Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(78)/2016
Год Міласэрнасці
Святыя асобы

У МІЛАСЭРНАСЦІ НЯМА АЛЬТЭРНАТЫВЫ

СВЯТЫ — НЕ ВЫДАТНІК У БОГА
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Пераклады

НА ШЛЯХУ ДА ЯДНАННЯ

ВЕРШЫ
Лёсы духавенства
Прэзентацыя
Мастацтва
Літаратуразнаўства

ЧУЙНАЕ СЭРЦА
Асобы
In memoriam
Юбілей
Паэзія

НОВЫЯ ВЕРШЫ

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Прэзентацыя
Інтэрв’ю

«У МУЗЫЦЫ ПАВІННА БЫЦЬ ПЕСНАПЕННЕ...»
Спадчына

ДЗЕ ЛУКОНІЦА ЎПАДАЕ Ў ШЧАРУ

Лідзія КАМІНСКАЯ

«УЧЫНКАМ НАШЫМ ПАШЛІ ЎМАЛОТ...»


Збіраючыся на хрэсьбіны ўнука маёй сяброўкі, я купіла адпаведную гэтай нагодзе кнігу — «Хрысціянская азбука. Чытанне для дзяцей і бацькоў». Выдадзеная «Біблейскім таварыствам у Рэспубліцы Беларусь» у 2003 годзе накладам у 3000 асобнікаў, кніга прыемна здзівіла мяне сваім мудрым, сапраўды цікавым і для дарослых, і для дзяцей зместам: кароткімі хрысціянскімі прыпавесцямі, аповедамі, казкамі, прымаўкамі, загадкамі і нават заданнямі, а яшчэ парадавала таленавітым мастацкім афармленнем (рэд. Н.Б. Назарава, мастак І. Гардзіёнак). Пагартаўшы яе па добрай філалагічнай звычцы да канца, на апошняй старонцы я ўбачыла верш Наталлі Арсенневай «Магутны Божа» і не ўбачыла прозвішча аўтара музыкі — Міколы Равенскага, што было б цалкам натуральна ў такой кнізе — даўно ж вядома, што гэты твор стаў духоўным гімнам, які гучыць у многіх касцёлах Беларусі, прынамсі ў Мінску.

Дарэчы, у рускамоўным выданні гэтай жа кнігі тымі ж укладальнікамі змешчаны ў канцы верш Канстанціна Раманава «Молитва» («Научи меня, Боже, любить…»). Асабіста я супраць перакладу верша Н. Арсенневай на рускую мову, але калі ў нас абедзве мовы лічацца дзяржаўнымі, то хіба не лагічна было б змясціць і беларускі тэкст у рускамоўнай кнізе? Не згадвалася імя Міколы Равенскага і ў кантэксце Году культуры, калі на беларускім тэлебачанні мільгалі імёны знакамітых кампазітараў — Глебава, Паліводы, Будніка. Вось вам і азбука культуры… Між тым менавіта Мікола Равенскі пакінуў беларусам у спадчыну два духоўныя па сваёй сутнасці гімны: у савецкі час уся краіна слухала і спявала «Люблю мой край, старонку гэту…» на словы Канстанцыі Буйло, а музыка лічылася народнаю (у энцыклапедычным даведніку «Беларусь» (1995) так і напісана: верш «Люблю» стаў народнаю песняю; праўда, аўтар музыкі ўсё ж названы).

Не многія музыказнаўцы ведаюць, што Мікола Равенскі напісаў і «Ліпнёвы гімн» (на словы яшчэ аднаго «нацдэма» — Уладзіміра Дубоўкі), прысвечаны вызваленню Беларусі ад польскіх войскаў. Пісаў музыку і на словы Янкі Купалы, Цішкі Гартнага (таксама «ворага народа»), на вершы Максіма Багдановіча («Слуцкія ткачыхі», «Завіруха», «Не кувай ты, шэрая зязюля»; у час вайны напісаў музыку да «Пагоні»; і Максім Багдановіч, напэўна, стаў бы «ворагам народа», калі б пашчасціла дажыць да «чырвонай паводкі»).

Публікацый пра Міколу Равенскага вельмі мала. Найбольш падрабязны энцыклапедычны артыкул надрукаваны ў «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (2001 г., т. 6, аўтар – Марына Аўсяная). Гэтае выданне энцыклапедыі ўнікальнае тым, што на вокладках яго першых двух тамоў (1993 і 1994 гады) змешчана выява «Пагоні» — у 90-я гады «Беларускую Энцыклапедыю» ўзначальваў Міхась Ткачоў, таленавіты гісторык і сапраўдны патрыёт, які, на жаль, заўчасна памёр у 1992 годзе. Першы том быў падрыхтаваны да друку пад яго кіраўніцтвам (ды і астатнія тамы зроблены добрасумленна), а ў рэдкалегію сярод іншых уваходзілі У. Конан, М. Ермаловіч, В. Скалабан, Б. Сачанка, А. Мальдзіс, вядомыя сваёй адданасцю Бацькаўшчыне і праўдзе гісторыі.

Паводле згаданага артыкула, беларускі кампазітар, фалькларыст Мікола Равенскі (1886 — 1953) нарадзіўся ў вёсцы Капланцы Ігуменскага павета (цяпер Бярэзінскі раён). У 1913 – 1915 гг. вучыўся на рэгенцкіх курсах у Маскве і Пецярбургу, пасля чаго працаваў рэгентам і настаўнікам спеваў у Наваградку. Быў актыўным збіральнікам народных песняў, якія вельмі любіў, і нават удзельнічаў у фальклорнай экспедыцыі, арганізаванай Інбелкультам у 1921 годзе. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю, працаваў у Мінску выкладчыкам у музычным тэхнікуме і ў Беларускай кансерваторыі. Сябраваў з Уладзімірам Дубоўкам і ўвогуле быў блізкі па сваіх поглядах да літаратурна-мастацкага аб’яднання «Узвышша». Дарэчы, менавіта У. Дубоўка быў першым, хто напісаў пра М. Равенскага («Узвышша», 1928 г., № 3).

У 1929 г. М. Равенскі пачаў працу над операй «Браніслава» па аднайменнай паэме У. Дубоўкі, але пасля арышту У. Дубоўкі ў 1930 г. опера была канфіскаваная Народным камісарыятам асветы Беларусі, а ў 1938 г. Міколу Равенскага выключылі з Саюза кампазітараў і фактычна пазбавілі працы. Чаму выключылі — у артыкуле не сказана. За адно сяброўства з У. Дубоўкам, за прыхільнасць да яго творчасці, за музыку на яго вершы ўжо можна было выключаць, а ён жа сябраваў яшчэ з Кузьмою Чорным, які пасля «дбайных» рук чэкістаў не дажыў да 45-ці гадоў. Мала таго, што сябра «ворагаў народа», нацдэмаў, дык яшчэ і родны брат. Менавіта ў 1938 г. быў арыштаваны і расстраляны ў Курапатах (што стане вядома пазней) настаўнік Антон Равенскі, які меў шасцёра дзяцей, хату без падлогі, але надта багатую бібліятэку — быў разумны і гаварыў «антыдзяржаўныя рэчы». Пра брата Міколы Равенскага і, найперш, пра драматычны лёс самога кампазітара выдатна напісала Дзіяна Чаркасава ў артыкуле «Альфа і амега яго жыцця» (час. «Полымя», 1992 г., № 12). Па яе словах, Анатоль Багатыроў сцвярджаў, што прозвішча Міколы Равенскага было сярод тых, «каго абавязкова арыштавалі б, каб не вайна…»

«І тым не менш няма ніякіх падстаў, — піша Дзіяна Чаркасава, — меркаваць, што Мікола Равенскі ўспрыняў вайну як збавенне. Як і на мільёны людзей, яна абрынулася на яго, быццам абвал, і прымусіла выбіраць свой шлях <...> У час вайны, пакінуўшы Мінск, М. Равенскі жыў у Чэрвені, працаваў у царкве псаломшчыкам, выконваў іншыя абавязкі, а самае галоўнае — стаў рэгентам царкоўнага хору. Ён ведаў і любіў царкоўную музыку, ім самім напісана многа цудоўных твораў, якія гучалі і гучаць у храмах. М. Равенскі быў з дзяцінства і да скону веруючым чалавекам, і вера ў міласць Усявышняга дапамагала яму выстаяць у найцяжэйшых жыццёвых варунках».

У 1944 г., калі фашысты ўцякалі з нашых земляў, Мікола Равенскі таксама вырушыў на Захад, але ці можна назваць яго за гэта здраднікам?

Працытую радкі з верша Наталлі Арсенневай «Не першыя» («Туга па радзіме», Мінск, 1992):

<...>

Не першых
сюды нас кон з ветрам прыгушкаў,
выгнаннікаў з торбаю, сэрцам і кіем,
з прыдушанай мовай,
адзінай, што душы
адныя адным адчыняе.
Такія,
не першыя,
мы запынілі пагоню
натоўпу чужога за ўдачай і хлебам,
у ходзішча ўросшы,
з душой пад адхонам,
зляканай усмешкай…
Не першыя, дзе там!
Паўвеку таму, над густою вадою,
стаялі, як мы тут,
дзядзькі з-пад Налібак,
дзяўчаты з-пад Шчары грамадкай рудою

<...>

што ўчора
нагбом, набрынялаю жменяй,
асот і куколь з каласамі зразалі,
рыпліваю сошкай гарнулі каменне
і роднаю песняй разгойдвалі далеч…

Ці было ім соладка на чужыне, адказала таксама Наталля Арсеннева:

Не цалавала рук
нікому я ў жыцці.
Табе ж,
мая зямля,
я цалавала б ногі…

На пачатку 1990-х, калі беларусам здалося, што цяпер ужо сапраўды ва ўсім можна разабрацца аб’ектыўна і справядліва і нешта са страчанага нават вярнуць, Святлана Берасцень (адна з найбольш таленавітых журналістаў «ЛіМа») адшукала дачку Міколы Равенскага Вольгу Аляксеенку — артыстку Акадэмічнага хору Дзяржтэлерадыё Беларусі, якая не толькі доўгі час не ведала, што яе бацька аўтар музыкі гімна «Магутны Божа», але, як і яе маці Яніна Станіславаўна (другая жонка М. Равенскага, першая памерла маладою), не ведала нават даты яго смерці — такі быў час… Размова С. Берасцень з дачкою М. Равенскага з’явілася ў «ЛіМе» (5 сакавіка 1993 г.) пад назваю «Маўчанне было надта доўгае…» Аказваецца, толькі ў 1971 годзе дачка Антона Равенскага Ніна «атрымала ліст з Англіі ад далёкай радні — цёткі Тані, якая ў нейкай газеце напаткала знаёмае імя». Праз перапіску з Таццянаю Руткоўскаю, дачкою стрыечнага брата Міколы Равенскага Аляксандра, Вольга Аляксеенка шмат чаго даведалася пра свайго бацьку, а вось запытацца пра тое, чаму ён апынуўся на чужыне без сям’і, адзін, са скрыпкаю, страціўшы ўсё, Святлана Берасцень не адважылася. Дарэчы, у энцыклапедыі «Тэатральная Беларусь» (2003 г., т. 2) ёсць артыкул пра Ніну Антонаўну Равінскую — заслужаную артыстку Беларусі, былую салістку (1970-я гады) мінскага тэатра музкамедыі — Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра. Гэта была прыгожая, таленавітая жанчына з прыгожым сапрана…

У чарговы раз гартаючы старонкі часопіса «Полымя», я адчувала даўкую роспач, перачытваючы вось гэтыя радкі: «Трагічна абарвалася ў гады вайны жыццё старэйшай дачкі кампазітара Лёлі Равенскай, — піша Дзіяна Чаркасава. — Яна была блізкім сябрам і сувязной Ісая Казінца, які з першых дзён акупацыі Мінска стварыў падпольную групу, быў сакратаром Мінскага гарадскога падпольнага камітэта КПБ. Таго самага І. Казінца, Героя Савецкага Саюза, імем якога названа адна з вуліц нашага горада, і на ёй жыве Лёлін сын, прыёмны сын Казінца, марскі афіцэр Барыс Камінскі, унук апальнага беларускага кампазітара Міколы Равенскага. Казінец і Лёля трапілі на явачнай кватэры ў рукі гестапа. Пасля катаванняў Казінца павесілі ў скверы каля тэатра імя Янкі Купалы, а Лёлю расстралялі ў двары мінскай турмы…»

Мікола Равенскі ведаў пра гэта, і смерць дачкі была і яго ахвярапрынашэннем… Гэта здарылася ў маі 1942 года. Іменем Казінца ў Мінску названыя плошча і вуліца, а на месцы пакарання смерцю ёсць мемарыяльны знак, але ў энцыклапедычным артыкуле пра Героя не згадваецца імя яго паплечніцы Лёлі Равенскай…

Цікава, з кім Мікола Равенскі сябраваў на чужыне? Хутчэй за ўсё, сапраўдных сяброў (пасля У. Дубоўкі і К. Чорнага) не было, бо пасля яго смерці знікла нават яго найвярнейшая сяброўка — любімая скрыпка. Але ў 1990-я гады ў Беларусі ў Міколы Равенскага з’явіўся новы сябра (гэта ж духоўнае паняцце!), роўны У. Дубоўку і К. Чорнаму, — гэта быў Ніл Гілевіч. Аднойчы ўражаны гімнам «Магутны Божа», менавіта ён, як старшыня камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны, 20 красавіка 1995 г. горача даказваў, што песня, створаная ў далёкім замежжы беларусамі з драматычным лёсам, назаўсёды адарванымі сілаю абставінаў ад Бацькаўшчыны, павінна стаць дзяржаўным гімнам. Але «сіла абставінаў» і на гэты раз была мацнейшаю…

…Размаўляючы з жонкаю Міколы Равенскага Янінай Станіславаўнай, Дзіяна Чаркасава спытала ў яе, як яна можа растлумачыць, што такому высакароднаму чалавеку выпаў такі пакутлівы лёс і пакутлівая смерць (у яго быў рак). «Яе адказ, — піша Д. Чаркасава, — быў і просты, і загадкавы, і мудры мудрасцю чалавека, які многа перажыў і знайшоў сваё апірышча ў веры. — Шлях наш вузкі, сказана ў Евангеллі, хаця шырокай дарогай ідуць многія. Многія нарадзіліся, але нямногія выратуюцца».

…Яны паўсталі перад Богам з умалотам сваіх учынкаў, са сваёй любоўю, грахамі і пакутамі — Наталля Арсеннева, Мікола Равенскі, Кузьма Чорны, Уладзімір Дубоўка, Лёля Равенская, Ніл Гілевіч.Усе, хто ішоў у Неба вузкім шляхам.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY