантыра, расстралянага бальшавікамі ў 1920 годзе, прытуліў Панарскі лес пад Вільняй. А лес у беларусаў з лёсам сугучны, і лёсу скрыжалі недвухсэнсоўна вызначаюць, дзе і што нам рабіць: у сасновым лесе маліцца, у бярозавым — любіцца, у дубовым — волю каваць, у яловым — душу д’яблу прадаваць. А вось у якім лесе беларусу паміраць — скрыжалі тыя не паведамляюць. Таму Зоська Верас, калі прыйшла пара пакінуць гэты свет, пераехала ў Вільню, да дачкі. У гарадской кватэры ў звычайным блочным доме і дажыла свае апошнія дні.

Я не быў на яе магіле, і мне здаецца, што нікуды яна не пераязджала. Проста выйшла аднойчы за парог і — сама стала лесам, сунічнікам, верасам. Або шарай пташкай — яшчэ адзін з яе псеўданімаў.

Амаль сем дзясяткаў гадоў — цэлае чалавечае жыццё — Зоська Верас пражыла ў сваёй Лясной хатцы. У глінабітнай, без усякіх выгодаў, у двары нават калодзежа не было. Улетку збіралі ў бочкі дажджавую ваду, узімку — тапілі снег.

Зоська Верас жыла ў лесе не пустэльніцай, хутчэй — партызанкай. І ваявала яна — актыўна і бескампрамісна — з усімі, хто пасягаў на гістарычную праўду. «Фальш шкодзіць гісторыі», — не стамлялася паўтараць старая дзяячка ў лістах да сваіх шматлікіх маладзейшых адрасатаў. Толькі за паваенны час лістоў гэтых яна напісала больш за шэсць тысяч, і ў кожным — штосьці ўдакладняла, кагосьці папраўляла, камусьці выносіла свой няўмольны прысуд.

Паказальны ў гэтым сэнсе выпадак з кнігай Алега Лойкі «Як агонь, як вада», што выйшла ў 1984 годзе. Хітрамудры жанр «рамана-эсэ» не дапамог аўтару пазбегнуць бескампраміснай крытыкі ад Зоські Верас. За прыніжэнне Янкі Купалы і «Нашай нівы», за непраўдзівыя вобразы Івана і Антона Луцкевічаў (названых у рамане Лапкевічамі), за дыскрэдытацыю асобы Вацлава Ластоўскага (у рамане — Ласоўскі) кніга Лойкі ў Лясной хатцы атрымала найвышэйшую меру пакарання — аўтадафэ — і была неадкладна спаленая на вогнішчы.

Аднойчы я даволі бестактоўна спытаўся ў свайго ўніверсітэцкага выкладчыка, ці ведаў ён пра тое лясное аўтадафэ? Алег Антонавіч са скрухай прызнаўся, што ведаў. Мала таго, тое вогнішча ў Панарскім лесе не давала яму спакою да канца дзён, яно і прымусіла ўрэшце перапісаць раман. Пасля дапрацоўкі ён павялічыўся на сто старонак, трактоўка многіх падзеяў змянілася, а дзейным героям былі вернутыя іх сапраўдныя прозвішчы.

Аўтарытэтаў на гэтай сваёй партызанскай вайне за праўду Зоська Верас не прызнавала. Дасталося ад яе і Змітраку Бядулю — за непраўдзівыя ўспаміны пра Максіма Багдановіча, і супрацоўніку Гістпарта пры ЦК КПБ Мікалаю Сташкевічу. Гаспадыня Лясной хаткі прачытала ягоную манаграфію «Прысуд рэвалюцыі: крах антысавецкага руху ў Беларусі (1917–1925)» і на правах відавочцы апісаных там падзеяў вынесла свой прысуд: «Блытаніна!».

З фальсіфікатарамі беларускай гісторыі Зоська Верас змагалася не галаслоўна, а з дапамогай дакументаў. Прыкладам, яна захавала пратаколы беларускіх з’ездаў, якія адбываліся ў Менску ў 1917 годзе, і настойліва прапаноўвала гісторыкам-патрыётам прыехаць і азнаёміцца з імі. Перасылаць па пошце, улічваючы каштоўнасць дакументаў, не адважвалася. І гісторыкі, прагныя праўды, ехалі да першакрыніцаў.

Зняпраўджвала Зоська Верас і распаўсюджаную ў савецкіх даследаваннях інфармацыю пра падтрымку немцамі беларускага руху ў 1917–1918 гадах. Расказвала, як немцы брутальна выганялі беларускія арганізацыі з Губернатарскага дома ў Менску, як нейкі кайзеравец літаральна схапіў яе за руку, калі яна спрабавала забраць з шуфляды пячатку…

Дарэмна шукаць артыкулаў Зоські Верас пра ўсё гэта ў афіцыйным друку (а тады ўвесь друк быў афіцыйны). Па-першае, не надрукавалі б. Па-другое, не надта яна таму друку давярала. І таму ў ход звыкла ішлі лісты-лістоўкі — правераная партызанская практыка.

«Я помню ўсё», — гэтай дэкларацыі Зоські Верас, выказанай у лісце да аднаго з маладзейшых сяброў, няпроста паверыць. Гэта ж колькі падзеяў (гістарычных і шэраговых) яна перажыла, колькі людзей прайшліся поруч з ёй па жыццёвай дарозе! І ўсё і ўсіх яна падрабязна аднатавала ў сваёй фенаменальнай памяці, па якой можна было энцыклапедыі звяраць. І звяралі. Нездарма айчынныя энцыклапедысты Віталь Скалабан і Янка Саламевіч пакручастую дарогу да Лясной хаткі ведалі як свае пяць пальцаў. А з тае дарогі, бывала, збіваліся і спрактыкаваныя вандроўнікі. Скажам, Уладзімір Караткевіч, які, дарэчы, называў Зоську Верас «батанічным богам», аднойчы праблукаў паўдня ў Панарскім лесе і быў змушаны вярнуцца на віленскі брук, дзе, відавочна, пачуваўся больш упэўнена.

І ўсё ж дарогу да Зоські Верас знаходзілі — найчасцей з дапамогай яе зяця і найлепшага знаўцы гісторыі Вільні Лявона Луцкевіча, які, звычайна, сустракаў гасцей у дамоўленым месцы ў Вільні і, нібы спрактыкаваны сувязны, вёў іх далей прыгараднымі і ляснымі сцежкамі. Усе менскія дапытлівыя нефармалы 80-х перабывалі ў Лясной хатцы. І такой бяды, што фотаздымкі з тых візітаў потым траплялі на старонкі адыёзнага «Политического собеседника». Усім хацелася дакрануцца да жывой гісторыі.

Памятаю, як улетку 1988 года мы з Анатолем Сідарэвічам на свой страх і рызыку без правадніка-сувязнога ішлі па чыгуначным палатне ў кірунку Панараў. Між бліскучых рэек палахліва прыгіналі галовы прыземістыя рамонкі, чыгунка на даляглядзе пакалыхвалася ў спякотным марыве. Адна паваротка, другая… Першым згубіў арыентацыю я. А тут яшчэ абапал сцежкі, проста пад нагамі — чырвоныя россыпы суніцаў, як хто крапідлам пакрапіў. Гэтак, штохвіліны прыпыняючыся і ласуючыся, мы і дайшлі да «партызанскага» жытла — Лясной хаткі. Прыземістая, глінабітная, уся ў размытых дажджамі трэшчынах, з якіх было відаць, што трымалася ўся спаруда на звязаных між сабой калочках. На падворку нас сустрэў Лявон Луцкевіч, выказаўшы здзіўленне — як жа мы не заблудзілі ў іхнім Панарскім лесе. Ягоная жонка Галіна Войцік частавала нас чарніцамі з малаком. Пачастунак, памятаю, зацягнуўся — Людвіка Антонаўна заседжвалася дапазна, таму з раніцы яе стараліся не будзіць. Мы бавілі час на падворку, дзе Лявон Луцкевіч паказваў нам жыццёваважную ў сухаземным лесе сістэму вадасцёкаў.

Калі Зоська Верас прачнулася, пані Галіна паклікала нас у хату.

І вось — зацішная бакоўка, нейкія старыя камоды з шуфлядамі і ў зручным фатэлі — яна. Маленькая, прыветлівая, з маладымі вачыма. На сцяне кідаецца ў вочы двайны партрэт, на якім маладая Зоська Верас з Максімам Багдановічам на менскай вуліцы.

Анатоль Сідарэвіч пісаў вялікімі літарамі свае пытанні (на дзясятым дзясятку Зоська Верас амаль страціла слых), а мне было няёмка і турбаваць яе прыпамінаннямі. Колькі падобных паломнікаў і цэлых дэлегацый прыняла яна за сваё жыццё і перад кожным дапытлівым суразмоўцам «браму скарбаў сваіх» адчыняла!

Гэта яна надрукавала свой першы твор яшчэ ў 1907 годзе — усяго на два гады пазней за Янку Купалу, а аўтарам легендарнай «Нашай Нівы» стала ў 1911-м.

Гэта яна ў 1916 годзе прывячала ў Менску Максіма Багдановіча, які абяцаўся пісаць ёй з Ялты, з «белага дома над сіняй бухтай».

Гэта яна на ўсё жыццё запомніла, як бальшавікі ў снежні 1917-га разганялі ў Менску І Усебеларускі кангрэс.

Гэта яна за свае сціплыя заробкі ў 1928 годзе выдала паэтычны зборнік Міхася Машары «Малюнкі» і толькі за гэта заслугоўвае не меншай пашаны, чым Магдалена Радзівіл — фундатарка неўміручага «Вянка».

Гэта яна рабіла і выпускала ў свет часопісы для дзяцей «Заранка» і «Пралескі», а для дарослых — месячнік «Беларуская борць», якім карысталіся пчаляры па ўсёй Заходняй Беларусі.

Гэта яна склала і выдала ў 1924 годзе знакаміты «Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік», у які і сёння не зашкодзіць зазірнуць самым дасведчаным лексікографам, каб даведацца, як праўдзіва на роднай мове называецца тая ці іншая расліна.

Гэта яна, разумеючы, што ў Беларускай савецкай энцыклапедыі цэнзура не прапусціць шматлікія персаналіі, складала сваю — рукапісную — энцыклапедыю, дзе меліся падрабязныя біяграфіі Міхася Забэйды-Суміцкага, Аркадзя Смоліча, Францішка Грышкевіча, Янкі Багдановіча, Мар’яна Пецюкевіча…

Гэта да яе паэт і бібліёграф Гальяш Леўчык пісаў са Слоніма прачулыя лісты, якія пачыналіся ласкавымі звароткамі «залаценечка і дарагенечка дзядзіначка», альбо «паважаная цётухна і залатая сястронка»…

Лісты ў Лясную хатку прыходзілі часта. І на кожны нястомная гаспадыня давала адказ — успамінала, тлумачыла, удакладняла. Уся карэспандэнцыя захоўвалася ў ідэальным парадку — меў магчымасць пераканацца ў гэтым на свае вочы. Усе шуфляды ў бакоўцы былі літаральна забітыя фотаальбомамі і акуратна перавязанымі стосікамі лістоў. Памятаю, Зоська Верас прасіла адчыніць пэўную шуфляду, дастаць патрэбны альбом ці пакунак, а пасля асцярожна трымала іх на каленях — лісты ад Ларысы Геніюш, Міхася Забэйды-Суміцкага, Генадзя Каханоўскага, Віталя Скалабана, Янкі Саламевіча, Арсеня Ліса, Аляксея Пяткевіча, Дануты Бічэль…

Ці не самае працяглае і інтэнсіўнае ліставанне Зоська Верас мела з Ларысай Геніюш, яно доўжылася каля чатырнаццаці гадоў — з 1967-га па 1983-ці. Абедзве Антонаўны пісалі свае эпісталярныя летапісы проста самазабыўна. Ларыса Антонаўна ў снежні 1967-га наведала Лясную хатку, нават заначавала ў сваёй прыяцелькі, і яны да самай раніцы не маглі нагаварыцца. Гэтыя дзве пасіянарныя беларускі ўмелі і пчолы гадаваць, і кветкі разводзіць, і вершы пісаць, і нацыянальным духам палымнець, ды так, каб і другія займаліся.

Як жа шкада, што Лясная хатка, у якой Зоська Верас пражыла — так прыкметна для Беларусі! — сем дзясяткаў гадоў, згарэла ў 1990-м, калі гаспадыні там ужо не было. Памятаю, пачуўшы пра пажар у Панарскім лесе, я з жалем падумаў, што згарэла і ўся бачаная ў Лясной хатцы перапіска. Але, дзякаваць Богу, вялікая частка эпісталярыя ацалела, своечасова перададзеная на захаванне ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. Заснаваны там асабісты фонд Зоські Верас — надзейная схоўніца тых уратаваных з Панарскага лесу скарбаў.

Тады, у 1988-м, я адыходзіў з Лясной хаткі з дзіўным пачуццём — быццам здзейсніў падарожжа ў мінулае на машыне часу. І доўга не мог апрытомнець, нават ужо сеўшы ў менскі цягнік. Жалезныя колы разгоніста татахкалі на рэйкавых стыках, я чытаў зборнік «Каласкі», падараваны Анатолю Сідарэвічу з аўтографам аўтаркі, і думаў, што дарэмна Зоську Верас менскія парнасцы паблажліва называюць толькі дзіцячай пісьменніцай. Ёсць у яе верш «Ліст», які не трапіў у «Каласкі» акурат з-за свае недзіцячасці. Гэты лірычны шэдэўр нашаніўскай эпохі, якім калісьці пачнецца збор твораў паэткі і мемуарысткі, лексікографа і публіцысткі, перакладчыцы і асветніцы Зоські Верас:

Хацела да цябе напісаці
На пялёстку ружы пахучай,
Але пялёстак мог згінуць
У пору буры грымучай.

Хацела да цябе напісаці
На скрыллі ў матылёчка,
Але матыль умірае,
Як прыйдзе цёмная ночка.

Хацела я ліст паслаці
Праз ластаўку з нашага дому,
Але ж яна магла даці
Яго каму-небудзь другому.

І так дзянёчкі праходзяць.
Не маю яго як паслаці,
А ліст такі ўжо сардэчны
Хацелася напісаці.

Адзін літаратуразнаўца, пачуўшы гэтыя радкі, усклікнуў: «Дык гэта ж наследаванне Максіму Танку — ягонаму вершу „Перапіска з зямлёй“!». Давялося патлумачыць калегу, што ў час, калі пісаўся «Ліст», падлетак Жэнік Скурко (будучы народны паэт Максім Танк) бегаў са свайго пількаўскага хутара ў Сваткаўскую школку і лісты пісаў хіба пад дыктоўку бабкі Улляны — жыццёва-празаічныя.

Народжаная на ўкраінскай Жытоміршчыне ў сям’і вайскоўца, большую частку свайго веку пражыўшы пад Вільняй, Зоська Верас усё жыццё заставалася патрыёткай Гародні і Гарадзеншчыны, адкуль паходзілі ўсе яе дзяды — па мячы і па кудзелі. «Мае думкі часта лятуць у Гродна — да ценяў дзядоў маіх, да ўспамінаў аб шчырай заўзятай працы ў Гродзенскім гуртку беларускай моладзі, дзе я стала на беларускую дарогу, па каторай іду ўжо 71 год», — пісала яна ў лісце да паэткі Дануты Бічэль. А ў адным з апошніх сваіх лістоў да прафесара Аляксея Пяткевіча ўжо амаль невідушчая Зоська Верас пыталася: «Як там жыве маё Гродна?» Выведзеныя фламастарам буйныя непаслухмяныя літары распаўзаюцца па адмыслова разлінееным аркушы, іх ледзь можна разабраць… Вернасць гораду свайго маленства і юнацтва жыхарка Панарскага лесу захавала праз усё сваё доўгае жыццё, у лістах да гарадзенцаў называючы сябе «старой гродзенскай патрыёткай» або «гродзенскай душой на выгнанні».

На экслібрысе Зоські Верас (мастак — Вячка Целеш) над усім дамінуе віленская вежа Гедыміна. І гэта заканамерна — Зоська Верас была genius loci Вільні, genius loci беларускай Вільні. Без яе Вільня лягчэй ператвараецца ў Вільнюс. Шкада, што грамадзянка Людвіка Антонаўна Сівіцкая — назавем нарэшце яе сапраўднае імя — пахаваная не на Росах, дзе ёсць нейкае падабенства нашага нацыянальнага некропаля. Сваім жыццёвым подзвігам яна бясспрэчна заслужыла быць пахаванай у самым ганаровым месцы. Заслужыла сваім узвышэннем праўды і Беларусі. А ўзгорыстыя могілкі Росы — адзінае месца ў свеце, дзе беларусы — вышэй за ўсіх.

Міхась СКОБЛА

Гл. таксама:
Зоська ВЕРАС :: «ДАСПЕЛА ДУША МАЯ Ў ЦЯРПЕННІ...» ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY