 |
|
* * *
Над Крошынам ізноў пагрымвае.
Чарнее паднябенне неба.
І жырандоляю Багрымавай
Штоноч свяціць касцёлу трэба.
І ўпоцемку жыць могуць людзі,
Раздольна поначы ваўкам,
Сава ў дупле кугікаць будзе,
А як у цемры жаўрукам?
Сузор’е знічкамі не падае.
І рады просьбіты дарам.
Свяціся ж Боскаю лампадаю
У жаўруковых песнях, храм!
|
|
НА РАДЗІМЕ МІХАСЯ СТРАЛЬЦОВА
Прыехаць у сонечны Сычын,
Па вёсцы бязлюднай прайсці.
Ні крыку, ні скрыпу маснічын,
Ні шчэбету ў жоўтым лісці.
Павук на спачын у начоўкі
Па ўласнай драбінцы залез.
У хаты, нібы ў леснічоўкі,
Заходзіць дапытлівы лес.
Бяроза стаіць каля печы,
Асіна дрыжыць ля акна.
Збуцвелую бэльку на плечы,
Здаецца, падхопіць сасна.
На покуць прабралася ліпа,
Ядловец за ёй наўздагон…
І ўжо за сялібай сяліба
Здалася ў зялёны палон.
А злеціць жаўна з паднябесся,
І ўжо неўпрыцям той жаўне,
Ці хаты сабраліся ў лесе,
Ці лес у тых хатах жыве.
|
|
КАЛЫСКА
З мазаікі ўспамінаў-сноў
Збіраю зноў асколкі —
Калыскаю лаўлю ўюноў
Пад восілкам вясёлкі.
Рыбацкай граматы азы
Засвоены сумленна.
Калыска сплецена з лазы.
Рачулка па калена.
Прыбіла плынь да босых ног
Усмешлівую лотаць.
Калыска выгайдала трох.
Ёй даспадобы — лётаць.
Зашыюцца ўюны няхай
У глей пад карнявіска.
Ты зноў мяне пакалыхай,
Калысанька, калыска.
На бераг прыкульгае бай,
І кот-варкот, і ліска.
Ты ўсіх нас разам пагайдай,
Калысанька, калыска.
І покуль дзень той праміне
І прыйдзе вечар золкі,
Калысанька, злаві мяне
Пад восілкам вясёлкі!
|
|
ЯБЛЫНЯ
Яблыневы сад абкошваў дзед,
Размаўляў з казой, збіраў ламачча.
Спадцішка ступала смерць услед —
Дзед яе за дрэвамі не бачыў.
Як убачыў — адвязаў казу,
Пажадаўшы саду даўгалецця,
Пачапіў на яблыню касу
І пайшоў пакорліва за смерцю.
Дзед ішоў прысадамі, мяжой.
А каса галодная люцела
І паіла яблыню іржой,
І ўпілася ёй зубамі ў цела.
Дзед ішоў праз поле нацянькі
Лёгкаю хадою, як калісьці.
Пакруціла ў яблыні сукі,
Пачарнела сярод лета лісце…
Ранкі абмываліся расой,
І стаяла ў жоўтым лістападзе
Яблыня кашчавая з касой
У здзічэлым анямелым садзе.
|
|
* * *
Турэцкі бераг. Шарая гадзіна.
Штурмуе мора ўпартае базальт.
Чуваць аднекуль песня муэдзіна,
А ля пустой таверны грае альт.
Як быццам свету цэламу «бывайце»
Гаворыць тою музыкай скрыпач.
Таверна. Мора. Моцарт і Вівальдзі.
І песня муэдзіна, нібы плач.
Турэцкі вечар зманьвае ў альковы —
Заходзь, багаты лірай і рублём.
Старой дзяржавы сцяг маладзіковы
Над кожным домам, як над караблём.
Плывіце пад тым сцягам, хто ахвочы.
Але пацвердзіць музыка сама, —
Мы розныя з ёй памятаем ночы, —
Чарней за ноч турэцкую няма.
|
|
* * *
З пасланнем ад продкаў — бяроста,
Пісала сатлелага след...
«Лісты — ашчадкніжкі сяброўства»*, —
Меў рацыю ўсё-ткі паэт!
Лісты — красамоўныя крэскі
Да вашых партрэтаў без рам.
Не шліце сябрам эсэмэскі,
Лісты дасылайце сябрам!
Няхай непаспешная пошта
Даставіць вам пісьмы дамоў —
І, нібы той грынаўскі кошык,
Квітнецьме букетам раскошным
Гербарый пачуццяў наноў!
Не крышку, а добрага лішку
Дадасць, не шкадуючы, час
На тую лістоў «ашчадкніжку» —
Вось ён, залаты ваш запас.
Нашто з намі век каратае
Назойлівы скайп і вай-фай?
Хай пішацца слова «вітаю»,
Хай пішацца слова «бывай».
|
|
ДУДА
Памяці Зміцера Сідаровіча
Абселі зыркіх зорак восы
Падшыты золатам кілім.
А з хмарачоса на нябёсы
Душа ляцела пяць хвілін.
Што ёй балістыка і пластыка
Аблок у лёгкай іх хадзе?
Яна, нібы ў падстрэшшы ластаўка,
Жыла ў дудзе.
Дуда журылася жалейкай,
Дуда гукалася сурмой.
І плакала па згубе нейкай,
І звала за радзіму ў бой.
Віднеўся ў вышыні бяздоннай
У вырай-рай птушыны тор.
Душа, застаўшыся бяздомнай,
Віла гняздо з калючых зор.
Ім ані хорам, ані сола
У горняй высі не гучаць.
І Бог паслаў ёй арханёла —
Каб даспяваць, каб не маўчаць.
І стуль, дзе сціхнуў голас трубны,
Дзе ў райскай квецені сады, —
Пачуўся раптам жыццялюбны
Зык арханёльскае дуды.
|
|
ВЯРТАННЕ
Памяці Анатоля Сыса
Хто пайшоў на той свет безыменным,
Хто героем пад мармурам спіць.
Ты ж вярнуўся ў Гарошкаў каменным,
Больш не хочаш ні есці, ні піць.
Без цябе мізарнее застолле,
Растае на Дняпры ледастаў.
Каб ты каменем стаў сярод поля —
Так народ гаварыў. Ты і стаў.
Не за вёскай валун нелюдзімы,
Што ўначы абжываюць сычы,
Ты за пазухаю ў радзімы —
Камень Божы ў яе прашчы.
Для батыявокіх — пагібель,
Абарончы мур для братоў.
Ты і словам цаляў — не хібіў,
Стаўшы каменем — пагатоў.
Плуг замрэ у руках ратая,
А рака ад шаманскіх камланняў,
І далёкае «дух — гэта я» —
Як галёканне старыц і плаўняў.
Не збудуеш для духу турму,
Пройдзе ён і праз вушка іголкі,
І заззяе насустрач яму
Трыумфальная брама вясёлкі.
|
|
ЯК ТРАПІЦЬ У РАЙ
Ён думаў — кар’еру завершыў,
Няўдаліца, лузер, банкрут.
Запіў. І дапіўся да вершаў.
Памёр. І быў з партыі першым
На Божы пакліканы суд.
Спытаў яго Госпад сурова:
— Ты грэшнік вялікі, хаця
Для ўсіх ёсць апошняе слова.
Дзе вынік зямнога жыцця?
І там, дзе струменіў эфірны
Між белых аблок халадок,
Ён Богу — пра ўсе свае фірмы,
Пра ўласны аграгарадок...
Ды Госпадам без цырымоній
Прыпынена споведзь была:
— Служыў ты, як бачна, мамоне,
Для гэткіх — у пекле смала!
Здранцвеў з пераляку памершы:
— О Божа! Суд строгі вяршы,
Але — мо паслухаеш… вершы?
Я… вершы пісаў… для душы.
І там, дзе струменіўся свежы
Між белых аблок халадок,
Ён Богу чытаў свае вершы,
Забыць баючыся радок!
Аблокі, як белыя вішні,
Расквецілі ўсцяж небакрай.
І трапіў падсудны — у рай,
Бо вершы любіў Усявышні.
|
|
АДКАЗ КАРДЫНАЛА
Бабулі дзве, дзядок і маладзіца
Прыйшлі да кардынала на прыймо.
— Вялебны, нам не есца і не спіцца —
На рускай мове хочам мы маліцца,
На мове іншай рады не дамо!
Паслаў нас ксёндз, і храм у нас ёсць новы,
І на алтар сабралі капітал…
— Ваш ксёндз — такі любіцель рускай мовы? —
Спытаўся, памаўчаўшы, кардынал.
О, Ваша Эмінэнцыя, любіцель!
На мове беларускай — ні гу-гу,
Ды дбае так пра нашую абіцель…
І кардынал сказаў: — Дапамагу.
А што далей? Храм узвышаўся новы,
У ім жылі малітва і любоў.
А гэты ксёндз, аматар рускай мовы,
Служыць паехаў некуды ў Тамбоў.
|
Гл. таксама:
Васіль ЗУЁНАК :: ЧЫТАЧ ЧЫТАЧУ — ЯК ПАЭТ ПАЭТУ, АЛЬБО ЛЮБЛЮ ЧЫТАЦЬ СКОБЛУ ::
- * Радок Міхася Стральцова.
|
 |