|
|
|
№
4(78)/2016
Год Міласэрнасці
Святыя асобы
Вялікія містыкі
Пераклады
Лёсы духавенства
Прэзентацыя
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Асобы
In memoriam
Юбілей
Паэзія
Прэзентацыя
Інтэрв’ю
Спадчына
|
Чытачы бываюць розныя. І чытаюць яны па-рознаму — і ў залежнасці ад настрою ды характару, і пакліканыя шумлівай зацікаўленасцю ці збегам абставін… Але заўсёды, пры ўсёй гэтай розніцы, чытанне — працэс, ці занятак, творчы. І — не ў крыўду, а пэўна, на радасць аўтару — чытач бачыць іншы раз далей сказанага — так і павінна быць! То бясспрэчная ўласцівасць сапраўднага таленту: падключыць асабісты вопыт чытача, абудзіць яго прытоеную эмацыйную зараджанасць. І тады прыходзіць узнёслы стан творчай суладнасці, творчага ўзаемадзеяння… …Аднойчы, чытаючы верш Міхася Скоблы пра Язэпа Драздовіча, які «жыў між людзей і спаміж падлюг», я раптам запытаўся сам у сябе: а чаму побач гэтае — «між» і «спаміж»? І тут жа ўцяміў: о, колькі сказаў і яшчэ скажа кожнаму гэты гук, пазначаны літарай «с»: «між» і «спаміж». Колькі нясе — важкага і характарнага — у напоўненасць зместу гэтае «с» са змяіным сіпеннем і сыканнем, маючы на ўвазе яго сумоўе са словам «падлюг»… Пра тое, можа, і сам аўтар не ведаў: можа, зусім падсвядома выскачыла гэтае «с»?.. А я здагадаўся… Міхась Скобла не пачаў ні адмаўляць гэтага, ні прызнавацца, але заўважыў наконт маёй «здагадкі»: чытач, «які ўмее бачыць верш на малекулярным узроўні…» Вось так стасункі «аўтар — чытач» ці «чытач — аўтар» (зрэшты, якая розніца?!) перарастаюць у нечаканыя сюжэты… Аўтар пахваліў чытача. А што ж яшчэ яму застаецца рабіць?..
Вядома, галоўны тут, у вершы міфічна-рэальным «Бортнікі», паэтычны стрыжань: вёска, дзе «вечна гасцюе жальба», — гэта могілкі… Але прыгледзімся да слова «перанаселенай», — якое яно сэнсава галінастае! Пачнём з «…населенай», што пры ўсёй, увачавідкі пабачанай, шчыльнасці інакш і не вызначыш як «перанаселенай». Але ж з-за асноўнага, здавалася б, слова выглядае — варта толькі апусціць склад «на» — ці не яшчэ больш важнае і важкае: «пера < > селенай»… Пераселеная вёска… І пры гэтым згадаем нашу Чарнобыльскую зону… Вось яно, тое самае прачытанне на «малекулярна-мікраскапічным» узроўні… І яшчэ — у дадатак: «Поўня, як абветраны рамонак…» (верш «Два лісты ў Парыж Язэпу Янушкевічу») — гэта ж трэба ўбачыць: без пялёсткаў, жаўтлявай сэрцавінкай сваёй — поўненькі, поўня… І зноў жа — вымярэнне: «мікраскапічнае» — у раўнавазе з касмічным… Люблю чытаць Скоблу. Верш паэта не стракаціць тандэтнымі ўпрыгожваннямі. Яго трымаюць у найлепшай паэтычнай форме і важкасці залатыя самародкі жыццёвых дэталяў. Яны ў Міхася Скоблы — будаўнічы матэрыял паэтычнага вобраза. Метафара ў яго не выдуманая, не штучна сканструяваная, а ўбачаная, пачутая, адчутая — яна жыве, дыхае, у ёй можна палічыць пульс. І яна можа загаварыць — і гаворыць! — нечакана, так, як ёй хочацца… Дымы з каміноў: колькі прынеслі яны вершаваных радкоў і строфаў — і ўсё, прыблізна, у адной выяўленчай натуры і ў адным кірунку — знізу ўверх. А як усё «нагаблявана-ўвертыкаленае» нечакана і паэтычна ёмка «перакуліў» чатырохрадковы верш Міхася Скоблы:
Во як аказваецца: дымы адтуль ідуць, з надхмарнага паднябесся, — гэта хаты прадуць нябесную кудзелю… Што тут — метафара? Ці ўжо нешта самастойна вызначанае як мастацкая з’ява? Несумненна: гэта ўжо паўнавартасны мастацкі твор. І гэта — характэрнейшая асноватворная ўласцівасць паэзіі Міхася Скоблы: метафара разгортваецца ў паўнавартасны паэтычны аповед, як, да прыкладу, у вершы «Дзве касы: памяці дзеда Васіля», дзе якраз і скандэнсаваны той, самы апазнавальны, знак паэзіі Міхася Скоблы ў цэлым… Дзед, адвечны працаўнік, выйшаў на сенажаць з касою. І тут яго сустрэла, быццам падсцерагала, другая адвечная сіла — таксама з касою… І — «схапіліся ў лузе між сабой дзве касы»… Баладны матыў, баладнае пераўвасабленне — несумненныя: не дзед і смерць, а іх сімвалы — жыцця і смерці — сышліся ў двубоі. І што вельмі важна заўважыць: дзедава каса змагалася, супрацьстаяла працаю: «Касіў дзед канюшыну. Упаў на пракос і памёр…» Упала на пракос і дзедава каса. Але — ці перамагла смерць са сваёй касою? Не! У яе няма той сілы, якою валодала дзедава каса, — сілы жыццядзейнасці — дзейнасці ў імя жыцця. Жыццё буяе, ахінае і дзеда несмяротнасцю:
Колькі шчымлівага смутку ў гэтай па-дзіцячы (вось дзе — зноў жа! — «мікраскапічны» сакрэт паэзіі) наіўна-просценькай выснове — жывога перад мёртвым. З сустрэчным пытаннем — гэта ўжо ад імя чытача, наконт таго, што «дзед не чуў»… І яшчэ «ад чытача»: не па-чытацку вось так «раскладваць» верш — яго трэба чытаць на адным дыханні — цалкам і «нагбом». Але — мусіш паступацца — каб «паказаць», «адзначыць», «прыкмеціць»… З паэтам Скоблам люблю размаўляць: ён гаворыць па-мойму. Што па-беларуску — гэта само сабой зразумела. А тут — разуменне глыбейшае. Ёсць душэўныя таемнасці. І паэзія — сувязная між імі. Чытаеш — і ловіш сябе на думцы: «Ах, здаецца б, і я так сказаў!» А вось жа ўдача адкрыцця выпала Міхасю. І не зайздросціш — радуешся! Гэта дзеецца на адной хвалі паэтычнай сувязі. Паспяшаюся супакоіць: гэта не пагражае небяспекай паўтарэння — гэта проста «будаўнічы матэрыял» з аднаго бору. Прыгадаем: дзедава каса ў Міхася Скоблы нерухома легла на пракосе. Знерухомела каса і ў дзеда з майго верша «Люцікі і смолкі лугавыя…» — хоць і не з такім трагічным фіналам: маўкліва іржавее ў падстрэшку, а «з касавільна кульбу дзед зрабіў…» Кожная каса маўчыць па-свойму. І маўчаннем апавядае-сведчыць сваё… Міхась Скобла расказвае «Казку пра дождж» — як ён «пасеяў дождж на небасхілах», а «нехта ў мех пазбіраў насенныя дажджынкі» — і запанавала сухмень… Раскажу і я — толькі ўжо не казку, а замову (вершам «Добры прыезд», даволі «пашанотнага» ўзросту — 1964 г.): як насуперак сухменнай стыхіі «я дождж у свой прыезд наканаваў» і «прагнозаў аднастайнасці сухія за ноч дашчэнту лівень размачыў»… У Міхася Скоблы — «Ода баразне»: «О баразна — беларускі акоп!..» А я раскажу, а то і праспяваю «Мелодыю бульбянай баразны», дзе «пырхаюць пальцы, як над піяніна…» Такі вось вершаваны дыялог… Люблю пагаманіць са Скоблам!.. Генетычна падобную сувязь, творчую крэўнасць, пэўна, адчуваў і сам Міхась Скобла ў стасунках з паэтычным светам Анатоля Вялюгіна. Вялюгінскае прыцягненне захапіла аднойчы і палоніла назаўсёды маладога паэта. Пэўны час, калі Міхась кватараваў у Заслаўі, ён, асядлаўшы ровар, ехаў з жонкаю на недалёкую Лысую гару, на лецішча да Вялюгіна, — ехаў, як на прычасце, на паэтычны паклон. «Ад тых размоваў, вершаў у альтанцы, — згадвае Міхась Скобла, — засталося ў душы светлае рэха…» Уяўляю, як там, «у падсуседзях у спелага бору», нетаропка, густым голасам, з хітравата-лагодным прыжмурам вачэй («а во яшчэ паслухай!..») выносіў і ўзносіў з невычэрпнай памяці Анатоль Сцяпанавіч адзін за другім паэтычныя шэдэўры… Ды і Міхась, па-юначы ўзнёсла, натхнёна падтрымліваў гэта паэтычнае сумоўе ўчэпістай на вершы памяццю (вялюгінская хватка!)… Ды і вывучку набываў вялюгінскую, прычашчаючыся яго паэзіяй, дзе «думка скандэнсаваная, вобразы ўштукаваныя ў вершы, нібы каштоўныя камяні ў дыхтоўныя аправы…» Гэта былі не проста гасцёўныя «візіты» — то было душэўнае, духоўнае памкненне. І хто прайшоў школу Вялюгіна, той загартаваны ў паэзіі. Паэтычная мова Міхася Скоблы па-вялюгінску дакладная, змястоўна-важкая, не церпіць пустапарожніх слоў; радок пругкі, мускулісты, скіраваны да афарыстычнага гучання. Думка не віхляецца цьмяна і няпэўна: яна — пра жыццёванабалелае. Усяго адзін прыклад. Бог даў народу магчымасць самаўвасобіцца, самавызначыцца, самаажыццявіцца — Бог даў яму мову. Берагчы яе — як заруку існасці — заклікае Францішак Багушэвіч: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі…» — і як суровае, як самае страшнае, што можа быць пад небам на зямлі, — папярэджанне ад Міхася Скоблы — паралельным радком:
Выдатны суразмоўца Міхась Скобла для чытача. А сам Міхась Скобла — як чытач? О, тут можна толькі здзівіцца і ў захапленні нагадаць: дзве аб’ёмнейшыя анталогіі — «Краса і сіла: беларуская паэзія ХХ стагоддзя» і «Галасы з-за небакраю: паэзія свету ў беларускіх перакладах ХХ стагоддзя» — а гэта ж найперш прачытанне! Каб з’явіліся гэтыя сотні анталагічных старонак, трэба было перачытаць іх тысячы і тысячы. (У «Галасах з-за небакраю», заўважым, 658 аўтараў, пачынаючы ад Гамера, і 198 перакладчыкаў). Але Міхась Скобла не проста чытач, а чытач-даследчык, старальнік і стваральнік. Старальнік, бо вышуквае штосьці эксклюзіўна-нечаканае ці па даўнасці часу забытае, як, прыкладам, паэтычныя пераклады Янкі Брыля. Стваральнік — бо гэта сапраўды выдатная праца па стварэнні Кнігі. Вольны ход думкі, эрудзіраванасць — тое ж, што і начытанасць, паэтычная назіральнасць, ставяць у шэраг класічных біяграфічныя эсэ Міхася Скоблы, яго прадмовы да ўкладзеных ім і пракаментаваных кніг. І таму (як чытач з 75-гадовым стажам) хачу шчыра параіць: чытайце Міхася Скоблу! Чытайце ў паэзіі і ў прозе. І не прамініце тое, што ён сам раіць прачытаць.
Рэдкалегія часопіса «Наша вера» сардэчна віншуе Міхася Скоблу — свайго даўняга аўтара і сябра, з залатым юбілеем. Жадаем шчодрых Божых ласкаў і чакаем новых твораў!
Гл. таксама:
|
|
|
|