Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(61)/2012
SUMMARY
Благаслаўлёныя Крыжам

«ЦЯРПЕННЕ — НАЙВАЖНЕЙШАЯ ЧАСТКА ПРАЦЫ»
З катэхезаў айца Максімільяна Кольбэ
Постаці

НЕЗВЫЧАЙНЫ І НЕЗАМЕННЫ
Пераклады
Галерэя
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Постаці

РУПЛІВЕЦ НА БОЖАЙ НІВЕ
Нашы святыні

...ТОЛЬКІ КАСЦЁЛ
Memoria


БЕЛАРУСКІЯ ПАМЯТНЫЯ КРЫЖЫ ПАД ТАЙШЭТАМ
Постаці
Літаратуразнаўства
Асобы
Данута БІЧЭЛЬ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Нашы святыні
Мастацтва
Гісторыя

КРЫЖОВЫ ШЛЯХ

Наталля СЯРГЕЕНКА

ТРАГЕДЫЯ СВЯТАРА
АДОЛЬФА ФІЛІПА

Нараджэнец маёнтка Забалацце Лепельскага павета Віцебскай губерні, будучы ксёндз Адольф Філіп з’явіўся на свет 1 лістапада 1885 года. У няпросты час давялося яму служыць Богу і людзям — у няпросты час і ў краіне, дзе перамяшалася, пераблыталася дабро са злом...

 

Ён скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю ў Пецярбургу. Сакрамэнт святарства прыняў у 1909 годзе ва ўзросце 24 гадоў. Служыў у расійскім горадзе Луга, потым — капеланам у Дзвінску (Даўгапілсе).

З 1922 года ксёндз Філіп служыць на Дрысеншчыне (цяпер Верхнядзвіншчына). Дрысенская, валынецкая, асвейская парафіі былі даволі шматлюдныя на той час у Віцебскай губерні. Яшчэ ў час царскай Расіі адсюль выпраўляліся шматлюдныя працэсіі ў Полацк, на штогадовыя ўрачыстасці ў гонар святога Андрэя Баболі. Гэтае свята збірала 23 мая вернікаў з розных населеных пунктаў Віцебшчыны. Так было да 1922 года. Дарэчы, на Полаччыне свята ў гонар пакутніка католіка ў 1853 г. было аб’яднана ўладаю са святам у гонар праваслаўнай святой Еўфрасінні Полацкай.

У савецкай Беларусі рэлігійнае жыццё, як вядома, усялякім чынам абмяжоўвалася. А Віцебская губерня, да таго ж, была падзелена паміж Беларуссю і Польшчай. Мясціны, дзе служыў ксёндз Філіп, знаходзіліся ў гэтак званай памежнай зоне, што яшчэ больш ускладняла вернікам рэлігійную практыку, а святарам — службу Богу і людзям. Напрыклад, наведванне святаром населеных пунктаў павінна было адбывацца са згоды старшыні Асвейскага валаснога выканкама. На думку ксяндза Філіпа, гэта было незаконным умяшальніцтвам у справы касцёльнага жыцця. Менавіта таму 15 лютага 1922 года ён падае скаргу ў Віцебскі губернскі камітэт аб парушэнні гарантый Рыжскай дамовы мясцовай уладай адносна ўнутранага распарадку дзейнасці рыма-каталіцкіх парафій. Святар выклаў у гэтай скарзе факты парушэнняў уладамі дэкрэту аб аддзяленні Царквы ад дзяржавы і факты негатыўных паводзінаў чырвонаармейцаў.

Разгледзеўшы ягоную заяву 8 красавіка 1922 года, Віцебскі губернскі выканкам прапанаваў расстраляць (!) аўтара скаргі на месцы. Аднак праверка і расследванне па скарзе ксяндза Філіпа, якую ён накіраваў таксама і ў Цэнтральны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, сялянскіх і казацкіх дэпутатаў Расійскай рэспублікі, выявілі абгрунтаванасць яго прэтэнзій і нават пацвердзілі некаторыя няправільныя дзеянні старшыні Асвейскага валвыканкама.

У красавіку — маі 1922 года ў Расіі і на тэрыторыі савецкіх рэспублік праводзілася шырокамаштабная кампанія «дапамогі галадаючым Паволжжа». Асноўнаю мэтаю гэтай кампаніі была арганізацыя збору каштоўных прадметаў з цэркваў, касцёлаў і сінагогаў. Кіравала ўсёй кампаніяй знарок створаная камісія, якой дапамагалі супрацоўнікі фінансавага аддзела. Сабраныя з усёй Віцебшчыны каштоўнасці складзіраваліся ў фінансавым аддзеле, а потым перадаваліся ў Маскву. Фінансаванне збору і перавозку каштоўнасцяў забяспечваў Камітэт дапамогі галадаючым. Кантроль за правядзеннем усёй аперацыі ажыццяўляўся ГПУ. Нягледзячы на актыўную агітацыю, гэта кампанія сустракала супраціўленне з боку святарства і насельніцтва.

11 мая 1922 года ксёндз Адольф Філіп адмовіўся адчыніць для камісіі па канфіскацыі касцёльных каштоўнасцяў касцёл святога Станіслава ў Дрысе, а таксама адмовіўся выдаць вопісы ў касцёлах Асвеі і Замошша. Ён тлумачыў гэта тым, што срэбра і золата ў касцёлах не было. Такія дзеянні асвейскага святара фактычна прывялі да зрыву кампаніі па зборы касцёльных каштоўнасцяў па ўсёй губерні. Праўда, улады дрысенскага валаснога выканкама тлумачылі зрыў кампаніі паводкай, але ўжо 26 мая яны выклікалі ксяндза Філіпа ў Дрысу, каб разабрацца з ім. На гэтае пасяджэнне ён не з’явіўся. Замест гэтага святар напісаў скаргу на незаконнасць яго выкліку, пасля чаго нібыта паехаў у Петраград на лячэнне, але насамрэч увесь час знаходзіўся ў Люцыне.

Асобым аддзелам Заходняга фронту на ксяндза Філіпа была заведзеная крымінальная справа па абвінавачванні ва ўкрывальніцтве касцёльных каштоўнасцяў. Вобыск на ягонай кватэры не даў вынікаў: утоеных каштоўнасцяў не знайшлі, былі знойдзены толькі кнігі. Але і гэткі вынік не выратаваў ксяндза ад арышту.

3 лістапада 1922 года ксёндз Адольф Філіп быў арыштаваны ў вясковай хаце ў Замошшы. Пасля 10 дзён утрымлівання пад арыштам яго справа была перададзеная ў Асобую сесію нарсуда Дрысенскага павета. Разбірацельства па справе доўжылася да сярэдзіны 1923 года, пасля чаго святар быў асуджаны па падазрэнні ў пераходзе мяжы, укрывальніцтве часткі срэбраных рэчаў касцёла і ў аб’яднанні вакол сябе антысавецкіх элементаў. Пазбегнуць суровага пакарання (ад пазбаўлення волі на тры гады і да смяротнага прысуду) дапамаглі лаяльнасць народных суддзяў, пратэстны зварот ксяндза Філіпа ў пракуратуру Віцебскай губерні і падтрымка сведкі — святара росіцкага касцёла Пятра Капусты.

«У мэтах ачышчэння памежнай паласы ад непажаданых элементаў» ксёндз Адольф Філіп не быў надалей зарэгістраваны ў Асвеі і як чалавек, які «паходзіць з іншай мясцовасці і нічым не звязаны з памежнаю паласою», быў вымушаны пераехаць на жыхарства да свайго дзядзькі Станіслава Півульскага, у Полацк.

 

Служэнне ў Полацку

У лістападзе 1924 года ксёндз Адольф Філіп распачаў сваю службу ў полацкім касцёле Маці Божай Ружанцовай. У касцёле былі арганізаваныя дзве супольнасці вернікаў: «Беззаганнае Зачацце Марыі» і «Сэрца Езуса». У той час у парафіі шмат распавядалі пра лёс парэшткаў святога Андрэя Баболі, якія працяглы час захоўваліся ў полацкім касцёле. 23 чэрвеня 1922 года парэшткі святога па распараджэнні ўладаў былі раскрытыя і неўзабаве перададзеныя ў Маскву, а адтуль у Рым. У полацкім касцёле беражліва захоўваліся польскія газеты з матэрыяламі пра лёс парэшткаў святога Андрэя Баболі, пра тое, як у гонар гэтага святога ў Рыме праходзіла ўрачыстая святая Імша, а біскуп Цепляк, які суправаджаў парэшткі святога Андрэя Баболі ў Рым, быў на сустрэчы з Папам Рымскім.

За час свайго служэння ксёндз Філіп не раз ладзіў у Полацку святы ў гонар святога Андрэя Баболі, у якіх бралі ўдзел многія вернікі.

Але ўжо на пачатку 1925 года ў Полацкі акружны аддзел ГПУ пачалі паступаць дакладныя пра тое, што ксёндз полацкага касцёла з’яўляецца «ярым польскім патрыётам, праводзіць сярод прыхаджанаў яўную антысавецкую агітацыю і групуе вакол сябе антысавецкія элементы». Так пачалося новае паляванне на святара.

У студзені 1927 года ксёндз Філіп быў арыштаваны «за выкраданне і прысваенне сакрэтнага даклада з акрвыканкама, у якім ахарактарызавана працаздольнасць полацкіх аддзелаў міліцыі і пракуратуры». Друкаваныя аркушы даклада былі знойдзены ў сакрыстыі 22–24 снежня 1926 года. На вокладцы даклада меўся надпіс: «тов. Околович». Даклад складаўся з дзвюх частак. Адна была надрукаваная на машынцы, на ёй рукой ксяндза Філіпа была пастаўлена дата і зроблены подпіс. Другая частка была ў выглядзе брашуры «Полотчина», выдадзенай у друкарні. Тлумачэнне ксяндза было такім, што аркушы даклада выкарыстоўваліся ў касцёле ў якасці абгортачнай паперы і для гаспадарчых патрэбаў.

 

«Полотчина»

Брашура «Полотчина» была выдадзена ўвосень 1925 года Полацкім акрвыканкамам на рускай мове. У ёй змяшчаліся звесткі па гісторыі Полацка, даваліся эканамічны і геаграфічны агляды Полацкай акругі, пералічваліся гістарычныя помнікі горада, узятыя на ўлік і пад ахову дзяржавы. У выхадных дадзеных пазначана, што наклад брашуры складае 2000 экзэмпляраў, але сёння гэтая брашура з’яўляецца бібліяграфічнай рэдкасцю. Чаму?

Першы наклад брашуры складаў 250 асобнікаў і быў выдадзены ў якасці даклада на ІІІ сесію ЦВК БССР — для раздачы на сесіі членам ЦВК. Спецыяльная камісія апрацоўвала і рыхтавала матэрыялы брашуры, аднак у дакладзе меліся звесткі аб Полацкай акрузе, якія, на думку ўладаў, не павінны былі мець шырокай вядомасці. Менавіта гэтыя звесткі склалі другую, сакрэтную частку брашуры. Таму яны і не былі ўключаныя ў друкарскае выданне. У гэтай частцы змяшчаліся звесткі аб негатыўных з’явах у сістэме ўлады і эканамічным развіцці акругі. Напрыклад, у звестках аб рабоце выпраўдома было пазначана, што яго корпус разлічаны на ўтрыманне 90 чалавек зняволеных, а фактычна ў ім утрымлівалася разам з падследнымі 304 чалавекі. Указвалася таксама на недастатковае фінансаванне з боку дзяржавы ўстановаў «сацбезу і пракуратуры, што цягнула негатыўныя наступствы для інвалідаў, адмоўна адбівалася на сістэме правасуддзя акругі».

Абедзве часткі даклада трапілі ў касцёл да ксяндза Філіпа ў снежні 1926 года і выкарыстоўваліся для гаспадарчых патрэбаў. І тым не менш 12 студзеня 1927 года яму было прад’яўлена абвінавачванне ў прысваенні сакрэтнага даклада з нявызначанай мэтай. Пры разбірацельстве было высветлена, што паперы прынёс апальшчык з акрвыканкама па просьбе вартаўніка касцёла Юзафа Цывінскага для таго, каб загортваць аплаткі напярэдадні святаў Божага Нараджэння. Скрутак паперы быў перададзены за 30 капеек. Але нават гэтыя абставіны не адмянілі арышту полацкага ксяндза.

Турэмны здымак ксяндза Адольфа Філіпа.

Арышт

Яго арыштавалі, калі ён наведваў парафіянаў на хутары Катрынава Сакалішчанскага сельсавета. Пры ім было 70 рублёў, гадзіннік «Мозер» з жалезным ланцужком, 5 свечак, 5 запісак і 1 аркуш белай паперы. Падчас вобыску на кватэры было забрана 157 лістоў з перапіскі ксяндза Філіпа са святарамі з Масквы, Барнаула, службовая перапіска з курыяй Магілёўскай дыяцэзіі. Былі забраныя таксама тры агульныя сшыткі з запісамі, тры нататнікі, брашура пра Пілсудскага і тэчка з паперамі (70 аркушаў) аб дзейнасці парафіі.

Ксёндз Адольф прасіў перадаць ягоную справу ў Нарсуд, аднак яна была перададзена ўпаўнаважанаму Полацкага акружнога ГПУ Іллі Грыгор’еву. Следства вялося «с пристрастием». Контррэвалюцыйнай дзейнасцю былі названыя нават візіты святара ў вольны час да ягонага дзядзькі, якія адбываліся два разы на месяц, каб памыцца ў лазні ды потым павячэраць са сваякамі. Брашура «Полотчина» была далучаная да справы і ўсе гэтыя гады праляжала ў ёй.

Падчас следства ад ксяндза Філіпа і ягонай маці была пададзена скарга пракурору па наглядзе за органамі ГПУ БССР і пракурору Вярхоўнага суда СССР. У ёй ішла гаворка «аб інтрызе, створанай упаўнаважаным Полацкай акругі ГПУ Іллёй Грыгор’евым у адносінах да служыцеля культу».

Ксёндз Адольф Філіп не прызнаў прад’яўленых яму абвінавачванняў, даваць далейшыя паказанні адмовіўся, заявіўшы аб «правакатарскіх дзеяннях, якія сталі асабліва частымі апошнім часам з боку некаторых мясцовых агентаў АГПУ у адносінах да каталіцкага духавенства».

20 чэрвеня 1927 года ксёндз Адольф Філіп быў асуджаны па 66-м і 97-м артыкулах і атрымаў 10 гадоў зняволення. Яго чакалі жудасныя Салаўкі. Вартаўніку касцёла і прыбіральшчыку акрвыканкама «за крадзеж сакрэтных папераў» было прызначана зняволенне на тры гады.

Польскі Чырвоны Крыж у снежні 1927 года хадайнічаў аб пераглядзе справы ксяндза Філіпа, аб вяртанні яго з Салаўкоў і амністыі, аднак у хадайніцтве было адмоўлена.

З суровых месцаў зняволення святар Адольф Філіп вярнуўся напрыканцы 1936 года. Цяпер ён ужо не меў права жыць у памежнай мясцовасці, а Полацк у той час належаў да такіх гарадоў. Таму ксёндз Філіп атрымаў дазвол служыць у Віцебску. Праўда, радасць гэтая была кароткаю.

 

У Віцебску

У Віцебску з 1931 года жыў арганісты Адольф Кохан. Пасля таго, як у касцёл святой Барбары прыехаў служыць ксёндз Адольф Філіп, гэты арганіст таксама заахвоціўся граць на службах. Яны жылі разам у доме №35 па Гарадоцкай шашы, разам з імі тут жыў і яшчэ адзін святар — Станіслаў Райко, які прыехаў у Віцебск з Украіны ў 1935 годзе. Ксёндз Станіслаў на той час таксама перацярпеў шмат ганенняў, і цяпер яны падтрымлівалі адзін аднаго.

Аднак нядоўга ім было наканавана паслужыць і ў Віцебску. Усяго праз некалькі месяцаў «вольнага» жыцця абодва святары былі арыштаваныя. На гэты раз іх абвінавачвалі за красамоўныя казанні, якія следчыя назвалі «нацыяналістычнай работай сярод парафіянаў і апрацоўкай іх у паўстанцкім і тэрарыстычным накірунку».

 

Новы арышт і новая справа

Віцебскія святары Станіслаў Райко і Адольф Філіп, арганісты Адольф Кохан і шмат іншых нявінных людзей былі арыштаваныя ў Віцебску на пачатку 1937 года па справе ПАВ (Польская арганізацыя вайсковая). Пры гэтым арышце ў ксяндза Філіпа быў забраны металічны гадзіннік.

20 кастрычніка 1937 года пастановай камісіі НКВД і пракурора СССР ксёндз Адольф Філіп быў прыгавораны да вышэйшай меры пакарання як удзельнік з 1925 года і нібыта кіраўнік польскай тэрарэстычнай арганізацыі ў полацкай акрузе. Ну і, вядома, як «польскі шпіён». Лічылася, што гэтая арганізацыя ставіла на мэце звяржэнне савецкай улады, а таксама тэрарыстычную барацьбу ў тыле Чырвонай Арміі ў выпадку вайны Польшчы з СССР. Разам са святарамі былі асуджаныя яшчэ 112 чалавек, сярод іх і арганісты Адольф Кохан.

...У 1960–1961 гг. па справе ПАВ была праведзена праверка, у выніку якой Ваенны трыбунал Беларускай ваеннай акругі зрабіў выснову аб невінаватасці 79-ці расстраляных па гэтай справе. Было выяўлена, што ў Віцебску ў 1930–1937 гг. не існавала(!) аніякай вайсковай арганізацыі, а супрацоўнікі НКУСа Б.Л.Чэрнамордзік і А.М.Гепштэйн, якія вялі допыты і расследаванне, на гэты раз былі абвінавачаны ў парушэнні сацыялістычнай законнасці.

29 мая 1992 года святары Адольф Філіп і Станіслаў Райко разам з іншымі абвінавачанымі і расстралянымі пакутнікамі з Віцебска па справе ПАВ былі рэабілітаваныя згодна з пастановай ад 6 чэрвеня 1991 года «О порядке реабилитации жертв политических репрессий 1920–1980 гг. в РБ».

Наталля Сяргеенка,
спецыяліст па турызме
турагенцтва «Сем дарог», Полацк.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY