Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(104)/2023
З нагоды юбілею
УРЭШЦЕ КРЫЖ ПЕРАМОЖА
З кнігі-інтэрв’ю Гжэгажа ПОЛЯКА з біскупам Ежы МАЗУРАМ SVD

Літаратуразнаўства
Ad fontes
Нашы святыні

ГЕРОІ БУДСЛАВА
Постаці
З нагоды юбілею
Паэзія

ПЕРАД ВЕЧНАСЦЮ...
Проза

ПРОЗА З ТОЙ КНІЖКІ, ЯКАЯ МОЖА БЫЦЬ
Спадчына

Данута БІЧЭЛЬ

ГЕРОІ БУДСЛАВА

Ліпнёвы ў Будславе фэст —
пілігрымы збіраюцца ў вырай крылаты!
Ад Заступніцы Ўнебаўзятай
з патаемных нябёс маніфест!

Вырай, вечным болем замглёны,
на каленях нясе слёзы-стогны
Тваёй абароне…
І вяртаецца — благаслаўлёны,
усцешаны, абнаўлёны,
у шчаслівых вачах — новы змест…

Неймаверна затоены боль
пераходзіць на жырандоль,
забіраецца ў пыл на аргане!
Узнікае пажар — у 2021 годзе, 11 траўня…

Нехта, з голі, ноччу скуголіў...
Злосць, зайздрасць, нянавісць, здзек…
Скажаце — гэта нячысцік…
Не, гэта быў чалавек.

Нехта, добры, на досвітку ўбачыў пажар.
Горкі дым засцілаў абшар.
Не прынеслі нябёсы дожджыку з хмар.

Пробашч з людзьмі, рызыкуючы жыццямі,
усё са сцен пазнімалі і выцягнулі…
А далей — стаялі, глядзелі:
агнявешкі праз вокны ляцелі.

…Крылатыя жураўлі
з правінцыйных мястэчкаў і з Мінска
па дарогах імчалі са свістам —
шлангамі шыяў-драбінаў
Сэрвач, блакітную птаху,
з жывымі рыбкамі пералілі
на касцельныя вежы, на бляху.

Дажджавых не было аблокаў.
Высока-высока
пяць буслікаў плавалі ў дыме,
клёкатам, крылцамі маладымі
пасылалі трывогу Радзіме.

На сценах у знак пратэсту
плакалі фрэскі —
за знявагу, за кроў, за калецтва!
…Рашэннем ЮНЭСКА
Будслаўскі фэст унесены
ў спіс нематэрыяльнай
культурнай спадчыны чалавецтва!

…Адкуль на тоўстыя сцены
чатыры асілкі ўзляцелі!?
Мелі сон прарочы, празрысты.
Узляцелі як валанцёры,
увідочненыя анёлы…
прамысловыя альпіністы.

На абвугленых тоўстых сценах
асілкі выходзяць на сцэну —
самаахоўна, без мітусні,
на тры ночы і тры дні,

Кроквы 40 на 40, 14 метраў у даўжыні.

Абгарэлыя на даху бярвенні:
бэлькі, стойкі, жэрдкі, страпілы,
падкосы, прагоны, лежні..
трэба было спілаваць і скінуць.

Яны рабілі геройскую працу —
самаахоўна, нібы незалежна,
кожны сам за сябе, але ў звязцы.

Жэня з рыжай бародкай у жмені.
Жэня Адамовіч, родам з Івенца,
без шлема, абвуглены, меншы,
крыжык на шыі, таму наймацнейшы,
зафіксаваныя ўсе эмоцыі
на стамлёнай, шчаслівай усмешцы!
Косця ў хусцінцы…
і Яўген Панасевіч, экскурсавод з Будслава.
І чарнявы Буслік у чырвонай куртачцы!

Не сябравал ніколі дагэтуль.
Героі, змагары, пілігрымы.
Трымаліся за будслаўскае паветра,
неўсвядомлена — за любоў да Радзімы!

…Невідочны зрабіў гэты здымак.

З усмешкаю пераможцаў —
пяць сэрцаў, замурзаных сонцаў.
Што б у нашым жыцці ні здарылася —
гляджу на іх, усміхаюся.
Да Маці Божай Унебаўзятай,
Каралевы святой Беларусі,
малюся… На душы ў мяне — свята!

4 траўня 2023 г.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY