Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(78)/2016
Год Міласэрнасці
Святыя асобы

У МІЛАСЭРНАСЦІ НЯМА АЛЬТЭРНАТЫВЫ

СВЯТЫ — НЕ ВЫДАТНІК У БОГА
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Пераклады

НА ШЛЯХУ ДА ЯДНАННЯ

ВЕРШЫ
Лёсы духавенства
Прэзентацыя
Мастацтва
Літаратуразнаўства

ЧУЙНАЕ СЭРЦА
Асобы
In memoriam
Юбілей
Паэзія

НОВЫЯ ВЕРШЫ

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Прэзентацыя
Інтэрв’ю

«У МУЗЫЦЫ ПАВІННА БЫЦЬ ПЕСНАПЕННЕ...»
Спадчына

ДЗЕ ЛУКОНІЦА ЎПАДАЕ Ў ШЧАРУ

У чаканні зімы

* * *

Пакацілася лета за вежы гатычных касцёлаў,
Зачынілася светлае неба на хмары-замкі
І не хоча пускаць заблукалых вандроўных анёлаў,
І яны адлятаюць ізноў на чатыры бакі.

Так і скончыцца свет — ні анёлаў, ні лета не будзе,
Толькі неба і хмары, і вежы, нібыта цвікі,
І малітвы, якія прыдумалі некалі людзі,
Каб спакойна блукаць, вандраваць на чатыры бакі.

* * *

У чаканні зімы на раскіданым вогнішчы лета,
На счарнелым вуголлі пустых, нібы рэха, уцех
Дождж халодны малюе абрысы сляпога паэта,
Рыфмара, што застаўся сам-насам са смехам людзей.

Так, паэт быў сляпы, бо не бачыў высокага неба.
Ён сачыў глыбіню, глыбіня яго выпіла зрок.
У чаканні зімы агаліліся райскія дрэвы,
І лістоту пад імі зграбае купальскі дзядок.

* * *

Эдзіку Мазько

Так шмат дарог вядзе да Пана Бога,
А ты абраў кароткі самы шлях —
Пайшоў наўпрост — па вострых камянях,
Не баючыся да крыві параніць ногі.

Ну што ж, бывай, цяпер ты не адзін.
Ты нас пакінуў цешыцца самотай,
Лічыць гады ад слоты да спякоты,
Сачыць, як з дрэваў сыплецца бурштын,

Глядзець, як падрастаюць нашы дзеткі,
Як вершы спяць у пераплётах кніг,
Як адыходзіць з марамі цягнік
У светлы край жывых і штучных кветак.

* * *

Мяне ратавала вера.
Павернуты да сцяны
Халодных, як золак, вершаў,
Я сэрцам прагнуў вайны.

Я марыў чытаць па рунах
Дажджу малітвы зімы,
Пусты сумлення рахунак
Напоўніць гукам сурмы.

Але не сурмой напоўніў
Сябе, а чорнай турмой,
Якая зацьменнем поўным
Лягла на мой неспакой.

Я думаў: скончацца слёзы,
І лёс саскочыць з ляза
Ілжывых, подлых даносаў.
Ды не. Іскрыцца сляза,

Як сімвал страчанай меры,
Як першы нясмелы крок…
Мяне ўратавала вера.
І я не пайшоў у змрок.

* * *

Палова жыцця пражыта.
Другая палова — міт.
— Чаму ты з вершамі сшытак
Гартаеш і плачаш наўзрыд?
— Мой плач — хвілінная слабасць
З нагоды дзіўнага сну:
Прысніўся нямоглы старац,
Шукаў ён нешта ў пяску,
Худымі грэбаў рукамі
Ва ўсе чатыры бакі.
Пытаюся: «Што шукаеш?»
— «Шукаю вершаў радкі.
Я выкінуў іх у хвалі
Юнацтва бурнай ракі.
І хвалі іх пахавалі,
І сталі пяском радкі.
А я з таго самага часу
Згубіў шчаслівы спакой…»
Я ў твар угледзеўся старцу:
О, Божа! Ён твар меў мой.

* * *

Іржавымі ключамі навальніцаў
Адчыніць лета браму ў райскі сад.
Адтуль ужо не вернешся назад,
Спазнаўшы ўсю трывогу таямніцы.

Адтуль адна дарога — да вады,
У глыбіні якой жыве маўчанне.
Калі папросіш, срэбнымі ключамі
Яно адчыніць браму ў нікуды…

Вершы

Вершы прыходзяць да паэтаў,
Як дзеці да састарэлых бацькоў —
Рэдка, калі проста так,
Звычайна на святы,
Каб споўніць свой
Быццам бы абавязак,
Вяртаюць яны нібы тое,
Што некалі пазычалі,
Хоць на самай справе
Ніхто нікому нічога
Ніколі не быў вінны.
А калі адыходзяць вершы,
Паэты доўга не могуць
Заснуць, узіраюцца моўчкі
У змрок лістапада і снежня
Ці проста ва ўласныя думкі,
І свята чакаюць, чакаюць
Вяртання дахаты
Блудных, любімых дзяцей.

* * *

Маўчання пацалунак змрочны
Вяртае ў сон халодных зор.
Душу шляхамі слёз сірочых
Вяду, хоць кожны крок — лязо.

Трывогай поўніцца свабода.
Свабодай пеняцца гады.
Гараць ад захаду да ўсходу
Душы крывавыя сляды.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY