Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(104)/2023
З нагоды юбілею
УРЭШЦЕ КРЫЖ ПЕРАМОЖА
З кнігі-інтэрв’ю Гжэгажа ПОЛЯКА з біскупам Ежы МАЗУРАМ SVD

Літаратуразнаўства
Ad fontes
Нашы святыні

ГЕРОІ БУДСЛАВА
Постаці
З нагоды юбілею
Паэзія

ПЕРАД ВЕЧНАСЦЮ...
Проза

ПРОЗА З ТОЙ КНІЖКІ, ЯКАЯ МОЖА БЫЦЬ
Спадчына
Язэп ЯНУШКЕВІЧ

І ТОЛЬКІ НАДПІС…

Пра зборнік «EPITAPHIUM:
пахавальная культура народаў
Вялікага Княства Літоўскага»
1

Над зямлёй, што стала цяпер тваёй
І што скора будзе маёй.

Уладзімір Караткевіч

Краіна наша — краіна замкаў і курганоў. Былá. І яшчэ застаецца дагэтуль. І ў старадаўніх мeстах ды мястэчках Тураў ці Лоск, Полацак й Гародня, Мсціслаў і Магілёў, Ліда й Давыд-Гарадок, Крэва ці Ракаў яшчэ можна ўбачыць шыльды са словамі: «Гарадзішча…. ахоўваецца дзяржавай... нанесеная шкода… караецца паводле закону».

А колькі ж такіх пашкоджаных, ушчэнт разбураных помнікаў матэрыяльнай культуры знікла з пагоркаў-грудзей нашай збалелай, знямоглай у абарончых бітвах Айчыны! Нашым продкам даводзілася адбіваць ворагаў адусюль, з усіх чатырох бакоў. З Захаду (сюжэт паэмы «Маргер» Людвіка Кандратовіча пра напад крыжакоў на замак Pullen-Піленай 25 лютага 1336 году; прыкра, што і да 200-годдзя «Вясковага Лірніка» — Уладзіслава Сыракомлі (1823–2023), якое адзначаецца сёлета ў верасні, гэтая паэма не перакладзеная з польскай мовы)… З Усходу (пачытайце хоць бы «Хроніку Быхаўца» ці «Баркулабаўскі летапіс»; апошні са сведчаннямі першай паловы XVI стагоддзя пра тое, як «Маскву ад Магілёва адперлі, пабілі, адагналі», ды продкі нашыя ад голаду паміралі, «у дому стоячы, хлеба прасілі: «Матухна, зязюлюхна, вутухна, панюшка, спадарыня, сонца, месяц, зьвездухна, дай крошку хлеба!» Тут-жа подле варот будзець стаяці зраня і да палудня, так-то просячы; там-жа другі пад плотам і умрэць».)… З Поўначы (пра што паэма Вінцэся Дуніна-Марцінкевіча «Люцінка, або Шведы на Літве»)… Ды з Поўдня (трагічная разня казакамі і смерць у мястэчку Янава «Апостала Палесся» Андрэя Баболі, апавяданая ў аднайменнай малавядомай паэме аўтарства нашага «бацькі нацыі» Янкі Купалы2.

Пра тую трагічную мінуўшчыну Бацькаўшчыны вобразна і ёмка напісаў сучаснік Луцэвіча-Купалы, іншы наш класік Колас-Міцкевіч: «I лілася кроў нявінна, // Швед набытак наш паліў, // А ўрад царскі самачынна // Тут гвалтоўнасці тварыў, // Будаваў астрог народу // I барбарскім капылом // Мерыў волю і свабоду, // А культуру нёс з калом» («Сымон-музыка», 1911–1925).

Цудам ацалелая частка культуры нашых продкаў (пахавальная) і сабраная ў адмысловым зборніку, пра які зажадалася з удзячнасцю напісаць некалькі развагаў…

Найперш адзначым наватарскую тэму для айчынных гісторыкаў, што выкрышталізоўваецца на мяжы працы палявой (археалогіі), кабінетнай (архіўнай), мастацтвазнаўчай (здымкі й выявы надмагілляў) з мэтаю прасачыць «эгіпецкі стыль у мемарыяльнай архітэктуры і надмагільных помніках» на землях ВКЛ ды інш.

Зборнік «Epitaphium» — першае ў Беларусі спецыялізаванае выданне, прысвечанае пахавальнай культуры народаў Вялікага Княства Літоўскага. Пры гэтым перыядам існавання ВКЛ храналогія зборніка не абмяжоўваецца: яе верхняя мяжа сягае ў міжваенны перыяд — 1920–1930-я гг. — і блізка падыходзіць да сучаснасці, што дазваляе ўжываць у даследаваннях такую спецыфічную крыніцу як чалавечая памяць.

«Пáметь человеческая есть короткá, если бы писмом подпирáна не былá» — гэткія словы цытуе ў сваім цудоўным нарысе «НА КРЫЖЫ СМЕРЦІ СВАЁЙ» Вольга Бабкова, агучваючы «галасы шляхты Вялікага Княства Літоўскага з тастамэнтаў XVI ст.». Укладальнікам зборніка Сяргею Грунтову і Дзянісу Лісейчыкаву, на добры лад, гэтым нарысам належала б распачынаць зборнік, але паколькі звычайна заўвагі робяцца напрыканцы водгуку-рэцэнзіі (яна, бадай, адзіная) абгрунтаванне яе зробім далей.

Я вырашыў скарыстаць даўнюю вытрымку як апраўданне, бо напачатку шмат увагі аддаў пераліку менавіта пісьмовых крыніцаў, якія па часе й робяцца гістарычнымі.

Прынята лічыць, што эпітафія — гэта надпіс на магільным помніку (зазвычай у паэтычнай форме). Але ў шырокім сэнсе гэта быў адзін з даўніх вершаваных жанраў, а ўжо ў наш час тое асэнсаваў, прыкладам, Уладзімір Караткевіч ў «Эпітафіі» «Пакараным смерцю ў 1882 годзе» (29.01.1980) як надмагільны надпіс зніклай дзяржаве-краіне, падзеленай паміж «трыма разбойнікамі»-імперыямі:

Сякуць, краіна, карак твайму сыну,
Ды ты не кажы ім: «Даволі!»...
Хай лепей ніколі не будзе краіны,
Чым будзе краіна — без волі.

Вядома, зусім іншай «паэтыкай» карысталіся ў надмагільных эпітафіях нашыя продкі. Яскравыя ўзоры паэтычнага тэксту рэканструяваў Дзяніс Лісейчыкаў у «Дадатку» да свайго грунтоўнага нарысу пра кірылічныя надмагіллі XVI–XVII стст. на землях Вялікага Княства Літоўскага. «Максімальна квяцістыя i разгорнутыя надпісы — вершаваныя эпітафіі — утрымлівалі надмагіллі, якія знаходзіліся ў манастырскіх цэрквах. Гэта, па сутнасці, вяршыня тагачаснага эпітафійнага мастацтва. Адно з іх, захаванае да нашага часу, было пастаўлена ў царкве Богаяўленскага манастыра ў г. Магілёве па адным з фундатараў храма манаху Арсеню Азаровічу, які памёр 1 снежня 1652 г. ва ўзросце 74 гадоў».

Смертелнымъ кожъдый окомъ || нехай то обачытъ
И по смерти якъ слава || добродѣемъ вдѧчытъ.
Затлумитъ земъля порох || чловѣка былого,
Давности лѣтъ укажетъ, || якобы ничого,
Лечъ цнотъ трудъно тамоватъ, || тые вѣчне трваютъ,
Со потомного вѣку || людей розжараютъ.
В которыхъ ся знайдовалъ || вшелякой чти годный
Арсеній Азаровичъ, || инокъ б(о)гобойный,
Ѳунъдатор монастыра || тутешънего пилный,
А добродѣй сей ц(е)ркви || нигды не ѡмылъный.
Ѳиляры, ѡкна, двери || его кошътомъ стали,
През шкотулу ѡздобы || и мури дознали.
Монастыра будынъки, || муры выславъляютъ,
И нагробокъ вдячъности || ему высътавъляютъ….

Тут мы маем прыклад паўтара дзясятка высокамастацкіх вершаваных радкоў. Верш з’яўляецца найбольш распаўсюджаным на той час сілабічным трынаццаціскладовікам… Апрача ўзнёсласці эпітэтаў у адрас памерлага, у ім нямала карыснай інфармацыі — з яго мы даведваемся, што за кошт нябожчыка ў манастыры былі зроблены сцены, пілястры, вокны, дзверы, а таксама падмуркі манастырскай званіцы. Што паказальна — вядомы і тастамэнт манаха Арсеня, складзены ім 26 лістапада 1652 г., перад смерцю. Гэта пакуль адзіны прыклад, калі да нашага часу захаваліся і тагачаснае надмагілле i тастамэнт.

Пахаванне ў святыні магло адбывацца і без ганаровых надмагілляў-барэльефаў, як можам даведацца з гісторыі мястэчка Капыль Наваградскага павета за 1660-я гады:

«Давейкава [пахавана] пад кафедрай. Дачушка пана Алендскага [пахавана] пад трэцяй ад пачатку лаўкай, года 1667 дня 4 снежня. У яе галава была дзіўная, такая вялікая, як шырокае вядро».

«Года 1668 дня 7 студзеня, пад першай жаночай лаўкай, каля самай сцяны, ляжыць дачушка яго міласці пана Яна Дамаслаўскага»

У дакументах-тастамэнтах продкаў сустракаюцца, хоць і досыць рэдкія, просьбы-сведчанні, каб іх парэшткі пахавалі не ў святыні ці побач, а ў зусім не прыстасаваных месцах. Гэта менавіта тая «заганная» традыцыя, пра якую ў 1646 г. у сваім Трэбніку пісаў мітрапаліт П. Магіла. Гарадзенскі зямянін Станіслаў Глядавіцкі 9 красавіка 1591 г. прасіў пахаваць сваё цела «в ыменю моем Миневицъком в Глядовичах, на кгрунте моем от мене назначоном за гумном, там, где есми первеи того местцэ назначил и заложил». Слонімская зямянка Ганна Рэзанавая (21 студзеня 1593 г.) прасіла пахаваць сябе «на кгрунте моем власном на горе подле пасынка моего Макара Резана». Слонімскі ж зямянін Мікалай Дароўскі (16 сакавіка 1594 г.) — «на кгрунте моем именя Серьгеевского за двором на горце под гаем березовым»; а віцебскі зямянін кальвініст Андрэй Сівіцкі (5 ліпеня 1595 г.) — «у огороде моем, под двором моим Добрыном, подле саду моего, а над телом моимъ капличку збудовать».

Вядома, сустрэнем у зборніку розны этнаграфічны матэрыял пра набліжэнне смерці разам з рознымі народнымі забабонамі: «Так, паводле меркавання беларускага вясковага насельніцтва, смерць можа здарыцца, калі чорная карова стане глядзець праз вакно ў хату, калі свіння вырые яму сярод дарогі перад чыёй-небудзь хатай і будзе ляжаць галавой у бок могілак, калі котка любіць ляжаць на стале ці ў куце альбо калі ўвесь дзень „пчолы пералятаюць вясковую вулку”».

Даведаемся, што ў некаторых рэгіёнах нашай краіны (на Падзвінні) традыцыйныя пахавальныя абрадавыя дзеянні пачыналіся яшчэ да смерці чалавека. Для таго, каб аблегчыць перадсмяротную агонію паміраючага, выконвалі шэраг сімвалічных дзеянняў: яго клалі на падлогу, падсцілаючы кажух, адчынялі дзверы i вокны… Заўважыўшы набліжэнне смерці, апраналі хворага ў чыстую бялізну і пераносілі яго з ложка на лаўку, клалі галавой да абразоў і запальвалі свечку.

Шкада, што каштоўны зборнік мае адну загану. Істотную. Незразумела, чаму ўкладальнікі абралі метад «цераспалосіцы». Мяркуйце самі: кніга пачынаецца матэрыялам У. Я. Аўсейчыка «Пахавальна-памінальная абраднасць Падзвіння паводле матэрыялаў XIX–пачатку XX ст.» (с. 5). За ім мы вяртаемся на гадоў трыста назад, каб пачуць «галасы шляхты Вялікага Княства Літоўскага з тастамэнтаў XVI ст.» у выдатным тэксце Вольгі Бабковай «На крыжы смерці сваёй» (с. 16). За ім, нібы на касмічнай машыне часу, узлятаем у 20–30 гады мінулага ХХ стагоддзя (матэрыял И. И. Вавренюка «Похоронный обряд евреев Западной Беларуси (1921–1939 гг.)» (с. 22), каб зноўку абрынуцца ў мінулае, у «Калектыўнае надмагілле пачатку XVIII ст. у вёсцы Студзёнка Бялыніцкага раёна» (матэрыял Д. Віцько; с. 31). І потым толькі прыйшла здагадка: прычынай блытанай «цераспалосіцы» стаў алфавітны парадак прозвішчаў аўтараў. Даруйце, але ж гэта не энцыклапедычны даведнік, дзе іначай не разабрацца, калі артыкульны матэрыял не будзе пададзены паводле алфавіту. У канкрэтным выпадку належала б скарыстаць храналагічную падачу. Яна выглядала б наступным чынам.

B. У. Бабкова. «На крыжы смерці сваёй»: /галасы шляхты Вялікага Княства Літоўскага з тастамэнтаў XVI ст. (с. 16);

Д. В. Лісейчыкаў. «Ходилъ до церкви и тамъ надгробокъ писаный виделъ...»: кірылічныя надмагіллі XVI–XVII стст. на землях Вялікага Княства Літоўскага (с. 69);

А. А. Скеп’ян. Як хавалі братчыкаў у Вялікім Княстве Літоўскім у XVI–XVIII стст. (с. 107).

Д. В. Віцько. Калектыўнае надмагілле пачатку XVIII ст. у вёсцы Студзёнка Бялыніцкага раёна (с. 31).

Н. В. Стахно. Пахавальная цырымонія эпохі барока як частка рэпрэзентацыі шляхты Вялікага Княства Літоўскага (с. 121).

В. В. Урублеўскі. Метрычныя кнігі аб памерлых праваслаўнай канфесіі ў Беларусі другой паловы XVIII — першай паловы XX ст.: генэзіс і развіццё фармуляра (с. 131).

C. У Грунтоў. Егіпецкі стыль у мемарыяльнай архітэктуры і надмагільных помніках канца XVIII — пачатку XX ст. (с. 35).

У. Я. Аўсейчык. Пахавальна-памінальная абраднасць Падзвіння паводле матэрыялаў XIX — пачатку XX ст. (с. 5);

Т. В. Іваніцкая. Ритуальны змест местачковага некропаля Паўночна-Заходняй Беларусі XIX–пачатку XX ст.: архітэктоніка, лексіка, графіка-арфаграфічныя асаблівасці (с. 62).

С. У. Грунтоў. Інскрыпцыі 1859–1918 гг. на каталіцкіх могілках мястэчка Новы Свержань (с. 53).

И. И. Вавренюк. Похоронный обряд евреев Западной Беларуси (1921–1939 гг.) (с. 22).

Д. В. Скварчэўскі. Да пытання атрыбуцыі каменнага колавага крыжа ў Полацку (с. 102).

С. В. Чистяков. Исследования радзивилловской крипты в костёле Найсвятейшего Божьего Тела в Несвиже в августе 2016 г. (с. 137).

 

Такі храналагічны прынцып дазволіў бы прасачыць, яскрава пабачыць эвалюцыю эпітафійных надпісаў. Зрэшты, нібы ў апраўданне, у сваім уступным слове ўкладальнікі патлумачылі: «Задуманы зборнік вырас з жадання стварыць пляцоўку, дзе даследчыкі з розных галін, аб’яднаныя супольнай тэматыкай, маглі б „сустрэцца“ і падзяліцца вынікамі сваіх навуковых распрацовак. Такое месца тым больш важнае, што фармальна на ўзроўні навуковых дысцыплін даследаванні ў гэтай галіне дагэтуль ніяк не аб’яднаны і часта знаходзяцца на перыферыі сваіх спецыяльнасцяў. Аснову зборніка склалі матэрыялы круглага стала, які адбыўся ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (красавік — 2021)».

Застаецца пажадаць працягу ў такой важнай справе захавання чалавечай памяці, адбітай у надмагільных надпісах, каб як найменш заставалася іх безыменных, пра што горка сказаў у «энцыклапедыі народнага жыцця» Якуб Колас, заканчваючы эпічнае палатно «Новай зямлі».

I бацьку скора сын забудзе —
Каротка памятка аб людзе,
Аб простым людзе. I такая
Усім бедным доля выпадае:
Прайсці свой круг, прамарнавацца
I невядомымі астацца
Ды быць забытымі тут ўсімі —
I сваякамі і чужымі.
I мне заўсёды горка стане,
Калі я ўбачу на кургане
Пад шэрым прыкладам драўляным
Прыпынак вечны селяніна.
Стаіць там крыжык-сіраціна,
Сівенькім мохам ўвесь убраны,
З павязкай белай, даматканай.
Пытаю: хто тут пачывае?
Дзяўчына можа маладая
У поўным цвеце красы-сілы
Сышла без часу да магілы?
Ці здатны хлопец-малайчына?
Маўчыць магіла селяніна.
А хто пахован, я не знаю
I смутак моцны ў сэрцы маю.
А тут закопаны навекі
Надзеі, радасць чалавека
І гора схована ліхое —
Жыццё бядачае людское.

Галоўнае, што айчынная гуманітарная думка ў ХХІ стагоддзі, узгадаваная пасля сталінскіх рэпрэсій мінулага стагоддзя, мае на гэта сілы, пра што можна меркаваць хоць бы з адной-адзінай падзякі Дзяніса Лісейчыка: «Аўтар выказвае шчырую падзяку за дапамогу ў пошуку матэрыялаў для даследавання іерэю Расціславу Бандарэнку (г. Брагін), Глебу Бераставому, Антону Брылю (г. Цюрых, Швейцарыя). Васілю Вароніну, Сяргею Гараніну, Наталлі Гарковіч, Яўгену Глінскаму, Аляксандру Грушу, Ірыне Дзямчук (г. Пінск), Валерыю Кабрынцу, Аляксандру Казакову, Уладзіміру Лобачу (г.Полацк), Максіму Макараву, Яўгену Малікаву (г. Гомель), протаіерэю Васілю Немешу (г. Петрыкаў), Паўлу Растоўцаву, Тамашу Суліму (г. Бельск Падляскі, Польшча), Галіне Флікоп-Світа, Віктару Чараўко ды Віктару Якубаву (абодва з Полацка)».


  1. EPITAPHIUM: пахавальная культура народаў Вялікага Княства Літоўскага / Укладальнікі Сяргей Грунтоў, Дзяніс Лісейчыкаў. — Мінск: НГАБ, 2022.
  2. Хто аўтар? (уступны артыкул да публiкацыў паэмы «Блажэнны Андрэй Баболя» //Chryscijanskaja Dumka: Wydannie Bielaruskaj Katalickaj Hramady. —Miensk, 1992. № 1. S. 117—127; Янка Купала. Поўны збор твораў. Т. 2. Вершы, пераклады 1908–1910. Падрыхтоўка тэксту і каментарыі (раздзел «Dubia»: «Паэма пра Андрэя Баболю»). — Мінск, 1996. — С. 225–230, 328–330; Янка Купала — аўтар паэмы пра св. Андрэя Баболю // Наша вера. 2002. № 2. С. 13–19 [публікацыя 2 тэкстаў паэмы].


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY