|
|
|
№
4(78)/2016
Год Міласэрнасці
Святыя асобы
Вялікія містыкі
Пераклады
Лёсы духавенства
Прэзентацыя
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Асобы
In memoriam
Юбілей
Паэзія
Прэзентацыя
Інтэрв’ю
Спадчына
|
Галіна ТЫЧКО
ЧАЛАВЕК ВЯЛІКАГА СЭРЦАКузьма Чорны. Чалавек — гэта цэлы свет : успаміны, эсэ, артыкулы, інтэрв’ю, дакументы / [укладальнік Г. Шаблінская]. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2016. — 510 с., [32] л. іл., партр., факсім. — (Жыццё знакамітых людзей Беларусі : ЖЗЛБ).
У наш хуткаплынны і мітуслівы час у чалавека, як быццам, няма патрэбы азірацца назад, заглыбляцца ў мінулае, асабліва, калі яно было не такім светлым і бязвоблачным, як хацелася б. Але пры ўсёй шматстайнасці выбару крыніцаў інфармацыі забаўляльнага і пазнавальнага плану, класіка застаецца заўсёды запатрабаванай, непераўзыдзенай, здольнай захапляць і здзіўляць новымі адкрыццямі глыбіняў чалавечай душы, невычэрпнасці і неспазнанасці яе свету. Класічныя творы і іх вялікія аўтары, як тая перліна ў марской ракавіне, абточаная водамі вечнасці, з гадамі набіраюць большага бляску, уражваюць дасканаласцю сваіх формаў і непрадказальнасцю жывой душы чалавечай. Такой падаецца сёння спадчына і постаць Кузьмы Чорнага, нашага знакамітага класіка, самабытнага пісьменніка, чалавека глыбокай і далікатнай душы, вялікага сэрца. Асабліва па-новаму адкрываецца гэтая глыбіня і веліч, калі бачыш пісьменніка ў кантэксце яго складанага гістарычнага часу, у повязях з тагачасным літаратурным і сацыяльна-палітычным асяроддзем; вачыма сямейнікаў, знакамітых пісьменнікаў, сяброў і добрых знаёмых. Такім ён паўстае са старонак унікальнай кнігі «Кузьма Чорны. Чалавек — гэта цэлы свет : успаміны, эсэ, артыкулы, інтэрв’ю, дакументы», укладзенай вядомай руплівіцай на ніве беларускага мастацкага слова — Галінай Шаблінскай, якая ўжо выступала ў якасці ўкладальніка кніг серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі», склаўшы тамы, прысвечаныя Янку Купалу і Уладзіміру Караткевічу. «Постаць Кузьмы Чорнага мяне цікавіла даўно. Здавалася б, хрэстаматыйны аўтар, але мы ведаем пра яго да крыўднага мала. <...> Вялікі талент — гэта заўсёды вялікая таямніца. І мяне кожны раз дзівіць тая сіла супрацьстаяння часу, абставінам, лёсу, якой валодаюць таленавітыя людзі (на жаль, не ўсе). Я, можа, выкажу парадаксальную думку, але Купала, Караткевіч і Чорны — блізкія ў выяўленні свайго боскага творчага дару. Паглядзіце, у кожнага з іх — кароткі зямны век: 60, 54 і 44 гады адпаведна. Яны перажылі палітычныя ўціскі свайго часу, а то і рэпрэсіі, і праз усе выпрабаванні — такое ахвярнае служэнне беларускаму слову і Бацькаўшчыне», — адзначала ў адным з інтэрв’ю, прысвечаным выхаду кнігі, Г. Шаблінская. Гэтая кніга, як і папярэднія, укладзеныя Г. Шаблінскай, створана ў серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі», але паводле сваёй будовы, спосабу выкладу матэрыялу, змястоўнага напаўнення яна істотна адрозніваецца ад тых твораў, што мы прызвычаіліся лічыць класікай жанру. Несумненна, і праз стагоддзі дасведчаны чытач не перастане захапляцца славутымі раманамі біяграфічнага плану: Ю.Тынянава «Смерць Вазір-Мухтара» — пра складаны жыццёвы лёс рускага пісьменніка А. Грыбаедава; вытанчанай інтэлектуальнасцю твора Я. Парандоўскага «Кароль жыцця», дзе па-мастацку ўвасоблена жыццё славутага О. Уайльда. У гэтым шэрагу і кніга нашага А. Адамовіча «Браму скарбаў сваіх адчыняю» — раман пра трагічную наканаванасць беларускага лёсу, пра жыццё і смерць Максіма Гарэцкага, кніга, якую нельга чытаць без слёз. Ёсць шмат іншых твораў падобнага плану, якія ўвайшлі ў скарбніцу сусветнай літаратуры і, прыадчыняючы свет душы вялікіх мастакоў, робяць нас лепшымі, больш міласэрнымі і чалавечнымі. І тым не менш, кніга пра лёс Кузьмы Чорнага — адметная, адрозная ад класічнай традыцыі. Постаць творцы, яго пісьменніцкая і чалавечая індывідуальнасць падаюцца Г. Шаблінскай праз асабістыя сведчанні Кузьмы Чорнага, яго аўтабіяграфію, дзённікавыя запісы, фрагменты твораў. Складаны свет пісьменніцкай душы мы спазнаем праз інтэрпрэтацыю яго літаратурнай спадчыны даследчыкамі ХХ стагоддзя і сучаснымі, праз успрыманне людзей, якія асабіста ведалі і кантактавалі з пісьменнікам, і тых, хто адкрываў Кузьму Чорнага як класіка нацыянальнай літаратуры. Такое шматгалоссе, своеасаблівы, паводле азначэння С. Алексіевіч, «жанр чалавечых галасоў», «дакументаў чалавечай душы», дае свой плён. Кампазіцыйна кніга падзеленая на пяць частак. У першым раздзеле ўкладальніца змяшчае некалькі варыянтаў аўтабіяграфіі К. Чорнага, напісаных у розны час і з розных нагодаў, а таксама звесткі біяграфічнага характару, пададзеныя праз успаміны дачкі пісьменніка Рагнеды Раманоўскай, асабістыя запісы самога Кузьмы Чорнага. З асаблівай цікавасцю чытаюцца «Нататкі да біяграфіі Кузьмы Чорнага» В. Вольскага, сучасніка К. Чорнага, аўтабіяграфічны нарыс C. Александровіча «Сэрца, у якім месціцца цэлы свет», а таксама інтэрв’ю Г. Каржанеўскай з дачкой пісьменніка Рагнедай Раманоўскай і інтэрв’ю Г. Шаблінскай з яго ўнукам Міколам Раманоўскім. З успамінаў і выказванняў блізкіх паўстае воблік жывога Кузьмы Чорнага, які, аказваецца, насуперак псеўданіму, быў бялявы, вясёлы і дасціпны. Рагнеда Мікалаеўна прыгадвае шмат розных смешных гісторый, расказаных бацькам і пра сваіх блізкіх сваякоў, і пра суседзяў цімкаўцаў. Сябры і знаёмыя ў сваіх успамінах таксама часта згадваюць яго схільнасць да жартаў. «Кузьма быў надзвычай прыемным субяседнікам, умеў добра расказваць і шчыра смяяцца. Кожнае яго вуснае апавяданне было, па сутнасці, амаль закончаным творам, з цікавымі назіраннямі, стройным сюжэтам і жывымі чалавечымі характарамі», — згадвае пісьменнік Мікола Хведаровіч (с.345). Васіль Вітка прыводзіць адну з такіх жартоўных мініяцюраў Кузьмы Чорнага, напісаных як бы мімаходзь:
Іван Мележ, які аддаў на суд Кузьму Чорнаму свае апавяданні напярэдадні яго першага інсульту, прыгадвае, як быў здзіўлены і ўзрушаны тым, што хворы пісьменнік, які сам не мог чытаць, папрасіў дапамогі дачкі і праз некалькі дзён напісаў пачаткоўцу грунтоўны адказ. «Чуў я ад таварышаў, што людзі ад Чорнага выходзілі бадзёрымі, выходзілі з жаданнем працаваць, — прыгадваў І. Мележ. — Гэта было добрае, чулае да людзей сэрца. Мусіць, ад гэтай сваёй дабрыні, ад чуласці, а можа, ад пераканання, што лагоднае, добразычлівае слова больш дае сілы чалавеку, чым лаянка, ён людзям, што адкрывалі яму першыя запаветныя свае сшыткі, задумы, часта гаварыў добрыя абнадзейлівыя словы» (с. 259). У раздзел «Застаўся ў сэрцах і думах» укладальніца ўключыла таксама і фрагмент мастацкай аповесці Міхася Тычыны пра Кузьму Чорнага «Вяртанне». А вось у трэцім раздзеле — «Урокі класіка» — змешчана падборка матэрыялаў вядомых пісьменнікаў і літаратуразнаўцаў, якія даюць ацэнку творам Кузьмы Чорнага. Развагі А. Адамовіча, Я. Брыля, В. Адамчыка, В. Быкава пра феномен пісьменніка і яго ролю ў нашай літаратуры вельмі ўдала падсвечаны факсімільнай публікацыяй «„Зямля“ Кузьмы Чорнага» Адама Бабарэкі — нашага выдатнага крытыка-ўзвышэнца, які загінуў у гады рэпрэсій. Дзённікавыя запісы Кузьмы Чорнага, яго ліставанне і іншыя дакументы Г. Шаблінская аб’яднала ў раздзел «Душу выпрабоўвае час», які пачынаецца выдатным аглядным артыкулам М. Мушынскага «Мемуарная і эпісталярная спадчына Кузьмы Чорнага». У заключным раздзеле ўкладальніца змясціла матэрыялы пра Літаратурны музей Чорнага ў Цімкавічах, а таксама ўласныя матэрыялы да радыёспектакля «Млечны шлях» паводле рамана К. Чорнага, прэм’ера якога адбылася ў 2014 г. на Беларускім радыё. Варта адзначыць, што ў кнізе пададзены ўнікальныя матэрыялы з сямейнага архіва пісьменніка. Кніга багата аздоблена фотаздымкамі, разнастайнымі ілюстрацыямі, сярод якіх змешчаны нават малюнкі Кузьмы Чорнага, фрагменты яго рукапісаў, вокладкі першых выданняў яго твораў і інш. Усе гэтыя матэрыялы і дакументы ствараюць складаны і светлы вобраз Кузьмы Чорнага — пісьменніка і чалавека, часам нечаканы, непрадказальны, велічны і па-чалавечы просты, абаяльны ў праявах і дробязях штодзённага жыцця. У юнацтве Кузьма Чорны спяваў у царкоўным хоры, а напрыканцы жыцця, прадчуваючы хуткую смерць, ён пакінуў у сваім дзённіку трагічны запіс: «Божа, памажы мне напісаць мае раманы». Дачка прыгадвае, як ён шчыра маліўся, застаючыся адзін у сваім кабінеце, просячы паратунку ад смерці. Як вынікае з успамінаў сваякоў, сям’я пісьменніка была надзвычай талерантнай у дачыненні да рэлігіі: у ёй паядналіся католікі, уніяты, праваслаўныя, а сам Кузьма Чорны, ажаніўшыся з габрэйкай, пазнаёміўся і з юдаізмам. Ёсць яшчэ адзін цікавы факт, пра які згадвае сястра Чорнага — Марыя Карлаўна: будучы пісьменнік нарадзіўся ў маёнтку Боркі, які належаў фундатару Чырвонага касцёла Эдварду Вайніловічу, у якога ў той час арандаваў зямлю яго бацька (с. 32). Мікола Раманоўскі, унук пісьменніка, прыгадваючы сямейныя гісторыі, расказвае, як выяўлялася беларуская сялянская натура ў звычках вялікага пісьменніка. «Адзінае рознагалоссе ў Чорнага з жонкай, я чуў, было наконт таго, як бульбу абіраць. Чорны абіраў бульбу па-вясковаму: шах-шах — і гатова: паўбульбіны ідзе ў шалупінне — свінні ўсё з’ядуць. А бабуля — па-гарадскому: ашчадна, тоненька» (53). Новыя акцэнты выяўляюцца Г. Шаблінскай і ў вытоках творчага майстэрства Кузьмы Чорнага. Агульнавядома, як любіў беларускі класік творчасць А. дэ Бальзака, Ф. Дастаеўскага, як шмат вучыўся ў іх. Грунтоўна і пераканаўча расказвае сённяшнім чытачам пра гэта выдатная кніга А. Адамовіча «Маштабнасць прозы: Урокі творчасці Кузьмы Чорнага» (1972 г.). Але, аказваецца, быў у Кузьмы Чорнага і яшчэ адзін кумір у вялікай літаратуры — нарвежскі пісьменнік ХХ стагоддзя, Нобелеўскі лаўрэат Кнут Гамсун, творчасць якога ў савецкай літаратуры стала больш-менш вядомай у 80-я гады мінулага стагоддзя. У размове з А. Зарыцкім Кузьма Чорны, паказваючы на партрэт Кнута Гамсуна, які вісеў у яго кабінеце, сказаў: «Вось гэта той парог, праз які мне ў маладыя гады давялося пераступіць» (с. 161). «Што было ў Кузьмы Чорнага прывабнага, як у чалавека і пісьменніка? Мне здаецца — незвычайная сталасць і грунтоўнасць яго твораў, поглядаў, пачуццяў. Мы часам кідаемся ад аднае фарбы да другое, захапляемся часта вонкавымі, эфектнымі праявамі душы чалавека. Потым успышка гасне і мы зноў шукаем: дзе ж асноўнае ? А Кузьма Чорны быў чалавекам аднаго сталага і глыбокага дыхання», —піша Пімен Панчанка ў прыватным лісце, даведаўшыся пра смерць Чорнага ў снежні 1944 года (с. 476–477). Высокая праўда і мастацкасць творчай спадчыны Кузьмы Чорнага, якія так кранаюць чытача, па-новаму прачытваюцца і ўспрымаюцца сёння праз прызму яго няпростага жыццёвага лёсу, праз далучэнне да праяваў яго жывой чалавечай душы. І ўсё гэта дзякуючы кнізе, пра якую ішла гаворка.
|
|
|
|