|
|
|
№
4(78)/2016
Год Міласэрнасці
Святыя асобы
Вялікія містыкі
Пераклады
Лёсы духавенства
Прэзентацыя
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Асобы
In memoriam
Юбілей
Паэзія
Прэзентацыя
Інтэрв’ю
Спадчына
|
У 2017 годзе свет будзе адзначаць 400-годдзе з дня нараджэння Барталамэ Эстэбана Мурыльё (1617-1682). Адзін з майстроў бліскучай плеяды Залатога веку, Мурыльё найвыразней праявіў стыль барока ў іспанскім жывапісе і ў пазнейшых сваіх творах прадвызначыў стыхію ракако. Усё жыццё мастак служыў Касцёлу і стварыў цэлую галерэю алтарных карцін для храмаў і кляштараў. Важнаю часткаю яго творчасці з’яўляюцца пранікнёныя характарныя партрэты і жанравыя карціны. Яго талент быў ацэнены сучаснікамі — ён стаў лідарам севільскай школы іспанскага жывапісу, меў шмат вучняў і паслядоўнікаў. Нямецкі мастак і гісторык Ёахім фон Зандрарт у сваёй знакамітай энцыклапедыі сучаснага яму мастацтва, выдадзенай у Нюрнбергу кнізе «Нямецкая Акадэмія», або «Picturae eruditae» (1675-1679), з усіх іспанскіх мастакоў спыніў увагу толькі на Мурыльё, называючы яго «найбольш вядомым і цанімым іспанскім жывапісцам па-за межамі Іспаніі». Барталамэ Эстэбан быў самым малодшым з чатырнаццаці дзяцей багатага севільскага цырульніка Гаспара Эстэбана Мурыльё. У сям’і ягонай маці былі жывапісцы і майстры прыкладнога мастацтва. У дзевяць гадоў ён застаўся сіратою і выхоўваўся ў сям’і старэйшай сястры Ганны. У 15-гадовым узросце Мурыльё хадайнічаў аб пераездзе ў Амерыку (калі б гэта здарылася, мастацтва магло б страціць генія). Паводле тагачаснай традыцыі, юнак ужо тады пачынаў навучанне жывапісу. Даследчыкі метадам стылістычнага аналізу ранніх твораў Мурыльё вызначылі як першага яго настаўніка севільскага жывапісца Хуана дэ Касцільё, сваяка яго маці. Мяркуецца таксама, што малады мастак падарожнічаў у Мадрыд і Італію, але большую частку свайго жыцця Мурыльё працаваў у Севільі, на некалькі месяцаў выязджаючы ў Мадрыд для выканання сталічных заказаў. Севілья была найважнейшым культурным і рэлігійным цэнтрам краіны, цэнтрам арцыбіскупства. У горадзе было 60 кляштараў, дзе і працаваў нястомны Мурыльё. На жаль, пажылы мастак моцна пацярпеў, калі ўпаў з рыштаванняў, працуючы над вялікім палатном, — праз некалькі месяцаў ён памёр ад траўмаў. Алтарная карціна «Аздараўленне паралітыка» належыць да позняга перыяду творчасці мастака. Ён выканаў яе разам з пяццю іншымі палотнамі на тэму цудаў Хрыстовых для новага касцёла, пабудаванага ў Севільі Брацтвам дабрачыннасці, якое давала духоўную апеку, медыцынскую дапамогу і прытулак хворым і нямоглым, а таксама асуджаным на смерць. Сам Мурыльё быў членам гэтага Брацтва. Працуючы над палатном, мастак натхнёна выконваў абавязкі братчыка. Фігура Хрыста на карціне знаходзіцца амаль у цэнтры кампазіцыі і дамінуе, але мастак парушае строгую сіметрыю, уносіць у кампазіцыю рух і жыццёвы імпульс. Зразумела, што Езус звяртаецца да паралітыка, які ляжыць каля Ягоных ног, а той адказвае Яму, і гэты дыялог становіцца галоўным сюжэтам палатна. Хрыстус паказаны франтальна, Ягоная постаць поўная велічы. Ступня левай нагі ярка асветленая, і гэты фрагмент выбіваецца з густога ценю, які ахутвае ніжнюю частку фігуры і прастору вакол яе. Здаецца, што Збаўца крочыць, і гэта стрыманая дынаміка задае рытм усёй кампазіцыі. Яркае святло выразна падкрэслівае твар і рукі Хрыста, разліваецца па галаве і целе паралітыка. Усе словы з евангельскага тэксту нібы гучаць у жэстах рук і адлюстроўваюцца ў тварах удзельнікаў дыялогу. На абліччы Езуса квітнеюць дабрыня і ласка, але чытаецца і рашучы заклік: «...устань, вазьмі насілкі свае ды ідзі да дому свайго» (пар. Мк 2, 11). Правая рука Езуса скіраваная да хворага, і гэтая дыяганаль вызначае асноўную канструкцыю кампазіцыі першага плану, у якой чытаецца форма піраміды. Не верыцца, што няшчасны хварэе ўжо 38 гадоў. Ягонае цела ў трактоўцы барочнага жывапісца нагадвае антычную статую, скінутую з пастамента. Мастак з захапленнем вылеплівае пэндзлем, святлом і ценямі галаву паралітыка і моцнае цела з яго мускуламі і жыламі. Напэўна, Мурыльё паказвае той самы момант Хрыстовага цуду, калі толькі пры набліжэнні Сына Божага лядашчае цела інваліда наліваецца здароўем і энергіяй. Чалавек прыпадымаецца і імкнецца да Хрыста, на ягоным твары адбіваюцца пакута і мальба, рукі разгублена разведзены ў жэсце адчаю. Мы згадалі пра агульную канструкцыю кампазіцыі першага плану ў форме піраміды. Дзе ж знаходзіцца апірышча гэтай «піраміды» ў правай частцы палатна? Тут, у самым куце, нечакана ўзнікае нібыта выпадковы жанравы матыў: аблавухі вулічны сабака таксама апынуўся каля купальні. Менавіта яго фігура і замыкае справа кампазіцыю першага плану. Такое ў класічным жывапісе называецца «дзяжурнаю фігураю», але ў дадзеным выпадку гэта не зусім так. Яшчэ з Сярэднявечча выява сабакі сімвалізавала веру, абарону і нават добрага пастыра. Пейзажны матыў у гэтай частцы палатна таксама мае, на наш погляд, сімвалічны характар. Сабака нахіляецца над цяжкім недапрацаваным каменем-квадрам, што ляжыць над цёмным правалам у скале — своеасабліваю сцэнаю для ўсяго дзейства. У грубай прыродзе скальнай пароды мастак выяўляе сутнасць свету матэрыі, які, здаецца, непадуладны ніякім нябесным сілам, а цемра правалу ёсць сімвалам пекла і чалавечага граху, усяго, што супрацьстаіць Хрысту. Але асноўнае дзеянне адбываецца ўсё ж у левай частцы кампазіцыі. Калі разглядаць яе ад ніжняга краю карціны, то бачна, што мастак вылучае на першы план важны для цэльнага вобразу твора нацюрмортны фрагмент. Каля пасцелі паралітыка — лахманоў, кінутых на салому, — Мурыльё арганізоўвае міні-кампазіцыю з прадметаў, у якіх адлюстроўваюцца няшчасце і безвыходнасць жыцця гэтага чалавека: самаробная мыліца, сасуд з абламаным акрайчыкам, пустая гліняная міска. Гэты фрагмент выканананы ў стылі, уласцівым іспанскаму нацюрморту. У іспанцаў мы не ўбачым раскошы і яркасці работ галандскіх і фламандскіх нацюрмарцістаў — гэта заўсёды строгія формы і лініі, праца ў тоне, мінімум выразных сродкаў, лаканічнасць вобразаў. Гэта ёсць дадатковы «радок» у мастакоўскай характарыстыцы няшчаснага паралітыка. А цяпер паспрабуем ахапіць позіркам усю кампазіцыйную лінію самай ніжняй часткі палатна. Паміж правалам у скале і мізэрнымі пажыткамі паралітыка роўна пасярэдзіне мы бачым ярка асветленую ступню Хрыста — уладарны крок Збаўцы вызначае ўвесь вобразны лад карціны, прысвечанай Ягонаму трыумфу. Разам з Хрыстом да паралітыка падышлі тры Ягоныя вучні. У іх тварах — спагада і здзіўленне, гэта тры яркія індывідуальныя характары. Найбольш выразная постаць (мяркуем) святога Пятра, які стаіць побач з Хрыстом. Ягоныя рукі, у жэстах якіх увасобленае перажыванне цуду, упісваюцца ў складаны і дынамічны сэнсавы «вузел» разам з рукамі Хрыста і паралітыка. Усю гэтую фігурную групу кампазіцыйна ўмацоўвае выява калоны непасрэдна за ёю, і такім чынам асноўная дзея разгортваецца на першым плане карціны, што сведчыць пра наследаванне яшчэ і рэнесансавай традыцыі. Пераход на другі і дальні планы кампазіцыі Мурыльё здзяйсняе з дапамогаю архітэктурнага матыву, які адыгрывае ў палатне важнае значэнне. Портык класічных формаў вызначае глыбіню прасторы, а за ім рух углыб забяспечваюць выявы будынкаў. Замыкае фон выява магутнай галерэі. У гэтай прасторы мы бачым фігуры хворых і людзей, якія суправаджаюць іх у чаканні цуду. Хворыя чакаюць цудоўнай з’явы вакол купальні, яны знямоглыя ад слабасці і пакутаў. І вось высока ў нябёсах, сярод сумных хмараў, ярка ўспыхвае золатам Боскае святло — там з’яўляецца анёл (гэтая выява кампазіцыйна знаходзіцца на адным узроўні з галавою Езуса). Няяркі каларыт карціны, тым не менш, дэманструе яркае майстэрства Мурыльё-каларыста. Самы яркі колеравы фрагмент — фігура Хрыста. Самаабмежаванне палітры спалучаецца ў карціне з майстэрскаю распрацоўкаю фарбаў, якія жывуць ва ўладзе цьмянай атмасферы выявы. Танальныя гармоніі забяспечваюць жывую пластыку формаў... Карціна Эстэбана Мурыльё, створаная адданым хрысціянінам, для многіх пакаленняў і для нас сённяшніх з’яўляецца вечным сведчаннем усемагутнай дабрыні і міласэрнасці нашага Збаўцы. Ірына Багдановіч
|
|
|
|