Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(61)/2012
SUMMARY
Благаслаўлёныя Крыжам

«ЦЯРПЕННЕ — НАЙВАЖНЕЙШАЯ ЧАСТКА ПРАЦЫ»
З катэхезаў айца Максімільяна Кольбэ
Постаці

НЕЗВЫЧАЙНЫ І НЕЗАМЕННЫ
Пераклады
Галерэя
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Постаці

РУПЛІВЕЦ НА БОЖАЙ НІВЕ
Нашы святыні

...ТОЛЬКІ КАСЦЁЛ
Memoria


БЕЛАРУСКІЯ ПАМЯТНЫЯ КРЫЖЫ ПАД ТАЙШЭТАМ
Постаці
Літаратуразнаўства
Асобы
Данута БІЧЭЛЬ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Нашы святыні
Мастацтва
Гісторыя

КРЫЖОВЫ ШЛЯХ

Тамара ГАБРУСЬ

КАТАЛІЦКАЕ БУДАЎНІЦТВА
Ў СТАРАЖЫТНЫМ ПОЛАЦКУ

Сафійскі сабор у Полацку
(былы грэка-каталіцкі). ХVІІІ ст.

Сёлета грамадскасцю шырока адзначаецца 1150-годдзе Полацка, найстаражытнейшага горада Беларусі, які ўпершыню ўпамінаецца ў летапіснай «Аповесці мінулых гадоў» пад 862 годам. Зразумела, што сапраўдная гісторыя гэтага горада яшчэ больш даўняя. Той факт, што па тэрыторыі Беларусі праходзіць водападзел басейнаў Балтыйскага і Чорнага мораў, у раннім Сярэднявеччы меў найважнейшае значэнне для яе палітычнага і эканамічнага жыцця, таму транспартныя сувязі ажыццяўляліся галоўным чынам па рэках. У канцы І тыс. н. э. тут праходзіў славуты гандлёвы шлях паміж Візантыяй і скандынаўскімі краінамі, званы ў старажытных летапісах шляхам «з варагаў у грэкі». У сутоку вялікіх і малых рэчак узнікалі ўмацаваныя паселішчы, якія зваліся ў славянаў гарадамі, таму ў геаграфічных крыніцах Заходняй Еўропы наш край называўся «гардарыкай» — краінай гарадоў. Для падарожнікаў-гандляроў яны служылі своеасаблівымі пунктамі пройдзенага шляху і гасцінным прытулкам, але адначасова гарады павінны былі абараняцца ад варожых нападаў і рабаванняў. Паколькі на адной вялікай рацэ ўзнікала некалькі гарадоў, яны звычайна атрымоўвалі сваю назву ад старажытных водных тапонімаў шматлікіх прытокаў.

На правым беразе магутнай Заходняй Дзвіны, галоўнай воднай артэрыі Беларускага Паазер’я, у сутоку яе з невялікай рэчкай Палатой, і паўстаў некалі «град» Полацк. У розных летапісных крыніцах і скандынаўскіх сагах ён меў некалькі аднатыпных назваў: Полотеск, Полотьск, Полтеск, Палтесьюберг. Спачатку гэта было невялікае крывіцкае гарадзішча на востраве ў русле Палаты, памерамі ўсяго 0,1 га і паселішчам вакол яго на тэрыторыі 6,5 га. Ужо ў Х ст. Полацк стаў цэнтрам найбуйнейшага на беларускіх землях удзельнага княства. Тэрыторыя горада ў гэты час пашырылася да 20 га. У 980 г. тут княжыў Рагвалод, забіты кіеўскім князем Уладзімірам Святаслававічам, які гвалтам узяў за жонку яго дачку Рагнеду.

Праўнук Рагвалода, славуты полацкі князь Усяслаў Брачыслававіч, празваны Чарадзеем, у першай палове ХІ ст. перанёс гарадскі дзядзінец на высокі бераг Заходняй Дзвіны, абмежаваны з захаду Палатой. Такім чынам умовы рэльефа стварылі натуральныя перашкоды, якія дапоўнілі штучныя драўляныя ўмацаванні таўшчынёю ў некалькі бярвенняў, што рабіла княжацкую рэзідэнцыю непрыступнай.

Сафійскі сабор у Полацку (былы грэка-каталіцкі). ХVІІІ ст.

Падчас уладарання Усяслава, найбольш верагодна, у 1050–1055 гг., у цэнтры гарадскога дзядзінца палачане ўзвялі велічны сабор у гонар Сафіі — Прамудрасці Божай, адзін з трох галоўных храмаў Старажытнай Русі. Параўнальна з пабудаванымі крыху раней Сафійскімі саборамі ў Кіеве і Ноўгарадзе полацкая Сафія не саступала ім памерамі, дасканаласцю архітэктурнай кампазіцыі, мастацкай выразнасцю сілуэта з сям’ю «верхамі», што таксама сведчыць пра палітычную і эканамічную магутнасць Полацкага княства. Сакральная сутнасць хрысціянскага храма спрыяла патрыятычнаму яднанню палачанаў. Сафійскі сабор стаў сімвалам палітычнай незалежнасці, у ім адбываліся найбольш значныя грамадскія падзеі: ажыццяўлялася «пасажэнне на прастол», абвяшчаліся вайна і мір, прысягала на вернасць князю дружына, прымаліся іншаземныя паслы, складаліся летапісы, перапісваліся кнігі.

Сафійскі сабор стаў першым творам манументальнай мураванай архітэктуры Беларусі. За сваю шматвяковую гісторыю ён некалькі разоў знішчаўся, але адраджаўся, як чароўная птушка Фенікс. Першапачаткова ён быў пабудаваны па ўзору позневізантыйскага цэнтрычнага крыжова-купальнага храма з плінфы і мясцовага каменю, але ўжо меў шэраг тутэйшых архітэктурна-будаўнічых адметнасцяў. Усяго ў старажытным Полацку ў ХІ–ХІІІ стст. было ўзведзена 9 мураваных праваслаўных храмаў, якія мелі агульныя рысы ў тэхніцы муроўкі, архітэктурнай кампазіцыі, дэкоры фасадаў і інтэр’ераў. За выключэннем Спаса-Праабражэнскай царквы, пабудаванай па замове cв. Еўфрасінні Полацкай першым вядомым паводле летапісаў беларускім дойлідам Іванам, яны дайшлі да нашага часу ў архітэктурна-археалагічным стане, на ўзроўні падмуркаў. Гэтая значная па колькасці і гісторыка-культурнай каштоўнасці сукупнасць архітэктурных помнікаў вызначаецца ў гістарычнай навуцы як полацкая школа дойлідства старажытнарускага перыяду.

З канца ваяўнічага ХІІІ ст., калі з усходу краю пагражала татара-мангольская навала, а з захаду — агрэсія крыжацкіх ордэнаў, стратэгічнае значэнне Полацка зноў узрасло. Ужо на пачатку 1260-х гг. тут уладарыў літоўскі князь Таўцівіл, а з 1307 г. Полацк быў дакументальна замацаваны ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. У «Хроніцы Польшчы» Яна Чарнкаўскага пад 1382 г. Полацк названы крэпасцю Белай Русі — гэта адно з найбольш ранніх дакументальных гісторыка-этнічных вызначэнняў нашага краю. На працягу пяці стагоддзяў ядро горада знаходзілася ў кольцы абарончых збудаванняў, што адлюстравана на шэрагу старажытных малюнкаў і мапаў. Княжацкі дзядзінец у ХVІ ст. атрымаў назву Верхні замак, у сувязі з пабудовай непадалёку ад яго, вышэй па цячэнні Палаты, Ніжняга замка.

Кампазіцыйнай і сілуэтнай дамінантай Верхняга замка па-ранейшаму заставаўся Сафійскі сабор, які з канца ХV ст., як вызначыў паводле гістарычных крыніцаў вядомы беларускі гісторык М. Ткачоў, набыў аблічча храма-крэпасці з чатырма абарончымі вежамі. На працягу ХVІІ ст. Сафійскі сабор, які перайшоў да ўніятаў, неаднаразова цярпеў ад пажараў і перабудоўваўся, але нязначна. Вядома, што ў пачатку стагоддзя полацкі ўніяцкі арцыбіскуп Язафат Кунцэвіч зняў вярхі абарончых вежаў «як непатрэбныя і царкве ніякай красы не прыдаваўшыя». Але і праз стагоддзе на плане фартыфікацыйных збудаванняў Полацка 1707 г. Сафійскі сабор, як і раней, прадстаўлены абарончым збудаваннем. Падчас Паўночнай вайны з 1705-га па 1710 г. Полацк быў часова заняты рускімі войскамі (Рэч Паспалітая і Расія выступалі ў гэтай вайне як саюзныя дзяржавы супраць Швецыі). Па загадзе Пятра І, які выгнаў з сабора ўніяцкіх святароў, а дваіх нават забіў, у сутарэннях храма зрабілі склад боепрыпасаў. 1 мая 1710 г. старажытны Сафійскі сабор быў амаль дашчэнту зруйнаваны выбухам.

Адраджэнне Сафійскага сабора адбылося праз 30 гадоў намаганнямі ўніяцкага мітрапаліта і грамадскага дзеяча Фларыяна Грабніцкага, які на працягу 43-х гадоў, з 1719-га па 1762 г., з’яўляўся арцыбіскупам Полацкім. Ён рэфармаваў базыльянскія кляштары сваёй епархіі, дбаў аб адукацыі вернікаў, па яго загадзе і пад яго наглядам былі ўзведзены мураваныя ўніяцкія цэрквы ў Полацку, Віцебску, Оршы, Беразвеччы (пад Глыбокім), у мастацкім абліччы якіх расквітнела позняе беларускае барока, званае віленскім. На яго ўласныя сродкі ў 1738–1750 гг. (афармленне інтэр’ера працягвалася да 1765 г.) па праекце віленскага архітэктара Я.К.Глаўбіца быў нанава змураваны велічны Сафійскі сабор, дзе пазней пахавалі яго фундатара.

Як уніяцкі, сабор быў пераарыентаваны алтаром на поўнач, пры гэтым даўжыня старажытнай Сафіі вызначыла шырыню новай. Будынак набыў структуру трохнававай базылікі з трансептам, утвораным старымі ўсходнімі і нанава прыбудаванымі заходнімі апсідамі. Спалучэнне аб’ёмаў рознай вышыні, увенчаных карункавымі франтонамі і галоўкамі з крыжамі, надало збудаванню незвычайную маляўнічасць. Асабліва ўражвае архітэктурная гармонія двухвежавага фасада: верхнія скразныя ярусы вежаў рэзка скарачаюцца ўгору, што стварае ўражанне амаль касмічнай узнёсласці, якое ўзмацняецца размяшчэннем храма на крутым беразе Заходняй Дзвіны, у выніку чаго яго сілуэт адыгрывае выключна важную ролю ў агульнай панараме горада. Рэстаўраваны ў 1980-я гг., Сафійскі сабор і сёння застаецца сакральным сімвалам Полацка і яго найкаштоўнейшым культурным асяродкам.

Першы каталіцкі касцёл, верагодна, быў пабудаваны ў Полацку яшчэ ў ХІІІ ст. ганзейскімі (нямецкімі) купцамі і выкарыстоўваўся імі таксама для захавання тавараў. У 1406 г. вялікі князь літоўскі Вітаўт дазволіў рыжскім купцам, якія вялі з Полацкам актыўны гандаль, пабудаваць тут каталіцкі храм, аднак невядома, ці быў ён дабудаваны, таму што ў больш позніх гістарычных крыніцах пра яго не ўпамінаецца. У 1498 г. каралём польскім і вялікім князем літоўскім Аляксандрам Ягелончыкам у Полацку быў заснаваны адзін з чатырох найбольш ранніх у Беларусі кляштар ордэну бэрнардынаў. Да іныцыятывы яго заснавання далучыўся польскі паэт і царкоўны дзеяч Уладзіслаў з Гельнова, дзякуючы намаганням якога многія палачане прынялі каталіцтва. Выхаванцам полацкіх бэрнардынаў быў Францішак Скарына, які, верагодна, прыняў паўторнае хрышчэнне і стаў звацца Францыскам у гонар нябеснага патрона ордэну. У тым жа 1498 г., у дзень св. Францыска, Полацк атрымаў магдэбургскае права, што, як лічаць гісторыкі, было невыпадкова. Фундацыя на распачатае ў 1502 г. будаўніцтва драўлянага кляштара ў Запалоцці пацвярджалася каралеўскім прывілеем 1504 года. Першы драўляны бэрнардынскі кляштар праіснаваў да 1563 года. Падчас Лівонскай вайны горад быў захоплены войскам маскоўскага цара Івана Грознага. Усе шасцёра манахаў бэрнардынаў (Адам, Бонавентура, Венцаслаў, Даменік, Марцін і гвардыян Павел) былі забітыя татарамі, якія служылі ў царскім войску.

Замест драўляных будынкаў бэрнардынаў у 1696 г. па фундацыі ваяводы полацкага Аляксандра Слушкі быў узведзены мураваны комплекс кляштара з касцёлам св. Ганны. Як бачна на плане Полацка 1707 г., ён размяшчаўся ў цэнтры Вялікага пасада. Кляштар меў выгляд аднапавярховага мураванага жылога корпуса. З поўдня ад яго знаходзіўся аднанававы касцёл з больш нізкай прамавугольнай апсідай прэсбітэрыя. Да галоўнага фасада святыні далучалася масіўная чатырох’ярусная вежа з готыка-рэнесанснымі рысамі. У сярэдзіне ХVІІІ ст. кляштар бэрнардынаў быў перенесены ў Задзвінне, дзе стаў адным з важных стратэгічных пунктаў абароны горада. У 1758–1769 гг. быў змураваны новы аднанававы касцёл з дзвюма вежамі на галоўным фасадзе, які меў план у выглядзе лацінскага крыжа і прыгожую «карону» з чатырох фігурных франтонаў. Архітэктурныя формы святыні, асвечанай у гонар Найсвяцейшай Дзевы Марыі Нябеснай і адлюстраванай на піктаграфічнай карце бэрнардынскіх кляштараў Вялікага Княства Літоўскага, дазваляюць аднесці яе да стылістыкі позняга беларускага барока. У комплекс, абнесены мураванай агароджай, уваходзілі мураваныя, накрытыя чарапіцай, будынкі двухпавярховага Г-падобнага кляштарнага корпуса, плябаніі і лазні, а таксама шматлікія драўляныя пабудовы: амбары, пякарня, піўніца, лядоўня, сараі, стайня. У 1772 г. у ім было 10 законнікаў, існавала школа філасофіі, а з 1810 г. — прытулак для жабракоў. У 1832 г. кляштар быў скасаваны, а касцёл ператвораны ў праваслаўную царкву. На сённяшні дзень захаваліся руіны былога касцёла і жылы корпус бэрнардынскага кляштара.

Двор адноўленага Полацкага езуіцкага калегіума.

Наступнымі ў Полацку былі езуіты, за імі — францішкане і дамінікане. Першыя драўляныя будынкі ўсіх кляштараў неаднаразова цярпелі ад пажараў. Жабрацкія каталіцкія ордэны толькі ў другой палове ХVІІІ ст. здолелі паставіць мураваныя касцёлы, але ў сувязі з хуткім падзелам Рэчы Паспалітай (Полацк увайшоў у склад Расійскай імперыі па 1-м падзеле 1772 г.) ім было наканавана нядоўгае жыццё.

Рэзідэнцыя езуітаў у Полацку была заснавана ў 1579 годзе. Роля Полацка ў гісторыі гэтага ордэну ўнікальная — ён стаў не толькі першым, але і апошнім яго прытулкам на беларускіх землях. Летам 1581 г. пад патранатам караля Стэфана Баторыя і намаганнямі вядомага езуіта, палеміста і прапаведніка Пятра Скаргі ў Полацку быў створаны калегіум — 5-класная навучальная ўстанова філалагічна-тэалагічнага профілю, дзе выкладаліся лацінская і грэчаская мовы, рыторыка, паэтыка, антычная літаратура і Святое Пісанне. Каралеўскім фундушам ад 1582 г. полацкім езуітам былі перададзены ўсе праваслаўныя цэрквы і манастыры горада, за выключэннем Сафійскага сабора, які крыху пазней быў перададзены ўніятам. Першапачаткова будынкі калегіума меркавалася ўзвесці на Востраве ў цячэнні Заходняй Дзвіны, на месцы праваслаўнага манастыра Іаана Прадцечы. Аднак езуіты занялі «ратушнае месца» і пачалі будаваць калегіум на высокім правым беразе ракі, паміж Верхнім замкам і Рынкавай плошчай. Першапачаткова будынкі калегіума былі драўляныя. Пры іх у 1636 г. па фундацыі В. Будака быў пабудаваны і драўляны касцёл на «мураваных крыптах», асвечаны ў гонар cв. Казіміра, але ён быў знішчаны пажарам у 1643 годзе.

Падчас руска-польскай вайны 1654–1667 гг. Полацк быў захоплены войскам маскоўскага цара, пры гэтым калегіум, перад тым часткова адноўлены, цалкам знішчаны. Пасля вайны калегіум хутка адбудавалі, але самі езуіты называлі яго «сціплым». Сярод драўляных пабудоваў у 1682 г. паўстаў адзіны мураваны будынак, заняты бібліятэкай. Будаўніцтва мураванага касцёла пачалося ў канцы ХVІІ ст. (умоўныя выявы комплексу адлюстраваныя на ваенных планах Полацка 1707 і 1720 гг.).

У 1733 г. касцёл езуітаў зноў быў разбураны рускім войскам, але ў тым жа годзе пачалося будаўніцтва новай велічнай святыні, якая сваімі памерамі пераўзыходзіла ўсе пабудовы горада. Яе ўзвядзенне ў асноўным было завершана ў 1738 г., але аздабленне інтэр’ера працягвалася да 1766 года. Касцёл езуітаў быў асвечаны ў 1745 г. у гонар св. Стэфана, нябеснага патрона караля-заснавальніка. Будынак уяўляў класічны архітэктанічны тып трохнававай крыжова-купальнай базылікі з планам у выглядзе лацінскага крыжа. На час будаўніцтва касцёла прыпадае ўдзел у ім і выкладанне ў калегіуме вядомых мясцовых архітэктараў езуітаў, сярод якіх Казімір Мецялкоўскі, муляр Бэнэдыкт Мезер, Марцін Пачобут, Язэп Алендзкі, Базыль Шляхта, Андрэй Жаброўскі. Вядома, што купал святыні ўзводзіў архітэктар езуіт Габрыэль Лянкевіч, які атрымаў прафесійную адукацыю ў Рыме. У стварэнні галоўнага алтара прымаў удзел мастак Сымон Чаховіч, над сніцарскім аздабленнем інтэр’ера працавалі разьбяры Антоні Лазуровіч і Тамаш Быковіч. Італьянскі майстар Дамінік Адам Касперыні пабудаваў тут цудоўны арган, які ў 1838 г. пры перабудове касцёла пад праваслаўны Мікалаеўскі сабор быў перавезены ў Вільню ў былы касцёл езуітаў пад тытулам cв. Яна.

У 1750 г. на месцы ў чарговы раз знішчанага пажарам драўлянага калегіума пачалі мураваць новы грандыёзны комплекс, які разам з касцёлам стварыў велічны архітэктурны ансамбль. Яго агульная плошча складала 7180 м2. Будаўніцтва ішло ў некалькі этапаў. Размяшчэнне трохпавярховага Е-падобнага корпуса на высокім надпойменным плато Заходняй Дзвіны запатрабавала ўмацавання берага мураванаю падпорнаю сцяною. На тэрасе перад галоўным фасадам быў разбіты рэгулярны сад. У падмуркі комплексу былі закладзены мураваныя падземныя вадасцёкі, якія дрэніравалі глебу. Сутарэнні таксама былі абсталяваны вадасцёкамі, у сценах убудаваны вентыляцыйныя хады, а пад цаглянымі і кафлянымі падлогамі праходзілі ацяпляльныя каналы, што стварала высокі ўзровень тэхнічнага забеспячэння і камфорту.

Зала Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта
(былога езуіцкага калегіума).

На 1-м паверсе знаходзілася трапезная, дзе на сценах віселі карціны. Верхні паверх над трапезнай займала славутая бібліятэка калегіума, якая на час свайго расфармавання ўключала 40 тысяч тамоў і з’яўлялася найбагацейшым кнігазборам на Беларусі. Аснову кніжнага фонду складалі выданні XVІ–XVІІІ стст. на польскай, лацінскай, французскай і нямецкай мовах, а таксама літаратура, выдадзеная на Беларусі, у тым ліку ва ўласнай друкарні калегіума.

Калі ў 1773 г. булай папы Клімэнта ХIV ордэн езуітаў быў скасаваны, імператрыца Кацярына ІІ, насуперак буле, вырашыла захаваць ордэн у сваёй дзяржаве, і цэнтрам яго знаходжання стаў Полацк. У 1780 г. імператрыца наведала Полацк, што спрыяла чарговай актывізацыі будаўніцтва калегіума, які стаў магутнаю горадабудаўнічаю і найбагацейшаю культурна-асветніцкаю структураю.

У лютым 1784 г. сюды прыехаў прафесар архітэктуры Габрыэль Грубер, славенец па паходжанні, які з 1785 г. выконваў абавязкі кіраўніка ордэну. Гэта быў чалавек выключных здольнасцяў, які валодаў шматлікімі еўрапейскімі мовамі і веданнем многіх гуманітарных і прыродазнаўчых навук. Ён быў таксама доктарам медыцыны і выдатным мастаком, хаця звычайна яго характарызуюць як архітэктара і матэматыка. Паводле яго праекта, пабудаваны новы корпус злучыў галоўны і тэатральны карпусы: тут знаходзіліся пінакатэка, аздобленая ўласнымі фрэскамі Грубера, музей, хімічная лабараторыя, абсерваторыя і кабінеты па розных дысцыплінах. З полацкім езуіцкім калегіумам звязаны пачатак прафесійнай архітэктурнай адукацыі на Беларусі: тут існавалі 2 факультэты архітэктуры (цывільнай і ваеннай), на якіх у 1802 г. навучалася каля 40 чалавек.

План Полацкага езуіцкага калегіума.

Габрыэль Грубер меў вялікі ўплыў на расійскага імператара Паўла І, пры пасрэдніцтве якога ў 1801 г. атрымаў дазвол папы Пія VІІ на прызнанне ордэну ў межах Расійскай імперыі. На базе калегіума ў 1812 г. была створана вышэйшая навучальная ўстанова — Полацкая езуіцкая акадэмія, якая праіснавала да 1820 года. Дзякуючы ёй горад квітнеў, але асабліва святочна ён выглядаў 1 жніўня, калі пачыналіся вакацыі. Як зазначае Ян Баршчэўскі, выхаванец Полацкай езуіцкай акадэміі, адзін з пачынальнікаў беларускай літаратуры: «У той дзень горад Полацак мог стаць сталіцаю ўсёй Белай Русі». Аднак дзейнасць ордэну была спынена паводле загаду Аляксандра І ад 13.3.1820 г. аб высылцы езуітаў з Расійскай імперыі. Акадэмія зачыняецца, а будынкі і маёмасць езуітаў перадаюцца ордэну піяраў, якія валодалі імі да 1830 г., калі і гэты ордэн быў скасаваны. Бібліятэчныя зборы былі разасланыя ў Пецярбург (389 старадрукаў) і Сімбірск (2080 кніг). Частка іх праз Віцебскую духоўную семінарыю трапіла ў Кіеўскую духоўную акадэмію і г.д. У былым калегіуме размясціўся Полацкі кадэцкі корпус, касцёл жа ў лютым 1833 г. быў пераасвечаны ў праваслаўную царкву ў гонар святога Мікалая Мірлікійскага, якая пазней стала катэдральным саборам Полацка-Віцебскай епархіі. У гэты час комплекс падвяргаўся рэканструкцыі паводле праекта полацкага епархіяльнага архітэктара А.Порта, але, як сведчыць малюнак Н.Орды 2-й паловы ХІХ ст., значных зменаў у яго выглядзе не адбылося.

Касцёл cв. Стэфана ў Полацку (па-езуіцкі).
Малюнак Н. Орды.

Галоўны фасад касцёла св. Стэфана замыкаў з захаду перспектыву планіровачнай восі горада — былой Віцебскай вуліцы. Тэлескапічныя верхнія ярусы амаль 60-метровых вежаў надавалі яго абліччу такую ўзнёслую стромкасць, якой не меў ніякі іншы помнік сакральнай архітэктуры барока на Беларусі. Касцёл езуітаў ствараў асноўную сілуэтную дамінанту горада, нават больш значную за Сафійскі сабор, з якім ён меў мастацка-стылёвае падабенства. Магчыма, гэтая моцная горадабудаўнічая актыўнасць культавага збудавання стала прычынаю таго, што на піку атэістычнага варварства, у 1936 г., вежы касцёла разабралі. Другая хваля вандалізму накрыла ўжо ўвесь комплекс — гэта адбылося падчас хрушчоўскай «адлігі». Рэспубліканская камісія, пры ўдзеле старшыні Дзяржбуда БССР, прыняла рашэнне аб «немэтазгоднасці і немагчымасці» аднаўлення былога ансамбля, які адразу быў зняты з уліку помнікаў гісторыі і культуры. У студзені 1964 г. будынкі касцёла і калегіума былі ўзарваныя (ацалелі толькі паўднёвая частка галоўнага корпуса і заходняе крыло). У новым тысячагоддзі будынкі калегіума амаль цалкам адноўленыя і ў іх з Наваполацка пераведзена УА «Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт». У памяшканнях былога калегіума 22—23 мая 2012 г. адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя «Полацк у гісторыі і культуры Еўропы», прысвечаная юбілею горада, у якой мне давялося прыняць удзел. У заключнай пастанове, прынятай канферэнцыяй, ёсць прапанова аднавіць будынак касцёла св. Стэфана, як гэта зроблена з Успенскім саборам і Уваскрэсенскай царквой у Віцебску.

...У 1812 г. пад Полацкам пры падыходзе напалеонаўскай арміі да Заходняй Дзвіны 5-6 жніўня і яе адступленні 5-8 кастрычніка адбыліся бітвы паміж рускімі і французскімі войскамі. На акварэлі таго часу, якая адлюстроўвае першую падзею, барочны сілуэт бэрнардынскага касцёла распачынае з Задзвіння велічную панараму архітэктурнага ансамбля цэнтра Полацка з шматлікімі двухвежавамі святынямі на процілеглым беразе, сярод якіх на пярэднім плане бачны сілуэт ужо неіснуючага касцёла св. Антонія ордэну францішканаў.

Кляштар францішканаў, які існаваў у Полацку з 1628 г. па фундацыі Тэафіла і Хрысціны Храпавіцкіх, быў скасаваны ў 1833 г. пасля паўстання 1830–1831 гг. Яго драўляныя будынкі размяшчаліся на надпойменнай тэрасе Заходняй Дзвіны, непадалёку ад праваслаўнага Богаяўленскага манастыра. У 1763–1775 гг. была змуравана трохнававая двухвежавая базыліка касцёла св. Антонія Падуанскага, якая вызначалася пышнаю стукаваю аздобаю інтэр’ера. Унутры святыні знаходзіліся пяць барочных алтароў, выкананых у тэхніцы стука (штучнага мармура), на хорах — 10-галосы арган (знішчаны пажарам у 1861 г.). Галоўным фасадам з дзвюма высокімі трох’яруснымі вежамі касцёл быў павернуты на поўнач, а алтарнай часткай — на поўдзень. З шматлікіх планаў Полацка ХVІІІ–ХІХ стст. вынікае, што ў горадабудаўнічай структуры ён ствараў агульную кампазіцыйную мерыдыянальную вось з касцёлам дамініканаў, які стаяў на паўночным баку галоўнай плошчы горада. Ацалелы да нашага часу прамавугольны ў плане двухпавярховы мураваны кляштарны корпус быў узведзены да 1778 года. Ён быў далучаны да касцёла з усходняга боку і сваім строгім выглядам падкрэсліваў пышную пластыку галоўнага фасада святыні, што было характэрна для сакральнай архітэктуры беларускага барока. У комплекс кляштара ўваходзіла таксама некалькі драўляных будынкаў: два гаспадарчых флігеля, амбар, пякарня, стайня. У 1833 г. кляштар францішканаў быў скасаваны і перададзены праваслаўнаму ведамству. Касцёл быў часткова разбураны ў Вялікую Айчынную вайну і канчаткова — пасля яе.

Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Полацку
(па-дамініканскі). Малюнак Н. Орды.

Кляштар дамініканаў з драўляным касцёлам у гонар Найсвяцейшай Дзевы Марыі заснаваны ў Полацку ў 1672 г. канонікам віленскім Ф.М. Гурскім з дазволу Віленскага біскупа Аляксандра Сапегі. Аднак мураваны касцёл закладзены толькі ў 1774 г., пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай, і будаваўся з улікам перапланіроўкі галоўнай плошчы горада, якая праводзілася губернскім архітэктарам Іванам Зігфрыдэнам у сувязі са стварэннем у 1776 г. Полацкай губерні. Асноўнае будаўніцтва святыні прыпадае па часе на 1801–1804 гг., што адпавядала перыяду панавання ў мастацкай культуры Расійскай імперыі ідэяў класіцызму, таму ў архітэктуры полацкага касцёла дамініканаў спалучаныя рысы позняга барока і класіцызму. Гэта была класічная трохнававая базыліка, якая адзіная ў горадзе не мела вежаў. У адпаведнасці з горадабудаўнічай сітуацыяй, касцёл быў павернуты алтарнай часткай на поўнач, а галоўным фасадам — да плошчы. Вышыня будынка была роўнаю палове вышыні кампазіцыйнай дамінанты ансамбля – касцёла езуітаў. Першапачаткова галоўны фасад касцёла дамініканаў завяршаўся масіўным фігурным франтонам з арачнымі нішамі, які ў 1804 г. замянілі невысокім класіцыстычным трохвугольным франтонам. Інтэр’ер аздаблялі 5 разьбяных паліхромных алтароў, на хорах мясціўся 12-галосы арган. З усходу да касцёла прылягаў двухпавярховы Г-падобны мураваны кляштарны корпус, накрыты чарапіцаю. Будынкі комплексу пацярпелі ад пажараў у 1837 і 1843 гг. Пасля паўстання 1863–1864 гг. у былым кляштары былі размешчаны казармы. Касцёл застаўся адзіным у горадзе парафіяльным каталіцкім храмам, але ў савецкі час ён быў закрыты і разбураны пасля Другой сусветнай вайны.

Помнік даволі дакладна адлюстраваны на малюнку Напалеона Орды 1875–1876 гг. з надпісам: «Полацк. Касцёл дамініканаў. Тут ляжыць цела св. Баболі, народж. 1591, памёр 1657». Вядомы каталіцкі місіянер і прапаведнік Андрэй Баболя быў схоплены і закатаваны атрадам казакаў у мястэчку Янаў Палескі на Піншчыне (сучасны райцэнтр Іванава). Цела А. Баболі было прывезена ў Пінск і пахавана ў крыпце касцёла езуітаў, дзе ў 1702 г. было знойдзена нятленным. У 1808 г. яно было перавезена з Пінска ў Полацк і захоўвалася ў касцёле дамініканаў, што і адзначыў Н.Орда. Але вандроўка мошчаў святога на гэтым не скончылася. У 1922–1924 гг. яны экспанаваліся ў Маскве, у Музеі медыцыны, а затым былі перавезены ў Рым і змешчаны ў галоўным саборы ордэну езуітаў Іль Джэзу. Святы кананізаваны Каталіцкім Касцёлам 17 красавіка 1938 года.

 
Касцёл cв. Андрэя Баболі ў Полацку.   Інтэр’ер касцёла
cв. Андрэя Баболі ў Полацку.

Відавочна, што ў азначаных падзеях Полацк меў не апошнюю ролю. Магчыма, з гэтай прычыны адзіны ў горадзе каталіцкі храм, пабудаваны ў наш час (1994–1997 гг., арх. В.Папруга), асвечаны ў гонар св. Андрэя Баболі. Гэта традыцыйная трохнававая базыліка з трохгранным завяршэннем прэзбітэрыя і фасадам-нартэксам з масіўнай чатырох’яруснай вежай у цэнтры, увенчанай вастраверхім шатром з вімпергамі па баках. Двухпавярховыя аб’ёмы абапал цэнтральнай вежы, накрытыя вальмавымі дахамі, нагадваюць дадатковыя абарончыя вежы. Стылістыка збудавання ўвасабляе рэмінісцэнцыі айчыннай готыка-рэнесанснай архітэктуры, што характэрна для сучаснай хвалі эклектыкі. Сціплы, нават аскетычны інтэр’ер святыні падзелены на тры навы, перакрытыя драўлянымі кесаніраванымі столямі. Над міжнававымі аркадамі ў плоскіх філёнгавых рамах размешчаны фрэскі з выявамі сцэнаў жыцця і пакутніцкай смерці святога, якія з’яўляюцца выдатнымі ўзорамі сучаснага манументальнага мастацтва. На хорах размешчаны 20-галосы арган. Тут, пры касцёле св.Андрэя Баболі, адбываюцца майстар-класы для беларускіх арганістаў. Шматвяковая дзейнасць каталіцкіх ордэнаў у Полацку, іх унёсак у яго гісторыка-культурную спадчыну і архітэктурна-мастацкае аблічча заслугоўваюць годнай адзнакі і пашаны ў слаўную гадавіну старажытнага горада.

 
Арган у касцёле
cв. Андрэя Баболі
ў Полацку.
  Юры Габрусь за арганам
касцёла cв. Андрэя Баболі
ў Полацку.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY