Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(78)/2016
Год Міласэрнасці
Святыя асобы

У МІЛАСЭРНАСЦІ НЯМА АЛЬТЭРНАТЫВЫ

СВЯТЫ — НЕ ВЫДАТНІК У БОГА
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Пераклады

НА ШЛЯХУ ДА ЯДНАННЯ

ВЕРШЫ
Лёсы духавенства
Прэзентацыя
Мастацтва
Літаратуразнаўства

ЧУЙНАЕ СЭРЦА
Асобы
In memoriam
Юбілей
Паэзія

НОВЫЯ ВЕРШЫ

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Прэзентацыя
Інтэрв’ю

«У МУЗЫЦЫ ПАВІННА БЫЦЬ ПЕСНАПЕННЕ...»
Спадчына

ДЗЕ ЛУКОНІЦА ЎПАДАЕ Ў ШЧАРУ

Ірына БАГДАНОВІЧ

«ТАЙНА ГЖЭЧНАЕ ПАНІ ЭЛЬЖБЕТЫ...»


Развагі над кнігай Валера Каліноўскага
«ПАНІ ЭЛЬЖБЕТА: Гісторыя адной прыязьні». —
Смаленск: Інбелкульт, 2016

Кнігу, пра якую пойдзе гаворка, хочацца бясконца трымаць у руках, перагортваць яшчэ і яшчэ, ужо ўважліва, з асалодай, прачытаныя старонкі, каб вярнуцца ў лёс гераіні, якой яна прысвечана: «Пані Эльжбета: Гісторыя адной прыязьні». Аўтар кнігі — вядомы журналіст і пісьменнік Валер Каліноўскі, абраў адмысловы жанр партрэта-інтэрв’ю, прайшоў перыпетыямі лёсу сваёй гераіні і стварыў яркі, запамінальны вобраз прыгожай і выключна абаяльнай жанчыны, слыннага вучонага-беларусіста, прафесара Варшаўскага ўніверсітэта, а таксама дыпламата — першага амбасадара Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь (1991 — 1995 гг.) — пані Эльжбеты Смулковай.

Кніга ўзрушвае і захапляе чытача больш як прыгодніцкі ці авантурны раман, бо ў яе аснове ляжаць факты і дакументы, што раскрываюць праўдзівы лёс жанчыны, якая перажыла разам са сваёй сям’ёй усе драмы і трагедыі, якія выпалі на долю беларусаў і палякаў у ХХ стагоддзі, а гэта перадусім жудасныя рэпрэсіі сталінскага таталітарнага рэжыму супраць паняволеных народаў былой расійскай і новай савецкай імперыі. Мужна вытрымаўшы ўсе тыя завеі і сцюжы, ёй дадзена было самой упісаць яркія, поўныя жыццестваральнай моцы і надзеяў старонкі ў гісторыю і культуру менавіта нашай краіны, спрычыніцца да ўмацавання яе дзяржаўнасці, а таксама пакласці новы пачатак садружнасці, супрацоўніцтву і ўзаемаразуменню нашых народаў дзеля будучыні.

Кніга Валера Каліноўскага — гэта не проста пераказ біяграфіі славутага чалавека, вядомай асобы. Гэта глыбокі роздум аб лёсе чалавека ў гістарычным часе і аб часе, які працякае праз чалавечы лёс. У гэтым узаемапрацяканні найважнейшае, можа, не колькасць і незвычайнасць вонкавых падзеяў, а тая ўнутраная дужасць, моц духу, якія дапамагалі рабіць належны выбар, не збочваць з цяжкіх невядомых шляхоў, бачыць наперадзе тое заўсёднае выратавальнае святло, якое дае ўнутраны зрок, выхаваны глыбокай хрысціянскай верай. Аўтар кнігі зрабіў мужнае ўласнае падарожжа ў той Час і Лёс, прайшоў і праехаў не толькі «горнімі», але й балючымі сцежкамі сваёй гераіні, а таму яго аповед так узрушвае чытача. Пані Эльжбета прызналася, што сама даведалася з кнігі нямала новага пра некаторыя абставіны, звязаныя з яе ўласнай біяграфіяй, «да прыкладу, што ўжо расце тайга на месцы сібірскай вёскі Усць-Сільга на беразе Васюгану», куды яе з мамаю і сястрою высадзілі з баржы ў 1941 годзе.

Кніга складаецца з пяці частак, назвы якіх гавораць самі за сябе, і кожная з іх асвятляе найважнейшыя этапы ў біяграфіі гераіні: 1) Эльжуня; 2) Ліза; 3) Эльжбета; 4) Пані прафэсар; 5) Пані амбасадар. Здзіўляе, наколькі глыбока здолеў аўтар увабраць у сваю свядомасць лёс іншага чалавека, перажыць яго ў сваёй душы, творча перастварыць, каб паказаць-адкрыць для іншых. Але гэта было невыпадкова. Якія ж акалічнасці, якія аб’ектыўныя і суб’ектыўныя абставіны паспрыялі таму, што менавіта пані Эльжбета Смулкова, пані прафесар і амбасадар, стала гераіняй новай кнігі пісьменніка. Паслухаем, што гаворыць ён сам пра перадумовы, творчыя імпульсы і нараджэнне задумы стварыць літаратурную біяграфію пані Эльжбеты Смулковай.

«Я ведаю пані Эльжбету з часоў яе працы ў Менску амбасадарам, быў на ейных лекцыях у Варшаўскім унівэрсытэце, на зьмястоўнай навуковай канфэрэнцыі ў Беластоку, прысьвечанай гісторыі, гаворкам і культуры Палесься і Падляшша, калі яна ачольвала катэдру беларускай культуры Ўнівэрсытэту ў Беластоку, слухаў яе выступы на кангрэсах беларусістаў і славістаў у Менску, — піша В.Каліноўскі ва ўступе да сваёй кнігі. — Я глыбока ўдзячны пані Эльжбеце за згоду на вялікае інтэрв’ю, якое заняло цэлы тыдзень у снежні 2014 году і сталася добраю асноваю для напісаньня гэтай дакумэнтальнай кнігі. Я пастараўся разгадаць, кажучы словамі вядомага паэта-дысідэнта, а пазьней манаха Жыровіцкай абіцелі Зьніча, “тайну гжэчнае пані Эльжбеты”, заглянуць у яе дзіцячыя і студэнцкія гады, калі яна фармавалася як асоба, распавесьці пра сямейныя ды асабістыя драмы й трагедыі, якія перажыла яна разам з многімі ў крывавым ХХ стагодзьдзі, паказаць яе лёс як адбітак гісторыі».

Вельмі кранаюць тыя старонкі кнігі, дзе апісваюцца дзіцячыя гады гераіні, страшныя падзеі, якія ёй давялося перажыць. Львоў — калыска яе дзяцінства, там яна нарадзілася акурат на святога Яна, 24 чэрвеня 1931 года. Высакародная паважаная сям’я: маці-настаўніца Яніна Баранова (Schoferówna ў дзявоцтве) паходзіла з сям’і паланізаваных аўстрыйцаў; бацька — інжынер-ляснік Казімеж Баран, паходзіў з польскай сям’і, з Перамышля; яны пабраліся шлюбам у 1929 годзе. Пераломны 1939 год прынёс падзеі, якія абрынулі сям’ю ў бяздонны вір народнай трагедыі, звязанай з жорсткімі рэпрэсіямі сталінізму. Бацьку пані Эльжбеты у ноч на 23 сакавіка 1940 года забралі «людзі ў цывільным», і больш сям’я яго не пабачыла. Ён быў рэпрэсаваны «як службовец польскай адміністрацыі» і неўзабаве расстраляны, падзяліўшы лёс шматлікіх іншых ахвяраў вядомага Катынскага спісу. У маі 1941 года вывезлі ў Сібір і ягоную жонку разам з дзвюма малымі дочкамі Эльжуняю і Марылюсяю. Мужнасць і моц духу дапамаглі жанчыне з дзецьмі выжыць у тых нялюдскіх умовах, а чарговыя гістарычныя перыпетыі — вайна, як ні парадаксальна гэта гучыць, дзіўным чынам дапамаглі выратавацца, вырвацца з тых суровых умоваў — «голаду і холаду Сыбіру», цалкам не прыдатных для жыцця з малымі дзецьмі, і ўрэшце ў 1946 г. вярнуцца на радзіму.

Сімвалічны момант, перажыты ў дзяцінстве, стаў, магчыма, асновай для фарміравання будучага характару гераіні кнігі. Аўтар акрэслівае яго ў якасці эпіграфа да раздзела пра дзяцінства Эльжуні. Гэта словы з успамінаў самой пані Эльжбеты пра ноч арышту бацькі, калі яна, спалоханая дзяўчынка, бачачы чужых людзей, хаваецца ў спальні, заскоквае ў свой ложак: «…Праз хвіліну ў спальню заходзіць бацька ў верхняй вопратцы, адразу за ім чужак у цывільным. Бацька сакрэтным рухам усоўвае мне ў ручку свой заручальны пярсьцёнак: «Памятай, чыя ты дачушка!» Цалуе і сыходзіць. Да болю сьціскаю ў заціснутым кулачку той незразумелы тады скарб…».

Старонка за старонкай разгортваюцца перад чытачом кнігі перыпетыі далейшага лёсу гераіні: яе шлях ад пястункі-дзіцяці Эльжуні, не па гадах пасталелага ў сібірскіх выпрабаваннях падлетка Лізы, удумлівай студэнткі Эльжбеты — да знанага навукоўца-лінгвіста, аўтарытэтнага даследчыка беларускай мовы, польскага беларусіста, які даследуе лінгва- і этнакультурную спецыфіку рэгіянальнага памежжа, са сваёй школай вучняў у Беларусі і ў Польшчы («Пані прафэсар»). Спецыфіка навуковай дзейнасці пані прафесара спрычынілася не ў малой ступені і да таго, што па ўсёвызначальнай волі Усявышняга ёй давялося ператварыцца ва ўдумлівага, разважлівага, спагадлівага ды цвёрдага ў сваіх дзеяннях і перакананнях дыпламата («Пані амбасадар»), які паспрыяў пераадольванню паміж нашымі народамі гістарычнай прорвы, утворанай крывавымі дыктатарамі і іх рэжымамі ў ХХ стагоддзі. Насамрэч, не перабольшваннем будзе сцвердзіць, што пані амбасадар за пяць гадоў сваёй пасольскай місіі паспрыяла дзяржаўнаму адраджэнню нашай краіны, нацыянальнаму ўздыму і беларусізацыі рэлігійнага, культурнага жыцця, яна таксама стаяла ля вытокаў стварэння ўплывовай навуковай арганізацыі «Міжнародная асацыяцыя беларусістаў», якая ўжо 25 гадоў працягвае сваю плённую дзейнасць, аб’ядноўваючы навукоўцаў-беларусістаў з розных краінаў свету.

Важны момант, на якім слушна акцэнтуе ўвагу аўтар кнігі, — сустрэча на жыццёвым шляху гераіні іншых людзей: не тых «чужакоў у цывільным», якія неслі страх і бяду, а блізкіх у высокіх памкненнях і з цёплымі душамі настаўнікаў, дакладней, настаўніц — дасведчаных мовазнаўцаў і педагогаў — прафесараў Галіны Турскай у Торуні і Антаніны Абрэмскай-Яблоньскай у Варшаве, якія скіравалі сваю таленавітую вучаніцу да зацікаўленняў народнымі гаворкамі, благаславілі на тыя аб’ёмістыя ды нялёгкія «палявыя доследы», што правялі яе шляхамі і сцяжынкамі Беларусі, ад вёскі да вёскі, ад мястэчка да мястэчка, дзе яна слухала людзей, збіраючы слоўныя скарбы, заглыбляючыся ў феномен душы і светаўспрымання беларускага народа, у саму з’яву гістарычнага і культурнага памежжа, якая характарызуе Беларусь як злучво традыцый Усходу і Захаду.

Пра сваю дыпламатычную місію пані Эльжбета скажа пазней сакрамэнтальныя словы: «Хацела б падкрэсліць, што сярод дыпламатаў я займаю асаблівае становішча, — калі перастану быць амбасадарам РП у Беларусі, буду амбасадарам беларускай праблематыкі ў Польшчы, паколькі вярнуся да сваёй навуковай спецыялізацыі беларусіста, прафэсара Варшаўскага ўніверсітэта». Так і сталася. Чароўная і мудрая пані Эльжбета са старонак гэтай кнігі і ў сённяшніх сваіх стасунках з беларусістамі нашай Бацькаўшчыны, Польшчы і замежных краінаў пачэсна працягвае быць «амбасадарам беларушчыны», нястомна будуе мост любові і ўзаемаразумення паміж нашымі народамі і краінамі. Кніга Валера Каліноўскага дапамагае глыбока зразумець сутнасць гэтай «пасольскай місіі» не толькі ў вузкім палітычным, але ў шырокім гуманістычным, нават апостальскім, сэнсе падобнага пасланніцтва.

Ірына Багдановіч


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY