Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(104)/2023
З нагоды юбілею
УРЭШЦЕ КРЫЖ ПЕРАМОЖА
З кнігі-інтэрв’ю Гжэгажа ПОЛЯКА з біскупам Ежы МАЗУРАМ SVD

Літаратуразнаўства
Ad fontes
Нашы святыні

ГЕРОІ БУДСЛАВА
Постаці
З нагоды юбілею
Паэзія

ПЕРАД ВЕЧНАСЦЮ...
Проза

ПРОЗА З ТОЙ КНІЖКІ, ЯКАЯ МОЖА БЫЦЬ
Спадчына
Уладзімір КАРОТКІ
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ

«ПЕСНЯ ПРА ЗУБРА» МІКАЛАЯ ГУСОЎСКАГА
Ў КАНТЭКСЦЕ ХРЫСЦІЯНСКАЙ ТРАДЫЦЫІ
ЭПОХІ РЭНЕСАНСУ

Вокладка арыгінальнага
зборніка паэзіі
Мікалая Гусоўскага з паэмай
«Песня пра зубра» (Кракаў, 1523).
Экзэмпляр бібліятэкі Чартарыйскіх
у Кракаве.

Вынаходніцтва кнігадруку ў перыяд Рэнесансу змяніла духоўнае жыццё беларусаў. У часы Сярэднявечча на землях усходніх славянаў практычна не было тых твораў, якія ў еўрапейскім культурным кантэксце лічаць літаратурай. Грунтам кніжнай культуры былі для нашых продкаў богаслужбовыя кнігі, якія старанна перапісваліся і прызначаліся для забеспячэння хрысціянскай літургіі, а таксама прыватнага выкарыстання. У першую чаргу гэта былі малітоўнікі і разнастайныя зборнікі літургічных песнапенняў. Друкаваная ж кніга пашырыла межы поля слоўнай творчасці. Францыск Скарына, геніяльна спалучыўшы заходнееўрапейскую тэхніку друкавання кніг з усходнеславянскай рукапіснай традыцыяй, даў штуршок да стварэння бібліятэк, прычым не царкоўнапрыходскіх або манастырскіх, а прыватных. Іх фонды складалі ўжо кнігі не толькі біблійнага зместу, але таксама свецкія, у большасці сваёй на лацінскай мове.

Лацінска-каталіцкае асветніцтва, якое праявіла сябе ў беларускай культурнай прасторы яшчэ з канца XIV–XV ст., прынесла свой плён. Паступова на беларускіх землях Вялікага Княства Літоўскага аформілася бінарная вераспаведная і, адпаведна, культурная парадыгма. Аднак няправільна было б звязваць імкненне да пашырэння ведаў выключна з каталіцкім асяроддзем. Праваслаўны вернік, асабліва выхадзец з вышэйшых і сярэдніх слаёў насельніцтва, у XVI стагоддзі ўжо не толькі не мог, але і не хацеў быць культурна замкнёным у дыдактычным чытанні кніг рэлігійнага характару. Вучоба ў заходнееўрапейскіх універсітэтах, знаёмства з дасягненнямі кніжнай культуры эпохі Адраджэння непазбежна вялі да ўзнікнення, суіснавання дзвюх культурных плыняў — традыцыйнай царкоўнаславянскай кніжнасці, заснаванай на канонах і імітацыі, і літаратуры, існаванне якой дыктавалася перш за ўсё ведамі з галіны класічнай паэтыкі і рыторыкі.

Не будзе перабольшаннем сказаць, што ўзнікненне менавіта літаратуры (як белетрыстыкі, fiction) на нашых землях звязана найперш з лаціна-каталіцкім асветніцтвам. Першымі ўзорамі дасканалай літаратуры беларускія даследчыкі лічаць гераічную паэму Яна Вісліцкага «Пруская вайна» (1516) і ліра-эпічную паэму Мікалая Гусоўскага «Песня пра зубра» (1523). Паэты-лаціністы пакінулі нам не толькі дасканалыя помнікі славеснай культуры ў выглядзе гераічнага эпасу (carmen heroicum), але таксама шэраг высокамастацкіх паэтычных твораў іншых жанраў: узоры прынагоднага і панегірычнага вершавання, марыялагічныя вершы, эпіграмы, эпітафіі, помнікі агіяграфічнага эпасу.

Несумненна, «свет даўніны» беларускі інтэлектуал мог пазнаваць не толькі праз помнікі гістарычнай прозы — летапісы і хронікі, але таксама праз мастацкія наратывы, для якіх успаміны, песні, гістарычныя запісы былі асноваю літаратурнай матыўнай прасторы. Упершыню мастак слова ішоў следам не за дакладнасцю апісання, а за матывацыяй паводзінаў персанажа, не за тыпам, а за характарам, не за канстатацыяй, а за апісаннем, аздобленым метафарай, параўнаннем, вобразнай сімволікай.

Старонка з выявай герба Сфорцаў
і эпіграмамі Мікалая Гусоўскага
(прадмоўны комплекс зборніка
«Песня пра зубра»).

Нашаму прашчуру-чытачу трэба было не толькі прыняць новы тып славеснай культуры, але і прызвычаіцца да новага мастацкага пазнання свету і сусвету. Лацінская мова і літаратура на лаціне паступова становяцца неад’емнай часткай пісьмовай культуры Вялікага Княства Літоўскага, тэрытарыяльнае ядро якога складалі землі сённяшняй Беларусі. Лаціна ўзяла на сябе функцыю мовы навукова-філасофскай і гістарычнай думкі, пры гэтым менавіта яна стала фармальным пачаткам свецкай літаратуры сярод шматлікіх помнікаў царкоўнаславянскай кніжнасці ўсходніх славянаў.

І «Пруская вайна» Яна Вісліцкага, і «Песня пра зубра» Мікалая Гусоўскага маюць сваіх адрасатаў: першая прысвечана каралю Жыгімонту І, другая — каралеве Боне Сфорца. Гэта не проста спроба творцы заручыцца апякунствам высокапастаўленай асобы. Кнігі пад патранатам каралёў, магнатаў, знакамітых і радавітых асобаў не толькі вызваляліся ад царкоўнай ці касцёльнай цэнзуры, але яшчэ давалі паэту і яго мецэнату вельмі важную магчымасць — здабыць славу. Менавіта ў часы Адраджэння гэты феномен праявіўся і ў кніжнай культуры нашай старажытнай дзяржавы: мастак слова не хаваў больш свайго імя ў формуле аўтарскага самапрыніжэння, але заяўляў пра сябе як адораную асобу, якая заслугоўвала ўшанавання і прызнання не толькі за свае хрысціянскія цноты, але і за свой талент.

Літаратары актыўна інтэгруюць свецкіх уладароў у сферу культурнага жыцця. Вось чаму ў празаічным звароце да Паўла Русіна Ян Вісліцкі пісаў: «Бо так прынята (і пра гэты звычай я даведаўся ад лепшых і адукаванейшых людзей), што вялікія і маленькія творы, прыхільна і вытанчана ўпрыгожаныя багатымі на бесперапыннае хараство крыніцамі музаў, так ці інакш ахвяруюцца ў гонар караля, уладара або сената»1. Такім чынам не толькі ўслаўляўся дзяржаўны валадар, але таксама нейтралізаваўся комплекс «другаснасці» кніжніка, які можа толькі сціпла аздабляць словамі вядомыя з Бібліі або сачыненняў айцоў Царквы / дактароў Касцёла душавыратавальныя сюжэты. Сярэднявечны «калектыўны аўтар» з эстэтычнай і этычнай устаноўкай на самапрыніжэнне саступаў месца чалавеку-творцу, які быў асветлены арэолам высокай чалавечай годнасці.

«Песня пра зубра» (Carmen de statura, feritate ac venatione bisontis) даволі позна прыйшла ў гісторыка-культурны абсяг беларусаў. «Чужародная» ў моўных адносінах літаратура была як бы па-за беларускім культурным кантэкстам. Напамін пра слаўны юбілей выдання першага паэтычнага зборніка Мікалая Гусоўскага ў Кракаве ў 1523 г. у друкарні Гіераніма Віетора ў наш такі няпросты час вяртае сучаснікаў у не менш трагічныя падзеі першай чвэрці XVI стагоддзя. Чума, несупынныя войны еўрапейскіх дзяржаваў то паміж сабою, то з Асманскай імперыяй знявервалі людзей, якія страчвалі духоўныя, маральныя, гістарычныя арыенціры, што маглі мацаваць і гартаваць сучаснікаў.

Патрэбны быў голас, вытанчаны звон слова, які б адрадзіў мінулае, стварыў грунт для надзеі на выратаванне не толькі цела, але і душы. Калі людзі перастаюць слухаць праведнікаў, яны шукаюць новых прарокаў і імкнуцца пачуць іх словы. Пры гэтым саміх прарокаў яны нярэдка забываюць, а потым зноў уваскрашаюць, калі пераканаюцца ў сваёй нікчэмнасці і бездапаможнасці.

Так было і з «Песняй пра зубра» Мікалая Гусоўскага. Напісаная ў час нападаў войска султана Сулеймана на землі еўрапейскіх дзяржаваў, для ўсходніх славянаў яна стала актуальнай толькі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, якраз падчас руска-турэцкай вайны 1853–1856 гг. Перавыданне паэмы ў Расійскай імперыі ў 1855 г. было прымеркавана да пяцідзесяцігоддзя Маскоўскага таварыства аматараў прыроды. Напярэдадні Першай сусветнай вайны паэмай зацікавіліся таксама польскія вучоныя — Юзаф Каленбах і Ян Каспровіч. І толькі ў 1963 г. на V Міжнародным з’ездзе славістаў у Сафіі расійскі вучоны Ілля Мікалаевіч Галянішчаў-Кутузаў у сваім дакладзе звярнуў увагу беларусаў і ўкраінцаў на неацэнны скарб іх нацыянальнага пісьменства. Пры гэтым у духу таго часу мудры вучоны спасылаўся на друз спадчыны буржуазнай навукі, якая спарадзіла прадузятыя погляды: «З украінскага і беларускага асяроддзя выключаюцца пісьменнікі XVI стагоддзя, якія выбралі лацінскую мову»2.

Што праўда, для многіх беларусаў у той час не было ніякіх прычынаў для здзіўлення ці абурэння. Пераважная адсутнасць нават мінімальнай адукацыйнай базы, звязанай з вывучэннем класічных моваў ва ўніверсітэтах, упартае замоўчванне, а дакладней, няведанне культурных рэалій Беларусі не спрыяла ўключэнню лацінамоўных твораў у кантэкст гісторыі літаратуры. Фактычна, да пачатку ХХІ ст. беларускія вучоныя і не бачылі на ўласныя вочы арыгінальных помнікаў лацінамоўнай літаратуры. Таму і першыя перастварэнні «Песні пра зубра» на беларускай мове былі перакладчыцкімі адаптацыямі, у якіх на першы план выводзіўся сацыяльны змест і, адпаведна, прыхоўваўся насамрэч уласцівы твору змест хрысціянскі.

Гравюрная выява
на апошняй старонцы
зборніка «Песня пра зубра»
з выслоўямі на трох
свяшчэнных мовах.

Беларускія гуманітарныя навукі прайшлі доўгі шлях ад пошукаў праяваў секулярызацыі (абміршчэння) у культуры XVI ст. (нават у прадмовах да кніг «Бібліі рускай» Францыска Скарыны) да ўпэўненага сцвярджэння: «айчынны рэнесансавы гуманізм часцей за ўсё прымаў выгляд хрысціянскага гуманізму»3. Беларускія мастакі стваралі партрэтную выяву Мікалая Гусоўскага, арыентуючыся на ўвасоблены мастакамі знешні выгляд свецкага інтэлектуала часоў Адраджэння. На сённяшні дзень не можа быць сумненняў: аўтар «Песні пра зубра» быў духоўнаю асобаю, які пачаў рабіць кар’еру ў якасці клерыка Перамышльскай дыяцэзіі і натарыўса, выконваючы паслугі на загад Луцкага біскупа Паўла Гальшанскага4. У пазнейшы час ён служыў сакратаром пры Плоцкім біскупе Эразме Цёлку падчас яго пасольскай місіі ў Ватыкане, а таксама служыў у Пултуску ў біскупа Яна Карнкоўскага5.

Сведчаннем заглыбленасці Мікалая Гусоўскага ў хрысціянскую эстэтыку і праблематыку з’яўляецца не толькі тэкст паэмы «Песня пра зубра», але таксама апошняя старонка аднайменнага зборніка. У арыгінальным экзэмпляры кнігі, якая выйшла з друкарскага варштата Гіераніма Віетора ў Кракаве, змешчана гравюрная выява: антычны бог мяжы Terminus, рысы аблічча якога маглі быць прыведзены ў падабенства да рысаў аблічча паэта, у атачэнні інскрыпцый на трох свяшчэнных мовах — іўрыце, старажытнагрэчаскай і лацінскай6. Іх змест не стасаваўся з традыцыйным уяўленнем пра народнасць паэта, прынятым у савецкую эпоху: «Будзьце пільнымі, бо не ведаеце ні дня, ні часу», «Блаславёны Бог навекі, амэн», «Помні пра апошні дзень, і не ўчыніш грэху ў вяках». Таму беларускі чытач толькі ў постсавецкі перыяд даведаўся пра гэтыя выслоўі на апошняй старонцы першадруку «Песні пра зубра».

Не варта спрошчана інтэрпрэтаваць і галоўную эстэтычную ўстаноўку Мікалая Гусоўскага. У прысвячэнні каралеве Боне ён зусім не піша ані пра зубра, ані пра ловы. Паэт імкнецца данесці да валадаркі, што ён бачыць «з вялікім болем для сябе і, бясспрэчна, з пэўнай стратай для дзяржавы, што да самых таленавітых людзей ставяцца абыякава і што яны з-за цяжкасці жыццёвых абставін не могуць рухацца наперад»7. Выраз «цяжкасці жыццёвых абставін» перададзены ў арыгінале словам angustia (rei familiaris), якое ў лацінскай мове мае значэнне ‘цясніна’, дзе чалавек адчувае сябе заціснутым і зняволеным. Найлепш зразумее гэты выраз менавіта таленавіты і адораны чалавек, для якога следаванне свайму пакліканню вельмі часта не з’яўляецца спосабам заробку на жыццё, і яго талент заціснуты цяжкой штодзённай руцінай...

Падобным чынам, прыязджаючы дадому і прымаючы ўдзел у паляваннях, вытанчаны інтэлектуал Мікалай Гусоўскі адчуваў сябе адукаваным госцем. Паляванні не прыносілі яму ні фізічнага, ні маральнага задавальнення. Перакладчык паэмы на ўкраінскую мову Андрый Садамора трапна заўважыў, што «Песня пра зубра» з’яўляецца добрым сведчаннем таго, як праяўляла сябе ў літаратуры Новага часу асноўнае правіла антычнасці — карыснае (utile) паядноўваць з прыемным (dulce)8. «Карыснае» — тое, што прыносіла матэрыяльнае забеспячэнне — спачатку было звязана з удзелам у зубрыных ловах, з выкананнем святарскіх абавязкаў і даручэнняў вышэйшых духоўных іерархаў, «прыемнае» — паэтычныя заняткі. Аднак нават у іх паэт не дазваляў сабе неабмежаванага засваення антычнай культурнай спадчыны, бо гэтая спадчына ўсё ж такі мела адбітак паганскіх вераванняў. У гэтым сэнсе паэзія Мікалая Гусоўскага выразна кантрастуе з творамі Яна Вісліцкага. Калі «Пруская вайна» Яна Вісліцкага насычана традыцыйнымі вобразамі антычнай міфалогіі, то ў «Песні пра зубра» іх амаль што няма. Нават адзінкавыя згадкі Апалона і Дыяны (без якіх, здавалася б, не магло абысціся паэтычнае апісанне ловаў) сустракаецца выключна ў іранічным кантэксце:

Сказ пра Дыяну з кап’ём, пра яе паляўнічую
                                                                      світу
    Склаў бы таксама, калі б мусіў багіню апець.
Часу б вось толькі пабольш, каб лук Апалона
                                                            праславіць,
    Стрэлы хваліць, ад якіх кроўю сцякаюць
                                                                    звяры9.

Нешматлікія цытаванні з антычных аўтараў, паралелі з некаторымі фрагментамі іх твораў не адыгрываюць вызначальнай ролі ў фармаванні мастацкага сусвету паэзіі Мікалая Гусоўскага. На фоне квяцістых твораў яго сучаснікаў, польскіх паэтаў-лаціністаў Паўла з Кросна, Яна Дантышка, Анджэя Кшыцкага, якія спаборнічалі ў дасканаласці рэцэпцыі антычных аўтараў, «Песня пра зубра» выглядае нетыповай мастацкай з’явай. Прычына таму — хрысціянскі светапогляд аўтара. У паэме агучаная праграмная заява на гэтую тэму, якая, на жаль, недакладна перададзена ва ўсіх беларускамоўных адаптацыях, а таксама ў перакладзе Уладзіміра Шатона. Паэт заяўляе:

Pro Iove qui Christum veneror Christique Parentem
Pro Iunone loqui carmina nostra solent
                                       [Carmen de statura]
10.

Падрадкоўны пераклад: «Я замест Юпітэра шаную Хрыста, і песні мае маюць звычай праслаўляць Маці Хрыста замест Юноны»11. Усё, што звязана з хрысціянствам, паэт лічыць праўдай, надзейнымі рэчамі (certi res). Багі старажытных рымлянаў несумяшчальныя з яго набожнасцю (pietate), а таму антычная міфалогія для яго — нішто іншае, як байка (fabula).

Адштурхоўванне ад літаратурнай моды свайго часу, а разам з тым і ад неапаганства звязанае не толькі з рэлігійнымі пачуццямі паэта. Ён рашуча адмаўляецца ад вобразна-мастацкай топікі антычнай паэзіі, жадаючы быць максімальна арыгінальным і незалежным ад прызнаных куміраў, майстроў вытанчанага вершаскладання, «быццам бы пасмейваючыся з сучасных яму італьянскіх прыхільнікаў класічнага стылю, з якімі ён сустракаўся ў Рыме»12. Разам з тым, традыцыя, гістарычная аналогія маюць для паэта вялікае значэнне.

Азіраючыся на культурны досвед продкаў, Мікалай Гусоўскі ацэньвае падзеі сучаснасці. Адзначаючы жорсткі стыль кіравання вялікага князя Вітаўта (што знаходзіць пацверджанне і ў працах гісторыкаў), паэт услаўляе яго як валадара, які прынёс сваім падданым святло веры Хрыста:

Першы з народам сваім прыняў
                                           хрысціянскую веру,
      З ёю святыні дзядоў паразбураць загадаў.
Богу найвышняму князь узводзіў раскошныя
                                                                храмы,
    З верай глыбокай даваў служкам
                                               царкоўным дары.

Паэма Мікалая Гусоўскага, выдадзеная ў Кракаве, была звернута не да італьянскага чытача (як гэта меркавалася першапачаткова, калі рукапіс ствараўся ў Рыме), а да ўсіх грамадзянаў дзяржавы Ягелонаў. Паэт нагадвае суайчыннікам пра іх маральны абавязак — умацаванне і захаванне традыцый хрысціянскай веры, асабліва ў сітуацыі пагрозы з боку асманаў. Мастацкая задума як «Песні пра зубра», так і іншых твораў паэта была звязана з яго прадчуваннем, «што расхістванне хрысціянскай традыцыі непазбежна прывядзе да злому ў людской душы, дзе страцяць святасць і вартасць свет, грамадства і сам чалавек, а дэсакралізацыя жыцця, вынясенне sacrum за яго рамкі стануць найвялікшаю шкодаю для ўсяго чалавецтва»13. Паэт шчыра гаворыць пра нормы і прынцыпы хрысціянскай маралі, успамінаючы, што нават тыя зубрыныя ловы, у якіх удзельнічалі вялікія князі літоўскія, не парушалі гэтых прынцыпаў, арыентуючыся на рыцарскія традыцыі продкаў.

Завяршаецца паэма адразу двума малітоўнымі зваротамі да Панны Марыі. Першы з іх прасякнуты глыбокім інтымным пачуццём шчырага хрысціяніна:

Дзева, Маці Хрыста, калі я імя Тваё толькі
Мерыўся быў напісаць, дык затрымцела рука.

Другая паэтычная малітва дапоўнена грамадзянскімі матывамі і просьбаю наставіць на праведны шлях валадароў розных дзяржаваў:

Кветак дзявочых краса! Прачыстая
                                                        Дзева Марыя!
Просьбу маю падтрымай Боскай
                                                      малітвай сваёй.
Ты паглядзі на пажары вайны, на кроў,
                                                             што ліецца,
      Многае воляй нябёс меч дазваляе сабе. <...>
Нашым князям, каралям прыдай Ты разважную
                                                                 кемнасць,
      Дапамажы зразумець, дзе яны
                                                           здрадзілі нам.

У паэзіі Мікалая Гусоўскага — і найбольш яскрава ў «Песні пра зубра» — праяўляецца суіснаванне і ўзаемнае пранікненне свяшчэннага і зямнога, sacrum і profanum. Субстанцыяльная дыхатамія чалавека, моцна знітаванага з зямным жыццём, але адоранага несмяротнай душой, — гэта тое, што паэт імкнецца асэнсаваць у мастацкай форме. На пачатку яшчэ адной сваёй паэмы — «Пра жыццё і подзвігі Святога Гіяцынта»14 — ён сфармуляваў сваё творчае крэда: miscere profanos calamos sacris rebus — «спалучаць зямную песню са святымі рэчамі».

Праз знешне спакойны, нетаропкі аповед у «Песні пра зубра», праз іранічныя заўвагі адносна недахопу літаратурнага майстэрства (якія, зразумела, нельга прымаць за чыстую манету) перад чытачом раскрываецца выключны талент паэта-святара. Словы, змешчаныя ў цэнтры гравюрнай выявы на апошняй старонцы яго першага паэтычнага зборніка — Concedo nulli («Не саступаю нікому») — сталі творчым крэда. Радкі паэмы, што была задумана як стандартная элегія ў дадатак да чучала зубра, прыгатаванага ў падарунак Льву Х, напоўніліся жывым дасціпным словам таленавітага прапаведніка. Яго лагоднае павучанне звернута да хрысціяніна ў сітуацыі духоўнага крызісу, сімвал якога — відовічша бою быкоў у Рыме. З гэтага абразка пачынаецца паэма.

Помнік Мікалаю Гусоўскаму ў дворыку
Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Мінску.
Скульптар Уладзімір Панцялееў.

Мікалая Гусоўскага як чальца дыпламатычнай місіі запрасілі на традыцыйную для італьянцаў забаву, але радасці яму гэта не прынесла. Паэт-гуманіст адчуваў сябе надзвычай некамфортна, назіраючы за забойствам магутных, але крывадушна зняволеных звяроў. Яго пачуцці перадаюцца самім падборам лексікі: ён апынуўся на «нейкіх відовішчах» (quaedam spectacula), якія ён быў «змушаны глядзець» (videnda); у «Вечным горадзе» ён убачыў «дзікія спаборніцтвы» (fera proelia). Душэўным ратункам зрабіліся ўспаміны пра свабодных зуброў, якія водзяцца ў лясах яго Радзімы. Менавіта на грунце гэтага ўспаміну дзіцячых і юнацкіх гадоў Мікалай Гусоўскі здолеў па-мастацку, прычым з тонкім пачуццём гумару, пазначыць надзённыя і балючыя пытанні свайго часу: любоў да спакутаванай у войнах Айчыны і яе прыроды, адданасць веры продкаў, сваім культурным традыцыям, дыстанцыянаванне ад чужароднага і ненатуральнага. Перадусім жа святар-паэт Мікалай Гусоўскі вучыў спагадліваму стаўленню да чалавека — як да князя, надзеленага вышэйшай дзяржаўнай уладай і неверагоднай адказнасцю, так і да абцяжаранага шматлікімі нястачамі ды клопатамі прасталюдзіна, для якога свет напоўнены варожымі сіламі, страшнымі чарамі і забабонамі. Толькі чыстая малітва, надзея і вера ў Бога аб’ядноўваюць аднаго і другога. Шчырая хрысціянская любоў да ўсяго жывога дае духоўную палёгку і сілы для жыцця кожнаму — як уладару на высокай пасадзе, так і яго падданаму.

Прапануем чытачам «Нашай веры» пачатковы фрагмент паэмы «Песня пра зубра» ў перакладзе Жанны Некрашэвіч-Кароткай.

Гл. таксама:
Мікалай ГУСОЎСКІ :: «ПЕСНЯ ПРА ЗУБРА» ::


  1. Вісліцкі Ян. Шаноўнаму і славутаму мужу Кракаўскага ўніверсітэта Паўлу Кросненскаму..., in: Старабеларуская літаратура XI–XVIII стст. Хрэстаматыя, пад рэд. Г. Тварановіч. — Беласток, 2004. — С. 318.
  2. Голенищев-Кутузов И. Н. Итальянское Возрождение и славянские литературы XV–XVI веков. — Москва: Изд-во Академии наук СССР, 1963. — С. 133.
  3. Падокшын С. А. Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры. — Мінск: «Беларуская навука», 2003. — С. 75.
  4. Chachaj M., Narodowa i kulturowa przynależność Mikołaja Hussowskiego, autora «Pieśni o żubrze». Fakty i mity, in: Między Zachodem a Wschodem. Etniczne, kulturowe i religijne pogranicza Rzeczypospolitej w XVI–XVIII wieku, pod red. K. Mikulskiego i A. Zielińskiej-Nowickiej. — Toruń, 2006. — S. 252–253; Wiesław Wróbel. Krag rodzinny Zofii z Chożowa Holszańskiej i jej testament z 29 VII 1518 r., w: Rody, rodziny Mazowsza i Podlasia. Źródła do badań genealogicznych, pod red. D. K. Rembiszewskiej i H. Krajewskiej, wyd. Lomżyńskie Towarzystwo Naukowe im. Wagów, Lomża, 2013. — S. 355.
  5. Некрашэвіч-Кароткая, Ж. В. Беларуская лацінамоўная паэзія: ранні Рэнесанс. — Мінск: БДУ, 2009. — С. 114.
  6. Гл. пра гэта падрабязней: тамсама, с. 126–129.
  7. Цыт. па: тамсама, с. 122.
  8. Содомора А. Бентежний відгомін пісенного двовірша, in: Гусовський М. Пісня про зубра. Поема. На лат. та укр. мовах, пер. А. Содомори. — Рівне: Волинські обереги, 2007. — С. 13.
  9. Гусоўскі Мікола. Песня пра зубра, in: Старабеларуская літаратура XI–XVIII стст. Хрэстаматыя, пад рэд. Г. Тварановіч. — Беласток, 2004. — С. 367. — Тэкст паэмы ў перакладзе У. Шатона цытуецца паводле гэтага выдання.
  10. Урыўкі з арыгіналу прыводзяцца паводле класічнага выдання, падрыхтаванага польскім філолагам-класікам Янам Пельчарам: Nicolai Hussoviani carmina edidit, praefatione instruit, adnotationibus illustravit Joannes Pelczar, Cracoviae: Typis Univesitatis Jagellonicae, 1894.
  11. Адпаведнасць арыгіналу захаваў у гэтым месцы Ян Каспровіч у сваім перакладзе на польскую мову: Chrystusa, nie Jowisza czczę i nie Junony, / Lecz Matki Chrystusowej niech wzywa ma pieśn.
  12. Kasprowicz J. Mikołaja Hussowskiego «Pieśń o żubrze» i «Pan Tadeusz», Idem, Dzieła; pod red. St. Kołaczkowskiego, t. XIX: Pisma proza. I, Kraków: Wydał Wojciech Meisels, 1930. — S. 92.
  13. Жлутка А. Мікола Гусоўскі, in: Гісторыя беларускай літаратуры XI–XIX стагоддзяў, т.1: Даўняя літаратура. XI – першая палова XVIII стагоддзя. — Мінск: «Беларуская навука», 2006. — С. 355.
  14. Фрагменты гэтай паэмы ў перакладзе Жанны Некрашэвіч-Кароткай публікаваліся ў «Нашай веры» (2007, № 3).


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY