![]() ![]() |
![]()
|
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
||||
№
2(104)/2023
![]() З нагоды юбілею
Літаратуразнаўства
Уладзімір КАРОТКІ,
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ «ПЕСНЯ ПРА ЗУБРА» МІКАЛАЯ ГУСОЎСКАГА Ў КАНТЭКСЦЕ ХРЫСЦІЯНСКАЙ ТРАДЫЦЫІ ЭПОХІ РЭНЕСАНСУ Ad fontes
Нашы святыні
Постаці
З нагоды юбілею
Паэзія
Проза
Спадчына
Яніна ГРЫНЕВІЧ КАМПАНІЯ ПА ЗБОРУ БЕЛАРУСКАГА ФАЛЬКЛОРУ НА СТАРОНКАХ ГАЗЕТЫ «КРЫНІЦА» Пераклады
|
Музыка мае падабенства з дабрачыннасцю, бо ахвяруецца ўсім без выбару і выключэння; падобна да таго, як любоў да бліжняга ў сэрцы сапраўднага хрысціяніна абдымае ўсіх — багатых і бедных, шчаслівых і засмучаных, — музыка прамаўляе да кожнага сэрца і з кожнага сэрца таксама можа выплысці. Сумна бывае насамрэч, калі са смерцю дабрачынцы згасне ўдзячнасць за дабрадзействы, а з аціхлым інструментам змоўкне памяць пра артыста. Такі лёс бывае звычайна ў артыстаў, якія ў парыве натхнення шчаслівыя сённяшнім поспехам і не дбаюць аб пасмяротнай славе. Баюся, што менавіта такім выглядае і лёс Яна Рэннера1. Гэты знакаміты музыкант на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў шчодра і нават бесклапотна аддаваў свой талент Вільні, аднак не пакінуў пасля сябе амаль ніякіх твораў і вычарпаў свой геній пры жыцці, пераліўшы яго ў душы слухачоў. Яшчэ і сёння падчас балю адгукнецца нейкая мазурка Рэннера (нямала іх ён рассеяў па краі), але моладзь, якая танчыць пад бадзёрыя тоны, што заахвочваюць да весялосці, нават не запытае, хто напісаў тую мазурку, які кампазітар?.. Магчыма, я памыляюся, але Рэннер жыве і дагэтуль у памяці тых, хто яго ведаў, — у іхніх душах гучыць несціханае рэха мелодый, якімі яны неаднойчы напаўняліся. У маёй душы гэтыя мелодыі будуць паўтарацца заўсёды, і я лічу сваім абавязкам, сваім доўгам прысвяціць некалькі словаў успаміну пра артыста, памяць пра якога зліваецца з уражаннямі першых гадоў майго дзяцінства. Ян Рэннер быў чужаземцам, як лёгка можна зразумець з яго прозвішча. У маладыя гады ён, паслухаўшыся адну нашу зямлячку, пакінуў Вену, дзе ў яго застаўся бацька арганіст, палюбіў Літву і літвінаў, лёгка вывучыў польскую мову і асеў у Вільні; тут жа ён потым ажаніўся і памёр. Рэннер быў невысокага росту, адным вокам ён зусім нічога не бачыў, і тое вока было заўсёды прыжмуранае, што надавала ягонаму твару насмешлівы, аднак не саркастычны выраз. Заўсёды вясёлы і жывы, ён бегаў ды смяяўся, што было ягонай манерай хадзіць і гаварыць; мабыць, сумным яго ніхто і не бачыў, а спакойным — хіба ў труне… Пры гэтым ён быў чалавечным, таварыскім, непатрабавальным; яго бескарыслівасць не мела межаў, наадварот, ён быў занадта шчодрым, раскідваўся направа і налева, як збольшага амаль усе артысты. Калі на працягу года пад націскам сяброў і знаёмых ён згаджаўся, нарэшце, даць адзін публічны канцэрт, прыбытак ад яго вылятаў на наступны дзень, а часта і ў той самы вечар у гучнай сяброўскай бяседзе разам з коркам шампанскага. Не здольны быў адмовіць ні сабе, ні тым больш іншым, грошы таялі і выслізгвалі ў яго з рук. Можа таму, што Рэннер уцякаў ад грошай, грошы самі даганялі Рэннера; і хоць у сваім адзенні ён быў сціплы і нават даволі занядбаны, галечы ён, аднак, не зведаў. Ігра Рэннера была як бы адбіткам і паўторам яго асобы — жывая, вясёлая, арыгінальная, размаітая, крыху нават нядбайная; пальцы ягоных рук, якім, здавалася, бракуе аднаго сустава (такія былі кароткія), лёталі па клавішах, як ён па вуліцах, — са здзіўляючай хуткасцю і жывасцю. Граў ён звычайна натхнёна — гармонія плыла, ляцела, шумацела струменем бурлівай вады вясною; аднак у гэтыя, здавалася б, на першы погляд, бязладныя гукі і шумаценні ўпляталася часта чуллівая мелодыя. Адораны такім талентам, Рэннер стаў душою свецкага таварыства — разрывалі яго паміж сабою віленскія салоны. Не трэба было прасіць, каб ён згадзіўся пайграць, ледзь толькі ён у дзверы — ужо за фартэпіяна, ужо акордамі вітае прысутных. Музыка была яго другой натурай, яна была яго дыханнем і мовай; гэта не была патрэба чуйнай і тужлівай душы, якая не можа іначай сябе выявіць; гэта было хутчэй жаданне выгаварыцца, прадставіцца перад публікай. Геній Рэннера быў шматгалосым і шматвыяўным. Ігра яго станавілася спектаклем, відовішчам. Вельмі часта, каб ажывіць сваіх слухачоў у вялікапосныя вечары, ён сам-адзін быў здатны нейкім чарадзейскім чынам стварыць ілюзію цэлай оперы. Спачатку ён выконваў гучную уверцюру, затым чуўся званочак суфлёра, голас басіста, а за ім амаль адразу тонкае сапрана прымадонны і, нарэшце, тэнар, — такая жывая перамена тонаў і манеры выканання выклікала ў прысутных уражанне, што яны чуюць тры разам злітыя галасы, а ў кожным з іх паасобку пазнавалі актора альбо артыста, якога ён прадстаўляў! Сярод спеву чулася нават выццё сабакі (што неаднойчы здаралася ў Віленскім тэатры), а фіналам такога прадстаўлення звычайна былі вясёлы смех і апладысменты задаволенай публікі. На што толькі Рэннер ні быў здатны!.. Мог заспяваць, як быццам чулая пара катоў размаўляе паміж сабою. Мог заспяваць сам-адзін харальна габрэйскі мэйофіс2, што выклікала вялікае здзіўленне і нават абурэнне габрэяў, калі яны раптам яго чулі. Фартэпіяна, голас і рухі — вось тыя тры памочнікі Рэннера, з дапамогай якіх ён мог перадаць усё. Напрыклад: размову двух удзельнікаў Свята-Юраўскіх (S-to Jerskich) кантрактаў3, адзін з якіх патрабуе грошы, а другі яму адмаўляе, — пасажамі і акордамі ён мог стварыць дасканалую ілюзію такой размовы, і, пэўна ж, не адзін слухач пазнаваў сябе або ў пакорным, які намагаецца вярнуць уласнасць, або ва ўпартым, які яму пярэчыць. Пахвалы і апладысменты запальвалі артыста новым агнём; ён хапаўся за скрыпку і, не пакідаючы фартэпіяна, бо локаць служыў яму трэцяй рукой, падыгрываў сам сабе на скрыпцы. У вачах тых, хто быў мала знаёмы з музыкантам, гэта, магчыма, выглядала толькі як фарс, жарт, буфанада. Праўда, і сам Рэннер не надаваў свайму мастацтву асаблівага значэння, рабіў усё тое нібы з пэўнай нядбайнасцю, паміж размовамі, без папярэдніх адгаворак і прывычнага цырыманіялу ў адказ на просьбы і настойлівасць прысутных. Гледзячы на такую лёгкасць, кожны думаў, што і ён так можа зрабіць, а таму Рэннер быў яшчэ мілейшым для таварыства, бо звычайна мы, людзі, болей любім забаўляцца, чым захапляцца. Сярод мноства вясёлых імправізацый была адна, якая найяскравей выяўляла імправізатарскі талент Рэннера. Часта ў канцы вечара, калі яму яшчэ не досыць было шматлікіх фокусаў, ён прасіў каго-небудзь з прысутных пастаянна перашкаджаць яму ў часе грання бязладным націсканнем клавішаў. Некалькі рук адначасова ўзносілася над галавою артыста, стукаючы знянацку па першай, што трапляла пад руку, клавішы; ледзь крануты, недарэчны тон станавіўся тонам Рэннера, а тыя, хто меліся яму перашкаджаць, здавалася, наадварот, дапамагаюць. Рэннер схопліваў кінутую яму ноту, і яна станавілася новай думкай у яго паэме; тыя фальшывыя і бязладныя тоны падалі, як каменьчыкі ў шумлівую ваду, ствараючы імгненныя ўсплёскі фантастычнай гармоніі, і раствараліся ў чуллівай, чыстай мелодыі. Калі Рэннер сядаў за фартэпіяна, моладзь кідала гульню ў кошкі-мышкі, старэйшыя адрываліся ад столікаў з вістам, дамы спынялі размовы — усе гарнуліся да яго, каб пачуць тую непаўторную ігру музыканта. Весялосць, якую ён абуджаў, была яму найлепшай узнагародай; аднак шкляначка пуншу, нібы незнарок пастаўленая на пульпіце, яшчэ ўдвая павялічвала імправізатарскае натхненне — гэта быў Метраном Рэннера. Часцей, аднак, сам відавочны энтузіязм моладзі, якая пачынала таньчыць пад гукі яго музыкі, быў дастатковым стымулам для Рэннера, і неаднойчы падчас карнавалу ці на прыватных вечарынках пачцівы, нястомны Рэннер цэлымі вечарамі граў нам для танцаў свае іскрыстыя мазуркі, якія натхнёна ў той самы момант ствараў. Гэта быў наш Нікаля Ізуар4, які таксама меў бліскучы талент, але пры гэтым не адмаўляўся падыграць сваім знаёмым для танцаў. «Le genie est toujours bon enfant»5. Калі для танцуючых тая жывая музыка была такой прыемнай, што ж казаць пра паважную частку таварыства, якую не цікавілі ні танцы, ні гульня ў віст, і для якой паўтарэнне на балях адных і тых самых мазурак ператваралася ў аднастайную прыкрасць? Рэннер быў у музыцы, як Арлоўскі ў мастацтве. Творы абодвух засталіся ў эскізах — іх геній не ведаў ярма; там, дзе патрэбныя былі праца і цярплівасць, яны знаходзілі толькі тугу ды нуду; чым горш гэта было для будучыні, тым лепей было для нас. Калі б і Арлоўскі, і Рэннер дбалі пра сваю славу, наступныя пакаленні мелі б прыгожыя карціны для сваіх музеяў і, магчыма, не адну оперу, але ў штамбухах сучаснікаў не было б столькі геніяльных эскізаў, а віленскія вечары страцілі б сваю мілую чароўнасць. Арлоўскі і Рэннер раздалі свой скарб пры жыцці, расцярушылі паміж знаёмых, — дык няхай жа ўзаемна тыя знаёмыя захаваюць прынамсі памяць пра іх і сваю ўдзячнасць. Хоць Рэннер і не працаваў над удасканаленнем свайго таленту, аднак гультаём ён не быў: ахвотна даваў урокі ў горадзе, як у пансіёнах, так і ў прыватных дамах. З васьмі раніцы да шостай вечара кожная гадзіна ў яго была распісаная. Сустракаючы яго на вуліцы, калі ён бяжыць з аднаго ўрока на другі, можна было падумаць, што гэта коціцца мячык; нягледзячы на сваю паспешлівасць і раскудлачанасць, ён быў узорам акуратнасці і сумленна выконваў свой абавязак. Талент, пра які не дбаў для сябе, умеў прышчапляць маладым душам, — і дагэтуль яшчэ па адным толькі энергічным passage6 можна пазнаць вучаніцу Рэннера. Ён быў асаблівым узорам цярплівасці ў навучанні; нават найменш адораныя вучаніцы мелі ў яго асобе лагоднага і спагадлівага настаўніка. Цяжка зразумець, як яго буйны тэмперамент, яго музычная віртуознасць і веды, а таксама звыштонкі слых маглі вытрымліваць фальшывае і няроўнае гранне вучняў-пачаткоўцаў?.. Дык вось, каб перадыхнуць і атрымаць асалоду ад сваёй цяжкай працы, Рэннер дазваляў сабе перадражніваць ігру сваіх вучняў; пры гэтым набор разнастайных тэхнік перабірання пальцамі і няроўнай ігры ствараў не менш вясёлую і займальную частку яго музычных жартаў, слухачамі і гледачамі якіх былі, як можна здагадацца, толькі вучні і вучаніцы, якіх ён перадражніваў. Быў ён здольны і да яшчэ больш адмысловых штукарстваў; неаднойчы ў нядзелю, праходзячы ў часе набажэнства каля касцёла дамініканаў і заўважаючы карэты сваіх знаёмых дамаў, ён спяшаўся на хоры, дзе ў яго быў знаёмы арганіст; і там, узгадваючы сваю першую прафесію, з майстэрствам браў гукі аргана. Яго музыка, заахвочваючы святара да яшчэ большай узнёсласці набажэнства, зусім іншае ўражанне рабіла на дамаў, што сядзелі ў першых лаўках, бо яны ў сур’ёзных мелодыях аргана пазнавалі знаёмыя фрагменты з операў, свае ўлюбёныя песенькі і нават пасур’ёзнелую мазурку! А ў выкананне гімна неаднойчы ўпляталіся праклён кулі Каспара7 і нават масонскі марш. Неяк у нядзелю дамы, што маліліся ў дамініканскім касцёле, пазналі энергічную руку Рэннера ў кранальнай і ўзнёслай арганнай гармоніі, якую на гэты раз ніякая свецкая нота не парушыла. Вечарам танцавалі ў графіні П*. Нястомны Рэннер за фартэпіяна імправізаваў, як звычайна, мазуркі і вальсы. Адна з дамаў падыходзіць да яго і пачынае з захапленнем хваліць яго ранішнюю ігру, у якой той, па яе словах, «нават пераўзышоў сам сябе». Рэннер са здзіўленнем прымае пахвалы, запэўніваючы, што «яго не было ў горадзе некалькі дзён, і што толькі амаль за гадзіну перад вечарам ён вярнуўся з вёскі, хтосьці іншы, відаць, замест яго быў за арганам…» Яго адказ выглядаў праўдзівым, нават у голасе чуліся ноткі злёгку абражанага гонару і самалюбства, бо хтосьці іншы яго пераўзышоў. Збянтэжаная пані Г* адыходзіць ад фартэпіяна і ў коле танцуючых распавядае сваёй дачцэ пра гэты прыкры промах. Рэннер здалёк рэагуе на тыя размовы, здагадваючыся, што ён ёсць іх прадметам, і, не