Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(78)/2016
Год Міласэрнасці
Святыя асобы

У МІЛАСЭРНАСЦІ НЯМА АЛЬТЭРНАТЫВЫ

СВЯТЫ — НЕ ВЫДАТНІК У БОГА
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Пераклады

НА ШЛЯХУ ДА ЯДНАННЯ

ВЕРШЫ
Лёсы духавенства
Прэзентацыя
Мастацтва
Літаратуразнаўства

ЧУЙНАЕ СЭРЦА
Асобы
In memoriam
Юбілей
Паэзія

НОВЫЯ ВЕРШЫ

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Прэзентацыя
Інтэрв’ю

«У МУЗЫЦЫ ПАВІННА БЫЦЬ ПЕСНАПЕННЕ...»
Спадчына

ДЗЕ ЛУКОНІЦА ЎПАДАЕ Ў ШЧАРУ

НЯЎДЗЯЧНАСЦЬ

Няўдзячны сонцу за яркае свячэнне,
Месяц хавае яго, чынячы зацьменне.
І калі пад сонца наўпрост падыходзіць,
Страшную цемень на зыркім Фебе родзіць.
Вось чаму пані яго часамі
Бачыць на небе з двума рагамі.
На свет каб з’явіцца, намер дзеці маюць:
Яшчарцы-матцы жывот прагрызаюць,
За што ім таксама помсціць прырода:
Яны з-за дзяцей сваіх гінуць пры родах.
Суровы агонь, дрэвы губячы, шчасны,
Ды іх праглынуўшы, сам зараз жа гасне.
Кожны няўдзячны хай добра унікне:
Расплата й па смерці яго спасцігне,
Калі пры жыцці не паслаў Бог нязмогу
Ці злую фартуну не даў у падмогу.

АСАЛОДА
З тварам людскім, як схацеў таго Пане,
Пачвары марскія, сірэнамі званы2,
Спевам салодкім у бездані клятай
Топяць усіх мараплаўцаў заўзята
Псам на спажытак; ля Сцылы3 варожнай
Смерць караблі сустракае абложна.
Асалода, распуста — ўсё тыя ж сірэны,
Што шлюць падарожным салодкія спевы.
Ды толькі атрутай ад іх патыхае —
Заложна да Сцылы ў абдоймы штурхае,
Каб той карабель, што курс сабе значыў,
Няўзнак апынуўся ў цэрберавай пашчы4.
І слаўны Геракл5, каб пазбегнуць спакусы,
Моцна да мачты прыкуць сябе змусіў.
Здолеў ён тым ад сірэн ўратавацца
І на расправу звярам не дастацца.
Што мачта ёсць, як не той крыж Хрыстовы?
Ці кожны, скажы, з ім зрадніцца гатовы,
Каб ашуканству сірэн не паддацца
І ў Сцыле той вусцішнай не аказацца?

(СЛАВА ЗМЕНЛІВАЯ)
Зменлівай славай ўвесь свет паланёны —
Поўніцца шчасцем, бы ў казцы саснёнай.
Ды толькі вось век яе хуткі і хісткі,
Бы ў жбана глінянага ці то у міскі.
Дзе Саламон той, спешчаны славай?
Альбо Самсон, ваяўнічы і бравы?
Авесалон дзе са стройнай паставай
Ці Йянафан6, чуйны сэрцам, ласкавы?
Куды падзеўся той Цэзар вяльможны,
З тым — слаўны багач, сібарыт бязбожны?
Дзе Тулій7, скажы мне, саладкамоўны?
Дзе Арыстоцель вельмі шаноўны?
Народа дзе моц і дзе слава краіны,
Каралеўства, прэлацтва? — спрэс толькі руіны!
Зашмат уладык і князёў панавала,
Ды ў момант адзін іх на свеце не стала.
Нядоўгая ярмарка — свецкая слава8:
Бы цень на сцяне, што так хутка знікае.
Даброты жыцця нас няўзнак пакідаюць,
Як вокам міргнуць — неўпрыкмет ўсё растае.
О гнюсны клубок, о зямное знябыцце!
О росы, о марнасць, — ну чым ганарыцца?!
Не ведаеш, дзень ці пабачыш ты новы…
Старайся заўжды да ўсяго быць гатовым.
Адкінь сваю пэўнасць — дні светлыя мінуць:
Усё, што прыдбаў, заўтра можаш пакінуць.
Пра вечнае думай, будзь розумам з небам
І ведай, што свет гэты мала патрэбны.

ЗМЯЯ
Што толькі вока чалавека бачыць можа
    Усё у павучанне людзям даў ты, Божа.
Змяя ядавітая і тая нас моліць,
    Каб мы жылі згодна з Боскаю воляй.
Не словамі, зрэшты, а прыкладам ўласным
    Ў пакоры нас вучыць шукаць сваё шчасце.
Звіваецца ў кола, найперш тое значыць, —
Каб змог чалавек сваю вечнасць пабачыць.
З зямлі бярэ моц, каб мы з попелу хлеба
За грэх, як Давід, здабылі на патрэбу.
І не галаву падстаўляе, а цела,
    Як б’юць, каб жыццё аддаць смела
Змог кожны за Хрыстуса Пана — вось сутнасць:
Паверыць у Боскую усемагутнасць.
Пасціць доўга ў цемры, калі ж выпаўзае,
То скуру з сябе без вагання здзірае.
Урок: каб і мы ўсе бядоты спазналі
І мужна ў нягодах свой дух гартавалі.
Калі ж да вады падпаўзе ў страшнай смазе,
Моцны свой яд яна кіне адразу,
Каб па шляху да нябеснай крыніцы
З чыстым сумленнем маглі мы маліцца.
Возьмем за прыклад мудрасць змяі,
Што і без ног, ды паўзе па зямлі.

РАЙ
Да стварэння свету рай быў аблюбаваны,
Ды па трэцім дні нікім не быў згаданы.
Майсей толькі па Адаме распаведаў шчыра
Ў Кнізе Быцця нам пра тое. Што таму прычынай?
Чалавек для Бога служыць улюбёным раем,
Лепшага прыстанку Ён і не жадае.
«З чалавечымі сынамі разам быць — раскоша,
Ды не купіш, — мудрасць кажа, — ты яе за грошы».
Вось чаму і Лот9 праўдзівы, рай сабе здабыўшы,
Адляцеў у царства мёртвых, тым усіх здзівіўшы,
Бо святыя душы там навек спачылі
І з ахвотай гэта месца раем ахрысцілі.
Хай жа праведная вера з кожным застаецца
І па часе светлым промнем ў неба узнясецца.

«ВУСНАМІ МЯНЕ ХВАЛЯЦЬ,
А СЭРЦЫ ІХ ДАЛЁКА
АД МЯНЕ»
Музыкі чары прыемна палоняць,
Толькі калі ім шум іншы не шкодзіць.
І да душы, як салоўкі спяванне,
Бо не чутно варання2 гергетання.
Зліўшыся з ім, чэзне голас салоўкі —
Музыкі слодыч сыходзіць і моўкне,
Быццам бы хвала ў гонар Бога,
Голасам вымаўленая чужога.
Калі ж адзінства і згоды бракуе,
Музыку гэтую Бог не пачуе:
Справе і звычаю тое пярэчыць —
І аніколькі душу не палечыць.
Гэтак і з лютняй: ў фальшывым гучанні
Слыху і сэрцу няма змілаванння.
Ад воўчага спеву пастух уздрыгнецца —
Пеклам іх скрыгат зубоў падаецца.
Што будзе, як жоўці ды з мёдам змяшацца
І мужу з нявернаю жонкай застацца?

ГАТОЎНАСЦЬ ДА ЛІХА
Цяжка грэбляй спыніць рэкі, што імкліва
Мкнуць да мора ў плыні хуткай, віратлівай.
Так і злога не стрымаць ні ўмольным словам
Ад намераў гнюсных, ні пагрозай, ні законам.
Хто таго, што з вежы падае, спаймае,
Да граху той цягу моцную стрымае.
Хуткі бег у сарны, хуткі і ў аленя,
Ды хутчэй памкненні злыя толькі ў ліхадзея.
Як не зробіць шкоды — ў думках ліха родзіць:
Хоць і так, ды зможа некаму нашкодзіць.

Гл. таксама:
Валерый МАКСІМОВІЧ :: НА ШЛЯХУ ДА ЯДНАННЯ ::


  1. Пачвары марскія, сірэнамі званы… У грэка-рымскай міфалогіі сірэнамі зваліся паўжанчыны-паўптушкі з рыбінымі хвастамі, якія сваімі салодкімі спевамі спакушалі мараходаў, выракаючы іх на пагібель (Гамер, «Адысея», XII; Авідзій, «Метамарфозы», V, 522 і інш. Узгадваюцца яны і ў прароцтве Ісаі (Кн. прарока Ісаі, 13, 21–22).
  2. Псам на спажытак; ля Сцылы… Сцыла (паводле старажытнарым. міф.) — дачка німфы Фаркіды, ператвораная чараўніцай Кіркай у аточаную лютымі сабакамі марскую пачвару, месцам знаходжання якой служыла пячора ўцёса Сцыла на італійскім баку Сіцылійскага праліва. Яна праглынала ўсё, што праходзіла міма яе пячоры.
  3. ў цэрберавай пашчы… Цэрбер — у грэчаскай міфалогіі трохгаловы сабака, які ахоўваў уваход у падземнае царства, сын падземных бостваў Тыфона і паўжанчыны-паўзмяі Яхідны.
  4. І слаўны Геракл… Геракл — у грэчаскай міфалогіі сын бога Юпітэра і Алкмены, які з-за пераследу багіні Юноны мусіў пайсці на службу да цара Эўрысфея і здзейсніць дванаццаць подзвігаў.
  5. Йянафан (Іаанафан) — згодна з Бібліяй (1 Сам 28–31), сын ізраэльскага цара Саўла. Вылучаўся моцаю і адвагаю, дапамагаў юнаму Давіду, рызыкуючы выклікаць гнеў бацькі, які пры спрыяльным выпадку мог забіць Давіда.
  6. Тулій — Марк Тулій Цыцэрон (106–43 гг. да н. э.), выдатны рымскі прамоўца, тэарэтык прамоўніцкага мастацтва, пісьменнік і філосаф.
  7. Нядоўгая ярмарка — свецкая слава… Гэтую метафару мы сустракаем у «словах» Іаана Залатавуснага (каля 344–407 гг. н. э.), у «Аналах» Цэзара Баронія (XVI ст.). З сучаснікаў С.Полацкага да яе звяртаўся Дж. Беньян у «Шляху паломніка» (№ 1680), а таксама У. Тэкерэй у рамане «Кірмаш пыхлівасці».
  8. Лот — пляменнік Абрагама. За сваю набожнасць Лот з сям’ёй быў выведзены анёламі з Садома, які ў хуткім часе разам з горадам Гаморай быў ператвораны ў груду попелу і развалінаў (Быц 29, 1–29). Пра сыходжанне Лота ў падземнае царства сведчыць апакрыфічнае «Слово о кресте честне и о двою разбойничю» (вядомае таксама як «Сказ пра райскае дрэва і Сіфа»), аўтарства якога прыпісваецца Грыгорыю Багаслову (гл.: Книга Никодима… СПб., 1912. С. 19–20).


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY