Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(104)/2023
З нагоды юбілею
УРЭШЦЕ КРЫЖ ПЕРАМОЖА
З кнігі-інтэрв’ю Гжэгажа ПОЛЯКА з біскупам Ежы МАЗУРАМ SVD

Літаратуразнаўства
Ad fontes
Нашы святыні

ГЕРОІ БУДСЛАВА
Постаці
З нагоды юбілею
Паэзія

ПЕРАД ВЕЧНАСЦЮ...
Проза

ПРОЗА З ТОЙ КНІЖКІ, ЯКАЯ МОЖА БЫЦЬ
Спадчына
Андрэй ШПУНТ

АЙЦЕЦ ФЕАДОСІЙ БАРАВІК

Герб «Агоньчык».

Яшчэ задоўга да тых часоў, калі наш Касцёл стаў аплотам беларускасці, культурная экспансія суседзяў мела перад сабой няхай палітычна бяспраўны, але шматлікі каталіцкі народ усходняга абраду. Як пісаў святой памяці кс. Адам Станкевіч, гэта была ў пэўным сэнсе беларуская нацыянальная вера, найбольш дастасаваная да беларускага духу. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, на тле 100 тыс. католікаў і 300 тыс. праваслаўных было 800 тыс. цалкам адрознага культурна, ментальна і духоўна грэка-каталіцкага народу. Дзякуючы такім постацям як св. Язафат Кунцэвіч, а. Язафат Бражыц і іншым падзвіжнікам Унія 1596 г., — зноў спашлемся на кс. Адама Станкевіча — звярталася да шырокіх беларускіх масаў на роднай мове і спрычынілася да развіцця беларускай культуры, да захавання беларускай нацыі.

 

Няпэўныя абрысы

…Змахнем жа пыл забыцця з імя яшчэ аднаго нашага суайчынніка, які працаваў на ніве Уніі ў першыя гады яе станаўлення. Кс. Язафат Скрутэнь OSBM на старонках Польскага біяграфічнага слоўніка ў 1936 г. пісаў: «Феадосій Баравік, базыліянін Літоўскай правінцыі, гісторык. Паходзіў з менскай беларускай шляхты». Кароткую інфармацыю пра гіпатэтычных продкаў базыліяніна Феадосія ўдалося знайсці ў Севярына Урускага, які без назвы герба пад прозвішчам Баравік згадвае Юзафа Паўлавіча, Антонія з сынамі Адамам і Уладзіславам і іншых трыццаць чатыры асобы, што паходзілі з Расійскай імперыі і былі запісаныя ў кнігах шляхты Менскай губерні ў 1863 г. Антоній Пятровіч быў уладальнікам невялікага маёнтка Баравікі ў Менскай губерні (1876 г.), а гербам, што мог мець дачыненне да гэтага роду, можна лічыць «Агоньчык», які называецца ў крыніцах пад 1760 г.

Мы не ведаем месца і даты нараджэння Феадосія Баравіка, аднак, ведаючы год яго смерці, можна дапусціць, што гэта была ці 2-я палова, ці канец XVI ст. Паміж гэтымі дапушчэннямі і 1620 г., калі а. Феадосій Баравік быў ігуменам віленскага кляштара Св. Тройцы, высвятляюцца абрысы пятнаццацігадовага падлетка — воіна пад харугвамі Рэчы Паспалітай, што па прыкладзе іншага рыцара — св. Ігнацыя, змяніў даспехі на габіт. Магчыма, у 1620-м ён быў ужо ў сталым узросце, бо цяжка ўявіць ігумена бязвусым юнаком, тым болей, што ён паспеў да таго часу паслужыць прапаведнікам, потым, у 1621 г., прымаў удзел у кангрэгацыі базыліянскага ордэну ў Лаўрышаве, а ў 1623-м у Руце. Будучы прапаведнікам у Наваградку, выдаў кніжку аб наваградскім брацтве.

 

Абраз Маці Божай Жыровіцкай
з Быценскага кляштара базыліянаў. XVIII ст.
Аўтар невядомы.
Менская грэка-каталіцкая
парафія Праведнага Язэпа).

Гістарыёграф цудатворнага абраза Маці Божай Жыровіцкай

Здабываючы з-пад пылу забыцця імёны нашых падзвіжнікаў, можна заўважыць водбліскі цудатворных абразоў, што станавіліся значнай, калі не галоўнай часткай іх жыццяпісаў. Так, для а. Язафата Бражыца OSBM гэта была Маці Божая Барунская, для а. Юзафа Аўлачымскага ОР — Маці Божая Ружаныстоцкая, для а. Феадосія — Маці Божая Жыровіцкая. Як пісаў Генадзь Сагановіч: «Гэты маленькі абраз, зроблены на яшмавым камені авальнай формы, належыць да найбольш папулярнага ў візантыйскім мастацтве іконаграфічнага тыпу „Замілаванне“ (або „Элеўса“). Яго гісторыі прысвечана нямала даследаванняў, а важнай крынічнай асновай з’яўляюцца творы, напісаныя манахамі Жыровіцкага манастыра ў XVII–XVIII стст. Першым такім творам стала „Гистория, або Повесть людей розных, веры годных, о образе чудотворном Пренасвятейшое Девы Марии Жировицком…“, напісаная Феадосіем Баравіком». Паводле кс. Язафата Скрутэня OSBM, гісторыя абраза была напісана па даручэнні лаўрышаўскай кангрэгацыі ордэну, і ў далейшым аўтар дапоўніў яе апісаннем шэрагу цудаў, «што пры абразе адбываюцца ажна па сённяшні дзень». «Згодна з „Гісторыяй…“ Баравіка, — працягвае Генадзь Сагановіч, — ікона з’явілася пастушкам у лесе на дзікай грушы, калі ўладальнікам Жыровіч быў маршалак гаспадарскі Аляксандр Солтан, і хутка стала вядомая сваімі цудамі — дапамогай хворым і пакалечаным ды іншымі праявамі Боскай ласкі. Найбольшая ж вядомасць да жыровіцкай святыні прыйшла ў перыяд яе прыналежнасці базыліянам — пасля 1609 г.».

Славутасць абраза яскрава пацвярджаецца шматлікімі перавыданнямі кнігі а. Феадосія, гэтага каштоўнага помніка старабеларускай мовы і царкоўнай гісторыі, у Вільні ў 1622, 1624, 1628 і 1629 гг., і ў Супраслі ў 1653 і 1714 гг. на старабеларускай, польскай і лацінскай мовах. Пазней старабеларуская мова знікае з друку, што адлюстроўвала паступовае пагаршэнне яе становішча ў Рэчы Паспалітай, кульмінацыяй чаго стала сумнавядомая ўхвала Сойму 1697 г., згодна з якой адзінай дзяржаўнай мовай у краіне прызнавалася польская.

 

Сведка жыцця і цнотаў св. Язафата

Заснаваны ў XVI ст. Жыровіцкі Свята-Успенскі мужчынскі манастыр, што сваім узнікненнем абавязаны цудатворнаму абразу Маці Божай Жыровіцкай, у кастрычніку 1613 г. уладальнікам Жыровічаў і фундатарам манастыра, кашталянам смаленскім Янам Мялешкам, быў перададзены ордэну базыліянаў. Першым ігуменам стаў Язафат Кунцэвіч, дзякуючы якому Ян Мялешка перайшоў з праваслаўя да ўніяцтва.

3 жніўня 1637 г. у Полацку, падчас працы Апостальскай камісіі па справе беатыфікацыі арцыбіскупа Полацкага Язафата Кунцэвіча, а. Генадзь Хмяльніцкі OSBM, ігумен Полацкі, спасылаўся на сведчанне а. Феадосія Баравіка, які быў на той момант ігуменам Збараскім і сведкам жыцця і цнотаў св. Язафата: «бачыў яго зімовай ноччу, як выходзіў на манастырскія могілкі, дзе басанож стаяў на камені насупраць алтара ў касцёле Святой Тройцы і, молячыся, працяглы час жорстка сябе бічаваў».

 

Працяг жыццяпісу

Будучы першы раз на пасадзе ігумена ў Жыровічах, а. Феадосій на пачатку 1644 г. сустракаў дарагіх гасцей — караля Уладзіслава IV Вазу з каралевай Цэцыліяй Рэнатай, што прыбыли пакланіцца цудатворнаму абразу ў атачэнні вялікай світы, дзяржаўных мужоў і іншай шляхты, якія склалі на яго алтары «дары вялікай каштоўнасці».

У 1648 г. бачым а. Феадосія прапаведнікам ў Менску. Вядома, што тады ён падпісаў кантракт продажу базыліянскага зямельнага ўчастка мясцовым францішканам, аднак гэта хутчэй больш цікава даследчыкам. Той жахлівы год быў азмрочаны пачаткам грамадзянскай вайны ва Украіне. Як пісаў Генадзь Сагановіч: «Кнігі цудаў паказваюць, што ў гады Хмяльніччыны Божая Маці Жыровіцкая пачала дапамагаць у вайне не толькі ў адказ на малітвы манахаў: нябесным заступніцтвам Яна падтрымлівала сваіх звычайных вернікаў у іх барацьбе з казакамі і дзякуючы гэтаму знаходзіла ўсё большую папулярнасць сярод удзельнікаў вайны. Цікава, што аўтар першага апісання гісторыі культу Жыровіцкай Дзевы Марыі Феадосій Баравік, які двойчы быў ігуменам Жыровіцкага манастыра, да ўступлення ў базыліянскі ордэн сам быў на вайсковай службе — біяграфічны факт, які, магчыма, таксама меў нейкае значэнне для папулярызацыі іконы сярод жаўнераў».

 

У 1652 г. а. Феадосій зноў стаў ігуменам у Жыровічах і ў тым жа годзе памёр пасля 6 сакавіка. Яму пашчасціла не ўбачыць, як горкая чаша Хмяльніччыны, што выпала на долю Рэчы Паспалітай, напоўнілася звыш краёў у 1654 г. уварваннем маскоўскіх войскаў у ВКЛ. Дайшла чарга і да Жыровіцаў. У энцыклапедыі гісторыі Беларусі (т. 3, 1996 г.) сцісла паведамляецца: «мястэчка і манастыр спалены казакамі».

…Цудатворны абраз Маці Божай Жыровіцкай быў цудам выратаваны базыліянамі.

 

Літаратура:

  1. Stankiewič A. Biełaruskaja mowa ŭ škołach Biełarusi XVI i XVII st. — Wilnia, 1928.
  2. Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. — Мінск, 1991. — С. 140.
  3. Ільяшэвіч М. Расейская палітыка на землях былага Беларуска-Літоўскага гаспадарства за панаваньня Кацярыны ІІ і Паўлы І (1772–1801). — Вільня, 1933. — С. 11.
  4. Пазднякоў В. Баравік Феадосій // Электронная энцыклапедыя «Вялікае Княства Літоўскае» [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу:http://vkl.by/. Час доступу: 24.01.2023.
  5. Cагановіч Г. Мілітарныя абрысы культу Божай Маці Жыровіцкай у XVII ст. // Беларускі гістарычны агляд 2018. Т. 25 Сш. 1-2 [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http://www.belhistory.eu/category/2018-t-25-ssh-1-2/. Час доступу: 23.01.2023.
  6. Шаблюк В., Ярашэвіч А. Жыровічы // ЭГБ. Т. 3. — Мінск, 1996. — С. 385–386.
  7. Ярашэвіч А. Жыровіцкі абраз Маці Божай // ЭГБ. Т. 3. — Мінск, 1996. — С. 384.
  8. Ярашэвіч А. Жыровіцкі Свята-Успенскі мужчынскі манастыр // ЭГБ. Т. 3. — Мінск, 1996. — С. 385.
  9. Akta mięczeńskie Unii // Rocznik Towarzystwa historyczno-literackiego w Paryżu. R. 1868. — Paryż, 1869. — S. 1–63.
  10. Gajl T. Polskie rody szlacheckie i ich herby. — Białystok, 2003. — S. 32.
  11. Skruteń J. Borowik Teodozy // PSB. T. II. — Kraków, 1936. — S. 344.
  12. Wacław z Sulgostowa (Nowakowski). O cudownych obrazach w Polsce Przenajświętszej Matki Bożej. Wiadomości historyczne, bibliograficzne i ikonograficzne. — Kraków, 1902. — S. 788–793.
  13. Uruski S. Borowik // Rodzina. Herbarz szlachty polskiej. T. I. — Warszawa, 1904. — S. 336.
  14. Żyrowice // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. T. XIV. — Warszawa, 1895. — S. 897–898.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY