|
|
|
№
4(78)/2016
Год Міласэрнасці
Святыя асобы
Вялікія містыкі
Пераклады
Лёсы духавенства
Прэзентацыя
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Асобы
In memoriam
Юбілей
Паэзія
Прэзентацыя
Інтэрв’ю
Спадчына
|
Дзе Луконіца ўпадае ў Шчару, на пясчаным пагорку паміж Шчараю і шырокім паскам лугоў і балот, стаіць вёска Дубраўка. У 1864 годзе ў вёсцы было 10 поўных сялянскіх гаспадарак на прасторы каля 30-ці гектараў поля, лугоў і папараў… Гэта Радзіма. У 1926-м паехалі мы ўсе на Беларусь. Успамінаю такі выпадак. Волесь, я і хлопцы вярталіся з Багданаўшчыны — даехалі да Шчары, Волесь крыкнуў: — Гоп! — а з другога берагу адказаў Антось: — Тут я, маю лодку! Ноч была ясная, ціхая, спакойная, месячная. Выпраглі каня і далі мне ў рукі павадок, уцягнулі воз і вупраж на лодку і перавезлі на другі бераг. Пасля пераправілі каня. Пакуль Антось запрагаў, Волесь пераправіў нас. Пакуль ехалі дамоў, Волесь з Антосем размаўлялі пра гаспадарскія справы, хлопцы маўчалі. А я падумаў: у такім глухім закутку, пры святле месяца, здарылася падзея — такая простая, такая родная і прыгожая! Прыдумаць нешта падобнае немагчыма. Праз некалькі дзён Волесь ехаў у Букштава дапамагчы сіротам Маліноўскім, дзецям сястры Мальвіны, і мяне з хлопцамі ўзяў з сабою. Калі мы пад’язджалі да разбуранага маёнтка Катчына, насустрач ехаў адміністратар маёнтка Лобзава. Саскочыў з брычкі, прывітаўся і пачаў угаворваць Волеся, каб на зваротнай дарозе абавязкова заехаў у Лобзава да князя Гедройца паразмаўляць пра куплю гэтага маёнтка: — Князь вельмі хацеў бы, каб Вы купілі Катчына! Мы паглядзелі на мураваныя забудовы Катчына, на вялікі двор. Вярталіся ад Маліноўскіх а дзясятай гадзіне ўвечары, у палацы князя ўсе вокны свяціліся. Волесь спыніў каня, падумаў і кажа: — Запозна. Зрэшты, і так не магу купіць гэты маёнтак. Паехалі далей. Я кажу: — Прадай Дубраўку і купі Катчына. Прытрымаў каня і кажа: — Дубраўку прадаць не магу. Дубраўка ані мая, ані твая, ані Антосева. Дубраўка належыць нашчадкам. Дубраўка — гэта радзіма, а радзіма не прадаецца. Скажаш, што ты ў Дубраўку не вернешся, бо згубіў на яе правы? Але ў нас свая праўда, яна больш справядлівая, чым законы. Як трэба будзе табе або тваім дзецям вярнуцца ў Дубраўку, з адкрытым сэрцам тут вас прымуць на зямлю і на працу. Неяк Юзік і Марак пакланіліся, зняўшы шапкі, старэйшаму селяніну, з якім яны былі незнаёмыя. Гэта быў Грыбась Каўбаска. Ён спытаў: — Ці вы Франкавы хлопцы? Даведаўшыся, што Франкавы, зайшоў да Волеся і са слязой на вачах гаварыў аб павазе да старога незнаёмага чалавека… …У канцы лістапада 1935 года Упраўленне падатковай інспекцыі ў Наваградку праз лекарскую камісію па стане здароўя адпусціла мяне на пенсію. Падатковая інспекцыя ў Варшаве выдзеліла мне за 36 гадоў службы, ад снежня таго ж года, паводле шостага разраду, 450 злотых у месяц. Праца ў Наваградку была нам цікаваю: мая сям’я пазнаёмілася бліжэй з тою зямлёю, адкуль мой род. Але жылі мы ўвесь час паасобку, шмат было выдаткаў. Калегі па працы, развітваючыся, падаравалі мне срэбны партсігар. 23 снежня 1935 года, сабраўшы сціплыя манаткі, я з жонкаю і сынам Юзікам выправіўся ў Галубы. На станцыі Ражанка сустрэў нас Францішак Гузель на кані, пазычаным у рыбака з правага берагу Нёмана, каб не перапраўляць свайго каня праз ваду, бо Нёман у той час якраз замярзаў. Мы спазніліся — паўгадзіны перад гэтым Нёман стаў… Рыбак раіў перачакаць у яго дзень-другі, альбо ехаць аж праз Орлю, дзе, магчыма, ходзіць паром. На другім беразе Нёмана Антон Гузель пры вогнішчы нас аклікнуў. Рыбак з сынам прарубалі лёд зігзагамі і, падганяючы, каб хутка садзіліся ў лодку,— лёд тут жа зноў замярзаў — перавезлі нас на другі бераг, чаго нават самі ад сябе не чакалі. За гэтую пераправу зарабілі 5 злотых, дамаўляліся на 3. Пераправа была небяспечнаю — у прарубаныя засекі лёд мог насунуцца і паламаць лодку… Лёд угінаўся, калі мы ішлі да лодкі. Пад Юзікам лёд праламаўся, ён замачыў па калена нагу.
Праз гадзіну мы былі на месцы, дзе нас чакала смачная вячэра з рыбы. Гузелі вызвалілі нам адзін пакой, які называўся «супраціўны». Меў два акны — адно супраць другога, з аднога відаць былі агарод, вуллі і поле. З другога акна відаць надворак з хлявамі і студняю, дарогу, высахлае рукаво возера і вёску. Шмат месца займала печ з прымуркам і плітою, такою, як ва ўсіх тутэйшых хатах. Стаялі два ложкі: вялікі, драўляны, і меншы, жалезны; стол, два крэслы і табурэтка, шафка на посуд. Дроў хапала. У пакоі гаспадароў было шэсць вокнаў, пакоі аддзяляліся сенцамі. Дом стары, але зусім добры, а ганак надаваў яму самавітасці. Вёска Галубы — Наваградскага павета, у канцы, з боку лесу, працавалі скіпідарня і смалярня, якімі кіраваў Лейбавіч, ён жыў наводшыбе. Па закупы ездзілі або хадзілі ў мястэчка Орлю па прыгожай дарозе паміж возерам і сасновым борам. Хлеб, бульбу і ўсе малочныя прадукты нам давалі Гузелі. 28 снежня, адразу пасля свята, нарадзіліся ў іх блізняткі. Слабейшага, безнадзейнага, паводле дыягназу павітухі, узяла пад апеку мая жонка. Назвалі яго Янак. Дзіця хутка паправілася і да нас прывыкла за два гады нашага там жыцця. Маці гадавала Адольфіка і Болесіка, якія з Янкам толькі сустракаліся. Выдалася нагода, і я купіў лодку і сетку (трыгубіцу, 40 метраў) лавіць рыбу. У прыгожыя вечары нацягваў сетку ў возеры і пакідаў, а ранкам даставаў колькі рыбак, даволі вялікіх плотак з чырвонымі вачыма. Рыбы хапала — альбо злоўленай, альбо купленай… Вясной наш гаспадар недалёка ад дома ўзяў дзялянку на вырубку лесу з умовай, што сукі і верхавінкі забірае дадому. Дробнае галлё і кару складалі ў кучы і палілі. Такімі падпальшчыкамі былі мы з жонкаю. У нашы абавязкі ўваходзіла пільнаваць лес ад пажару. Дзялянак для чысткі ад голля было шмат. Вяскоўцы іх сквапна расхапалі. Вёска была ўся ў дыме, зрэшты, прыемна пахла жывіцаю. Гузель назбіраў і прывёз на надворак 90 фураў дроў са сваёй дзялянкі. Лясы належалі князю Чацвярцінскаму. У Зачэпічах, па дарозе ў Орлю, працавалі лесапільні. Адміністратарам па гандлі лесам быў габрэй. Будаўнічае дрэва прадавалася на замежных рынках. Па нейкай прычыне габрэя звольнілі з працы, і дрэва перасталі купляць. Князь думаў, што сам справіцца з замежным гандлем. Не атрымалася, вярнуў таго габрэя — і гандаль зноў пайшоў добра. У Зачэпічах князь пабудаваў касцёлік — сабе і лясным работнікам. Аднойчы ў нядзелю мы ўбачылі сям’ю князя ў касцёле. Адміністратары адсунулі людзей ад алтара, паставілі крэслы для яснавяльможнага панства. Дзве дачушкі спачатку селі ў сярэдніх лаўках, непадалёк ад мяне. У сціплых сукеначках, босыя. Я падумаў, што гэта пакаёўкі, але адміністратар падышоў і папрасіў князёўнаў на ганаровыя месцы. Князь быў сярэдняга росту, крыху паўнаваты, са звіслымі белымі вусамі. У канікулы і ў святы да нас прыязджалі дзеці. Адны канікулы ў нас правялі Воленька Гжэлінская, лясны акадэмік Мірак Равінскі і Зося Мацінская. Мы з Воленькаю хадзілі ў лес па грыбы, ды грыбоў яшчэ не было. Мірак аб’ядаўся піражкамі з ягадамі са смятанай, якія пякла Ірка, вучыўся рубаць дровы. Зося з гаспадароваю дачкою Броняю хадзіла ў лес і на луг. Перад гэтым Францішак Гузель павёў гурток да неруша па маліны. Каля гадзіны ішлі праз пярсцёнак балота. У балоце давялося скідаць порткі. У адным месцы Францішак пераносіў мяне на плячах, але заграз і не мог утрымаць такі цяжар. Прыйшлося мне злезці з плячэй, каб выцягнуць яго. У лясным нерушы маліна яшчэ не наспела. Францішак прасіў, каб не сварыліся, не губляліся. Казаў, што тут водзяцца дзікі, ваўкі, совы і арлы, але ўсяго гэтага, на наша шчасце, мы не спаткалі. Дзікія звяры на волі не любяць, каб імі любаваліся, гэта можна толькі ў заапарку. Затое мы ўбачылі стагадовыя дрэвы і вываратні, якія загароджвалі нам шлях. Францішак казаў, што адпраўляцца ўглыб не варта і небяспечна, можна заблудзіць. А матачнік займае вялікі абшар на некалькі дзясяткаў кіламетраў удоўж і ўшыр. Уваход у пушчу, дзе мы прабіраліся, ведаюць не ўсе з навакольных вёсак. Як канчаецца неруш з другога боку, ніхто не можа сказаць, бо ніхто там не быў. — Можаце ўявіць, як прадзіраецеся праз кусты малінаў і ажынаў, праз густую асаку і зараслі, праз высокі папаратнік? А што пад нагамі — невядома. Можаш напароцца на дзіка альбо на воўка. А зверху сочыць за вамі рысь, падобная да ката, а сама, як шалёны сабака. Скочыць на высачаную здабычу — і вып’е кроў. Чалавек з Другіх Галубоў з лесніком пайшлі на дзікоў, улезлі ў гэтыя нетры — і не вярнуліся. Прыехала паліцыя, хацелі іх шукаць, але сталі на ўскрайку пушчы і не ведалі, куды падацца. Паліцыянт з карабінам пералез праз спрадвечны выварацень і ўбачыў перад сабою, чаго ніколі не бачыў: вялізныя вылупленыя вочы і разяўлены рот, гатовы праглынуць. Паліцыянт са страху выпусціў ружжо, зваліўся ўніз і пакалечыўся. Паліцыянты нікога не знайшлі, вярнуліся з пакалечаным у Орлю… Франак памаўчаў і так страшыць далей: — У мінулым годзе прыехала экскурсія гімназістаў. Кіраўнік, мусіць, вучыўся плаваць у басейне ці ў ванне, захацеў пераплысці «дурны такі Нёман», паказаць усім, які ён смелы плывец. Даплыў да сярэдзіны, дзе быў моцны вір, і ўтапіўся. Мой дзед не ўмеў плаваць, бацька і я жывём пры вадзе, а плаваць не ўмеем. Не хочам рызыкаваць. Можаце ісці далей у гушчар, а я вас тут пачакаю… Усе, аднак, вырашылі перад змярканнем вярнуцца дадому.
Ранкам другога лютага 1936 года выбраліся мы — Гузель з жонкаю Тафіляю і я з жонкаю Ганнаю — на санках у Дубраўку. Ехалі праз лес, толькі тры-чатыры кіламетры лёдам па Шчары. Шэрань ляжала на лапках соснаў. Ціша, спакой, ні душы. Прыехалі хутка, бо санная дарога была раз’езджаная. Дзень праляцеў за гасцінным сталом у братоў. Пагаварылі. Фелікс расказваў пра паляванне. Пабылі на набажэнстве ў касцёліку ў Скрундзях. На другі дзень, паабедаўшы, атрымаўшы ад гаспадыні-імянінніцы гасцінцаў, вярталіся ў Галубы. Неба пацямнела, пачаў падаць снег. Волесь радзіў пераначаваць, а калі ўсё ж ехаць, то пераправіцца праз Шчару на правы бераг, дзе болей прасторы. Пераправіліся праз Шчару ўжо ў цемры, пайшоў густы снег. Настала ноч, пачалася завея, гаспадар, згубіўшы напрамак, пусціў каня на волю, спадзеючыся на яго інстынкт. Аднак конь пералез праз заснежаны плот і сані задам зачапіліся за слуп. Трэба было ўставаць і паднімаць сані. Уехалі ў вёску, якую Гузель ведаў. У канцы вёскі каня завярнулі ўправа, сані паехалі проста, вывернулі пасажыраў і накрылі сабою зверху. Конь стаяў і глядзеў на гэта ўсё з пагардаю. Калі выграбліся з-пад санак, са здзіўленнем заўважылі, што гусь, смятана і ўсе мы — цэлыя і сухія. Наперадзе — 7 міляў Ліпічанскай пушчы аж да самых Галубоў. Праехалі каля чатырох, пачулі плач дзіцяці. Конь спыніўся на хвіліну. Гузель перажагнаўся і сказаў: «Страшыць». Але зноў, далей ад дарогі, пачулі жаласны крык: «Ратунку… ратунку!» Конь занепакоіўся, адпушчаны, пабег хутчэй, і тут перад намі раздаўся спалоханы рогат: «Га-га-га!» — і яшчэ раз: «Га-га-га!» Конь стаў. Гузель павярнуўся да нас і прашаптаў: «Водзіць! Не трэба адказваць!» — пагладзіў спацелага каня. Калі смех у цемры заціх, конь марудна пайшоў наперад, але праз нейкі час пусціўся ў галоп, спыніўся на сваім падворку. Увайшлі ў хату. Гаспадар прысеў на лаве, сказаў Франку, каб выпрагаў каня. Пры вячэры прызнаўся, што ў гэтым лесе часта нехта страшыць... Я ж падумаў, што ездзіць у дзень Маткі Боскай Грамнічнай не трэба: альбо ваўкі нападуць, альбо нешта іншае прычэпіцца. У ліпені 1936 года я з Іркаю паплыў на байдарцы з Галубоў да Дубраўкі — каля 30 кіламетраў. Надвор’е было — проста мара. Ехалі мы супраць цячэння, спыняліся на беразе, каб адпачыць, перакусвалі хлебам з маслам і агуркамі. Калі Нёман чысты і празрысты, то Шчара — яшчэ чысцейшая, яе лічылі каралеваю заплываў на байдарках. Паказваў Ірцы па левым беразе лес у Падрэччы, дзе я малым пасвіў статак. Па правым беразе ракі была пушча, два валокі якой бацька хацеў набыць у Гярбовіча. Даведаўшыся, што Падрэччы па сервітуту належаць скрундзёўскім сялянам, але Гярбовіч пра гэта не сказаў, бацька праз суд адмовіўся ад куплі. Пасля тую зямлю купіў Сачык. Ад казённага лесу па левым баку цягнуцца дубровенскія пашы. Даехалі да мэты, купілі ў рыбака дзве вязанкі рыбы, прасіў 60 грошаў, Ірка дала яму залатоўку. Навязаўшы байдарку ў вусці Луконіцы, праз 15 хвілін мы былі ў маіх братоў. На другі дзень прыехала кампанія пакупацца на Шчары, змочаныя праліўным дажджом, прыбеглі ў школу і ў нашу хату. Сярод іх былі падляснічы з дзвюма дочкамі, Кунца з жонкаю і шваграм, яшчэ некалькі чалавек. Пераапрануўшы іх у сухое, што знайшлося ў хаце, зладзілі танцы, і мы з Іркаю далучыліся. Казік Панасік ім падыгрываў, як умеў. Скончылася забава назаўтра ранкам. Госці любаваліся паводзінамі Іркі, студэнткі ў вясковым строі. Вярнуліся мы з Казікам Панасікам праз некалькі дзён. Плылі з хуткасцю адзін кіламетр за сем хвілінаў. У гэты час наш Юзік знаёміў 22-гадовага рыбака Юліка Гядровіча з вялікім местам Варшаваю, а варшавянаў з высокаю культураю вясковага хлопца. Юліка здзіўляла вандроўка ў цягніку, вялікія прасторы паміж Дубраўкаю і Беластокам, і пасля ажно да Варшавы. Не ўяўляў сабе такой вялікай прасторы. У Варшаве Юзік катаў Юліка на трамваі, на самаходах і ліфтах. Найбольш яму спадабаўся трамвай. У інтэрнаце студэнты прынялі Юліка за абітурыента. Паказвалі яму залы і аўдыторыі. Юзік вазіў яго на аэрадром, а ў Адрыі, рэстаране першага класа, селі за свабодны столік насупраць палкоўніка, які падазрона паглядаў на Юліка. Юліка здзіўляла ўсё: электрычнасць, вада ў кране... Праз некалькі дзён ён вяртаўся цягніком да Ражанкі і да Жалудка. Падарожныя баюць, што ў Швецыі, ці ў Швейцарыі, зусім няма замкоў. У нас было гэтаксама ў вёсках, аддаленых ад вялікіх гарадоў. Там свая культура і цывілізацыя, не горшая за культуру прамысловых цэнтраў. Гарадская культура, якую навязваюць вёскам, толькі марнуе і знішчае добрыя звычаі. Аднойчы, калі мы снедалі, увайшоў у хату вясковец, але глянуў на маю жонку і не хацеў пры ёй гаварыць. Убачыўшы яго разгубленасць, я сказаў, што гэта мая жонка і пры ёй можна смела казаць тое, што ён хоча сказаць мне. Чалавек пачэмхаў патыліцу і заўважыў: «Франак, я прыйшоў да цябе, бо ты наш чалавек. Скажы мне — падаткі трэба плаціць ці не трэба? У Шчучыне сенатар казаў, што плаціць падаткі трэба, праз два тыдні пасол крычаў, што не трэба». Жонка параўнала дзяржаву з кароваю. Як карову накорміш, то яна дае малака. А падаткі дзяржаве патрэбныя на такія рэчы, як чыгунка, фабрыкі, войска, дарогі і іншае. Пераканалі мы яго, і ўся вёска заплаціла падаткі. Вясковыя прадаюць свае прадукты па нізкіх цэнах. Ім шмат не трэба — на махорку, на соль, на керасін, — таму мала бяруць за рыбу і пераправу. Гаспадар выбраўся з сеткаю на возера лавіць рыбу і мяне запрасіў. Злавіў некалькі плотак, а пад канец сярод возера ў сітнягу закінуў сетку і злавіў шчупака на паўтара кілаграма. Плоткі паўкідаў у возера: «На сёння нам хопіць шчупака, а гэтыя няхай паплаваюць». Калі пачыналіся грыбы, я іх збіраў — крыху зранку, крыху падвечар. Прыносіў дахаты па 9—11 баравікоў на тоўстых ножках. Жонка іх чысціла і сушыла на дошцы ў печы. Аднойчы заблудзіў. Дахаты вярнуўся ў 11 вечара. Пайшлі неяк з Юзікам на месца, якое добра ведаў. Знайшлі 9 баравікоў. Сумныя, вярталіся дадому. Каля дарогі Юзік падняў грыб і пытае: «Ці гэта шчыры?» Пачалі шукаць і на паляне, як на звычайным надворку, знайшлі 84 баравікі. Юзік зняў марынарку і запакаваў у яе