Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(61)/2012
SUMMARY
Благаслаўлёныя Крыжам

«ЦЯРПЕННЕ — НАЙВАЖНЕЙШАЯ ЧАСТКА ПРАЦЫ»
З катэхезаў айца Максімільяна Кольбэ
Постаці

НЕЗВЫЧАЙНЫ І НЕЗАМЕННЫ
Пераклады
Галерэя
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Постаці

РУПЛІВЕЦ НА БОЖАЙ НІВЕ
Нашы святыні

...ТОЛЬКІ КАСЦЁЛ
Memoria


БЕЛАРУСКІЯ ПАМЯТНЫЯ КРЫЖЫ ПАД ТАЙШЭТАМ
Постаці
Літаратуразнаўства
Асобы
Данута БІЧЭЛЬ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Нашы святыні
Мастацтва
Гісторыя

КРЫЖОВЫ ШЛЯХ

Айцец Вячаслаў ПЯЛІНАК MIC
Юрась ГАРБІНСКІ

БЕЛАРУСКІЯ ПАМЯТНЫЯ КРЫЖЫ
ПАД ТАЙШЭТАМ

Сёння цяжка дакладна сказаць, які з еўрапейскіх народаў (ды ці толькі еўрапейскіх) не пакінуў сваіх балючых старонак у страшнай гісторыі савецкага ГУЛАГу. Яго вязнямі былі і «свае», і «чужынцы»: расейцы, палякі, украінцы, летувісы, латышы, эстонцы, татары, габрэі, немцы, французы, японцы... Сярод іх — і мы, беларусы.

 

І.

На пачатку лютага 2012 года, у часе падрыхтоўкі да 60-х угодкаў пакутніцкай смерці архімандрыта марыяніна Андрэя Цікоты, у нас узнікла думка паехаць у Іркуцкую вобласць, каб высветліць акалічнасці яго смерці, а таксама іншага вядомага беларускага святара-патрыёта кс. Адама Станкевіча ды паставіць памятныя крыжы-знакі на месцах іх пахаванняў. Гэтую ідэю дзейсна падтрымаў Закон айцоў марыянаў у Рыме і рэдакцыя часопіса «Наша вера» (у прыватнасці, яго галоўны рэдактар сп. Крыстына Лялько і дырэктар выдавецтва «Pro Christo» Аліна Новікава, якая ўфундавала памятныя таблічкі). Гэтыя таблічкі-знакі перад нашым вылетам у Іркуцк асвяцілі ў Мінску арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Рыма-каталіцкага Касцёла на Беларусі, і Апостальскі візітатар, звершнік Беларускай Грэка-каталіцкай Царквы архімандрыт Сяргей Гаек. Час на правядзенне акцыі, узважыўшы ўсе «за» і «супраць», вызначылі на другую палову траўня.

Выбіраючыся ў Сібір, бадай ці не ў апошні момант падумалася, што на магілы нашых святароў-мучанікаў адпаведна з беларускай традыцыяй трэба было б прывезці хоць некалькі жменяў зямлі з іх родных мясцінаў. Зрабіць гэта было праблематычна — да вылету ў Іркуцк заставалася ўсяго толькі паўтара дня. Але, на шчасце, з дапамогаю прыйшоў вядомы беларускі паэт і журналіст, вядучы супрацоўнік радыё «Свабода» ў Мінску Міхась Скобла, які цягам некалькіх гадзінаў вырашыў гэтую праблему.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
благаслаўляе памятныя табліцы.

Мінск праводзіў нас у далёкую дарогу вечаровым травеньскім небам — ласкава-цёплым і сонечным. Потым было начное маскоўскае лётнішча ў Шарамецьева і амаль шэсць гадзін лёту ў Іркуцк, якія і фармальна, і літаральна «праляцелі» як адно імгненне.

У Іркуцку нас гасцінна прымалі ў рыма-каталіцкай дыяцэзіі святога Язэпа, якую ўзначальвае біскуп Кірыл Клімовіч, дарэчы, наш зямляк з Мёршчыны. Тут мы сустрэлі яшчэ адну родную душу — сястру Вераніку з Глыбоччыны.

Колькі ж потым гэткіх нечаканых сустрэчаў з землякамі-беларусамі будзе ў часе нашай экспедыцыі? І ў Тайшэце, і ў Навачунцы, і ў іншых мясцовасцях на лініі чыгункі Тайшэт-Брацк... З жывымі... і з мёртвымі.

Але ў першую чаргу мы (і нас) чакалі тыя дзве, найбольш важныя сустрэчы — з архімандрытам Андрэем Цікотам і ксяндзом Адамам Станкевічам. Каб справядлівасці сталася за досыць.

 

ІІ.

Яшчэ, можа, не сёння, але прыйдзе час і ў беларускіх энцыклапедыях будуць дакладна пазначаныя тыя месцы на карце савецкага ГУЛАГу, дзе знайшлі вечны супачынак поруч з прадстаўнікамі іншых народаў і беларусы. Ад сумнавядомых Салавецкіх астравоў да Калымы і Магадана. Але для нас сёння найбольш важнае месца — гэта Тайшэт і яго ваколіцы.

Менавіта тут знаходзіўся сумнавядомы ў гісторыі савецкага ГУЛАГУ асобы лагер «Озёрный» Міністэрства ўнутраных спраў СССР, дзе былі замучаныя разам з іншымі вязнямі беларускія святары архім. Андрэй Цікота і кс. Адам Станкевіч.

Тайшэт — гэта невялікі горад ва Усходняй Сібіры. Тут сплятаюцца чыгуначныя шляхі галоўных ветак сібірскіх прастораў. Сёння мясцовыя жыхары з гонарам называюць яго месцам пачатку славутага праекту савецкіх уладаў — БАМ.

Архімандрыт Сяргей Гаек
асвячае памятныя табліцы.

Але тым, хто хоць аднойчы паспрабаваў перагарнуць толькі некалькі старонак балючай гісторыі сталінскіх рэпрэсій, вядома, што Тайшэт — пачатак пакутаў сотняў тысяч нявінных людзей. Тут, разам з чыгуначнымі рэйкамі, крыжаваліся іх лёсы ў старанна запланаваным пекле, якое было гатова праглынуць кожнага чалавека, не зважаючы ні на яго нацыю, ні на адукацыю, ні на веравызнанне. Менавіта ад Тайшэта пачыналася тая славутая ў савецкай гісторыі магістраль, а абапал яе, з частатою 5–10 кіламетраў — лагеры. Лагпункты, альбо, як іх яшчэ называлі тут, «лагкалоны», ад Тайшэта да Брацка былі аб’яднаныя ў асобныя лагерныя сістэмы-комплексы: «Озерлаг», далей «Ангарлаг» і г.д. Усё гэта цаглінкі вялікага ГУЛАГу. Менавіта па гэтых «калонах» блукалі па этапах ворагі «вялікага народа» і «вялікага правадыра».

За часы існавання савецкага ГУЛАГу ў ім апынулася шмат людзей і з Беларусі, у тым ліку святароў. Некаторым з іх удалося выжыць і вярнуцца на Радзіму. Адзін з іх, айцец Язэп Германовіч МІС, пасля свайго вызвалення напіша кнігу ўспамінаў «Кітай — Сібір — Масква». Яна будзе перакладзена на некалькі моваў і стане балючым падручнікам гісторыі ГУЛАГу, незвычайным, таму што напісала яго сэрца і рука каталіцкага святара. Іншым было наканавана спачыць паміж лясоў далёкай тайгі, за тысячы кіламетраў ад роднай зямлі, родных людзей і святыняў.

Пасля дзевяностых гадоў ХХ стагоддзя сюды, у Іркуцкую вобласць, у пошуках сваіх родных і землякоў накіраваліся людзі з розных краінаў свету: Японіі, Францыі, Нямеччыны, краінаў Прыбалтыкі і іншых. У зарасніках, на былых лагерных могілках, пачалі ўзнікаць помнікі і крыжы з надпісамі на розных мовах. Беларусы прыбылі крыху пазней, бо нялёгка знайсці паміж вялікага некропаля хаця б адно дакладнае месца пахавання, якое, безумоўна, з’яўляецца знакам цярпення дзясяткаў тысяч нашых суайчыннікаў на далёкай нам іркуцкай зямлі.

Айцец В. Пялінак MIC і Ю. Гарбінскі з мясцовымі жыхарамі каля крыжа
на месцы пахавання а. А. Цікоты.

На 116-м кіламетры тайшэцкай чыгункі, каля пасёлка Навачунка, знаходзіўся лагпункт № 038 асобага лагера МУС «Озёрный» з лагерным шпіталем № 2. Тут 11 лютага 1952 г. памёр айцец Андрэй Цікота. Першы беларускі марыянін, заснавальнік друйскага кляштара і Друйскай гімназіі, доктар багаслоўя, генерал ордэну, кіраўнік каталіцкай місіі ўсходняга абраду і дырэктар ліцэя ў Харбіне, чалавек высокага інтэлекту і шчыры беларус, ён атрымае ў гэты дзень сумны пахавальны нумар «Б-151» паводле рэгістрацыі пахавання. Нумар будзе накрэслены на кавалку дошчачкі, што павісне на калку, убітым у ягоную магілу.

Яшчэ адно месца, звязанае з беларускай гісторыяй, — на 50-м кіламетры  ад Тайшэта. Гэта — цэнтральная бальніца «Озерлага», каля вёскі Шаўчэнка, побач з чыгуначнай станцыяй Тапарок. Там, на лагерных шпітальных могілках, 10 снежня 1949 г. знойдзе спачын вядомы беларускі святар і грамадскі дзеяч, душпастыр беларускай інтэлігенцыі часоў адраджэння, пісьменнік, перакладчык і педагог кс. Адам Станкевіч.

Нельга было пагадзіцца, што жудасныя лагерныя нумары над магіламі стануць кропкамі ў гісторыі зямнога лёсу кожнага з гэтых святароў.

І архім. Андрэй Цікота, і кс. Адам Станкевіч урэшце дачакаліся справядлівасці — 22 і 23 траўня гэтага года на месцы іх апошняга супачынку ўзнесліся памятныя крыжы і прагучала малітва.

У пасёлак Навачунка, на месца пахавання айца Андрэя Цікоты, прыйшлі старэйшыя вучні мясцовай школы, вызваленыя ад заняткаў, настаўнікі, прадстаўнікі муніцыпальнай улады і жыхары.

Тут адбылася і цікавая сустрэча з мясцовым жыхаром Віктарам Грынкевічам. Пасля некаторай засцярогі гэты чалавек нечакана прызнаўся, што яго сапраўднае імя — Вікенцій і што ён — сын Адама з жалудкоўскай парафіі на Гродзеншчыне. Наіўна паверыўшы артыкулу з савецкай газеты, уцякаючы ад калектывізацыі, ён калісьці кінуўся разам з сябрамі ў пошуку шчасця і лепшай долі ў Сібір. І вось тут, як казаў сам, «адпакутаваў усё жыццё». Убачыўшы каталіцкага святара, ён доўга плакаў, як дзіця, не верачы, што гэта праўда. Прысутнасць гэтага чалавека каля крыжа была так дарэчы, бо ён — прадстаўнік той безлічы раскіданых па свеце сірочых дзяцей нашай зямлі і нашага Касцёла.

На месцы пахавання кс. Адама Станкевіча каля вёскі Шаўчэнка разам з каталіцкім святаром маліліся праваслаўны святар а. Уладзімір Рапацэвіч (яго дзядуля паходзіў з Крэва) і мясцовыя краязнаўцы доктар Яўген Селязнёў, Аляксей Цэдрык, якія дапамаглі адшукаць гэты парослы лесам пагост.

Крыжы зрабілі мясцовыя жыхары, якія прымалі нас гасцінна, чула, з пачуццём годнага болю і разумення. Тут раптам знайшлося ўсё: і тэхніка, што дойдзе ў закінутыя мясціны былых лагерных калонаў, і матэрыял, і людзі. Сімвалічна, што крыж на месцы пахавання айца Цікоты ўстанавілі сваімі рукамі вучні старэйшых класаў Навачунскай школы.

Усё было проста: «З глыбіні да Цябе гукаю, Пане… Вечнае спачыванне…». Кроплі асвячонай вады…

Але тут, на гэтай шматпакутнай іркуцкай зямлі, усё мела зусім іншы сэнс — кожнае слова, кожны жэст, кожны пагляд. Недалёка ад магілы айца Андрэя Цікоты — пусты пляц, на якім калісьці размяшчаліся баракі, рэшты агароджы і ў некалькіх месцах вялізныя клубкі калючага дроту… Кавалак гэтага дроту прыедзе на нашу Радзіму і абдыме крыж пілігрымаў, з якім мы пакрочым сёлета з Барысава ў Будслаў і ў Росіцу.

Тут жа засталася і лагерная прахадная, якая потым стала хатаю для звычайнай сібірскай сям’і. Сёння ў ёй жыве ўжо чацвёртае пакаленне. Побач — схілены да зямлі вялікі дом, дзе жыў начальнік гэтага жудаснага прадпрыемства, імя якому — «Лагпункт № 038».

Айцец В. Пялінак MIC каля крыжа
на месцы пахавання
кс. А. Станкевіча.

Каля могілак кс. Адама Станкевіча — парослыя хмызняком грудочкі зямлі, некалькі збуцвелых каталіцкіх крыжоў, пастаўленых у розных месцах. А далей — рэшткі цэнтральнай лагернай бальніцы, «праслаўленай» балючымі ўспамінамі выжыўшых вязняў.

На адным з гэтых асвячоных крыжоў – калючы дрот, падабраны на тэрыторыі былога лагеру. Той самы, на які кожны дзень пазіралі іх вочы. Пад крыжамі — зямля з родных мясцінаў гэтых беларускіх святароў: з магілы бацькоў і з-пад парога хаты.

Мясцовыя жыхары слухалі малітву на беларускай мове моўчкі і са слязьмі. Дзякавалі нам, а мы — ім. А потым загучаў «Магутны Божа…» Праз шэсцьдзесят гадоў тут, у далёкай і чужой Сібіры, зноў маліліся за Беларусь...

Няма сумнення, што пакуты і смерць архімандрыт Андрэй Цікота і кс. Адам Станкевіч прымалі з думкаю пра сваю родную зямлю, з якой іх вырвалі з карэннем.

Два беларускія памятныя крыжы пад Тайшэтам — не проста знак цярпенняў у савецкім ГУЛАГу двух беларускіх святароў, але і ўсіх нашых землякоў, забытых і невядомых. Яны — знак надзеі на ўваскрасенне не толькі нявінна закатаваных, але памяці і годнасці ўсяго нашага народа.

 

Важна, што гэта адбылося. Важна, што ўпалі кроплі асвячонай вады на гэтыя месцы. І добра, што ў нашы дні менавіта з таёжных лясоў Усходняй Сібіры ўзнесліся словы: «Зрабі свабоднай, зрабі шчаслівай краіну нашу і наш народ…».


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY