![]() ![]() |
![]()
|
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
||||||||||
№
2(104)/2023
![]() З нагоды юбілею
Літаратуразнаўства
Уладзімір КАРОТКІ,
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ «ПЕСНЯ ПРА ЗУБРА» МІКАЛАЯ ГУСОЎСКАГА Ў КАНТЭКСЦЕ ХРЫСЦІЯНСКАЙ ТРАДЫЦЫІ ЭПОХІ РЭНЕСАНСУ Ad fontes
Нашы святыні
Постаці
З нагоды юбілею
Паэзія
Проза
Спадчына
Яніна ГРЫНЕВІЧ КАМПАНІЯ ПА ЗБОРУ БЕЛАРУСКАГА ФАЛЬКЛОРУ НА СТАРОНКАХ ГАЗЕТЫ «КРЫНІЦА» Пераклады
|
Усе пісьменнікі нараджаюцца ў правінцыі, а славу і гонар здабываюць у сталіцы, але заўсёды памятаюць малую радзіму, той куточак, дзе ўпершыню ўбачылі свет, і адкуль пачалі свой жыццёвы шлях. І толькі з гадамі разумеюць, што радзіма — гэта месца, адкуль імкнешся вырвацца ў юнацтве і куды вяртаешся ў сталасці. Калі не фізічна, матэрыяльна, то хаця б у думках, фантазійна, бо і ты ўжо не той, якім быў, ды і былой радзімы ў дзяцінна-рамантычным успрыманні, на вялікі жаль, няма. А рака быцця, у якую ты паўторна не змог увайсці разам з незабыўным Гераклітам, ператвараецца ў мора-акіян часу, у якім усё знікае. І можна толькі кінуць у хвалі вянок удзячнасці сваёй Атлантыдзе… Франц Сіўко свой жыццёвы шлях пачынаў традыцыйна: вясковая школа, філалагічны факультэт сталічнага ўніверсітэта, спроба стаць настаўнікам гарадской гімназіі, праца выкладчыка ў тэхнічных вну і выдавецтвах, кіраўніцтва абласной філіяй пісьменнікаў, якія толькі здалёк падобныя да сваіх ідэальных літаратурных герояў, а на самай справе яшчэ тыя істоты. Гэта толькі канва будучай макаткі, карціны, вышытай доляю, бо ніхто не бачыць, якія складаныя працэсы адбываюцца ў душы чалавека падчас звыклых пературбацый, тым болей хлопца эмацыйнага, здольнага «глыбока перажываць канфлікты сваіх герояў, хварэць за іх няўдачы, імкнуцца кожнаму дапамагчы, хоць жыццё ўсё робіць неяк па-свойму, без аглядкі на тое, што некаму баліць». І падобны шлях мусіць прайсці не загартаваная жыццём асоба, а чалавек з вельмі нізкім парогам болю, які не паддаецца лячэнню. Тым болей у літаратара. А хто ў рэшце рэшт сказаў, што пісьменнік мае права на гэта? Хто дэлегаваў яму падобную прывілею? Вось чаму вельмі часта ў сусветнай практыцы аўтар мастацкіх тэкстаў паўстае перад намі не як інжынер чалавечых душаў, а істота, якая з дапамогаю літаратуры вырашае свае праблемы, змагаецца са сваімі комплексамі, спрабуе сцвердзіць нешта з таго, чаго не даатрымаў у жыцці. Сапраўдны ж пісьменнік, як і ягоная творчасць, не панацэя ад хваробы, не лекар грамадства і канкрэтнага індывідууму, ён толькі паказвае праблемы і болевыя мясціны соцыуму. Прызначэнне літаратуры хутчэй задаваць пытанні, чым даваць на іх адказы, бо і сам аўтар не ведае адзінага правільнага шляху ў будучыню, а таму часцей за ўсё знаходзіцца на ростанях, намацваючы дарогу нашчадкам. А чытач, паводле класічнай звычкі, выпрацаванай вякамі, яшчэ верыць у сілу слова, верыць яшчэ моцна, бо спадзяецца знайсці адказ на кардынальныя праблемы экзістэнцыі. І штудуе кніжкі ці проста шле лісты майстру слова з адным наіўным пытаннем: «Как жить, Лев Николаевич?» (Імя і імя па бацьку творцы, да якога звяртаюцца, могуць быць самымі рознымі.) А вось пытанняў задаць можна ой як багата. Асабліва ў маладосці, калі пра смерць, якая так далёка-далёка, яшчэ не думаеш як пра галоўнага арбітра, бо толькі яна ведае ісціну, толькі яна дае адказ на ўсё: памрэш і даведаешся тайну спрадвечную або перастанеш пытацца-мучыцца.
Лічыцца, што спазнаць жыццё — задача кожнага пісьменніка, незалежна ад узроўню таленту, бо талент, паводле Гарацыя, гэта не дар багоў, а кара за грахі продкаў. І трэба адпакутаваць іх такім вось чынам, змагаючыся са словам. Менавіта таму літаратура — свайго роду хвароба, але гісторыя хваробы ў кожнага свая: тут не дзейнічаюць законы ўніверсалізму. Франца Сіўко вяло слова з самага юнацтва, ён сам пазначае прыкметы гэтай хваробы: «Як і многіх людзей неўратычнага складу, не-не ды захопіць навязлівая ідэя. Сніліся кнігі, а потым купляў такую». Яму нават прымроіўся Пруст, а назаўтра ўбачыў у аддзеле тэхнічнай літаратуры томік класіка. Рашэнне пісаць для ягонай душы было абсалютна заканамерным. Відаць, не знайшоў свайго суразмоўцу, не патрапіў на чалавека з блізкімі жыццёвымі арыенцірамі, якому мог бы выказаць галоўнае, таму і пачаў давяраць паперы. Франц Сіўко згадвае, як паліліся ягоныя слёзы на жалобным стале па бацьку, хоць да гэтага зусім не плакаў. Многае можна выказаць пры жыцці, але не атрымалася, бо не займеў, як яму цяпер здаецца, адносінаў адпаведных. Што зробіш, адзін чалавек прыходзіць у гэты свет, адзін у вялікай самоце і сыходзіць. І тады заўсёды апаноўвае роспач: дадзена было Богам, а не скарыстаў чалавек — што можа быць гарчэй? А каму расказаць? Ды і як? Бо і з тым словам, ды і мовай наогул, далёка не ўсё ў парадку, аб чым заявіў на ўсю краіну ў вядомай публікацыі. Першы зборнік прозы «З чым прыйдзеш…» (1991) маладзенькага аўтара быў цалкам традыцыйны, што і падкрэсліў аўтар прадмовы У. Дамашэвіч: «Манера яго пісьма ... традыцыйная, нібы ён працягвае няскончаную некім песню, але голас у яго свой, адметны, не падобны на іншыя. Тэматыка ў яго пераважна сялянская — гэта тое, што ён бачыў і перажыў дома, жывучы ў вёсцы». А потым пачаўся сапраўдны ўзлёт як вынік вялікай работы над сабою. Пісьменнік шукаў розуму паўсюдна: вучыўся ў чужых класікаў, хаця і там бачыў недахопы, у тым ліку і ў Агаты Крысці, творчасць якой паўплывала на яго эвалюцыю, калі, ці не па падказцы Караткевіча, вырашыў, што трэба для папулярызацыі мовы ствараць і творы дэтэктыўнага жанру. Але і тут выявіўся арыгіналам, бо надрукаваў цэлы зборнік дэтэктываў «Падарожжа ў краіну Ліваў» (1997). Па прыкладзе Бэрнарда Шоў з ягоным Пігмаліёнам зрабіў дэтэктывам былога бухгалтара, які здзяцінеў на старасці і вырашыў расследаваць злачынствы з дапамогай дыялекталогіі. Ягоны герой з усімі выразнымі чалавечымі слабасцямі і недахопамі надзвычай пераканаўчы, бо дасканала валодае метадам дэдукцыі і выключнай інтуіцыяй, якія выконваюць структураўтваральную і вобразнавыяўленчую функцыю. Праз таямнічыя знікненні, раптоўныя з’яўленні герояў, нечаканыя смерці і пачварныя забойствы ды займальныя прыгоды аўтар паказаў сябе таленавітым стваральнікам інтрыгі, здольным увасобіць цікавы сюжэт, што трымае чытача ў напружанні да самай развязкі. І заўсёды ён піша па-свойму, бо герой блізкі яму — гэта рэальная істота, якая жыве ў фантазіях, бо яму сумна тут...
Менавіта наступныя кнігі («Удог», «Ягня ахвярнае», «Асіметрыя») засведчылі, што нацыянальная проза новага тысячагоддзя значна ўзбагацілася ўнёскам віцебскага аўтара, які свядома культывуе жанры філасофскай літаратуры — прыпавесць, эсэ, аналітычная развага, у якіх узнімае надзвычай важныя праблемы нацыянальнай экзістэнцыі, і вырашае іх на родным матэрыяле малой радзімы. Рэальна-фантастычны працэс незваротнасці дадзенага працэсу Франц Сіўко раскрыў у аповесці-прыпавесці «Удог», якая нават знешне мае сувязь з класічнымі ўзорамі жанра (успомнім смакоўніцу, вінаград, пшаніцу ў прыпавесцях Хрыстовых, дрэва, якое падгрызаецца чорнай і белай мышамі ў прыпавесці пра адзінарога). Стварыўшы вобраз неіснуючай расліны, што так магутна ўздзейнічае на людзей, пісьменнік стварае складаную метафару чужынца (незразумелага, падазронага, магутнага, падступнага, хітрага ), прышчэпка якога на чужародную глебу спалучаецца з трагічнымі і крывавымі падзеямі. Нельга перасадзіць дрэва ў ягонай поўнай сіле — яно змарнее і счэзне. Іншая справа — маленькае семя, сіла якога непамерная, пра што і гаворыцца ў прыпавесці пра гарчычнае зерне. Па сутнасці, Ф. Сіўко захоўвае асноўныя прыёмы паэтыкі класічнай прыпавесці: ён не імкнецца да стварэння разгорнутага, псіхалагічна выверанага і пераканаўчага вобразу, які ў яго сістэме каардынат павінен найперш выступаць як характар, носьбіт пэўнай ідэі, сутыкненне якіх і мусіць надаць дынаміку твору. Аўтар пазбягае падрабязных апісанняў з’яваў прыроды, ландшафту, што зусім не перашкаджае стварэнню панарамнага бачання поступу гісторыі, які ў той ці іншай ступені ўплывае на змену падзей і нават прынцыпаў існавання мясцовага люду. Згодна з законамі класічнай прытчы, дамінуюць не самі носьбіты пэўных жаданняў і памкненняў, а іх духоўныя сутнасці — любоў, патрыятызм, нянавісць, пыха, пакора. Невыпадкова некаторыя паняцці ў творы пачынаюць уласнае жыццё — школа, помста, бурленне, падарожжа, апантанасць. Змяняюцца эпохі, змяняюцца часы, змяняюцца гаспадары жыцця (прыпавесць «Міжчассе» (1939–1952)), не змяняецца толькі сутнасць быцця. Не дзейнічае тут лацінскае выслоўе Tempora mutantur et nos mutamur in illis («Часы змяняюцца і мы змяняемся ў іх»), не змяняюцца людзі, бо нешта не дазваляе ім гэта зрабіць. Лапідарная абмалёўка героя і падзеяў зусім не шкодзіць увасабленню адзінай задумы, наадварот, значна ўзмацняе вобразна-выяўленчую палітру твора філасофскага зместу, бо аўтар нават кароткімі апісаннямі, трапнымі характарыстыкамі стварае ўласную рэальнасць. Падобнае спалучэнне элементаў класічнай прытчы з мазаічным адлюстраваннем рэчаіснасці і дапамагае фармаванню беларускай разнавіднасці класічнага і аўтарскага жанру — прыпавесці, якая мае выключныя магчымасці.
Творчыя пошукі Франца Сіўко метафарычна ўвасоблены ў ягонай прыпавесці «Дзень бубна», у якой падрабязна ўзноўлена вандроўка вугра, які ўбачыў свет і пасталеў у азярцы на Міёршчыне, а цяпер па нейкіх незразумелых законах быцця вымушаны плыць у загадкавае і чароўнае Саргасава мора, дзе павінен загінуць, але перад сконам даць жыццё новаму пакаленню рыбаў, што вернуцца на радзіму. Нібы маленькая незразумелая істота, што належыць да супрацьлеглых стыхій — вада і зямля — ён сталее ў звыклай атмасферы, потым трапляе ў вялікі сусвет мора, бачыць караблі замест лодак, спасцігае законы быцця. Эксперыментатарам пісьменнік застаецца ў сваіх аповесцях і апавяданнях («Мяціна дачка» і інш.), бо заўсёды сцвярджае, што няма адзінага для ўсіх успрымання рэчаіснасці, людзей і іх учынкаў: усе знаходзяцца (усведамляючы тое ці не) ў нязменным пошуку саміх сябе (часам у прамым значэнні слова), сваіх продкаў. А здавалася б, абыякавая да сваіх дзетак Прырода не заўсёды такая ўжо абыякавая на самай справе. Таму невядома, хто ўсё ж кіруе сусветам — доля ці проста яго вялікасць выпадак. Падобная падсветка пры ўсёй сваёй немудрагелістасці стварае дасканалую карціну быцця вёсачак і невялікіх мястэчак, дзе кожны заняты сваімі будзённымі надакучлівымі справамі, і мітусня патрэбна не столькі для фізічнага існавання, колькі для таго, каб уцячы ад штодзённай мітрэнгі. На жаль, у адносінах паміж людзьмі, лічыць Франц Сіўко, дамінуюць зусім не Боскія запаведзі, што падкрэслівае нават загаловак адметнага эсэ аўтара «Сволач паводле Брэма». Магчыма таму, аўтар, зразумеўшы немагчымасць у чарговы раз змяніць свет да лепшага, стварае віртуальна-рэальныя астраўкі быцця, у межах якіх ён можа застацца сам-насам са сваімі ідэаламі. Дзеля гэтага і створана кніга «Выспы» (2011), хаця пісьменнік зусім не такі наіўны, як можа падацца, бо і ў гэтых утопіях не знаходзіць супакою. У акіяне быцця людзі заўсёды імкнуліся знайсці выратавальную саломінку, якая часцей за ўсё станавілася метафарай Збавіцеля. Франц Сіўко як католік падкрэслівае, што вера, г.зн. стасункі чалавека з Богам, як і лад жыцця ці выбар асобаў для кантактавання паводле тых ці іншых маральных прыярытэтаў, цесна звязана з паняццем свабоды, унутранай і публічнай. Адштурхоўваючыся ад народнага выразу «верыць Богу», а не «верыць у Бога», ён прыходзіць да высновы, што трэба не проста «не грашыць Богу», а не «грашыць супраць Бога». Падобная ўстаноўка не дазваляе быць вераломным і, заблудзіўшыся ў трох соснах, звальваць віну на іншых, як тая выдра, што зжэрла ў рацэ ўсю рыбу, а цяпер усім гаворыць, што гэта зрабіў бабёр... З выспамі шчасця, радасці нас разлучае многае, і найперш — смерць: «Калі праўда, што жыццё — найвышэйшая вартасць, то найвялікшая антывартасць тады, канечне ж, — смерць». Выспа гэтая ўспрымаецца надзвычай значнаю, бо на яе фоне ўся каштоўнасць жыцця ўяўляецца недарэчным вычварэнствам прыроды без каліва мэтазгоднасці і сэнсу, падставай для рознага кшталту цынікаў і ўяўных філосафаў весці сваю дэмагагічную працу. Менавіта таму, сцвярджае пісьменнік, паколькі існуе паняцце культуры жыцця, павінна існаваць адпаведна і паняцце «культура смерці», і сувязь паміж імі намнога мацнейшая, чым можа падавацца на першы погляд. І калі нараджэнне — гэта таямніца, то якой жа вялікаю таямніцаю становіцца смерць, якая зачыняе дзверы так хутка, што ніхто нават і не можа ўявіць, што там адбываецца: выспа ж — на тое і выспа, каб існаваць асобна нават ва ўяўленні.
Аб выразным філасофскім светапоглядзе Франца Сіўко сведчыць і тое, што яму ўжо зацесна ў звыклых абмежаваных рамках канкрэтнага жанру, дзе, каб сцвердзіць пэўную думку ці ідэю, герой павінен нешта ўчыніць, а аўтар гэта скрупулёзна ўзнавіць. Ці не гэтым тлумачыцца і схільнасць пісьменніка да так званых свабодных формаў — эсэ, запісы, развагі. Вядома, што амаль кожны з творцаў пакідае свае ўражанні пра наведванне славутых мясцінаў. Эсэ Ф. Сіўко імпануюць у першую чаргу не выразнымі дэталямі, не майстэрскім апісаннем розных цудаў свету (хаця гэта ўсё ёсць): яны прывабліваюць выразна схаваным аўтарскім «я». І гэта не беларуская сціпласць ці клятая памяркоўнасць, а наадварот, разуменне сябе часцінкай сусветнай гісторыі, чалавецтва. Мы нарэшце пазбаўляемся карослівай звычкі лічыць усё чужое лепшым ці паганым, мы ўспрымаем сусветную цывілізацыю ў значнай ступені і як сваю ўласную... І таму «Горад-прывід з каменю і попелу» і вечны горад («Дзень у Рыме») становіцца тваім, як і святы Францішак з Асізі (сімвал духу). Фрагменты з дзённікавых запісаў «Наўздагон» дадаюць новыя штрыхі да творчага аблічча цікавага празаіка. Сказаць, што яны чытаюцца на адным дыханні, вельмі мала. Па-першае, такую форму любіць чытач, якому ў наш час аб’ёмныя раманы ўжо не адолець. Па-другое, згадаем, з якою цікавасцю чытаюцца згадкі Янкі Брыля, К. Камейшы, Л. Галубовіча. У Франца Сіўко ёсць свая ніша ля згаданых класікаў беларускай карацелькі. Аўтарскія запісы вылучаюцца сваёй выключнай далікатнасцю (Франц баіцца нават у думках пакрыўдзіць чалавека, ён, на наш погляд, і мурашу дарогу саступіць), глыбінёй назіральнасці. Смерць блізкіх, найперш бацькоў, пісьменнік успрымае як жорсткі ўрок, які загартоўвае, робіць больш трывалым у цярпенні стратаў, што непазбежна чакаюць у будучыні. Яна прымушае па-іншаму глянуць на сябе і разам з тым скарэктаваць жыццёвыя прыярытэты, бо канцэнтрацыя болю падчас трагедыі настолькі вялікая, што ўсе наступныя ўдары лёсу ўспрымаюцца бяскрыўдным дзіцячым туманам. Ці не таму Франц Сіўко канчаткова развітваецца з выспай, роднай хатай, што згарэла без нагляду, і выспай «малая радзіма», прычым зусім не так, як прынята ў беларускай традыцыі: «Сёння, калі Міжрэчча перастала быць маім домам у літаральным сэнсе гэтага слова, настальгія па яго бурштынава-сунічных пагорках усё радзей і радзей наведвае мяне. Я пытаюся ў сябе, ці згадзіўся б зноў пачаць усё там, у блаславёных Богам ды адпрэчаных людзьмі садах, і не без каліва ўнутранай збянтэжанасці лаўлю сябе на рашучым „не“. У сталым узросце і ў самых чароўных ды прыгожых мясцінах хораша блукаць, маючы пэўнасць, што яны дадуць табе штосьці не толькі для душы, але і для цела. Што гэта — адступніцтва. Здрада? Магчыма, і тое, і другое, ды штосьці мне за іх ані не сорамна». Аднак нешта не дазваляе да канца паверыць пісьменніку, бо ён яшчэ да гэтага часу чуе і бачыць выкінутага з кубла ў Міжрэччы пакалечанага бусла, які штогод адбіваў на пачатку вясны ў асірацелым, змізарнелым гняздзе сумныя памінальныя акорды (эсэ «Істоты нябесныя»). Можа, ён проста адмаўляецца ад звыклай экзальтацыі беларускай літаратуры пры згадцы родных мясцінаў, спрабуе пазбавіцца празмернай сентыментальнасці, якая цяпер не ў пашане ў інтэлігентнага чытача. Пра гэта сведчыць і апошняя па часе кніга Франца Сіўко «Што раньш было» (Віцебск, 2022), у якую ўвайшлі артыкулы краязнаўчага зместу, агучаныя аўтарам падчас міжнародных навукова-практычных канферэнцый «Віцебскі край» у 2020–2022 гг. Амаль усе яны тэматычна звязаныя з малой радзімай пісьменніка і прысвечаныя сацыяльна-этнаграфічнаму ракурсу яе існавання ад часоў пракаветных да сённяшняга дня. Багата ілюстраваныя фотаздымкамі тэксты разлічаны на ўсіх, каму неабыякавы лёс нашай культурна-гістарычнай спадчыны. І вяртаюцца ветры на кругі свая, а бусел — на азярцо ў Міжрэччы...
Супрацоўнікі рэдакцыі часопісаў «Наша вера», «Ave Maria» і выдавецтва «Про Хрысто» сардэчна віншуюць свайго шаноўнага аўтара, калегу і сябра Франца Сіўко з юбілеем і зычаць усіх неабходных дароў Духа Святога, моцнага здароўя, трываласці й натхнёнасці ды шчодрага плёну на шырокіх творчых загонах.
|
![]() |
![]()
|
![]()
|
![]() |