збор. Прыйшлі дадому, пакінулі дабычу і вярнуліся яшчэ раз на тое месца, знайшлі яшчэ 27 штук. І пасля, вяртаючыся дадому з лесу, знаходзілі там па 10—12 баравікоў. Грыбы ўмеюць рабіць неспадзяванкі: альбо знойдзеш шмат, альбо нічога. Сонечным восеньскім днём збіралі мы з Іркаю арэхі — вялікія, малыя, прадаўгаватыя, круглыя і пляскатыя — на выбар! Арэхі збіраць гэтак жа прыемна, як баравікі! Часта думаю пра сваё дзяцінства і маладосць, успамінаю Дубраўку. У нядзелю Дубраўка пахла блінамі. Жанчыны мелі час і цярплівасць на такое маруднае выпяканне гэтых бліноў. Маліліся проста — гаварылі пацеры, зрэдку бацька чытаў Святое Пісанне, сабраўшы ўсіх. Здаралася — прыходзіў Гародка, яго называлі «Дзядзькоха», і прыносіў глушца альбо цецерука. Глушца бацька аддаваў у школу ў Слонім. Цецерука запякалі. У святы елі вэнджаныя кумпякі, свойскія кілбасы, мёд і сыр.
<...> Найбліжэйшы лекар Навіцкі, які лічыўся добрым, знаходзіўся ў Дзярэчыне. Усе хварэлі на воспу, нават тыя, хто быў прывіты, але тыя — лягчэй. У вёсцы былі тры каталіцкія сям’і — Канановічы, Скібы, Гародкі. Іх хаты выглядалі лепш: мелі коміны, там мылі падлогу, сцены і печы бялілі некалькі разоў на год. Кухні былі ў самой хаце, толькі ў Канановічаў кухня была асобна. Печ з цэглы зрабіў бацька — вялікую, у яе ўлазіла 1/2 фуры дрэва, а пастаўлена была так, што абагравала абедзве палавіны хаты. На кухні была печ, каб выпякаць хлеб. Пліты з фаеркамі ў нас не было. Скібінскі і Гародка мелі печкі з кафлі. Праваслаўныя сем’і ў Дубраўцы — Жакі, Каўбаскі, Езабы, Панасікі — мелі курныя хаты з гліняным токам. У Мазаля, Сукача, Вачгура, Сара, Гадзея, Палусі хаты былі курныя, але з падлогаю. Яны то былі праваслаўныя, але палова іх жанчын гаварыла пацеры па-польску, гэта след нейкага каталіцкага мінулага. Этнограф Міхал Федароўскі лічыў, што ў мінулым гэты абшар засялялі яцвягі, рэшткі якіх ацалелі, схаваўшыся ў балотах, бо на іх нападалі і кіяўляне, і палякі, і літва, і татары… У вялікай вёсцы Вострава каля ста дамоў цягнуліся ў адзін рад паўколам каля пяці кіламетраў, там была царква і жыў бацюшка. У Галынцы быў ураднік. У Дубраўцы над ракою Луконіцаю каля моста стаяла карчма. Габрэй прадаваў трохі гарэлкі, табаку. Заробак у яго быў марны, бо людзі былі бедныя. Маладых хлопцаў забіралі ў войска. Здаецца, дваіх забралі праз гміну на 25 гадоў. Астатніх — на чатыры. З нашай сям’і служыў Фелікс, калі скончыў службу, вярнуўся з Каўказа пехатою. Не ўжывалі мацюкоў і праклёнаў, часам, у злосці, бацька скажа да сына: «Ты — падла!», альбо: «Каб цябе трасца!», «Каб цябе воўк заеў!» Слова «халера» прынеслі з войска. Не было злодзеяў. А калі былі, то дома не кралі. Мозаль жыў у Дубраўцы, а хадзіў з канакрадамі ў іншыя вёскі. Яго абавязкам было хаваць украдзеных коней. Аднойчы бацька пры месяцы злавіў, як Мозаль у нашым свірне перасыпаў з вялікай кадушкі муку ў свой мяшок. Я гэта бачыў. Бацька сказаў высыпаць муку назад. Ён упаў на падлогу і прасіўся: «Дзядзька, даруй!» Бацька загадаў яму спусціць порткі і некалькі разоў пацягнуў лейцамі.
Як сон, зімовы ўспамін. Сядзім мы на куццю за сталом, а за вокнамі — завіруха. Нашы сабакі чакаюць куцці на ганку. Раптам пачынаюць енчыць, адзін дык выбіў шыбу, ускочыў у хату праз акно. Бацька ўхапіўся і адразу камандуе: «Ты — да быдла, ты — да авечак, ты — да коней». Усе зрываюцца і бягуць. А тут дзве авечкі ўжо зарэзаныя, скрадзеныя. Гвалт, лямант, выццё. Зграя каля ста ваўкоў напала на вёску. Ноччу воўка не застрэліш. Падвечар вяртаюся з суседняй вёскі дахаты, а тут чую — бабы крычаць: воўк, воўк! Падняўся я на горку, бачу — воўк прэцца і порткі цягне за сабою: падкраўся, як бабы мылі, украў хоць порткі. У вёсцы вучыліся — «ад хаты да хаты» — чытаць. Толькі брат Караль і я скончылі народнае гарадское вучылішча ў Слоніме. Адам, Волесь, Антось вучыліся чытаць дома. Іх вучыў той са старэйшых, хто ўмеў, найлепшым быў Валяр’ян. Потым — Шышлоўскі. Калі поп даведаўся пра тое, што вучаць па-польску, выдаў паліцыі, мусілі ўцякаць у Амерыку. У бацькі былі ў паліцыі «свае людзі», і яны далі знак, што прыйдуць правяраць у пятніцу ці ў суботу. Прыйшлі, а іх ужо няма. Пасля нас вучыла сястра Мальвіна, пасля Адам. І дзяўчат вучылі чытаць і пісаць, але толькі ў каталіцкіх сем’ях. <...> Мы гулялі ў жоўтым пяску на «Вінцуковай гары», на вяршыні яе раслі дубы і сосны. Пасвілі свіней і адначасна лавілі кошыкам рыбу і ракаў. Гулялі ў мячыкі сваёй работы — укідалі ў спецыяльную ямку, а пасля выкідалі з ямкі, двое баранілі мячык, а ўсе палкамі заганялі яго назад у ямку. Сукач, пасучы каровы, прыгожа спяваў і беларускія, і рускія песні. Найболей любіў я пасвіць цялятаў. Іх было 4 ці 5. За вёскаю быў пагорак, зарослы маладою дуброваю, а навокал жыта і ячмень. Калі цялятаў заганяў у гэтую дуброву, то яны і так не лезлі ў збожжа, а я сабе сядаў пад куст і спаў. Дома — а дзе Франак? Ідзі, Волесь, пашукай, а Франак спіць, накрыўшыся мяшком, з’еўшы яйка і сыр. Бо ранкам то мяне ўгаворвалі: «Уставай, уставай, Франусь, тут табе яечка і сырок!» Не хацелася, але трэба…
Пераклад з польскай мовы
Гл. таксама:
|
|
|
|