|
|
|
№
4(78)/2016
Год Міласэрнасці
Святыя асобы
Вялікія містыкі
Пераклады
Лёсы духавенства
Прэзентацыя
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Асобы
In memoriam
Юбілей
Паэзія
Прэзентацыя
Інтэрв’ю
Спадчына
|
Сімяон Полацкі (1629–1689) — выдатны грамадска-палітычны і царкоўны дзеяч, які зрабіў значны ўнёсак у гісторыю славянскай духоўнай культуры, пакінуўшы багатую паэтычную спадчыну. Сваёй творчасцю ён паяднаў дзве магутныя плыні еўрапейскай цывілізацыі — заходнехрысціянскую і ўсходнехрысціянскую. Асаблівую цікавасць выклікаюць вершы Сімяона Полацкага, напісаныя ў перыяд яго вучобы ў Кіева-Магілянскім калегіуме і ў Віленскай акадэміі (прыблізна з 1640-х па 1653 гг.), змешчаныя ім у зборніку «Carmina Varia» («Розныя вершы»)1. Гэты зборнік належыць да беларускага перыяду творчасці С. Полацкага і дае ўяўленне пра культурна-гістарычныя і рэлігійна-філасофскія асновы яго светапогляду, з’яўляючыся ўзорам асветніцкай талерантнасці, якая, акрамя ўсяго, выявілася ў гарманічнай паяднанасці хрысціянскай і антычнай вобразнасці, у выкарыстанні ідэйна-мастацкіх дасягненняў розных культур. Сімяон Полацкі шырока выкарыстоўваў вобразы, сюжэты і матывы як з біблейскай, патрыстычнай, царкоўна-гістарычнай літаратурнай традыцыі, так і язычніцкія міфалагемы, звяртаючыся да персанажаў грэка-рымскай гісторыі, антычнай літаратуры і філасофіі. Сімяон Полацкі жыў у пераходны перыяд ад Сярэднявечча да Новага часу, таму супярэчлівы і складаны характар эпохі не мог не паўплываць на яго. У вершах заўважныя адзнакі традыцыйнага і новага, элементы філасафічнасці мяжуюць з народным светаўспрыманнем, а рэлігійныя тэалагемы — з ідэалогіяй ранняй Асветы. Творчасць С. Полацкага пранікнута гуманізмам, жаданнем удасканаліць чалавечую прыроду, указаць на шляхі духоўнага выратавання. Мысляр засяроджваў сваю ўвагу на неабходнасці сацыяльнага і духоўнага абнаўлення, прапаведаваў гуманістычны ідэал годнасці, інтэлектуальнага і маральнага самаўдасканалення асобы. У беларускі перыяд творчасці С. Полацкага даволі адчувальна праявіўся лаціна-польскі ўплыў, а таксама вопыт заходнееўрапейскага барока (польскамоўныя вершы). Пры гэтым Сімяона Полацкага можна назваць вялікім наватарам, эксперыментатарам у паэзіі. Валодаючы высокай гісторыка-культурнай і багаслоўскай эрудыцыяй, ён па-майстэрску прыцягваў элементы відовішчнасці, тэатральнасці ў рэлігійную паэзію, актыўна выкарыстоўваў свецкія эмблемы, надаючы ім адценне сакральнасці. Згодна з заходняй традыцыяй, творца прытрымліваўся катафатычнага прынцыпу, у аснове якога — аналогіі быцця паміж рэальным светам прадметаў, чалавечых істотаў і Богам, што з’яўляецца добраю нагодаю для дыдактычных развагаў. Мастацкі вобраз у такім разглядзе паўстае не гранічна схаластычным, абстрагаваным, а як бы набывае цялесную абалонку («уцелаўляецца»), што дазваляе больш рэльефна, “плоцева” спазнаць яго сутнасць, яго сімвалічную прыроду. Мастацкія тэксты С. Полацкага беларускага перыяду яго творчасці вылучаюцца даволі багатым арсеналам вобразна-выяўленчых сродкаў. У іх удала паядналася эрудыцыйна-антычная вобразнасць, народна-міфалагічная і хрысціянская сімволіка. Экскурсы ў натурфіласофію суседнічаюць са шматлікімі рэлігійнымі і этычнымі павучаннямі, дыдактыкай. Згодна з эстэтыкай барока, яны маюць пазнавальны змест, інтэлектуальнасць, выразнае імкненне пашырыць межы пазнання і самога чалавека, што сведчыць пра імкненне прадстаўнікоў барочнага мастацтва спалучаць у сваіх творах маралізатарства з забаўляльнасцю, сур’ёзнае з разняволена-пацяшальным. Да таго ж даволі распаўсюджаным прыёмам была ігра кантрастамі, імкненне да афектаў, прыцягненне сродкаў мастацкай экспрэсіі, што таксама спрыяла рэлігійна-дыдактычнай распрацоўцы тэмы, пошукам шляхоў да Бога. Але маралізатарская квінтэсенцыя творцы пазбаўлена ўласцівых еўрапейскаму барока экзальтаваных крайнасцяў і экстрэмізму, месца якіх займае набожнае настаўленне ў духу традыцыйнага хрысціянскага ідэалу. Вучоба ў Кіева-Магілянскім калегіуме, які па сутнасці стаў яскравым сімвалам працэсу збліжэння хрысціянскага Захаду і Усходу, і ў Віленскай езуіцкай акадэміі мела значны ўплыў на светапоглядныя прыярытэты С.Полацкага. У сваёй дысертацыі «Светапогляд Сімяона Полацкага (беларускі перыяд)» У. К. Ігнатаў слушна адзначае, што сам факт знаходжання С. Полацкага ў згаданых навучальных установах праваслаўя і каталіцызму сведчыць аб тым, што яго здабыткам становіцца культываваная духоўнымі спадкаемцамі рэнесанснай «рэспублікі гуманістаў» ідэя экуменізму — мірнага яднання ўсходняй і заходняй Цэркваў з мэтаю пабудовы ўніверсальнага еўрапейскага хрысціянства. Сваёю творчасцю С.Полацкі ўказаў на шлях кампрамісу на аснове агульных хрысціянскіх каштоўнасцяў, культурнага дыялогу Захаду і Усходу, узаемапранікнення нацыянальных і культурна-гістарычных традыцый заходняй і ўсходняй цывілізацый, што можа прывесці да ўсееўрапейскага хрысціянскага ўніверсалізму. Творчасць Сімяона Полацкага беларускага перыяду красамоўна сведчыць пра яго светапогляднае шматгалоссе, паліфанію, арганічны сінтэз формаў заходнееўрапейскага і польскага барока з нацыянальнай традыцыяй і традыцыяй усходнеславянскага пісьменства.
Гл. таксама:
|
|
|
|