![]() ![]() |
![]()
|
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
|||||
№
2(104)/2023
![]() З нагоды юбілею
Літаратуразнаўства
Уладзімір КАРОТКІ,
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ «ПЕСНЯ ПРА ЗУБРА» МІКАЛАЯ ГУСОЎСКАГА Ў КАНТЭКСЦЕ ХРЫСЦІЯНСКАЙ ТРАДЫЦЫІ ЭПОХІ РЭНЕСАНСУ Ad fontes
Нашы святыні
Постаці
З нагоды юбілею
Паэзія
Проза
Спадчына
Яніна ГРЫНЕВІЧ КАМПАНІЯ ПА ЗБОРУ БЕЛАРУСКАГА ФАЛЬКЛОРУ НА СТАРОНКАХ ГАЗЕТЫ «КРЫНІЦА» Пераклады
|
З таго часу як герцагскі двор пераехаў у Браўншвайг, Вольфенбютэльскі замак з ягонымі амаль трохстамі пакоямі пустуе. Наколькі багата выглядае палац звонку з ягонымі вадзянымі ірвамі, упрыгожаным мостам, з магутным купалам капліцы і высокай гадзіннікавай вежаю, настолькі цьмянае ўражанне робіць будынак унутры: змрочны, халодны і са скразнякамі. Нават чарнілы застываюць на марозе. Тым не менш замак напоўнены добрым духам: Лесінг, яго адзіны жыхар, жыве ў некалькіх пакоях і працівіцца заняпаду. Менавіта гэтай зімой 1772 года пісьменнік закончыў тут сваю п’есу «Эмілія Галоцці». Прасякнуты шчасцем, глядзіць Лесінг на ратонду бібліятэкі, якая знаходзіцца насупраць яго кватэры. Сонца ўжо асвятляе яе купал. Гэта адзін з тых радасных ранкаў, калі ў студзені святло часта больш яркае, паветра пахне зямлёй. Гэты своеасаблівы будынак з яго магутным глобусам на даху вельмі палюбіўся пісьменніку; у ім жа захоўваецца бясцэнны скарб: сотні тысячаў кнігаў і рукапісаў. Кнігі для Лесінга — магічныя стварэнні, у іх ёсць твар, яны размаўляюць з ім, адкрываюць невядомае, і такім чынам штодзённы ранішні від з акна на ратонду бібліятэкі — гэта тое, што акрыляе пісьменніка, дае яму стымул да даследаванняў і пісання, так што ў гэтым месцы ствараюцца несмяротныя творы. Праз шмат гадоў у Вольфенбютэльскім замку жывуць новыя жыхары: французскія эмігранты. Герцаг Браўншвайгскі, Карл Вільгельм Фердынанд, даў прыстанішча свайму былому ваеннаму праціўніку, маркізу дэ Кастры і яго свіце, якія ўцякалі ад якабінцаў. Больш за тое: абодва мужчыны зрабіліся сябрамі. Яны — прыклад прымірэння і ўзаемаразумення паміж народамі. Неўзабаве ў Вольфенбютэле пачаўся разнапланавы культурны абмен паміж немцамі і французамі. Гарачым летнім днём 1796 года маркіз чуе з замкавай плошчы шум, ён глядзіць з акна: пакрытыя саломай калёсы з грукатам коцяцца па бруку, бяздомныя сабакі бягуць за возам. Чуюцца крыкі «тпру» і «ну». Коні пужаюцца, іх толькі насілу можна ўтаймаваць. Вулічнае хлапчанё ўскараскваецца на павозку і адкрывае тайну: вязуць помнік Лесінгу. Паміж цэйхгаўзам і ратондай калёсы спыняюцца, іх адразу ж абступаюць цікаўныя людзі, некаторыя з іх пляскаюць у ладкі. Вознікі прыстаўляюць да калёсаў дзве тоўстыя дошкі для скату. Некаторыя з цікаўных гледачоў плююць у далоні, таксама бяруцца за працу. Камень, зафіксаваны вяроўкамі, пад крыкі «раз, два, узялі» саслізгвае на зямлю. Тут будзе стаяць помнік. Маркіз дэ Кастры бярэ тэатральны бінокль, разглядвае гэтую сцэну больш уважліва: манумент аказваецца чатырохкутнай, вышынёй з дзверы, стэлай з бланкенбургскага мармуру, якая звужваецца ўверсе. Яе бакі ўпрыгожваюць белыя мармуровыя пліты, прышрубаваныя на ўзроўні вачэй. На пярэдняй знаходзіцца гарэльеф з профілем Лесінга, на задняй высечаныя алегарычныя маскі грэчаскіх музаў камедыі і трагедыі.
Тое, што менавіта ў час яго пераезду ў замак перад яго прыстанішчам ставяць помнік Лесінгу, напаўняе француза шчасцем. З гэтага часу яго штодзённы від з акна дае яму надзею на тое, што народы стануць сябрамі. У дзевятнаццатым стагоддзі ў замку таксама дзейнічае адкрыты да ўсяго свету дух: педагог-рэфарматар Ганна Форверк засноўвае ў замкавых памяшканнях вышэйшую дзявочую школу і жаночую настаўніцкую семінарыю; пазней яшчэ і рамесніцкую вучэльню, а таксама адукацыйную ўстанову для настаўніц фізкультуры. Такім чынам школьнае жыццё ў замку вельмі хутка становіцца апорай і вытокам раўнапраўнасці жанчын у краіне. Цёплым жнівеньскім ранкам 1887 года вучаніцы на перапынку шумна лётаюць па двары для гульняў, у калідорах гучыць смех моладзі. Ганна Форверк чуе з вуліцы трэск, грамавы грукат. Яна падыходзіць да акна, дзе ўжо стаялі і Лесінг, і маркіз дэ Кастры. Яна глядзіць на груду развалінаў: ратонды бібліятэкі — гэтага ўражальнага фахверкавага будынка — больш няма, яе знеслі. Дошкі апалубкі ляжаць у кучы з асколкамі і адыходамі ад зносу. Нічога не засталося ад купала з яго высокімі скляпеністымі вокнамі, з бібліятэчнай залай, са скляпеннямі, з галерэяй, з калонамі і прыбудовай да фасада з двухмаршавай лесвіцай. Гэты Вольфенбютэльскі пантэон разбураны. Два дзясяткі палявых павозак стаяць у чарзе, якая даходзіць да дома Гросэр Цымерхоф, па адной рухаюцца яны наперад да месца зносу. Там парабкі кідаюць усе абломкі на павозкі: дошкі, бэлькі, аконныя рамы, лесвічныя прыступкі і ўсё іншае, што было разбіта. Дужыя коні выцягваюць вялізныя бэлькі з кучы абломкаў. Гэта дубовыя ствалы вышынёю з вежу, якія два стагоддзі стабільна трымалі фахверкавы будынак. Ганне Форверк робіцца сумна, але яна хутка бярэ сябе ў рукі. Яна адчувае сябе так, як часта здараецца ў жыцці: там, дзе пануе развітанне, адразу ўзрастае надзея. Шырока раскідваецца свабодная прастора, даходзіць аж да новага будынка бібліятэкі і дазваляе ўбачыць лугі перад лесам Лехлумер Хольц. Цяпер можна ўбачыць і Окер, ён робіць лукавіну каля вуліцы Лейбніцштрасэ. Адважная жанчына спантанна вырашае: там, каля ракі, трэба пабудаваць для яе настаўніцаў дом састарэлых. Ужо неўзабаве яна дзень за днём бачыць з акна, як працуюць цесляры, каменшчыкі, маляры і як паступова будуецца дом састарэлых. Такім чынам з гэтага вынікае, нават напрошваецца наступнае: як у дваццатым, так і ў дваццаць першым стагоддзі ў Вольфенбютэле па-ранейшаму пануе і развіваецца адкрытасць да ўсяго свету! Хто ж больш прызначаны дзеля таго, каб захоўваць, прымнажаць і несці ў свет культурную спадчыну гэтага месца, калі не яго жыхары: людзі з Федэральнай акадэміі культуралагічнай адукацыі, тым больш што з вокнаў іх памяшканняў адкрываецца від на скульптуру Натана з твора Лесінга.
Пераклад з нямецкай
|
![]() |
![]()
|
![]()
|
![]() |