Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(104)/2023
З нагоды юбілею
УРЭШЦЕ КРЫЖ ПЕРАМОЖА
З кнігі-інтэрв’ю Гжэгажа ПОЛЯКА з біскупам Ежы МАЗУРАМ SVD

Літаратуразнаўства
Ad fontes
Нашы святыні

ГЕРОІ БУДСЛАВА
Постаці
З нагоды юбілею
Паэзія

ПЕРАД ВЕЧНАСЦЮ...
Проза

ПРОЗА З ТОЙ КНІЖКІ, ЯКАЯ МОЖА БЫЦЬ
Спадчына
Аксана ДАНІЛЬЧЫК

ДОЎГАЯ-ДОЎГАЯ ЎЗЛЁТНАЯ ПАЛАСА

* * *
Ізноў апынуцца
ў бесперспектыўнай вясне,
дзе злева — вайна,
а справа — дажджлівая бессань,
дзе падымаюцца свечкі каштанаў
між хмараў пярэстых,
калі пачынае нарэшце
настойліва днець.
Дзе ўся матэматыка
вартая толькі таго,
каб падлічыць раскіданыя гнёзды
у краі самлелым,
дзе дождж абівае пялёсткаў
карункавы вэлюм,
на сцертых шляхах,
дзе ні баговак ані багоў.
Закінутых вёсак
не надта вясёлы «парад»,
на крок ад шашы –
і пануе туга разбурэння,
дзе раскладаецца вечнасць
на цені і на паўцені,
якія хадою няспешнай
сыходзяць за далягляд.
Здаецца, што робіцца вусцішна
нават намоклым лясам,
калі невядомасць з абліччам казулі
выходзіць на трасу…
А потым знікае. І ты пасміхаешся —
ёсць яшчэ часу,
наперадзе —
доўгая-доўгая ўзлётная паласа…

* * *
З жоўтага ў зялёны, з зялёнага ў жоўты,
пылок на джынсах, чмель на яблыневай квецені,
пошук ісціны, расцягнуты на незразумелы тэрмін.

З белага ў ружовы, з ружовага ў белы —
маленькія таямніцы стварэння
мяняюць форму прысутнасці ў свеце.

І далей — з белага ў зялёны, з зялёнага ў белы
да галавакружнага асыпання
зыркіх пялёсткаў ігрушы
на гравійку старога саду,
які чамусьці называюць паркам.

Адна з яблыняў раскалолася, але не падае.
Чмялі залятаюць у яе пустое цела,
атуляючы бачнасцю жыцця,
а на канечыках галінаў
выпростваецца лісце.
І — квет…

Яблыня стаіць, і крыж стаіць,
кожнай вясною нанова ўпрыгожаны.

З зялёнага ў жоўты, з жоўтага ў зялёны,
а потым — у бясколерны майскі дзень
раўнамерна пафарбаваны,
у светлую майскую ноч,
што пазяленіць маем двары на Сёмуху.

* * *
Журлівая мая, журлівая
рака ў блакітных туманах,
нібыта птушка палахлівая
хаваецца ў густым чароце.
Імклівая мая, імклівая
душа, што просіцца ў прасцяг,
але спыняецца, маўклівая,
над берагам у адзіноце.

Каб назіраць за рухам плыні
сярод травы і павуціння
і слухаць на матыў абраны:
дабранач, мілая, дабранач.

Дажджлівая мая, дажджлівая,
ўсёдаравальная вясна,
над хваляю негаманліваю
схіляецца вярбой паніклай,
шчымлівая мая, шчымлівая
мелодыя, што да відна
трымціць і просіцца, тужлівая,
да першароднасці нязвыклай.

І набліжаецца павольна
да радасці яе свавольнай,
каб тут, над гэтаю вадою,
ізноў адчуць сябе жывою...

* * *
Травень-муравень,
травеньскі вецер —
песенны вецер
у гронках суквеццяў.
Я засынаю,
і на дасвецці
грукае ў шыбы
травеньскі вецер,
грукае ў дзверы
вецер-муравень,
там дзьмухаўцамі
дыхае травень,
там насычае
сокам зялёным
целы бярозаў,
буйныя кроны.
Кожную раніцу
ў звонкае лісце
вецер-муравень
просіцца выйсці.
І, падаецца,
у схронах таемных
новыя дрэвы
пусцяць карэнне,
і дачакаюцца
гнёздаў птушыных
новыя парасткі
новых галінаў.
Іх загайдае,
быццам асвенціць,
вецер-муравень,
травеньскі вецер.

* * *
Дрэвы-заўзятары абапал стадыёна
пагрозліва ўздымаюць свае абрубкі,
рака ўдыхае і выдыхае туман.
Неістотнасць маёй прысутнасці,
мае далоні на чырвонай вільготнай цэгле
ўслухоўваюцца ў гукі зямлі.

Птушкі мёртвыя, птушкі жывыя,
рэчаіснасць, разабраная па цаглінках:
маляваныя дэкарацыі ў атэлье фатографа –
робіцца фонам вайна, робіцца фонам дождж.
Чужыя сабакі ліжуць мне рукі.
«Сабакі вас любяць». А людзі?

Патануць у гэтых дажджах,
скурчыцца мёртвым эмбрыёнам
у зялёнай лужыне між травы і апалонікаў.
Ты дасылаеш мне здымкі дагледжаных кветак,
пасаджаных чужымі рукамі,
а я люблю, калі цвіце крапіва.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY