|
|
|
№
4(78)/2016
Год Міласэрнасці
Святыя асобы
Вялікія містыкі
Пераклады
Лёсы духавенства
Прэзентацыя
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Асобы
In memoriam
Юбілей
Паэзія
Прэзентацыя
Інтэрв’ю
Спадчына
|
ПАМЯЦІ АЛЯКСАНДРА ЯРАШЭВІЧА
Ён вельмі любіў Італію, і, калі гаварыў пра яе, называючы казачнаю краінаю, яго цёплыя карыя вочы станавіліся таямніча шчаслівымі, як у хлопчыка, мары якога збыліся — ён не раз быў у Італіі. Абразу Маці Божай Снежнай з рымскай базылікі Санта Марыя Маджорэ, самай вялікай з рымскіх святыняў, ён прысвяціў сваю маленькую кніжачку «Маці Божая Снежная ў Беларусі» («Про Хрысто», 2003), у якой упершыню былі пададзены гістарычныя і іконаграфічныя звесткі пра абразы «Снежнай» у Беларусі, бо ён моцна любіў і сваю родную Беларусь, захоплена адшукваючы ў яе сакральным мастацтве сімвалы хрысціянскага адзінства культурнай прасторы Еўропы — у Друі і Гродне, у Нясвіжы і Ішкалдзі, у Ідолце і Ружанах. Даследуючы іканапіс і гісторыю рэлігіі Беларусі, Аляксандр Ярашэвіч пабываў амаль ва ўсіх яе кутках. Між тым, па першай сваёй вышэйшай адукацыі ён, кандыдат мастацтвазнаўства, быў фізікам — закончыў фізічны факультэт БДУ у 1962 годзе і шмат гадоў працаваў у Інстытуце ядзернай энергетыкі ў Соснах пад Мінскам — там і жыў, далёка ездзячы на працу ў горад, але свае Сосны любіў, бо там жа лес, прырода, цішыня… Захоплены мастацтвам, ён стаў навуковым супрацоўнікам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі — працаваў у Музеі старажытнабеларускай культуры, дзе некалькі гадоў быў галоўным захавальнікам фондаў, а ў апошнія амаль два дзесяцігоддзі працаваў у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Быў нашым верным добрым аўтарам, сябрам і дарадцам амаль ад пачатку існавання часопіса, і апошняя яго публікацыя «Адзінства ў разнастайнасці» (пра беларускія абразы Маці Божай, павезеныя на выставу ў Ватыкан) была змешчана ў № 2 за гэты год. Ён мог бы напісаць пра свае любімыя іконы значна больш, але пісаць не вельмі любіў. Апрача згаданай кніжачкі, у нашым выдавецтве «Про Хрысто» выйшла яшчэ адна яго маленькая перлінка — «Абраз Маці Божай Будслаўскай» (2004), і гэтымі кніжачкамі ён вельмі даражыў. Быў адным з аўтараў двухтомнага даведніка «Рымска-каталіцкія могілкі ў Мінску на Беларусі» (Варшава, 1996, 2000), укладальнікам і адным з аўтараў кнігі «Музей старажытнабеларускай культуры» (Мінск, 1998). Ён некалькі гадоў цярпліва, мужна, годна змагаўся са сваёю хваробаю і па-ранейшаму працаваў, жыў штодзённымі клопатамі, усміхаўся. 29 кастрычніка, калі яго адпявалі ў царкве Свята-Елізавецінскага кляштара ў Мінску, ішоў дождж, а потым з’явілася сонца…
Рэдакцыя «Нашай веры»
|
|
|
|