|
|
|
№
4(78)/2016
Год Міласэрнасці
Святыя асобы
Вялікія містыкі
Пераклады
Лёсы духавенства
Прэзентацыя
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Асобы
In memoriam
Юбілей
Паэзія
Прэзентацыя
Інтэрв’ю
Спадчына
|
У гэтым годзе культурны свет адзначыў 175-годдзе з дня нараджэння слыннай польскай пісьменніцы Элізы Ажэшкі (Eliza Orzeszkowa). Яна нарадзілася 6 чэрвеня 1841 г. на беларускай зямлі, у былым маёнтку Мількаўшчына, што знаходзіўся непадалёк ад Гродна, у сям’і «вальнадумца і вальтэр’янца» Бэнэдыкта Паўлоўскага. У Гродне, куды яна перабралася на сталае жыхарства ў 1869 г., і яго ваколіцах прайшла большая частка жыцця Ажэшкі. Тут 18 мая 1910 г. яна і памерла. «Зоркай першай велічыні» на небасхіле польскай літаратуры памежжа ХIХ–ХХ стст. назваў Элізу Ажэшку ўкраінскі пісьменнік Іван Франко. Яна пакінула пасля сябе каля 60-ці тамоў мастацкай прозы, крытыкі і публіцыстыкі. Усе найважнейшыя праблемы грамадскага жыцця знайшлі ўвасабленне ў яе кнігах. Істотны ўплыў на светабачанне пісьменніцы мела паўстанне 1863—1864 гг., да якога яна спрычынілася як сувязная партызанскага атрада Рамуальда Траўгута, што дзейнічаў на Палессі. Пасля трагічнага зыходу паўстання Ажэшка, рызыкуючы жыццём, пераправіла Траўгута да мяжы Каралеўства Польскага. Жыццё наднёманскага краю стала важным фактарам фарміравання Элізы Ажэшкі як творцы. Нядзіўна, што Беларусь шматстайна прысутнічае ў яе творах. У іх арганічна ўвайшлі беларускія народныя песні, паданні, абрады (беларускаму фальклору яна прысвяціла цыкл нарысаў «Людзі і кветкі на берагах Нёмана», 1888—1893). Веданне этнаграфічных асаблівасцяў і нацыянальнага характару, мовы і побыту беларусаў дазволіла пісьменніцы стварыць іх яркія, запамінальныя вобразы. Літаратурную дзейнасць Э. Ажэшка пачала з апавядання «У галодныя гады» (1866), аднак хутка стала працаваць у жанры рамана. У артыкуле «Некалькі заўваг аб рамане» (1866) яна гаворыць пра такую яго абавязковую якасць, як тэндэнцыйнасць, што ўяўлялася тады пісьменніцай спрошчана: галоўнае ў рамане — тая або іншая публіцыстычная ідэя, якая павінна сцвярджацца не столькі праз яго мастацкую структуру, сюжэт і характары, колькі праз аўтарскія адступленні, праз выказванні герояў-«рэзанёраў». Некаторым даследчыкам гэта давала падставы адносіць шэраг яе ранніх твораў не да мастацкай прозы, а да мастацкай публіцыстыкі, якая, тым не менш, не пакідала чытача абыякавым. Ажэшка ж была пераканана: «Як люстэрка, што цьмяна ці крыва адлюстроўвае прадметы, мусіць быць разбіта, так і раман, у якім грамадства не пазнае сябе, спасцігне хуткае забыццё». Аднак паступова дыдактычнасць і схематызм знікалі, узмацнялася псіхалагічная выразнасць персанажаў. У немалой ступені гэта было плёнам эстэтычнай сталасці Элізы Ажэшкі, хаця і надалей нават самыя значныя яе творы не будуць вольнымі ад ідэяў пазітывізму. Менавіта тыя раманы, у якіх ужо адчувальны адыход пісьменніцы ад канцэпцыі тэндэнцыйнасці, прынеслі ёй шырокую вядомасць: «Марта» (1873), «Пампалінскія» (1876), «Меір Езафовіч» (1878; апошні быў перакладзены на многія мовы ў хуткім часе пасля апублікавання). Адзін з лепшых твораў Элізы Ажэшкі — аповесць «Нізіны» (1884), у якой пададзена шырокая карціна жыцця парэформеннай беларускай вёскі з яе галечай і забітасцю. У бязлітасным асуджэнні асяродку, які спараджае коснасць і прымхі, — пафас яшчэ адной «беларускай» аповесці — «Дзюрдзі» (1885). Зыходным пунктам у пабудове яе сюжэта стала сцэна суда над чатырма сялянамі, забіўшымі жонку вясковага каваля, маладую прыгажуню Пятрусю. Для пісьменніцы важна было звярнуць увагу чытача на той факт, што жахлівае злачынства здзейснілі не нейкія бадзягі або закаранелыя бандыты, а землеўладальнікі, гаспадары, «працаўнікі з чалом, акропленым потам». Аповесці «Нізіны» і «Дзюрдзі» — адны з нямногіх твораў Э. Ажэшкі, пазбаўленых сентыментальнасці і ідылічнасці ва ўспрыманні сялянскага жыцця. На беларускім матэрыяле створана і аповесць Элізы Ажэшкі «Хам» (1888). Маральна-этычная скіраванасць твора палемічна ўвасоблена ўжо ў яго назве: польскія шляхціцы пагардліва называлі сялянаў хамамі, але ў гэтых «хамаў» нярэдка было больш, чым у паноў, унутранай культуры, прагі ведаў, маральнай чысціні і высакароднасці. Менавіта такія якасці ўласцівыя Паўлу Кабыцкаму, рыбаку з прынёманскай вёсачкі. Не толькі глыбокім пачуццём, якое нечакана нарадзілася ў яго сэрцы, але і «святым чалавечым абавязкам выратавання бліжняга» кіруецца ён, беручы за жонку Франку — істоту, поўную супярэчнасцяў, сапсаваную «трагічнымі падзеямі і балотнымі выпарэннямі жыцця», па-свойму шчырую і прывабную. Маральны абавязак, вера ў Бога прымушаюць Паўла цярпець невыносныя душэўныя пакуты, дараваць жанчыне здраду, уцёкі і нават спробу атруціць яго. Асаблівае месца ў творчасці Элізы Ажэшкі займае раман «Над Нёманам» (1887). Па эпічнай шматпланавасці яго справядліва параўноўваюць з паэмай Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Месца дзеяння ў рамане, як і ў аповесцях, — беларуская зямля, аднак стрыжань сюжэта разам складаюць адносіны паміж «вярхамі» і «нізамі» шляхты. «Нізы» — нашчадкі дробных шляхціцаў, якія некалі перасяліліся ў гэтыя мясціны з Польшчы. Уклад іх жыцця ўжо мала чым адрозны ад сялянскага, ды і «вярхі» — насельнікі панскіх маёнткаў — бачаць у іх «мужыкоў», нездарма шлюб Юстыны Ажэльскай з Янам Багатыровічам, яе адыход у «мужыцкую хату» выклікае ў «паноў» жах. Эліза Ажэшка дэталёва ўзнаўляе панараму жыцця польскай шляхты. Прадстаўнікі ўсіх маёмасных слаёў знайшлі сваё месца ў рамане: тут і багаты памешчык Дажэцкі, і Ружыц, які праматаў мільённае багацце, і Бэнэдыкт Карчынскі, з сярэдняй шляхты, залежны ад тых, хто стаіць на саслоўнай лесвіцы на некалькі прыступак вышэй, але і ад яго залежаць і знаходзяцца з ім у пастаянных звадках за лес і зямлю шляхціцы-земляробы, шматлікія жыхары сяла Багатыровічы. Адбываецца і ўнутрысаслоўны падзел, але ўжо духоўнага, маральнага кшталту. Сын Карчынскага Вітальд верыць у роўнасць і брацтва людзей, у «дэмакратычныя ідэі і тэорыі, ажыццяўленне якіх магло, як здавалася яму, адрадзіць моц народаў і перш за ўсё яго радзімы», заклікае дваранаў паяднацца з «малымі і безабароннымі», ісці да іх у «цесныя, цёмныя норы, хаця б гэта пагражала… немінучай гібеллю». Тэма паўстання 1863—1864 гг. займае істотнае месца ў рамане. Наогул, стаўленне герояў да гэтых падзеяў з’яўляецца своеасаблівым крытэрыем іх маральнасці. Успамінам персанажаў пра паўстанне прысвечаны самыя рамантычныя і хвалюючыя старонкі твора. Адно з самых значных апавяданняў Элізы Ажэшкі — «Зімовым вечарам» (1887). Сюжэт твора складаны, і для яго ўвасаблення іншаму пісьменніку спатрэбіліся б, можа, сотні старонак і раманны маштаб. Паводле гэтага сюжэта, якраз у той час, калі горад і яго ваколіцы ўзрушаны паведамленнем уладаў пра ўцёкі з катаргі небяспечнага злачынцы Бонка, рабаўніка і забойцы, у хаце Сымона Мікулы з’яўляецца незнаёмы падарожны. Калісьці ў сям’і Сымона здарылася вялікая бяда: адбыўшы тэрмін зняволення, вярнуўся дамоў сын Ясь, аднак знявечаны турмой характар і няпростыя адносіны з бацькам змусілі яго пакінуць хату, і з таго часу ніхто пра яго больш не чуў. І вось зімовыя вячоркі сабралі ў хаце Сымона моладзь. Хлопцы, узбуджаныя чуткамі пра бандыта і спробай незнаёмца патлумачыць прычыны колішніх жахлівых злачынстваў уцекача, успрымаюць яго развагі як выклік і разам з Аляксеем, сынам Сымона, кідаюцца вязаць вечаровага госця, не падазраючы, што перад імі — родны брат Аляксея, той самы злашчасны Ясь-Бонк. І толькі Сымон, чыё бацькоўскае сэрца не пераставала балець за сына, здагадаўся, хто гэты чалавек, і загадаў адпусціць яго. Галоўныя персанажы апавядання — родныя па крыві, але шмат у чым розныя людзі. І справа не толькі ў тым, што іх разводзяць абставіны: у той час як беглы катаржнік Ясь-Бонк належыць да «адрынутых», астатнія члены сям’і застаюцца добрапрыстойнымі і ў вачах грамадства, і ў сваіх уласных. Апавядальнік невыпадкова падкрэсліць, што Аляксей паводзіць сябе «як заўсёды ганарліва» і самаўпэўнена, што Сымонава нявестка Хрысціна ходзіць, «горда ўзняўшы галаву», з адчуваннем «асабістай годнасці», што сам Сымон — чалавек паважаны і ўладны: «Лёгка было здагадацца, што, калі гэты стары ўстане на ўвесь рост і скажа сваё слова, усе прысутныя паспешліва і старанна зробяць усё, што б ён ім ні загадаў». Аднак агульнае і адметнае паміж героямі абумоўлена не толькі іх сацыяльным статусам. Варта ўзгадаць, якімі наогул уяўляла сабе Э. Ажэшка розныя тыпы людзей. М. Дамброўская пісала: «Апроч тых элементаў, якія цяжка ахапіць розумам, адзін з найважнейшых складнікаў маральнай атмасферы шэдэўраў Ажэшкі — барацьба адно з адным і з лёсам двух тыпаў людзей, прадстаўнікоў двух кірункаў цывілізацыі. Адзін тып — чалавек, які вечна адорвае, у вышэйшай ступені здольны на самаахвярную любоў… ён не прагне ўладарыць і валодаць, заўсёды імкнецца дапамагчы бліжняму і становіцца багацей, шчодра дорачы самога сябе. Другі тып не разумее іншага спосабу стасункаў са светам, апроч улады і багацця». Да першага тыпу людзей, разам з Хрысцінай з «Нізінаў», Пятрусяй з «Дзюрдзі», «хамам» Паўлам Кабыцкім, Марыя Дамброўская адносіць і Сымона Мікулу. Што да Яся Мікулы, дык ён — разам з Франкай з «Хама» і шэрагам іншых персанажаў — з таго асаблівага тыпу людзей, «якія не ў сілах змагацца са сваімі схільнасцямі, кідаюцца ў пошуках шляху паміж гэтымі двума светамі, несучы пагібель сабе і іншым». Сапраўды, постаць Яся неадназначная: па ўсім бачна, што на ім ёсць кроў і ахвяры, але злодзеем ён не нарадзіўся і не выхоўваўся. Вельмі істотна звярнуць увагу на тое, з чаго пачалося падзенне Яся. «Можа, ён першы раз і за справядлівасць пакутаваў, — даводзіць Сымон, яшчэ не ведаючы, што перад ім яго сын. — …бывала, і кажа: “Тата, я заб’ю таго, хто несправядліва прыйдзе забіраць нашу зямлю!..” Зямля па справядлівасці наша была, але… суд мы прайгралі… Прыехаў нейкі высокі ўраднік і двух ніжэйшых з сабою прывёз, і давай яны па полі хадзіць… А нашы хлопцы як выскачаць з косамі, з граблямі ды каламі! Можа, з дваццаць іх было, а мой Ясік спераду… Значыцца, бунт. Значыцца, супраціўленне ўладзе. Ну, пасадзілі іх у турму, судзілі іх. Іншых выпусцілі або сяк-так пакаралі, а яго на тры гады турмы асудзілі. Зачыншчык, кажуць» (апавяданне цытуецца ў перакладзе Янкі Брыля). Да супрацьстаяння з уладамі Яся прыводзяць нежаданне змірыцца з незаконнасцю іх дзеянняў, абвостранае пачуццё справядлівасці. І пазней, калі ён уцякаў з катаргі і кожны раз уладкоўваўся на працу, ці не ад злачыннага «смуроду» ён збягаў? Ды толькі «бяда трасе таго, хто на ёй едзе». «Бяры яго! Як ганчакі за лісою, панясуцца, пакуль назад у гной не загоняць, і скубуць, катуюць, пакуль той зноў не пачне кусацца да крыві! А што яму застаецца?.. Увесь свет вораг, калі ніхто і не падумае ратаваць, а кожны прагне загубіць…» — гучаць з вуснаў Яся роспачныя, адчайна-горкія словы. Ніякі астрог не ў стане ўтрымаць Яся ў сваіх сценах, гэтак імкнецца яго душа на волю. «Я ж не раз і не два разы быў у горадзе і турму бачыў. Такія сцены, Божухна ты мой! — дзівуецца Аляксей. — Усюды салдаты са штыкамі. Птушкай трэба быць, а не чалавекам, каб вылецець адтуль… А ён вылецеў…». Трэба заўважыць, насуперак аўтарытэтнаму меркаванню М. Дамброўскай, што не так усё проста і з вобразам Сымона. Бясспрэчна, гэта чалавек маральны; бясспрэчна, жыве ён паводле хрысціянскіх запаведзяў ды свайго ўласнага этычнага «кодэксу». Бясконца любіў ён Яся, «не такога, як усе», разумнага, гарачага, прыгожага; ды ці няма і яго віны ў далейшым злавесным лёсе сына? Ці не дадаў і ён да ўрокаў турэмных «гувернёраў», сам таго не жадаючы? «Ой, бедны ж ён, бедны! Напакутаваўся ён, нацярпеўся ад роднага бацькі, пакуль навечна ў свет пайшоў…» — галосіць старая Настуля. Да характарыстыкі Сымона добра падыходзіць трапнае выказванне Конрада: «Спляценне супярэчнасцяў у чалавечай натуры часам нават любові надае адчайную форму здрады». У характары Сымона дабро і зло таксама не палярызаваны, ён паказаны ва ўсёй складанасці сваёй натуры. Як, зрэшты, і шэраг іншых герояў апавядання «Зімовым вечарам». Няпростай маральнай і сацыяльнай праблематыцы, напружанай псіхалагічнай атмасферы, трагедыйнасці твора адпавядае і яго складаная паэтыка. Кампазіцыя апавядання ў значнай ступені трымаецца на рэтраспекцыі, на кантрасце паміж «раней» і «цяпер», якія судакранаюцца, спалучаюцца праз дыялог персанажаў і выкарыстанне прынцыпу мантажу. З дапамогай апошняга рэальнасць чаргуецца з успамінамі Яся пра мінулае, пра дзяцінства; у такіх выпадках ствараецца ўражанне, нібы сам час парушае сваю няспынную хаду, сваю няўмольную плынь і логіку. Адным са структурных элементаў апавядання з’яўляецца гэтак званае кольца, ці абрамленне, наяўнасць якога, безумоўна, паглыбляе філасофскі сэнс твора. Кампазіцыя апавядання ўзбагачаецца і праз розныя гісторыі, казкі, песні, загадкі, заклінанні; аўтар уводзіць іх у адпаведнасці з удала выбранай сітуацыяй — вячоркамі. Казка пра тое, як два разумныя браты трэцяга, дурня, «узялі і забілі, нож у сэрца ўсадзілі», выконвае некалькі функцый. Па-першае, разам з іншымі фальклорнымі элементамі яна стварае насамрэч народна-паэтычную атмасферу, беларускі нацыянальны каларыт. Па-другое, праз збліжэнне рэальнай калізіі (два браты на вачах бацькі няволяць трэцяга) з казачнай сюжэт выходзіць за межы канкрэтнага, прыватна-выключнага здарэння і ўзнімаецца да ўзроўню сацыяльна-філасофскага абагульнення. Трагічны казачны сюжэт па-свойму паўтараецца ў не менш трагічнай рэчаіснасці. Уражанне адэкватнасці такое моцнае, што ў нейкае імгненне губляецца адчуванне мяжы. Гэтаму садзейнічае і яшчэ адзін вельмі тонкі мастацкі прыём: прысутныя, узрушаныя спробай затрымаць госця, забыліся на казку, якая гэтую спробу суправаджала, але старая Настуля праз сон працягвае дрыготкім голасам спяваць:
Адзначым, што ў мастацкай парадыгме Элізы Ажэшкі важнае месца займаюць разнастайныя інтэрпрэтацыі біблейскага матэрыялу. Вось і ў дадзеным выпадку біблейскія матывы надаюць адлюстраваным у творы падзеям абагульнена-сімвалічны сэнс: паводле хрысціянскіх запаведзяў намагаецца жыць Сымон; у атачэнні дванаццаці чалавек родных аказваецца Ясь у бацькавай хаце; Бонк і яго супольнікі, паводле чутак, зарэзаўшы трох чалавек, «толькі трыццаць рублёў знайшлі ў іх» — асацыяцыя з трыццацю срэбранікамі; як варыяцыя вядомай новазапаветнай сітуацыі ўспрымаецца вячэра Яся-Бонка ў бацькавай хаце (паказальна, што Аляксей адмаўляецца выпіць з незнаёмцам, і менавіта Аляксей найбольш агрэсіўна да яго паставіцца); біблейскі сюжэт пра вяртанне марнатраўнага сына нагадваюць паводзіны Яся ў фінале апавядання, калі ён «рынуўся на зямлю і прыпаў вуснамі да вялікай, босай, запыленай Мікулавай нагі». Неаднойчы ўсплывае ў апавяданні вобраз Сына Божага: менавіта абрысы ўкрыжаванага Хрыста першымі кінуліся ў вочы Ясю ў спарахнелай каплічцы на могілках, з Хрыстом асацыіруецца вобраз Яся-Бонка ў кульмінацыйнай сцэне («Здавалася, што пакуты ўсяго свету ўвасобіліся ў ім, гэтым убогім гаротніку»), літасці «дзеля пакут Хрыста нашага» просіць Ясь у людзей. Пералік такога роду біблейскіх алюзій і рэмінісцэнцый можна было б доўжыць. Аднак не толькі праз іх, не толькі апасродкавана надаецца апавяданню характар прыпавесці; анталагічна-экзістэнцыяльная якасць прыўносіцца ў твор і словамі самога Яся, злодзея і пакутніка, віноўніка і ахвяры, Хрыста і Антыхрыста ў адной асобе: «А ці ведаеце вы, пан гаспадар, што найгоршае бывае часам побач, ой, як блізенька каля найлепшага…», або: «Кожнага чалавека можа бяда напаткаць, і ніводная маці не ведае, каго яна на руках калыша…»; «У адным д’яблы спяць, а ў другім прачнуцца і валакуць яго на вечныя пакуты». Так канкрэтнарэальнае спалучаецца ў Элізы Ажэшкі з агульначалавечым, універсальным. Пра ролю фальклорнага пачатку ўжо гаварылася; дададзім, што ён накладвае адбітак і на мову персанажаў, і на мову твора ўвогуле. Выразна народны зачын уласцівы, напрыклад, бясслоўнаму звароту сына да бацькі: «А памятаеш, тата, ой, памятаеш…»; «Не жыць мне з табою, тата, не жыць…» і інш. Характэрна, што апавяданне і ў арыгінале месціць у сабе мноства беларускіх слоў і выслоўяў, па-беларуску пададзены загадкі і большасць песняў. Даследчыкі нязменна падкрэсліваюць артыстызм апісанняў Элізы Ажэшкі, найперш пейзажных, пазначаных гарманічнай еднасцю духоўнага і прыроднага, дакладных і пластычных настолькі, што амаль фізічна адчуваеш цемру і націск завірухі, бязмежную самоту і адчай няшчаснага блуканца «ў вялікім моры ночы і адзіноты», чуеш стогны ветру, які нясе чалавека — «кроплю, крушынку, зярнятка пяску, каліўца травы» — «па гэтым шырокім, дзікім, змрочным свеце». Асобныя рысы пейзажа лейтматывам паўтараюцца, уводзячы трагічныя падзеі ў не менш трагічны кантэкст. Адна з дамінантаў пейзажа — цемра; цёмна ў душы чалавека — цёмна і звонку. Такое паэтычнае суладдзе, такая выключная мастацкая суаднесенасць не часта сустракаецца ў літаратуры. Творы Элізы Ажэшкі заўсёды выклікалі жывую цікавасць у беларускага чытача. На беларускую мову іх перакладалі Ядвіга Бяганская, Янка Брыль, Анатоль Бутэвіч, Галіна Тычко. Беларускія тэатры і студыі ў розны час ставілі спектаклі па творах Ажэшкі. Так, для Першай беларускай трупы І. Буйніцкага пісьменніца перапрацавала апавяданне «Зімовым вечарам» (сам Буйніцкі быў заняты ў ролі Аляксея). Спектаклем па гэтым творы пачаў сваю дзейнасць у 1920 г. Беларускі дзяржаўны тэатр, а ў 1921 г. у ім жа была зроблена інсцэніроўка аповесці «Хам». На кінастудыі «Беларусьфільм» ажыццёўлена і яе экранізацыя. Янка Купала да ліку пісьменнікаў, якія яго «больш за ўсё цікавілі», адносіў і Ажэшку. Сяброўства звязвала пісьменніцу з Францішкам Багушэвічам, чые творы яна высока ацэньвала; у лісце да паэта Яна Карловіча Эліза Ажэшка пісала: «Быў у мяне нядаўна пан Багушэвіч і чытаў мне сваю, толькі што напісаную па-беларуску казку, доўгую, поўную фантазіі, цудоўную. Прыгожы гэта талент». Сам жа Францішак Багушэвіч называў Элізу Ажэшку «каралевай жывога слова і пакутлівай праўды». «Яна была жывой мудрасцю і чуйным сэрцам цэлай эпохі», — сказаў адзін з прамоўцаў на пахаванні пісьменніцы. Такой яна ўспрымаецца і сённяшнім удзячным чытачом.
|
|
|
|