 |
|
* * *
Пракаціліся слёзы
па Хрыстовым абліччы.
На Галгоце засуха.
Калючкі цярноўніка
смыляць у кожным з нас.
|
|
* * *
Займаецца на зару.
Патаема ночы
ўскалыхала вадзіцу.
Сорам — азерца развіднеласці.
|
|
* * *
Над перажытай разгубленасцю
зазыўна пазвоньвае
патанчэлае лісце пачуццяў.
|
|
* * *
Вытыркаецца комін
праз рэбры крокваў
асірацелай вёскі.
На глобусе Беларусі вые труба:
з безназоўнай безлюдзі
мяне азывае.
|
|
* * *
Навокал былога млына —
пятля пустэчы.
Шалупінне не прарастае.
|
|
* * *
Раніца набрыняла перазовамі.
Лёзныя словы ідуць папасвіцца.
Няласкавыя — бягуць на ловы.
Поўдзень — подыум роздуму:
што скажам на выпускным вечары
абязмоўленай адукацыі?
|
|
* * *
Будзіцелі ратавалі чэхаў міфам і ласкай.
Нэруда Ян звяртаўся да свайго народа:
«Высмейваю заганы я твае.
На большае любові не стае».
Але не хапіла смеласці перакласці верш,
які пачынаўся такімі радкамі:
«Народ мой, я цябе люблю,
таму маю права цябе ненавідзець...»
Мая генетычная памяркоўнасць —
унутраная цэнзура.
Заблудзіўся Майсей
між Дзвіною і Прыпяццю.
|
|
* * *
Летапіс цвердзіць
трывалую стойкасць даўнасці.
Зімапіс перапыняе
адважнае шэсце будучыні.
|
|
* * *
Апошнія кроплі вячэрняга дожджыка
літаркамі свецяцца ў рэшаце неба.
Пачатковая школа восені
чакае маю настаўніцу
з незабытай вясны кахання.
|
|
* * *
Днее. Просвірка сонца завісла
над свіронкамі нашых душаў.
Прычашчаюся пэўнасцю.
Свіран перастае свіргатаць.
Ганак абвіваецца промнямі.
Заходзяць у маю вітальню
блікі сваякоў, родзічаў, крэўных...
Для спагады споведзі —
Ойча нябесны.
Будзь воля Твая!
|
|
* * *
Кулакі курганоў —
пералапачаныя.
Апусцелыя жменькі продкаў
просяць міласціну.
...а бязлітасных выправім жабраваць.
|
|
* * *
Уяўляю дызайн аседласці:
вясёлая крона,
самотны камель,
тужлівыя карані.
А я не прышлы:
сам пан у родзе.
Удоўж і ўшыркі
ў стагоддзях ходзім.
Уяўляю дызайн адвечнасці:
крона — у рыштаваннях,
камель — у друзе,
карані —
у Вялікім Княстве Любові.
Над назваю — насып.
Жвір журбы разрыхлю!
|
|
* * *
Апостраф убрыквае слова.
Двукоссе яго зашорвае.
А мяккі знак увекавечвае
маё маўленне.
Нічога не кажу пра «ў» —
нескладовае для суседзяў:
гжэчным капялюшыкам
вітае іх па-шляхецку.
|
|
* * *
Вакол майго дома
спадзеўнымі зоркамі-заклёпкамі
я змацоўваю ў суткі-содні
кожныя дзень і ноч, —
каб іржавыя знічкі
не ўтыкнуліся
ў прыдуманую імі
дамавіну Бацькаўшчыны.
|
|
 |