Хвіліны зямныя,
Нябёс набліжэнне…
Як сэрца заные,
Як думы цяжэюць…
*
Мужна змагалася з болем пакутным
І спачування ў жыцця не прасіла.
Але пачуў усё Бог літасцівы:
Сном адышла непрабудна й нячутна…
*
Вечным расстаннем усё спасцігаю:
Як і паветрам была ты і сонцам,
Як ад нягодаў была абаронцам,
Як непрыкметна была дарагая…
*
Памяццю дыхае кожная дробязь —
Не замяніць і не перайначыць:
Іншыя рукі гэтак не зробяць,
Іншыя вочы так не пабачаць…
*
Што ж бязмоўна іх так спыніла, —
Хіба ж ты адпачынку прасіла?..
А яны ж не стамляліся, рукі, —
Праца ў радасць была, без прынукі;
А яны ж не падводзілі, ногі, —
Не шукалі лягчэйшай дарогі;
А яны ж былі зоркія, вочы, —
Бачыць тых, хто схібіў, ці збочыў;
А былі ж яны, вусны, са словам, —
І з усмешкай, і з ласкай вясновай…
Дык якая ж скавала іх сіла, —
Хіба ж ты адпачынку прасіла?..
*
А што яна параіць,
Ці падказаць захоча? —
Знячэўку зазіраю
Ў самотны твой куточак…
Ды мігам абарвецца
Памкненне на паўкроку:
А хто ж мне адгукнецца
Здалёку і звысоку?..
Пакутнае маўчанне
Надыханых шпалераў,
Замкнёныя адчаем
У будучыню дзверы…
*
Ты пайшла
З наканаваннем,
Што не будзе ніколі
Вяртання.
І не будзе ніколі
Сустрэчы…
Ніколі,
Ніколі,
Ніколі…
Не аспрэчыць,
Не запярэчыць —
І пазнаць,
Што такое
Пустэча…
*
Гэта страшнае слова — «ніколі» —
І захопіць усё, і зняволіць,
І скасуе ў няўмольным прысудзе
Ўсё, што значыцца словам «будзе».
Гэта слова глухое — «ніколі», —
Як жа жаўранка ўчуеш над полем;
Як жа ўстанеш, калі на золку
«Жаць-палоць» пазаве перапёлка;
Пасля дожджыку як жа праверыш ты
Баравіны грыбныя і нерушы…
І чакаюць цябе, і гукаюць —
Ды «ніколі» не адпускае…
*
Твой талент быў сонечна-рэдкі,
І зналі пра гэта ўсе кветкі.
Збіраліся юнай сям’ёю
Да нас лысагорскай вясною.
Ты іх па-сяброўску вітала,
Жывою вадой палівала:
Расціце дружней і квітнейце —
Вясною і ў спелым леце.
А зараз праз снежную замець
Сабрала іх светлая памяць.
Чародкаю сумнай пасталі
У снежань твой развітальны.
І быццам хочуць спытацца,
Як зноў вясной вам сабрацца.
Маўчыш, параднёная з кожнай, —
І што адказаць ім ты можаш?..
Не будзьце, кветкі, у крыўдзе —
Яна да вас больш не прыйдзе,
Каб цешыцца ў вашым гурце…
Даруйце, кветкі, даруйце…
*
Куды адыходзяць душы?
Якою дарогай нямой, —
Ці тою, што вечнасцю глушыць,
Ці трошкі яшчэ зямной?
Калі б адпушчэнні сышліся,
Хоць гэтага мне не спазнаць,
Прашу: хоць разок азірніся,
Каб моўчкі аб вечным сказаць.
*
І няўжо так бывае:
Навечна шляхі разышліся,
І наш бор:
З годам год нападбор —
Быў з жывейшых жывы,
Ды стаміўся.
Кольцаў шлях гадавы
Спыніўся.
І не ўзор,
А дакор
З верасоў
Узбуйніўся, —
Быццам бор
Памыліўся...
Высмяг бор, —
А мне засталіся
Без выносістых сосен высі,
Незваротныя высі
З вачыма заснежаных зор…
*
Злая воля паклікала ў поле,
Што маркоціцца ў стынь па сяўбе.
Там, дзе лета буяла ў раздоллі,
Ўсё заснула ў пакутнай журбе.
Вецер снежную ніву скубе…
І якая воля ў тым полі,
Калі ты тут не пройдзеш ніколі.
Ды і я не прайду без цябе…
*
Адлік вядзе адмоўны час, —
Ці ён канец, ці ён зачын?
Ці хоча ў вечнасці злучыць,
Ці раз’яднаць навечна нас?..
*
Застаўся я тут — і наколькі? —
Каб тайны ў нябёсаў пытаць.
А ты ўжо ўсё знаеш, ды толькі —
Не можаш?.. не хочаш?.. — сказаць…
Ці там і пытанняў няма?
Ці ўрок: не спяшайся дарма…
*
Даў нам Бог спатканне і дарогу,
Даў на лёс сумесны нам талан.
Як сустрэнеш — пакланіся Богу
За наш век, што зведаў шмат зямнога,
Але небу не ўчыняў падман…
|