Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(104)/2023
З нагоды юбілею
УРЭШЦЕ КРЫЖ ПЕРАМОЖА
З кнігі-інтэрв’ю Гжэгажа ПОЛЯКА з біскупам Ежы МАЗУРАМ SVD

Літаратуразнаўства
Ad fontes
Нашы святыні

ГЕРОІ БУДСЛАВА
Постаці
З нагоды юбілею
Паэзія

ПЕРАД ВЕЧНАСЦЮ...
Проза

ПРОЗА З ТОЙ КНІЖКІ, ЯКАЯ МОЖА БЫЦЬ
Спадчына
Алег ГЛЕКАЎ

ВОБРАЗ МАЦІ БОЖАЙ БУДСЛАЎСКАЙ У СУЧАСНЫМ МАСТАЦТВЕ

Галерэя - дадатак да артыкула

Да абразоў, праз якія Бог меў ласку спасылаць свае цуды, вернікі маюць асаблівае стаўленне, і такія абразы лічацца цудадзейнымі і шанаванымі, і спісы, зробленыя з гэтых абразоў, шануюцца ў хрысціянаў як святыні. Спіс абраза — гэта паўтор шанаванага абраза, і як з’ява іканапісу традыцыя стварэння спісаў з’явілася ў Візантыі ў IV ст., а пасля шырока разышлася па хрысціянскім свеце. Спіс не абавязкова з’яўляецца дакладнай копіяй арыгіналу, але аб тым, што абраз цудадзейны і шанаваны, сведчаць і яго шматлікія спісы і копіі.

Старажытныя спісы абраза Маці Божай Будслаўскай даволі шырока разышліся па касцёлах і цэрквах як тэрытарыяльна блізкіх да Будслава, так і далёкіх. Падрабязна пра гэтыя спісы можна прачытаць у артыкуле мастацтвазнаўцы Аляксандра Ярашэвіча «Цудадзейны і старажытны» («Наша вера», №2, 2001), а таксама ў яго кнізе «Абраз Маці Божай Будслаўскай» (Мінск, «Про Хрысто», 2004). Мы ж прыпынімся толькі на тых спісах і копіях абраза, што з’явіліся ў гады адраджэння Касцёла ў Беларусі, пасля часоў савецкай атэістычнай улады да сённяшняга часу. Сучасныя магчымасці паліграфіі і лічбавага друку дазваляюць хутка і танна зрабіць дакладную копію любога абраза ў любым памеры. Гэта дазваляе распаўсюджваць копіі абраза ў тых аб’ёмах, якія былі немагчымыя раней. Гэтымі тэхналогіямі актыўна карыстаюцца і для распаўсюджвання копій абраза Маці Божай Будслаўскай. Любы вернік цяпер можа набыць, аправіць у раму і змясціць у сваёй хаце паліграфічную копію абраза, але традыцыя, калі на патрэбу Касцёла і вернікаў ствараюцца мастацкія спісы і копіі цудадзейных абразоў, не была знішчана сучаснымі тэхналогіямі: яна працягвае не проста існаваць, але і актыўна развівацца. З’яву стварэння сучасных спісаў і копій абраза Маці Божай Будслаўскай, а таксама падзей, звязаных з імі, мы разгледзім у гэтым артыкуле.

 

Пасля адраджэння традыцыі правядзення Будслаўскага фэсту было створана некалькі копій будслаўскага абраза Маці Божай, пры напісанні якіх мастакі імкнуліся адлюстраваць як мага бліжэй да арыгіналу саму выяву Маці Божай і Езуса з каронамі у срэбных з пазалотай шатах, а таксама і раму з арабескавым арнаментам, у які ўпісаны фігуры святога Казіміра і святой Алены. Напэўна, самай першай з іх была копія абраза Маці Божай Будслаўскай, якую дэлегацыя пілігрымаў з Беларусі на чале з кардыналам Казімірам Свёнткам прывезла ў падарунак Святому Айцу Яну Паўлу ІІ з нагоды 20-годдзя яго Пантыфікату і ў знак удзячнасці за каранацыю абраза Маці Божай Будслаўскай папскімі каронамі 2 ліпеня 1998 года. 17 кастрычніка 1998 года падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане ў ауле Паўла VІ беларуская моладзь паднесла гэты абраз Маці Божай Будслаўскай у дар папу Яну Паўлу ІІ.

Напісаны Марынай Матушкінай у 2000 годзе на палатне памерам 91×82 см алейным жывапісам абраз Маці Божай Будслаўскай у шатах, з каронамі і рамай, даволі дакладна паўтарае арыгінал. Абраз быў усталяваны ў новы, спецыяльна зроблены для яго працэсійны фератрон цёмна-блакітнага колеру з пазалотай асобных элементаў. Унутры фератрона мясцілася сістэма падсветкі абраза з акамулятарамі і галагеннымі лямпамі, якія ўключаліся падчас начной Імшы і працэсіі. Гэты фератрон з абразом выкарыстоўваўся з 2000-га да 2007 года на ўсіх фэстах як алтарны абраз для часовага алтара побач з касцёлам і для працэсій. З-за сістэмы падсветкі абраза канструкцыя фератрона атрымалася даволі грувасткай, таму калі ў шырокім карыстанні з’явіліся святлодыёдныя лямпачкі, якім пры той жа яркасці патрэбна значна менш электрычнасці, з’явілася магчымасць зрабіць працэсійны фератрон значна лягчэйшым. У 2007 годзе была напісана новая копія абраза, якую змясцілі ў новым фератроне. Гэтая копія абраза Маці Божай Будслаўскай, як і папярэднія, дакладна паўтарае ў жывапісе арыгінал абраза ў шатах, з каронамі і рамай. Новы фератрон — гэта пакрытая лакам драўляная ажурная разьбяная рама з крыжам уверсе, якая замацавана на лёгкім, амаль нябачным пастаменце. Гэты абраз і фератрон падчас Будслаўскага фэсту ў 2007 годзе быў паблагаслаўлёны біскупам Казімірам Велікасельцам і тады ўпершыню выкарастаны ў начной працэсіі. Падчас таго фэсту раней створаны фератрон выкарыстоўваўся толькі як алтарны абраз, а 20 снежня 2008 г. абраз Маці Божай Будслаўскай са старога працэсійнага фератрона быў урачыста перададзены айцамі бэрнардынамі з Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай у нядаўна створаную мінскую парафію Маці Божай Будслаўскай (мінскі мікрараён Чырвоны Бор). Спачатку ён быў змешчаны у галоўным алтары часовай капліцы гэтай парафіі, а пасля пабудовы касцёла быў перанесены ў галоўны алтар касцёла. 3 ліпеня 2016 г. новазбудаваны касцёл мінскай парафіі Маці Божай Будслаўскай, у галоўным алтары якога быў размешчаны гэты цудадзейны абраз з Будслава, асвяціў арцыбіскуп Вены і прымас Аўстрыі кардынал Крыстаф Шонбарн OP, які быў папскім легатам на ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Будслаўскай з нагоды 25-годдзя заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі, а новы фератрон з абразом Маці Божай Будслаўскай з 2008 года пастаянна выкарыстоўваецца падчас Будслаўскага фэсту. Акрамя гэтага, да юбілею 400-годдзя прабывання цудатворнага абраза Маці Божай у Будславе ва ўсіх парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адбылася перэгрынацыя копіі цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай. Яна распачалася 5 кастрычніка 2012 года ў мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі і завяршылася праз дзевяць месяцаў — 5 ліпеня 2013 года, калі копія абраза прыбыла ў Будслаў. «Вандраваў» па парафіях архідыяцэзіі менавіта абраз у працэсійным фератроне, асвечаны ў 2007 годзе. Падчас перэгрынацыі гэты абраз наведаў 118 парафій архідыяцэзіі.

У мінскай парафіі Маці Божай Будслаўскай у сакрыстыі знаходзіцца яшчэ адзін абраз Будслаўскай Маці Божай. Намаляваў яго былы вязень, які пажадаў застацца невядомым, як падзяку за вызваленне і ахвяраваў яго Каталіцкаму Касцёлу. Абраз памерам 107×97 см намаляваны ў змешанай тэхніцы алеем і тэмперай на палатне тыпу жакард. Абраз быў перададзены ў новаствораную парафію Маці Божай Будслаўскай, дзе пасля пабудовы і асвячэння у 2005 годзе часовай капліцы быў змешчаны ў яе алтары, а ў 2008 годзе заменены ў алтары капліцы на абраз, які быў перададзены з Будслаўскага санктуарыя і з таго часу знаходзіцца ў сакрыстыі і выкарыстоўваецца ў працэсіях на ўрачыстасць Маці Божай Будслаўскай.

Сярод іншых копій абразоў Маці Божай Будслаўскай трэба ўзгадаць два абразы мастака Леаніда Лук’янава: адзін — для касцёла парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў вёсцы Хатава Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці, другі — для касцёла парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў аграгарадку Налібокі таго ж раёна, дзе ён, у адрозненне ад першага свайго абраза, выканаў жывапісам толькі сам абраз, а рама, шаты і кароны былі выразаны з дрэва і пафарбаваны адпаведна арыгіналу пад золата ці срэбра і накладзены паверх жывапісу. Мастак Алег Драбышэўскі таксама напісаў копію будслаўскага абраза, якую ў 2003 годзе падараваў санктуарыю ў Будславе. Добрай сучаснай традыцыяй стала дарыць копіі абраза Маці Божай Будслаўскай ганаровым гасцям Касцёла ў Беларусі. Так у 2001 годзе абраз Маці Божай Будслаўскай ад Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі быў падараваны нунцыю Апостальскай Сталіцы арцыбіскупу Дамініку Грушоўскаму, а ў 2013 годзе абраз пэндзля Сяргея Шэмета быў падараваны старшыні Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу кардыналу Жану-Луі Тарану, які прыбыў у Беларусь як папскі легат на ўрачыстасць 400-годдзя прыбыцця цудатворнага абраза Божай Маці ў Будслаў. У 2018 годзе падчас развітання ў сувязі з пераводам на іншую пляцоўку будслаўскія парафіяне падаравалі копію абраза Маці Божай Будслаўскай бэрнардыну айцу Віктару Бурлаку, які шмат гадоў быў кусташам Нацыянальнага санктуарыя. Адышоў па ўзнагароду да Пана 9 лютага 2022 года.

У мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі з 2002 года знаходзіцца напісаны тэмперай на палатне абраз Маці Божай памерам 157×138 см. Адметнасць гэтага абраза ў тым, што выява Маці Божай з Езусам напісаная дакладна і дэталёва, а вось рама з арабескавым арнаментам напісана вельмі ўмоўна, гэткімі ліхімі мазкамі пэндзля, таму вока факусуецца перш за ўсё на тварах Маці Божай і Езуса. Гэты абраз з 2005 г. выкарыстоўваецца ў інсталяцыях часовага алтара каля архікатэдральнага касцёла падчас штогадовых працэсій ва ўрачыстасць Божага Цела.

У 2005 г. барэльефны абраз Маці Божай Будслаўскай быў створаны з гіпсу для парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Марыі ў горадзе Фаніпаль Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці. Пакуль ідзе будаўніцтва касцёла, абраз знаходзіцца ў алтары часовай парафіяльнай капліцы.

 

Вялікую працу па пашырэнні культу Маці Божай Будслаўскай зрабіла мастачка-іканапісец Ядвіга Сянько: яе аўтарству належаць больш сямі спісаў абраза Маці Божай Будслаўскай. Самы вялікі і значны з іх — абраз, змешчаны ў галоўным алтары касцёла святых Сымона і Алены ў Мінску (Чырвоны касцёл). Гэты абраз памерам 163×150 см яна напісала ў 2015 годзе. У алтары абраз абрамляе ажурная каваная рама. У 2017 годзе мастачка напісала абраз памерам 70×76 см для каталіцка-праваслаўнай капліцы ў Мачулішчах, а ў наступным годзе — абраз Маці Божай Будслаўскай памерам 57×65 см, які быў змешчаны ў алтары капліцы Маці Божай Будслаўскай у Чырвоным касцёле, замяніўшы сабою паліграфічную копію абраза, якая была там раней. У 2018 годзе Ядвіга Сянько напісала абраз Будслаўскай Маці Божай памерам 30×42 см для касцёла Перамянення Пана ў вёсцы Сцешыцы Вілейскага раёна і абраз памерам 24×35 см, які быў падараваны 16 чэрвеня падчас урачыстасці срэбнага юбілею прэзбітэрскага пасвячэння ксяндзу Ігару Лашуку. Гэтыя два абразы, у адрозненне ад папярэдніх, напісаны без рамы з арабескавым арнаментам. Усе абразы Ядвігі Сянько напісаны на палатне алеем з выкарыстаннем срэбнай і залатой фарбаў.

У 2021 годзе ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк задумаў ажыццявіць вялікую духоўную акцыю — малітоўна-пакутніцкую пілігрымку ўздоўж межаў Беларусі з адначасовай перэгрынацыяй копій найбольш шанаваных у Беларусі абразоў Маці Божай у інтэнцыі адбудовы пасля пажару базылікі Маці Божай Будслаўскай, а таксама з малітвай аб міры, адраджэнні веры і абароне ад каранавірусу. Да гэтай пілігрымкі мастачка Ядвіга Сянько напісала копіі васьмі абразоў Маці Божай з Марыйных санктуарыяў Беларусі (Будслава, Браслава, Брэста, Бялынічаў, Гродна, Гудагая, Лагішына і Тракеляў). Усе абразы маюць круглую форму (дыяметрам 52 см) і напісаны на палатне алеем з выкарыстаннем срэбнай і залатой фарбаў, апраўленыя ў круглыя з залачэннем і срэбраннем драўляныя рамы, на якіх указаны назвы санктуарыяў, адкуль паходзяць абразы. Спіс абраза Маці Божай Будслаўскай адлюстроўвае на залатым фоне выяву Багародзіцы з Сынам на руках, у каронах і шатах, але элементы рамы з арабескавым арнаментам, характэрныя для арыгінальнага будслаўскага абраза, адсутнічаюць. Для абразоў былі створаныя спецыяльныя транспартныя кіёты, каб іх, нягледзячы на надвор’е, магчыма было везці на даху аўтамабіля. Упершыню гэтыя абразы пранеслі 6 чэрвеня 2021 года падчас працэсіі Божага Цела, якая адбылася на цвінтары пры касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску. Пасля гэтага абразы былі дастаўлены ў Апостальскую нунцыятуру, дзе Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч іх благаславіў. Малітоўна-пакутніцкая аўтапілігрымка абразоў уздоўж межаў Беларусі пачалася 12 чэрвеня 2021 года ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне і 18 чэрвеня скончылася, пераадолеўшы за гэты час шлях у 3125 кіламетраў, наведаўшы 14 парафій, вярнуўшыся ў месца, дзе пачалася. Але копіі цудадзейных абразоў працягваюць сваю перэгрынацыю па Беларусі, пры гэтым колькасць копій павялічылася, бо па жаданні вернікаў да ўжо створаных дадаюцца і іншыя шанаваныя ў Беларусі абразы Маці Божай, як гістарычныя, так і новыя. За час перэгрынацыі абразы ўжо наведалі больш 70-ці парафій у Беларусі, удзельнічалі ў Будслаўскім фэсце 2022 года і экспанаваліся ў Варшаве ў Каралеўскім замку падчас XXVII выставы-кірмашу каталіцкіх выдавецтваў.

 

Таксама былі створаны і спісы будслаўскага абраза, на якіх Маці Божая і Езус намаляваны без срэбных шатаў і кароны. Мастак у гэтым выпадку ў якасці арыгіналу карыстаўся каляровым фотаздымкам, які быў зроблены падчас рэстаўрацыі абраза ў 1992 годзе Віктарам Лукашэвічам. Так мастак Павел Кандрусевіч у 2001 годзе напісаў такі абраз алеем на дошцы памерам 18×14 см, а ў 2002 годзе Аляксандр Тарасік напісаў алеем на палатне будслаўскі абраз для капліцы палаца біскупаў у Мінску (курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі). Абраз апраўлены ў разьбяную драўляную залачоную раму, якая імітуе раму арыгінальнага абраза з арабескавым арнаментам і фігурамі святога Казіміра і святой Алены. Гэтая рама зроблена Міхаілам Юрэвічам, а залачэнне яе выканала Любоў Кавалеўская. 13 чэрвеня 2006 года пасля завяршэння рамонтна-рэстаўрацыйных працаў у палацы біскупаў капліца была асвечана кардыналам Казімірам Свёнткам.

У новым будынку Апостальскай нунцыятуры ў Мінску на праспекце Незалежнасці, адчыненым у 2017 годзе, для патрэбаў духоўных асобаў, якія там працуюць, адчынілася капліца, у якой таксама знаходзіцца абраз Маці Божай Будслаўскай, намаляваны на палатне без шатаў і апраўлены ў аб’ёмную разьбяную драўляную залачоную раму.

 

На сённяшні дзень шмат прыкладаў творчага мастацкага падыходу да выканання спісаў абраза Маці Божай Будслаўскай. Цікавы твор візантыйскай інтэрпрэтацыі будслаўскага абраза ў 2003 годзе выканаў іканапісец Аляксей Дзмітрыеў. Абраз памерам 60х40 см намаляваны ў звыклай для ўсходняй традыцыі тэхніцы: дошка, ляўкас, тэмпера, залачэнне. Контуры фігураў і рысы Марыі і Езуса іканаграфічна нагадваюць вядомы праваслаўны абраз Маці Божай Ціхвінскай. На залатым фоне — Маці Божая ў чырвоным мафорыі, Езус у залатым адзенні, карона над Маці Божай і німбы выразаныя ў слоі ляўкасу, па фоне абраза ў наяўнасці абавязковыя для візантыйскай іканаграфіі надпісы. Адметна, што ў левай руцэ Езуса няма характэрнага для будслаўскага абраза плода граната. Унізе абраз падпісаны стараславянскімі літарамі — «Будславская». Захоўваецца абраз у саборы Святых апосталаў Пятра і Паўла на Нямізе ў Мінску.

 

У 2004 годзе падчас мастацкага пленэру, які праводзіўся ў Будславе, адзін з яго арганізатараў і актыўны ўдзельнік Ігар Гардзіёнак стварыў арыгінальны абраз Маці Божай Будслаўскай. Абраз, напісаны на дошцы памерам 60×48 см, з’яўляецца сучаснаю аўтарскаю інтэрпрэтацыяй будслаўскага абраза, выкананага ў класічнай тэхніцы пісьма тэмперай па ляўкасе, з выбарачным пасярэбраннем і залачэннем, інкруставаны пярлінамі і стразамі. Падчас Будслаўскага фэсту ў 2004 годзе абраз дэманстраваўся каля базылікі, над уваходам у намёт, у якім была арганізавана выстава працаў пленэру «Будслаў-2004». Пасля заканчэння фэсту абраз быў перададзены арганізатарамі пленэру санктуарыю Маці Божай у Будславе, і менавіта гэты абраз Апякункі Беларусі падчас працэсіі з дарамі беларуская моладзь прынесла ў дар Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу. Адбылося гэта 10 лістапада 2007 г. у мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Марыі Панны падчас урачыстай святой Імшы з нагоды інгрэсу мітрапаліта.

Адразу ж пасля будслаўскага пленэру ў 2004 г. мастак Сяргей Шэмет напісаў два абразы Маці Божай Будслаўскай у сваёй творчай інтэрпрэтацыі, алеем на палатне. Першы абраз, памерам 91×66 см, выкананы ў цёплай залаціста-бежавай гаме. Маці Божая трымае на руках Сына, ад іх сыходзіць залатое ззянне. Уверсе, з правага і з левага боку абраза, знаходзяцца постаці двух Анёлаў Ахоўнікаў, якія завяршаюць кампазіцыю. Абраз, акрамя твараў Маці Божай і Езуса, не мае дакладнай прамалёўкі ні адзення, ні постацяў Анёлаў, і таму здаецца, што святло ідзе як бы знутры абраза, размываючы і змякчаючы ўсе контуры, робячы іх ілюзорнымі. Другі абраз мастак назваў «Маці Божая Будслаўская XXI стагоддзя», для яго ён выбраў гарызантальную кампазіцыю (82×107 см), што вельмі нязвыкла. Асноўная каларыстыка твора — касмічна-сапфірава-сіні колер фону, на якім дамінуе ў залатых каронах постаць Маці Божай з Сынам на руках. Залаты дыск сонца, які сваім гарачым колерам разрывае холад фону-космасу, стварае своеасаблівы німб для Багародзіцы і Езуса. Знізу фону блакітным паўкругам пазначаныя абрысы Зямлі. Гэтыя абразы Сяргея Шэмета разам з іншымі жывапіснымі творамі пленэру «Будслаў-2004» шырокаму гледачу былі прадстаўлены падчас выставы ў музеі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў 16 лістапада 2004 года.

 

У галерэі базылікі Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў горадзе Назарэт на Святой Зямлі прадстаўлена амаль сотня цудадзейных абразоў Багародзіцы з розных краінаў свету. У 2013 годзе быў атрыманы дазвол на змяшчэнне там і абраза Маці Божай Будслаўскай — Апякункі Беларусі.

Галоўным каардынатарам працаў па вырабе гэтага абраза быў прызначаны ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк. Мастацкім кіраўніком праекту быў абраны Ігар Нядбайла, які некалькі гадоў да гэтага займаўся рэстаўрацыяй вітражоў у Чырвоным касцёле. У яго кампетэнцыю ўваходзіла сабраць групу мастакоў і падрыхтаваць канкрэтныя прапановы па выкананні праекту. Акрамя яго самога, у групу ўвайшлі скульптар Мікалай Бакуменка, выкладчык БНТУ Фёдар Драгун, мастакі Віктар Азямблоўскі і Аляксандр Ажэгаў. Першапачаткова разглядаўся мазаічны варыянт абраза, але ў працэсе работы было прынята рашэнне выкарыстоўваць і іншыя тэхнікі, характэрныя для розных відаў прыкладнога мастацтва. Творчая група шмат разоў сустракалася, вызначалі задачы для кожнага з мастакоў, абмяркоўвалі іх і спрачаліся, у выніку чаго з’явілася больш 50-ці эскізаў абраза Маці Божай Будслаўскай для базылікі Звеставання памерамі 2000×70 см. Адзін з іх і зацвердзіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч 5 чэрвеня 2013 года. Як распавядае пра гэты праект яго мастацкі кіраўнік Ігар Нядбайла, «калі ў цэлым і коратка ахарактарызаваць змест твора, то ён з’яўляецца іканаграфічным у класічным сэнсе: Святы Дух асвячае Маці Божую Будслаўскую, асвячае Беларусь, будслаўскі храм, адпаведна, і кожнага з нас. Аблічча, рукі Багародзіцы і Дзіцяткі Езуса планавалася выканаць у барэльефе, з фарфору або фаянсу, і распісаць падглазурным роспісам; выява Маці Божай мусіла быць максімальна набліжана да першакрыніцы. Карону планавалася выканаць з сапраўдных каштоўных матэрыялаў. У творы, акрамя барэльефа, павінны былі прысутнічаць і іншыя архітэктурныя дэталі, запазычаныя са знешняга афармлення самога будслаўскага храма, які выкананы ў стылі барока. Лёгка чытаюцца словы “Будслаў” і “Беларусь”, напісаныя на латыні. Яны мусілі быць выкананымі літымі літарамі, пакрытымі анадзіраваным золатам. На першапачатковым праекце абраза дамінуюць два колеры — жоўты (таму што ікона Маці Божай Будслаўскай мае сапраўды залаты фон) і зялёны (характэрны пры адлюстраванні сімвалаў нашай краіны). У сюжэт таксама ўведзены беларускія матывы і дэталі арнаменту. Наогул, праца складаная, у ёй шмат тэхнік і тэхналогій. Асноўную частку працы планавалася ажыццявіць на шклозаводзе “Нёман”, творчая частка выканана мастакамі як ахвяра Каталіцкаму Касцёлу Беларусі».

27 чэрвеня 2014 года ў Назарэце ў базыліцы Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі адбылася ўрачыстая святая Імша, падчас якой была асвячана керамічная мазаіка з абразом Маці Божай Будслаўскай. Перад Імшой мазаіка была ўнесеная ў базыліку і змешчаная ў бакавым алтары. Святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскi арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Разам з ім Эўхарыстыю цэлебравалі дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і святары з Беларусі. Пазней мазаіка была змешчаная на тэрыторыі назарэтанскай базылікі з левага боку ад цэнтральнага ўваходу.

Заўважым, што ад амбітнага эскізу з-за аб’ектыўных абставінаў вымушаны былі адмовіцца, абраз у выніку быў выкананы ў тэхніцы керамічнай мазаікі ў стрыманай бежава-пясочнай каляровай гаме без кантрасных каляровых акцэнтаў. Ад першапачатковага праекту засталася толькі агульная кампаноўка: у верхняй палове — Маці Божая Будслаўская, над Ёю — Святы Дух у вобразе голуба, ад якога разыходзяцца прамяні; пад выявай Маці Божай, у атачэнні ручніка з надпісам лацінкай «Будслаў» — выява будслаўскай базылікі, на фоне якой знаходзіцца карта Беларусі, ніжэй — надпіс «Беларусь», і зусім знізу пад дэкаратыўным арнаментам — заклік: «Маці Божая Будслаўская, маліся за нас». На жаль, пасля ўсталявання абраза на тэрыторыі базылікі ён апынуўся «ў суседстве» з абразамі з Балгарыі, Італіі, Францыі, Эфіопіі і Ліхтэнштэйна, якія выкананы ў больш адкрытых і яркіх колерах, і таму абраз з Беларусі зрокава губляецца побач з імі...

Абраз Маці Божай Будслаўскай у Назарэце — гэта ўжо другі знак Касцёла ў Беларусі на Святой Зямлі. Першы — табліца з малітваю «Ойча наш» на беларускай мове — быў усталяваны ў 2011 годзе ў касцёле «Pater noster» у Ерузалеме.

 

14 чэрвеня 2015 года ў бабруйскім касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі падчас урачыстай святой Імшы дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юры Касабуцкі асвяціў новы бочны алтар у гонар Маці Божай Будслаўскай. Адметнасць і незвычайнасць гэтага алтара ў тым, што ён выкананы ў неагатычным стылі, а Маці Божая Будслаўская ў ім з’яўляецца скульптурай. Ідэя такога пераўтварэння Маці Божай з абраза ў скульптуру належыць ксяндзу каноніку Юрыю Быкаву, тагачаснаму пробашчу бабруйскай парафіі. Для выканання гэтай незвычайнай задачы восенню 2014 года ксёндз Юры звярнуўся да майстра разьбярскай справы Казіміра Місюры з Воранава, які за паўгода выразаў з дрэва фігуру Маці Божай з Дзіцем вышынёй 1600 см. Пасля таго як фігура была выразана, дачка Казіміра Місюры, Вера, выканала працы па яе аздабленні (ляўкас, паліхромію, а таксама залачэнне каронаў і асобных фрагментаў адзення). Гэтая скульптурная інтэрпрэтацыя Будслаўскай Маці Божай у бабруйскім касцёле пакуль не мае аналагаў...

Мінскае прадпрыемства па апрацоўцы натуральнага каменя «ГЛИВИ» ў 2019 годзе адкрыла для сябе новы кірунак дзейнасці — вытворчасць абразоў з каменя. З часам яно ўвасобіла ў камені мноства шанаваных і цудатворных абразоў і пад заступніцтвам Багародзіцы працягвае гэта рабіць і цяпер. Мастацкі кіраўнік праекту — Алег Папельскі. Сярод ужо створаных ёсць таксама пяць абразоў Маці Божай Будслаўскай. Стылізацыя гэтых абразоў бліжэй да візантыйскай, аднак выявы Маці Божай і Езуса ў поўнай меры захавалі адметныя рысы свайго прататыпа. Памеры вырабленых абразоў 40,5×34 см і 27,5×22 см. Матэрыялам для гэтых абразоў з’яўляецца італьянскі мармур «grigio foussena levigato» цёмна-шэрага, амаль чорнага колеру, на які нанесена контурная гравіроўка абраза, пасля чаго зроблена ручная мастацкая прамалёўка вобразаў і дэкараванне. У гэтых працэсах выкарыстоўваюць залатую і срэбную паталь, каляровую трансферную паталь, а таксама каляровыя мастацкія эмалі. Аб’ём ручных працаў пры вырабе такога абраза не менш за 87 адсоткаў агульнага часу працы. Сярод зробленых абразоў няма і не можа быць падобных дзякуючы непаўторнай фактуры натуральнага каменя і карпатлівай ручной працы майстроў. Такія абразы з каменя дзякуючы якасцям матэрыялу, з якіх яны створаны, могуць выкарыстоўвацца як у інтэр’ерах, так і ў аздабленнях экстэр’ераў. Убачыць і набыць абразы з каменя ці замовіць выраб абраза пад свае патрэбы магчыма ў салоне прадпрыемства, што знаходзіцца ў Мінску па вуліцы Петруся Броўкі, 3 корпус 2.

Яшчэ адну незвычайную мастацкую інтэрпрэтацыю абраза Маці Божай Будслаўскай у 2020 годзе зрабіў мастак Ігар Гардзіёнак (фрагмент працы вынесены на першую вокладку гэтага нумара часопіса). Праца ў тэхніцы пісьма тэмперай і алеем па ляўкасе з накладзенымі металічнымі элементамі зроблена на дошцы памерам 110×37,5 см. Адметнаю рысаю гэтага абраза стала не толькі яго актыўна жорсткая вертыкальная кампаноўка, але і тое, што ляўкас нанесены на дошку па-мастацку і не закрывае яе поўнасцю. Больш за 20 адсоткаў плошчы старой дошкі, якая ад часу набыла сівы колер, з усімі яе фактурнымі недахопамі, няроўнасцямі, сколамі і сучкамі застаецца бачнаю і арганічна ўпісваецца ў агульную кампазіцыю абраза, перадаючы яго гістарычную адметнасць. Абраз па ляўкасе намаляваны з выкарыстаннем прыёмаў і элементаў, традыцыйных у візантыйскім іканапісе, але сучасна пераасэнсаваных. Завяршаюць кампазіцыю і даюць своеасаблівы пасыл да сармацкай рамантыкі мінулага накладзеныя на абраз дэкаратыўныя элементы з металу, які быў штучна састараны; сярод іх дамінуюць кароны з німбамі Маці Божай і Езуса. Гэтая праца ўваходзіць у серыю абразоў «Святыя апекуны Беларусі», зробленых у адным памеры, стылі і тэхніцы. Першая праца з гэтай серыі «Арханёл Міхал» была надрукавана на вокладцы 1-га нумара нашага часопіса за гэты год. Цяпер у гэтай серыі ўжо створана 4 абразы, акрамя названых вышэй — «Маці Божая Чэнстахоўская» і «Цуд святога Юрыя са змеем». У красавіку 2023 года гэтая серыя абразоў экспанавалася ў Каралеўскім замку ў Варшаве падчас XXVIII выставы-кірмашу каталіцкіх выдавецтваў. Мастак працягвае пашыраць гэтую серыю і цяпер працуе над абразом «Маці Божая Бялыніцкая».

Майстэрня па пашыве літургічнага адзення «Sacris Vestibus», якая была створана у 2014 годзе пры парафіі св. Казіміра ў Маладзечне, выканала вышыты абраз Маці Божай Будслаўскай. Матэрыял асновы — жакард, вышыўка — шаўковай і металічнымі (залатой і срэбнай) ніткамі.

У 2023 годзе, да ўрачыстасці 25-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай, мастачка Таццяна Сурмачэўская намалявала арыгінальны абраз «Кветкі для Будслаўскай Багародзіцы» (абраз змешчаны на 2-й ст. вокладкі часопіса), на якім Маці Божая і Езус намаляваны без шатаў, кароны Маці Божай падтрымліваюць чатыры анёлкі, вакол абраза — рама з кветак. Абраз памерам 94×74 см намаляваны на каляровым кардоне пастэльнымі алоўкамі, а кароны Маці Божай і Езуса выкананы ў тэхніцы аплікацыі каляровай саломкай.

 

Мастацкія працы з вобразам Маці Божай Будслаўскай

Абраз Маці Божай Будслаўскай натхняе мастакоў не толькі на тое, каб рабіць яго копіі і спісы, але і на стварэнне твораў выяўленчага мастацтва, дзе адным з галоўных элементаў кампазіцыі з’яўляецца цудадзейны абраз. У першую чаргу гэта карціны, звязаныя з вёскай Будслаў і мясцовым касцёлам. Згадаем некаторыя з іх. У 2003 годзе мастак Алег Драбышэўскі напісаў карціну «Будслаў» (палатно, алей), у якой над будслаўскім касцёлам з аблокаў, як візія, бачныя лікі з абраза Маці Божай Будслаўскай. Карціна была падаравана аўтарам Будслаўскаму санктуарыю. Падчас пленэру «Будслаў-2004» мастачка Вольга Гардзіёнак-Кірэева зрабіла творчую аўтарскую каляровую інтэрпрэтацыю знакамітай гравюры з кнігі айца Э. Зеляевіча «Задыяк нябесны на зямлі» 1650 г., у якой Маці Божая Будслаўская знаходзіцца ў небе над краявідам, у цэнтры якога касцёл у Будславе. Праца мастачкі выканана на дошцы памерам 65×43 см у тэхніцы жывапісу тэмперай па ляўкасе. З пленэрам «Будслаў-2004» звязаны дзве карціны мастака Сяргея Шэмета. Першая напісаная падчас самога пленэру (памерам 70×60 см), на ёй адлюстраваны краявід з будслаўскім касцёлам з боку апсіды, над ім у небе ў залатым ззянні знаходзіцца абраз Маці Божай Будслаўскай. Другая карціна, напісаная ў тым жа годзе пасля пленэру, з’яўляецца аўтарскай інтэрпрэтацыяй першай, выкананай у гарызантальнай кампаноўцы. Аўтарству Сяргея Шэмета належыць і карціна, якую 12 снежня 2015 года ад імя Каталіцкага Касцёла Беларусі падаравалі арцыбіскупу Клаўдыё Гуджэроцці ў сувязі з заканчэннем яго дыпламатычнай місіі на пасадзе Апостальскага нунцыя ў Рэспубліцы Беларусь. Карціна па сюжэце падобная на папярэднюю, але на гэтай будслаўскі касцёл паказаны з боку франтона і, як ужо традыцыйна склалася, у небе ў залатым ззянні намаляваны абраз Маці Божай Будслаўскай.

Асобнай увагі заслугоўваюць яшчэ дзве працы Сяргея Шэмета, якія былі натхнёныя таксама пленэрам у Будславе, але створаныя ў 2009 годзе, амаль праз пяць гадоў пасля пленэру. Гэтыя працы аднолькавыя па сюжэце і кампазіцыі, але выкананыя ў розных тэхніках. Першая — «Сквер у Будславе» — памерам 90×80 см выканана алеем на палатне (была надрукавана на першай старонцы вокладкі другога нумара часопіса «Наша вера» за 2019 год), другая — «Сквер» — памерам 100×70 см, выканана змешанай тэхнікай на паперы. На пярэднім плане дамінуюць дрэвы са скверу перад будслаўскім касцёлам, сярод іх мастак нібы схаваў, укрыў ад вачэй выпадковага гледача абраз Маці Божай Будслаўскай. Каб убачыць абраз, схаваны сярод дрэваў, трэба ўважліва і няспешна разгледзець карціну. Над дрэвамі, як бы карануючы ўсю кампазіцыю з дрэваў і абраз, схаваны сярод іх, узвышаюцца вежы будслаўскага касцёла...

Мастачка Аксана Аракчэева ў 2014 годзе напісала партрэт Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. На фоне партрэта, з правага боку, яна размясціла Апякунку Беларусі — абраз Маці Божай Будслаўскай.

У часопісе «Маленькі рыцар Беззаганнай» друкаваліся, няхай і наіўныя, але вельмі кранальныя дзіцячыя малюнкі з абразом Маці Божай Будслаўскай. Часопіс у 2004 годзе пачаў конкурс «Будслаў вачыма дзяцей», вынікам якога стала выстава дзіцячага малюнка падчас Будслаўскага фэсту 2005 года. Таксама ў часопісе друкаваліся дзіцячыя малюнкі, дасланыя на конкурс «Будслаў — прызнанне ў любові», які да 400-годдзя з’яўлення цудатворнага абраза Маці Божай у Будславе праводзіла рэдакцыя часопіса «Ave Maria» ў 2013 годзе. Па выніках гэтага конкурса была выдадзена кніга «Будслаў — прызнанне ў любові», у якую ўвайшлі і дзіцячыя малюнкі. З мноства гэтых твораў трэба выдзеліць 2 малюнкі, якія адрозніваюцца больш якасным выкананнем, як кампазіцыйным, так і тэхнічным. Гэта малюнак 2001 года, намаляваны 11-гадовай Янай Сурмачэўскай з Мінска, на якім намаляваны сюжэт працы сялянаў па зборы збажыны, дзе Маці Божая Будслаўская, спусціўшыся на воблаку да працаўнікоў у полі, падае ім у гарлачыку ваду, каб наталіць смагу, і малюнак 2005 года 12-гадовага Стаса Сурмачэўскага, навучэнца мінскай гімназіі-каледжа мастацтваў, на якім у небе над будслаўскім касцёлам на воблачках у атачэнні анёлаў знаходзіцца Маці Божая, а перад касцёлам укленчылі дзеці пасля Першай святой Камуніі.

 

Творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з Маці Божай Будслаўскай

У гады адраджэння Касцёла вобраз Маці Божай з’явіўся таксама і на творах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у першую чаргу звязаных з Касцёлам і літургіяй. Так у 1996 годзе, падчас аднаўлення і рэстаўрацыі мінскага архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, на ніжнім ярусе левай пры ўваходзе вежы быў змешчаны звон у гонар Маці Божай Будслаўскай Апякункі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, на якім змешчана рэльефная выява Маці Божай Будслаўскай з надпісамі на лацінскай мове. Звон, адліты з бронзы, мае дыяметр 115 см у найшырэйшай частцы, вагу 800 кг, тон гука fis. Гэты звон і іншыя, што ў той год былі ўсталяваныя на вежах мінскай архікатэдры, выраблены на прадпрыемстве «Ludwisarniа Felczyńskich» («Ліцейная Фяльчыньскіх») — сямейнай кампаніі па вытворчасці званоў з 200-гадовай традыцыяй з вёскі Тацішаў (Taciszów) у Польшчы, Сілезскае ваяводства, Глівіцкі павет, гміна Рудзінец.

Узгаданая майстэрня «Sacris Vestibus» па пашыве літургічнага адзення таксама вырабляе арнаты, стулы і працэсійныя харугвы з вышытай выявай Маці Божай Будслаўскай. Арнаты вырабляюцца з мяккай, лёгкай тканіны — звычайна з габардзіну. Пояс у арнаце вырабляецца з жакарду і ўпрыгожаны вышыўкай з выявай Маці Божай Будслаўскай, якая выконваецца шаўковай і металічнай (залатой і срэбранай) ніткай. Па індывідуальнай замове магчымыя змены фасону, аздаблення, узору і малюнка.

14 студзеня 2017 года быў заснаваны Катэдральны капітул у горадзе Мінску ў гонар cв. Арханёла Міхала і Маці Божай Будслаўскай. У тым жа годзе для грэміяльных канонікаў гэтага капітулу майстар ювелірных працаў Іван Русак па сваім дызайне вырабіў восем срэбных з пазалотай пярсцёнкаў з выявай Маці Божай Будслаўскай.

Гаворачы пра сучасныя інтэрпрэтацыі будслаўскага абраза Маці Божай, нельга абмінуць Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскага кіно і тэлепраграм «Magnificat». Гран-пры гэтага фестывалю — бронзавая статуэтка Маці Божай Будслаўскай вышынёй 40 см, аўтарам і выканаўцам прыза з’яўляецца вядомы дзеяч культуры Польшчы скульптар Чэслаў Ялавецкі. Прызам у намінацыі за лепшы дакументальны фільм і за лепшую тэлепраграму фестывалю была паменшаная копія Гран-пры. Кінафестываль быў заснаваны ў 2005 годзе. Заснавальнікам і яго нязменным дырэктарам быў кінарэжысёр-дакументаліст Юры Гарулёў. Менавіта ён пажадаў, каб галоўным прызам кінафестывалю быў арыгінальны вобраз Маці Божай Будслаўскай. Апошні фестываль хрысціянскага кіно і тэлепраграм «Magnificat» адбыўся ў 2015 годзе. За час працы кінафестывалю было зроблена і ўручана дзевяць Гран-пры і дваццаць прызоў у намінацыі «за лепшы дакументальны фільм і за лепшую тэлепраграму». Маці Божая Будслаўская ў выглядзе статуэткі — прыза фестывалю, разам з яго ўладальнікамі — пераможцамі фестывалю, цяпер знаходзіцца не толькі ў Беларусі, але і ў Германіі, Італіі, Польшчы, Расіі, Украіне, Швейцарыі і Чэхіі.

У 2013 годзе да юбілею «400 гадоў прабывання цудатворнага абраза Маці Божай у Будславе» Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь увёў ва ўжытак дзве памятныя манеты аднолькавага дызайну: медна-нікелевую — наміналам 1 рубель і срэбную — 10 рублёў (дыяметрам 3,7 см). У цэнтры рэверса гэтых манетаў у круглай арнаментальнай раме знаходзіцца выява абраза Маці Божай Будслаўскай у атачэнні стужкі з надпісам. Дызайн гэтых манетаў распрацавала Аксана Навасёлава.

Да гэтага ж юбілею 6 ліпеня 2013 года Міністэрствам сувязі і інфармацыі Рэспублікі Беларусь быў уведзены ва ўжытак паштовы блок з адной паштовай маркай наміналам 15 000 рублёў, на якой змешчана поўнакаляровая выява абраза Маці Божай. На палях блоку стылізаваны арнаментальны багет. Дызайнер паштовага блоку — Алена Мядзведзь. Памер блоку — 6,6×8,3 см, памер маркі ў блоку — 4×5,6 см. Паштовыя блокі надрукаваны на паперы, пры друку выкарыстаны тэхналогіі кангрэўнага і тэрмічнага ціснення металізаванай фальгой залатога колеру. У дзень выпуску паштовага блоку і маркі ў аддзяленні паштовай сувязі Будслава было праведзена гашэнне маркі на канверце спецыяльным штэмпелем «Першы дзень».

У 2004 годзе мастак-графік Ігар Гардзіёнак намаляваў віншавальную калядную паштоўку для Будслаўскага санктуарыя. У складзеным выглядзе на паштоўцы стылізаваная выява будслаўскага касцёла, а калі паштоўку разгортваеш — бачна кампазіцыя, што ўключае ў сябе стары (чорны) алтар з выявай Маці Божай Будслаўскай у яго цэнтральнай частцы. Выява Маці Божай стылізаваная пад сюжэт Божага Нараджэння, у ёй спавітае Немаўлятка ляжыць на руках у Марыі. У тым жа годзе паштоўка была надрукавана накладам 1000 асобнікаў для Будслаўскага санктуарыя.

Выява Маці Божай Будслаўскай знаходзіцца на афіцыйных пячатках Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і будслаўскай парафіі (выраблены гэтыя пячаткі былі па маім дызайне).

 

Сучаснае беларускае мастацтва ўжо зрабіла свой значны ўнёсак у пашырэнне культу Маці Божай Будслаўскай. Няхай жа і надалей прыгожы і такі дарагі кожнаму беларускаму католіку вобраз нашай Нябеснай Апякункі натхняе айчынных мастакоў на новыя таленавітыя творы.

 

ГІСТОРЫЯ ПРАЦЯГВАЕЦЦА

 

Літаратура:

  1. А. Ярашэвіч. «Цудадзейны і старажытны», Наша вера, № 2, 2001 г.
  2. А. Ярашэвіч. «Абраз Маці Божай Будслаўскай». —Мінск, «Про Хрысто», 2004.
  3. «Иконы из камня». https://xn--b1abpbm.xn--90ais/product/budslavkaya_3_01/
  4. Данута Бічэль. «Маці Божая — з Будслава ў Бабруйск». «Ave Maria», № 7-8 (244-245), 2015.
  5. Віктар Маліноўскі. «Увасабленне Будслаўскай Багародзіцы ў Бабруйску». «Ave Maria», № 7-8 (244-245), 2015.
  6. https://www.nbrb.by/coinsbanknotes/coins/commemorative/269
  7. https://www.belpost.by/philately/infolists/1718
  8. Раиса Сушко. «Матерь Божия Будславская в Назарете». «Дыялог», https://www.dialog1994.by/nashi-swiatini/mater-bozhiya-budslavskaya-v-nazarete/
  9. «Беларускі знак у Назарэце». «Ave Maria», № 7-8 (232-233), 2014.
  10. «Пілігрымка з абразамі». https://chyrvony.by/piligrymka-z-abrazami.html
  11. «Цудадзейныя абразы Маці Божай». — Мінск, «Про Хрысто», 2022.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY