![]() ![]() |
![]()
|
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
||||||
№
2(104)/2023
![]() З нагоды юбілею
Літаратуразнаўства
Уладзімір КАРОТКІ,
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ «ПЕСНЯ ПРА ЗУБРА» МІКАЛАЯ ГУСОЎСКАГА Ў КАНТЭКСЦЕ ХРЫСЦІЯНСКАЙ ТРАДЫЦЫІ ЭПОХІ РЭНЕСАНСУ Ad fontes
Нашы святыні
Постаці
З нагоды юбілею
Паэзія
Проза
Спадчына
Яніна ГРЫНЕВІЧ КАМПАНІЯ ПА ЗБОРУ БЕЛАРУСКАГА ФАЛЬКЛОРУ НА СТАРОНКАХ ГАЗЕТЫ «КРЫНІЦА» Пераклады
|
Гжэгаж ПОЛЯК
УРЭШЦЕ КРЫЖ ПЕРАМОЖАЗ кнігі-інтэрв’ю Гжэгажа Поляказ біскупам Ежы Мазурам SVD «Idźcie i głoście aż po krańce ziemi» («Ідзіце і абвяшчайце ажно да краю зямлі»), «Verbinum», Gorna grupa, 2020.
— Чаму вербісты вырашылі актыўна дапамагаць у адраджэнні Каталіцкага Касцёла ў Беларусі? — Таварыства Божага слова здаўна рабіла розныя спробы пашырыць сваю дзейнасць на Усходзе. Гэта быў адказ на просьбу Кангрэгацыі прапаганды веры ў 1919 годзе і адказ на просьбу Апостальскай Сталіцы аб дапамозе ў барацьбе з голадам у Савецкім Саюзе ў 1921 годзе. Менавіта тады тры сабраты разам з іншымі членамі манаскіх супольнасцяў скіраваліся туды на дапамогу. Таксама ў 1939 годзе вербісты паспрабавалі заснаваць свае пляцоўкі ў Вычыўцы (Украіна) і Баранавічах (Беларусь). Падмуркі пад будучыя пляцоўкі былі закладзеныя, але выбух Другой сусветнай вайны паклаў канец гэтым пачынанням. Пасля перабудовы Касцёл у Беларусі пачаў адраджацца. <...> Па даручэнні Правінцыйнай Рады я быў адказным за развіццё нашай працы на Усходзе, і мне даверылі кіраўніцтва новастворанай рабочай групай, якая збірала матэрыялы і распрацоўвала праграму. Да гэтай групы належалі айцец Станіслаў Пятроўскі, айцец Эўгэніюш Сліўка, айцец Вальдэмар Вэсолы, айцец Юзаф Вэнцлавік, які дагэтуль некалькі разоў ужо быў на Усходзе. <...> Уся наша дзейнасць павінна была адпавядаць харызме Таварыства і найлепш рэалізаваць яе на парафіяльнай базе, ахапіць душпастырствам і евангелізацыяй тых, хто мае каталіцкія карані, каб дапамагчы людзям вярнуцца да веры бацькоў, каб абуджаць і фармаваць місійную свядомасць, <...> падключыць сродкі масавай камунікацыі; мы ставілі сабе за мэту таксама працаваць на карысць бедных, арганізаваць біблійнае апостальства, фармацыю свецкіх, даваць сведчанні праз экуменічны дыялог…
— Такім чынам, вербісты вярнуліся ў Баранавічы праз 50 гадоў… — <...> 15 жніўня 1992 года я быў прызначаны выканаўцам абавязкаў пробашча ў парафіі Дарава і адказным за душпастырства ў Макееўшчыне і Русіно. Маёю мэтаю была не толькі паслуга пробашча, але і арганізацыя вербісцкага цэнтра, які павінен быў служыць мясцоваму Касцёлу. <...> Патрэбны быў новы дом, таму адразу ж мы пачалі рыхтаваць план пад яго будаўніцтва. <...> Быў такі момант, калі я хацеў усё пакінуць, вярнуцца ў Польшчу і працягваць навуковую працу.
— Што ж адбылося? — Узніклі сур’ёзныя цяжкасці. Каля нашага будынка стаялі аднасямейныя домікі, і паводле праекту мясцовых уладаў іх трэба было знесці, а людзям на замену даць новае жыллё. Я вырашыў не ўмешвацца, бо не меў намеру высяляць каго-небудзь, хоць, можа, некаторыя і хацелі б атрымаць новае жыллё. Я не хацеў, каб гэта абярнулася супраць Каталіцкага Касцёла і выклікала пагалоску, нібыта прыехалі ксяндзы з Польшчы і выселілі людзей, якія ад прадзедаў тут жывуць. <...> Выйсце знайшлося ў апошнюю хвіліну. На мяжы я сустрэў знаёмага чыноўніка з дэпартаменту культуры. <...> І гэты чалавек мне кажа, што калі будаўніцтва пачнецца без усіх дазволаў, то трэба будзе заплаціць толькі 20 даляраў штрафу. Раптам у мяне заяснела адна думка. Я сустрэўся з правінцыялам айцом Янам Віхарым і сказаў яму: «Ехаў сюды з іншаю мэтаю, але вяртаюся ў Беларусь, і 13 мая мы распачынаем будаўніцтва», бо ўжо вызначыў, што будоўля пачнецца ў свята Маці Божай Фацімскай. <...> Была толькі адна ўмова: трэба ўзяцца за гэта ўсімі сіламі, каб на працягу двух-трох тыдняў ужо шмат было зроблена… Падчас супольнага падарожжа з арцыбіскупам Свёнткам і Апостальскім нунцыем мы вызначылі дату асвячэння вуглавога каменя на 6 чэрвеня. Арцыбіскуп Казімір Свёнтэк праездам затрымаўся ў Баранавічах, мы пайшлі на будоўлю, і ён пытаецца: «Што ж вы тут збіраецеся асвячаць?» Я адказваю будучаму кардыналу: «Ксёндз арцыбіскуп, у нас яшчэ цэлы тыдзень да 6 чэрвеня, падмуркі будуць зробленыя». Ён паківаў галавою, паблагаславіў і паехаў у Мінск. Ну і мы паспелі. Арцыбіскуп прыехаў у нядзелю раніцай. Не мог надзівіцца, што мы столькі зрабілі. <...> Пачалося будаўніцтва, і ўсё ішло ў добрым кірунку, з адчувальным Божым благаслаўленнем. Людзі засталіся жыць у сваіх дамах і жывуць там да сённяшняга дня. Наш рэкалекцыйны дом служыць да цяперашняга часу, у ім можа застацца на начлег 130 чалавек, а настаяцелем з’яўляецца брат Карнэлій Консэк.
— Ці былі іншыя цяжкасці? — Іх з самага пачатку хапала. Да парафіі Дарава належала капліца ў Макееўшчыне і капліца ў прыватным доме ў спадарыні Браніславы ў Русіно. У кожную нядзелю а 15-й гадзіне мы цэлебравалі там святую Імшу. Гэтак жа і ў нядзелю 14 лютага 1993 года <...> я цэлебраваў святую Імшу, пасля якой сёстры Анатолія і Аўрэлія, дамініканкі, сустрэліся з дзецьмі, а я застаўся з вернікамі, каб пагутарыць пра іншы дом, які цалкам мог быць прызначаным пад капліцу, бо колькасць вернікаў узрастала. Павячэраўшы, мы вярнуліся ў Баранавічы. Пасля 18-й гадзіны мне пазванілі і сказалі: «У вас пажар». Я выйшаў на вуліцу, але ніякага агню не ўбачыў. Аднак у 22 гадзіны ў Русіно быў падпалены дом, у якім знаходзілася наша капліца. Знамянальна тое, што над кухняю, другім пакоем і сенцамі ўвесь дах згарэў і абрынуўся, а памяшканне, дзе цэлебравалася святая Імша, засталося не кранутае агнём, толькі ўсё было закуранае. Гэта быў знак, што ворагаў Касцёла хапае, але Пан Бог заўсёды з намі. <...> Дзякуючы знаёмствам вельмі хутка новая парафія была зацверджаная, і мы маглі афіцыйна распачаць будаўніцтва касцёла. <...> Вернікі актыўна далучыліся да гэтага <...> і на ўрачыстасць Хрыста Валадара ў 1994 годзе была цэлебраваная першая святая Імша. Гэта была перамога Хрыста Валадара. <...>
— Як вербісты ў Баранавічах будавалі парафіяльную супольнасць пасля столькіх гадоў рэлігійнага спусташэння? — Я ўсведамляў, што разам з будаўніцтвам вербісцкага цэнтра трэба ствараць парафію. Яна атрымала тытул Маці Божай Фацімскай. <...> З самага пачатку сваёй працы на Усходзе я ўсведамляў моцную апеку Маці Божай над Касцёлам у Беларусі і важнасць Фацімскага паслання, у якім Марыя гаварыла: «Урэшце Маё Беззаганнае Сэрца затрыумфуе…» <...> Гэта была другая каталіцкая парафія ў Баранавічах. Фігура Маці Божай Фацімскай была асвячаная ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа і ва ўрачыстай працэсіі перанесена ў Дом Святой Тройцы, які яшчэ будаваўся і ў якім 10 кастрычніка 1993 года была цэлебраваная першая святая Імша ў новай парафіі. <...>
— Не было сумненняў, што такая супольнасць мае патрэбу ў салідным касцёле. Дазвол на яго будаўніцтва ўжо пасля падзення камунізму быў проста фармальнасцю? — Нам давялося пераадолець шмат бюракратычных праблемаў, супраціўленне ўладаў і чыноўнікаў, каб атрымаць зямлю пад будаўніцтва новага касцёла. У той час, калі парафія ўжо цэлы год існавала і людзі маліліся ў капліцы дома ксяндзоў вербістаў, які будаваўся, яшчэ больш за год працягвалася «барацьба за зямлю» — спачатку з прадстаўнікамі мясцовых уладаў, потым з уладамі калгасу... Упадабаны намі ўчастак знаходзіўся на тэрыторыі калгасу, а старшыня заявіў, што ўвогуле не дае на гэта згоды. Мае парафіянкі, дазнаўшыся пра сітуацыю, сказалі, што добра ведаюць яго маму і звернуцца да яе па дапамогу. <...> Маці ў размове са сваім сынам сказала: «Сыне, я ўжо ні аб чым цябе не буду прасіць, маю толькі адно пажаданне — дай ім гэтую зямлю, гэта будзе Дом Божы. Дай ім гэтую зямлю. Гэта будзе твой вялікі ўнёсак. Паслухай маці». <...> Праз некалькі дзён старшыня сабраў сваіх супрацоўнікаў калгасу і нас, каб мы выказалі сваю просьбу на сустрэчы. Мы ж былі падрыхтаваныя. Старшыня прамовіў: «Ёсць зямля, якую мы можам добра выкарыстаць, аддаўшы яе пад будаўніцтва касцёла, і я быў бы вельмі рады, калі б там непадалёку была таксама пабудаваная праваслаўная царква. Католікам патрэбная зямля пад касцёл, а праваслаўным — пад царкву. Хто „за”?» Усе паднялі рукі. Такім чынам у хуткім часе распачалося будаўніцтва новага касцёла Маці Божай Фацімскай на жаданым месцы. Гэта быў незвычайны дзень падзякі Богу і Яго Маці. Гэта быў вялікі Божы знак і Божае благаслаўленне, мы былі толькі маленькімі прыладамі ў руках Бога. Усё гэта адбывалася зімою. Нашыя старанні скончыліся поспехам, мы здабылі зямлю, а на месцы будучай святыні вернікі паставілі крыж. Благаслаўленне крыжа і ўчастка пад будаўніцтва адбылося 28 мая 1994 года. Аднак гэта яшчэ не быў канец выпрабаванняў — ноччу з 24 на 25 жніўня 1994 года крыж быў спілаваны, пасечаны сякераю і кінуты ў балота. Такі акт вандалізму стаў для парафіянаў сапраўднаю трагедыяй. Гэтае здарэнне было пераломным для нашай супольнасці. Можна сказаць, што абудзілася шмат сумленняў, бо падчас перапрашальнага дзесяцідзённага набажэнства і пазней на месца будучай святыні прыходзіла ўсё больш людзей. Гэта былі не толькі вернікі, але таксама людзі, якія дагэтуль жылі па-за Касцёлам. Яны прымалі ўдзел у набажэнствах, прыносілі кветкі і знічы. Для многіх гэта быў першы кантакт з хрысціянствам. Былі сярод іх і тыя, хто памятаў перыяд змагання з крыжамі ў часы камунізму. Тады я зразумеў, што мы распачынаем Божую справу, якой многія будуць супраціўляцца, аднак урэшце менавіта крыж пераможа. Кардынал Свёнтэк падчас кансэкрацыі касцёла згадаў пра крыж, пасечаны ворагамі Касцёла, і пра перашкоды з боку ўладаў, а таксама заўважыў, што, нягледзячы на гэта, парафіяне маліліся і будавалі. На памяць пра знішчаны крыж у дар для парафіі былі прывезеныя каштоўныя рэліквіі крыжа Пана. <...> — Ці знайшла міліцыя вінаватых у знішчэнні крыжа? — Яны самі знайшліся. Іх сумленне прачнулася, яны вырашылі прызнаць свой грэх і паказаць месца, у якім быў кінуты святы крыж. Як успамінаў Юзаф Разумка, кіраўнік парафіяльнай супольнасці, адшуканы крыж быў пачварна знішчаны, пасечаны, нібы людская злосць хацела знайсці выйсце у гэтым знявечанні прылады Мукі Пана. Нягледзячы на сур’ёзныя пашкоджанні, менавіта гэты крыж стаў каштоўнаю рэліквіяй для вернікаў і прыцягваў усё больш людзей. Навярнуліся таксама тыя, хто знішчыў крыж. Гэтае здарэнне дапамагло мне ўсвядоміць, што ў рэшце рэшт крыж пераможа. <...>
— Апрача гэтай душпастырскай дзейнасці, Вы патрэбныя былі дыяцэзіяльнаму Касцёлу. — Арцыбіскуп Свёнтэк прызначыў мяне на служэнне духоўнага айца для святароў Пінскай дыяцэзіі і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Для гэтага трэба было ўдзельнічаць у штомесячных сустрэчах са святарамі <...>. Я заўсёды гаварыў гамілію падчас святой Імшы і праводзіў канферэнцыі, а потым кардынал Свёнтэк арганізоўваў на некалькі гадзін сустрэчы з групаю святароў і вёў індывідуальныя размовы. Мы часта вярталіся позна ноччу, пасля поўначы. Тады я саступаў яму свой пакоік у малым доміку, а сам ішоў у капліцу, каб хвіліну падрамаць. Усе, хто яшчэ памятае гэты малы домік, узгадваюць, як там было ўтульна, па-сямейнаму, па-свойску <...>. Падчас гэтых нашых выездаў, асабліва на зваротным шляху, кардынал успамінаў перажытае, але не дазваляў мне ні зрабіць аўдыёзапіс, ні занатаваць гэта пісьмова. Пра адно такое здарэнне я хачу распавесці. Кардынал быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў лагераў узмоцненага рэжыму. Ён быў высланы ў <...> лагер у Варкуце. Сярод палякаў, літоўцаў і латышоў ён таемна выконваў душпастырскую паслугу, якая ў цалкам нялюдскіх умовах давала ім бясцэнную маральную падтрымку. Набліжалася Вігілія Божага Нараджэння… Вязні два дні бераглі хлеб, каб ім падзяліцца. Была таксама аплатка, прысланая ад родных вязню, які ў Варкуце быў ужо даўно. На стале паклалі галінкі піхты. Удзельнікі Вігіліі таемна сабраліся вакол ксяндза Казіміра Свёнтка. Па даносе або выпадкова ў барак раптам увайшоў начальнік лагера са сваёю аховаю і крыкнуў: «Хто вам дазволіў сабрацца?! Хто гэта арганізаваў?!» Ксёндз Казімір Свёнтэк так успамінаў гэты момант: «Не было выйсця. Усе ўсталі, а я зрабіў крок у бок начальніка. Тады ён скіраваў на мяне наган, выняты з кабуры. Мяне ахапіў страх, але я пераламаў сябе і, працягваючы да яго руку з аплаткаю, прамовіў: «Грамадзянін начальнік, я хачу гэтую справу растлумачыць. <...> Ёсць такі звычай у католікаў, што калі хтосьці ў Вігілію Божага Нараджэння прыйдзе да нас нават як найбольшы вораг, у гэты дзень трэба яго прыняць, запрасіць і падзяліцца з ім аплаткаю, жадаючы ўсяго добрага». Настала цішыня. У паветры павіслі дзве выцягнутыя рукі: адна — з наганам, а другая з аплаткаю. Усе чакалі, што будзе далей. А было так. Начальнік схаваў наган у кабуру і, хоць не падзяліўся аплаткаю, сказаў: «Па зразумелых прычынах я не магу прымаць удзелу ў вашай урачыстасці, але вам сёння гэта дазваляю. Заўтра пойдзеце працаваць». <...>
— Вы пачыналі амаль з нуля. Ксёндз Казімір Свёнтэк, які, нягледзячы на ссылку ў лагеры, доўгі час вёў душпастырскую працу ў Беларусі, належаў да невялікага кола выключэнняў. — Некалькі касцёлаў дзейнічалі ўвесь час. Аднак усё душпастырства абмяжоўвалася працаю па-за святынямі. Касцёл у Беларусі, нягледзячы на адсутнасць біскупаў, выстаяў. Быў час, калі Пінская дыяцэзія мела сваю сядзібу ў Драгічыне. Важнаю асобаю сярод духавенства ў Касцелё Беларусі быў ксёндз прэлат Вацлаў Пянткоўскі, які працаваў у Мядзведзічах і вёў «падпольную», або таемную, семінарыю. Разам з ксяндзом прэлатам Казімірам Свёнткам і іншымі святарамі яны былі апораю Касцёла, займаліся рознаю душпастырскаю працаю. Сувязь людзей з Касцёлам была моцнаю і таму таксама Касцёл у Беларусі не быў пазбаўлены структураў. <...>
— Вернемся яшчэ да «Дыялогу», першага каталіцкага часопіса ў Беларусі. Слава пра яго дайшла да Польшчы, і ў коле каталіцкіх журналістаў мы гаварылі, што гэта «любімчык» айца Ежы Мазура. Як узнік гэты часопіс? — Харызмаю нашай супольнасці з’яўляецца таксама апостальства праз сродкі масавай камунікацыі. У студзені 1994 года, у Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціянаў, мы пачалі выдаваць першы ў Беларусі каталіцкі часопіс «Дыялог». Напачатку ўмовы былі даволі спартанскія, але мы стараліся з усім справіцца. Пасля рэгістрацыі выдавецкай дзейнасці мы спланавалі першы нумар. Я шукаў кагосьці, хто змог бы выконваць такую працу. Выявілася, што сярод навучэнцаў нядаўна адчыненага Катэхетычнага калегіума ёсць журналістка Таццяна Шымковіч, якая хутка адгукнулася і ўзялася за справу. Затым на дапамогу паспяшаліся Маргарыта Свірыдава і Людміла Хілевіч. Часопіс «Дыялог» пачаў выходзіць раз на месяц.
— Відавочна, у назве меўся на ўвазе экуменічны дыялог, у першую чаргу з праваслаўем? — Не толькі, у тым ліку культурны, моўны, які павінен быў спрыяць еднасці ў гэтых трох вымярэннях. <...> Я быў тады галоўным рэдактарам. Разам з калектывам рэдакцыі мы стараліся дайсці з Божым словам да як мага большай колькасці людзей — праз парафіі і святароў. Да святароў я мог дайсці з часопісам дзякуючы таму, што быў духоўным айцом для Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі. Я шукаў сабрата, які мог бы працягнуць гэтую справу. Аднойчы пазваніў брату Карнэлію Консэку, які працаваў у Рыме ў генералаце і меў вопыт працы ў вербісцкай друкарні ў Ласковіцах Паморскіх, быў захопленым фатографам. Я прапанаваў яму ўзначаліць часопіс «Дыялог». Ён згадзіўся і <...> цудоўна выконвае гэтую місію, ініцыюе чарговыя пачынанні, а цяпер з’яўляецца таксама настаяцелем Дома Святой Тройцы ў Баранавічах. <...>
— Цікавым досведам, невядомым пасля вайны ў Беларусі, калі Касцёл быў выціснуты ў сакрыстыю, сталі арганізаваныя Вамі пілігрымкі з Баранавічаў у Будслаў. Ці карысталіся Вы пры гэтым польскім досведам? — Сам я ніколі не хадзіў у пілігрымкі. У маім найлепшым узросце, калі яшчэ можна было ісці, я мусіў дапамагаць на жніве брату і маме, якая засталася адна пасля смерці бацькі. Гэтаксама было тады, калі я вучыўся ў семінарыі і прыязджаў на канікулы дапамагаць па гаспадарцы. Потым я шмат гадоў не быў на радзіме. Мяне натхнілі два мужчыны з Баранавічаў, асабліва Раман, які пры камунізме таемна хадзіў у маленькіх групках у Вільню. Я падумаў: «А чаму б не арганізаваць пілігрымкі з Баранавічаў у Будслаў, дзе знаходзіцца Марыйны санктуарый, такая „беларуская Чэнстахова“, месца сустрэчаў хрысціянаў лацінскага і ўсходняга абрадаў?» Я не ведаў, за што бяруся, бо ўсё было новае. Гэта адбывалася ў 1993 годзе, пасля года маёй працы ў Баранавічах. На маіх плячах будоўля, а тут яшчэ пілігрымка… Трэба было вызначыць маршрут, аб’ехаць усе пункты, наведваючы святароў, якія там працуюць. Маршрут склаўся так цудоўна, што начлег прыпадаў на мясцовасці, дзе былі касцёлы, і паўсюль нас прымалі з вялікаю беларускаю гасціннасцю. Толькі ў адным месцы начлегу не было каталіцкага касцёла, але там стаяла праваслаўная царква. Бацюшка Леанід разам з парафіянамі кожны год нас цудоўна прымаў у царкве, дзе было экуменічнае набажэнства, а пазней у духу ўсходняй гасціннасці разам са сваімі парафіянамі частаваў нас вячэраю і прапаноўваў пакоі для начлегу святарам, а вернікі прымалі пілігрымаў. <...> Я ішоў толькі частку маршруту, бо трэба было арганізаваць шмат справаў, і я за ўсё адказваў. Мне дапамагалі сабраты з Польшчы і тыя, хто працаваў на месцы, а таксама сёстры манашкі, якія працавалі ў Беларусі, — сястра Люцына, сястра ад Анёлаў. Катэхезы прамаўляў айцец Юзаф Вэнцлавік, з самага пачатку пілігрымавалі айцец Томаш Клявонь і айцец Уладзімір Сек. <...> Той першы год быў незвычайны. Людзі бачылі: крыж ёсць, ксёндз і людзі ёсць, а дзе труна? Дзе нябожчык? Няма труны. Хтосьці паказвае, што могілкі «вось у тым кірунку». А калі даведваліся, што мы ідзем у Будслаў, са здзіўленнем казалі: «Вы ж можаце паехаць цягніком, аўтобусам». У іх не было пілігрымковага досведу. <...>
— Бо прызвычаіліся, што з крыжам ідуць толькі на могілкі… — Але па дарозе віталі нас кветкамі. Выходзілі з дамоў, рабілі дываны з кветак. Падчас гэтай першай пілігрымкі былі пастаўленыя тры крыжы: першы — каля дома ксяндзоў вербістаў, адкуль да гэтага часу выходзяць пілігрымкі з Баранавічаў у Будслаў; другі крыж мы ўстанавілі ў сярэдзіне маршруту, каб сабраць каля яго ўдзельнікаў на набажэнства і малітвы ў інтэнцыі тых, хто змагаецца з крыжам; трэці крыж апынуўся на так званай Гары Перапрашэння — напрыканцы маршруту. Усе яны сведчылі пра тое, што мы застаемся хрысціянамі, застаемся з Хрыстом, незалежна ад таго, якія драматычныя перыпетыі лёсу нас напаткалі. Гэта мела сваю сімволіку: вось ідзе новае, маладое пакаленне, якое ставіць крыжы. Гэта яго заданне: несці і ставіць крыжы. Яшчэ ж нядаўна крыжы скідвалі з вежаў касцёлаў, а цяпер ідзе новае пакаленне вучняў Хрыста, якое не саромеецца крыжа. Думаю, што гэты досвед з крыжам, тлумачэнне яго сімволікі мелі вялікае значэнне для стварэння нашай супольнасці. <...> Пераклала з польскай мовы Ганна Шаўчэнка.
Фотаздымкі
|
![]() |
![]()
|
![]()
|
![]() |