змяняючы рытму мазуркі, уключае ў яе гукі і тэму, якія чуліся ў гэтую ж раніцу ў дамініканскім касцёле… Пані Г* разумее жарт і грозіць Рэннеру здаля за гэтыя фокусы, а мазурка, яшчэ гучнейшая, чым да таго, вяртаецца ў сваё рэчышча, водарыць новым жыццём, бо гэта трыумф артыста. Рэннер быў вялікім прыхільнікам падобных жартаў; яны сведчылі аб яго глыбокім веданні музыкі. Слаўная і знакамітая піяністка Марыя Шыманоўская, калі была праездам у Вільні, праводзіла вечар у маіх бацькоў, куды з мэтаю знаёмства яе з мясцовым музычным светам былі запрошаныя найвыбітныя музыканты Вільні, знаўцы, аматары, меламаны, дылетанты і да т. п. Пані Ш*, вельмі ветлівая, не дала сябе доўга прасіць, і ўжо знаёмы і ўсімі любімы Murmure8 паплыў у душы прысутных. Рэннер спазніўся, ён прыйшоў, калі пані Ш* ужо ўставала з-за фартэпіяна; прасілі і яго ў сваю чаргу зайграць, але ён адбіваўся, спасылаючыся на расстроенае фартэпіяна, якое сам жа з раніцы і настройваў. Пані Ш* запэўнівала ў адваротным. Рэннер, нарэшце ўпрошаны, саступае, усаджваецца за інструмент і энергічным, беглым пасажам з канца ў канец фальшывіць з такім майстэрствам, так праўдзіва, так дасканала і неаспрэчна, што большая частка прысутных паверыла, а пані Ш* прамовіла з захапленнем: «Ужо мне і гэтага досыць — ужо ведаю яго! Ужо цаню!!!» Пасля ўсяго сказанага, што яшчэ варта прыгадаць у доказ бліскучых музычных здольнасцяў Рэннера? Усё тое, што мы аб ім ужо ўспомнілі, аж занадта павінна ў гэтым пераконваць. Здзіўляла тая лёгкасць, з якой ён чытаў новыя ноты. Яшчэ больш здзіўляла, калі якую-небудзь даму прасілі заспяваць у чужым доме, а яна не мела з сабою нотаў; у такой сітуацыі паслужлівы Рэннер заўсёды быў гатовы суправаджаць на фартэпіяна незнаёмую яму арыю: як сапраўднаму генію яму было дастаткова пададзенага гуку і такту, каб ён інстынктыўна падабраў акорды. Вечар без Рэннера быў недасканалым — не дапускалася нават думка, што Вільня можа абысціся без Рэннера, што можа яго назаўсёды страціць… Аднак той момант настаў: засталіся мы без Рэннера… Але Вільня і без гэтага зазнала шмат пераменаў! «Шкада Рэннера!» — дагэтуль кажуць яго знаёмыя. — «Хто ж нам яго заменіць?» — Гэтае шкадаванне справядлівае. У Вільні могуць быць знакамітыя артысты, але другога Рэннера ўжо не будзе! Не было маёй мэтай напісаць біяграфію Рэннера або некралог, для гэтага трэба мець больш звестак пра ўсё яго жыццё, а мне такіх звестак бракуе, і я не хачу засяроджвацца на падрабязнасцях, не звязаных з ім як з музыкантам. Тое, што я напісала, — толькі лёгкі эскіз, толькі штрыхі да яго вобразу, якім ён запомніўся ў салонах, — іншым я яго не ведаю… А гэты слабы адгалосак некалькіх хвілінаў жыцця артыста ёсць толькі адной нотай у агульным хоры жалю, які выклікала смерць Рэннера ў сэрцах яго прыхільнікаў; а ў вянку на яго магіле — адной незабудкай! Напісана ў 1840 годзе. Пераклала з польскай мовы Ірыны Багдановіч.
|
![]() |
![]()
|
![]()
|
![]() |