![]() ![]() |
![]()
|
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
|
№
2(104)/2023
![]() З нагоды юбілею
Літаратуразнаўства
Уладзімір КАРОТКІ,
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ «ПЕСНЯ ПРА ЗУБРА» МІКАЛАЯ ГУСОЎСКАГА Ў КАНТЭКСЦЕ ХРЫСЦІЯНСКАЙ ТРАДЫЦЫІ ЭПОХІ РЭНЕСАНСУ Ad fontes
Нашы святыні
Постаці
З нагоды юбілею
Паэзія
Проза
Спадчына
Яніна ГРЫНЕВІЧ КАМПАНІЯ ПА ЗБОРУ БЕЛАРУСКАГА ФАЛЬКЛОРУ НА СТАРОНКАХ ГАЗЕТЫ «КРЫНІЦА» Пераклады
|
«Крыніца» (з 1925 да 1937 года — «Беларуская Крыніца») — перыядычнае друкаванае выданне Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ў Заходняй Беларусі. Гэта найбуйнейшая і найбольш уплывовая газета з тых, што выдаваліся ў міжваенны перыяд, мела да канца 1930-х гг. самы вялікі аддзел карэспандэнцый з месцаў1. Галоўнымі рэдактарамі газеты ў свой час былі А. Васілеўскі, В. Грыневіч, У. Знамяроўскі, Б. Туронак, Т. Вайцяховіч, П. Каруза, затым Янка Пазьняк і Адам Дасюкевіч2. Газета «Крыніца» выдавалася лацінкай і кірыліцай, налічвала ад 4-х да 8-мі друкаваных старонак, ад пачатку мела падзагаловак «Тыднёвая сялянская газета», які пазней быў зменены на іншы — «Палітычная, грамадская і літэратурная газета». Як відаць з падзагалоўкаў, у фокусе ўвагі былі найперш пытанні грамадска-палітычнага жыцця, але тут удзялялася ўвага таксама праблемам культуры і гаспадаркі, друкаваліся навіны з далёкага і блізкага замежжа; асобны раздзел «Наша пошта» быў прысвечаны перапісцы рэдакцыі з карэспандэнтамі. Сярод тэмаў, да якіх звярталіся аўтары на старонках газеты, выразна гучыць тэма беларускага песеннага фальклору ў развіцці нацыянальнай культуры. Падкрэслім, што збіранне і вывучэнне народнай творчасці ў міжваенны перыяд — тэма, якая застаецца недастаткова распрацаванай на сённяшні дзень3. У цэлым у міжваенны перыяд дамінуе рамантычны погляд на народную песню як на выразнік душы народа, «скарб народнай душы»4, «думку народа і яго гадавацельку»5. Вось як характарызуе народную песню на старонках газеты аўтар пад псеўданімам Bielaruski Trubadur: «Песьня — то сіла духа, якая сягае да вышыні надзямельнай. Песьня амаль неразлучны кумпан у жыцці кожнага чалавека ў працягу ўсяго яго жыцця — ад калыскі аж да магілы. Спеў народна-людовы то-ж люстра душы народу, у каторым відзіцца пачуццё яго, пажаданьні, радасьці і смутак. Сьпеў народна-людовы то-ж магутная сіла народнага духа!»6. Галоўны яе захавальнік — сялянства: «Дзеля таго, што песня ёсьць сілай духа, дык яна знайшла сабе мейсца і апроч сьвятыні; і там мілагучна разнароднай мелодыяй красуецца»7. Робіцца акцэнт і на старажытнасці народнай песні, якая, «незважаючы на векавую дэнацыяналізацыю, асталася, не затраціўшы свайго народнага характару»8. Канстатуючы прыналежнасць да сялянскага асяродку, старажытнасць, хараство і мілагучнасць народнай песні, яна разглядаецца як аснова для стварэння агульнай «аб’яднаўчай» нацыянальнай культуры. Фармулююцца адпаведныя практычныя задачы па працы з ёю. Першая з іх звязана з неабходнасцю збірання песень з мэтай далейшай апрацоўкі і пашырэння: «Кожны здабытак культурны моўчкі не хаваецца ў музей, а разглядаецца, удасканальваецца і пашыраецца»9. Другая звязана з патрэбай у беларускай рэлігійнай песні, якая была б створана паводле добра вядомых і зразумелых народных узораў. Найперш гэтым пытанням прысвечаны публікацыі пра беларускі фальклор у газеце «Крыніца». Рэдакцыя газеты «Беларуская крыніца» ў другой палове 1920-х — пачатку 1930-х гг. правяла падрыхтоўчую працу і зладзіла кампанію па зборы беларускай песеннай творчасці. У 1925 годзе ў газеце друкуецца артыкул «Ці патрэбны спеў?» за подпісам Biełaruski Trubadur. У ім аўтар разважае пра ролю і значэнне народнай песні, ён піша: «Людовы спеў ёсць безумоўна здабытак культурны, пераказаны нам як жывы тэстамант праз нашых продкаў, і з пэўнасцю можна сказаць, што ён адыграў немалую роль у жыцці нашага народу, не дапускаючы яго памерці»10. Ён падкрэслівае, што беларускі народ, як і іншыя народы, мае свае беларускія песні, якія даўно ўжо сабралі і запісалі этнографы. Аднак калі «незалежныя народы ў сваіх святынях праз сваю родную песню заносяць агульную малітву да Бога»11, то беларусы такой магчымасці і права пазбаўленыя з-за неспрыяльных варункаў свайго жыцця. Такім чынам, аўтар артыкула ставіць важнае пытанне пра адсутнасць рэлігійных спеваў на беларускай мове, а пасля заўважае, што беларускай песні ў цэлым удзяляецца няшмат увагі. Напрыканцы артыкула аўтар заклікае да ўдасканалення і пашырэння роднага спеву, для чаго прапануе стварыць адпаведную арганізацыю — Таварыства беларускай песні. Асноўная мэта кампаніі па збіранні народных песень была сфармулявана пазней, у 1926 г., у артыкуле «Аб родным спеве», падпісаным псеўданімам Arhаnisty-Biełarus: «Кожны народ любіць свой родны сьпеў, таксама і мы беларусы павінны любіць усё тое, што ёсьць нашае роднае, і павінны любіць і цаніць нашу родную песьню і разьвіць яе так, каб сваімі песьнямі дараўняцца да другіх народаў славянскіх, і каб наша песьня не была ў такім палажэньні, як цяпер, і наш сьпеў быў чутны ня толькі на вуліцы, але ўсюды — у школе і ў касьцеле»12. Такім чынам, гаворка ідзе пра папулярызацыю, пашырэнне народнага спеву сярод розных групаў насельніцтва праз Касцёл і сістэму школьнай адукацыі. Далей у газеце публікуецца важны артыкул — «Як збіраць і запісываць народныя песьні»13. Яго аўтар, Bielaruski Trubadur, найперш акцэнтуе ўвагу на тым, што беларуская народная песня захавалася і бытуе пераважна на вёсцы, дзе мала людзей з музычнай адукацыяй. Аднак усе могуць прыняць удзел у такой важнай справе, як збіранне, дакументацыя народных песень, паколькі гэта нескладаная праца, з якою можа справіцца любы пісьменны чалавек. «Гэны наш скарб культуры мастацкай безадкладна трэба сабраць і запісаць, бо ён ёсьць адзінай асновай нашай народнай музыкі»14, — падкрэслівае аўтар. Далей змяшчаюцца кароткія інструкцыі для запісу. Тым, хто не можа зафіксаваць мелодыю, трэба запісаць тэкст песні, мясцовасць, дзе чуў яе найчасцей, акрэсліць, да якой пары года яна належыць або да якога ігрышча, пры якой рабоце пяецца і г.д. Далей, калі збіральнік умее спяваць, неабходна вывучыцца добра спяваць альбо насвістваць гэту мелодыю і прадыктаваць яе чалавеку, які можа запісаць. Гэтак запісаныя песні трэба прысылаць у Вільню ў Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры15. Асобна на старонках газеты «Беларуская Крыніца» гучыць тэма адсутнасці рэлігійных песень і спеўнікаў на беларускай мове. Артыкул-заклік «Для Беларускага Народу патрэбны сьпеў па-беларуску з свойскімі для Яго мелодыямі!»16 пачынаецца сцвярджэннем таго, чым ёсць народная песня: «Народная песьня — гэта ёсьць часьць душы народу. А калі-б прыгледзіцца, ці прасьцей сказаць прыслухацца да мелодыі беларускай — людовай песьні, то адкрыта можна сказаць, што мелодыя беларускай людовай песьні вельмі шырокая, багатая…»17. Аўтар паказвае, што народ паступова «перакруціў» чужую (расейскую і польскую рэлігійную) мелодыю на свой беларускі лад, «дадаючы гэтым мелодыям свае заканчэнні, звароткі і т. д., у каторых чуецца характар беларускай мелодыі згодна з беларускай акцэнтуацыяй»18. Ён даводзіць, што крыніцай для рэлігійных песень могуць быць толькі зразумелыя і добра вядомыя песні народныя: «у родных мелодыях, узяўшы іх у формы музычныя, трэба даваць сьпеў для шырокіх народных масаў»19. У завяршэнне аўтар заклікае да пашырэння роднай песні «з свойскімі» беларускаму народу мелодыямі. У працяг тэмы ў артыкуле «Патрэба рэлігійнай песьні па-беларуску»20 аўтар зноў звяртае ўвагу на манеру і якасць выканання беларусамі польскіх рэлігійных песень у касцёле. Ён канстатуе, што беларускія сяляне дрэнна валодаюць польскай мовай, выконваюць польскія песні «з беларускай акцэнтуацыяй», і таму рэлігійныя спевы ператвараюцца ў «пародыю і сатыру з польскай мовы»21. Пасля даволі разгорнутых тлумачэнняў, як і чаму гэта адбываецца, аўтар заключае, што «для Беларускага Народу трэба песьні па-беларуску, ды інакш і быць ня можа!»22. У адказ на гэта рэдакцыя зладзіла збор песенных твораў з мэтай выдання беларускага спеўніка, які «ўвядзе нашу мову ня толькі ў Касьцёл, але і ў жывую народную гушчу, і гэтым прыблізіць наш народ да поўнага адраджэньня агулам і ў касьцельным жыцьці»23. Важнае месца ў справе збірання, пашырэння і ўдасканалення беларускай песні адводзілася касцёльным арганістам, паколькі запіс мелодый патрабаваў хаця б мінімальнай музычнай адукацыі. Менавіта таму немалая частка зваротаў была скіравана да іх24, бо менавіта яны маглі б стаць «найпершымі зьбіральнікамі і рассаднікамі песьні беларускай і ўсяго таго, што ёсьць беларускае»25. Адметна і тое, што ім, людзям з музычным талентам і здольнасцямі, прапаноўвалася таксама ўкладаць свае ўласныя творы, каб можна было распачаць выданне беларускай музычнай літаратуры. Адначасова з гэтым на старонках газеты становішча касцёльных арганістаў характарызавалася як незайздроснае, апісваўся карыкатурны стан і вобраз арганіста, створаны ў польскай літаратуры, асабліва ў творах Г. Сянкевіча. У публікацыі «Аб нашых арганістых»26 абазначалася яшчэ адна істотная па сваёй сутнасці праблема стану касцёльнай музыкі, падрыхтоўкі арганістаў і адсутнасці спецыяльнай школы ў межах Польшчы для іх навучання. У дадатак да гэтага падкрэслівалася музычная бязграматнасць грамадзянства, застой у жыцці рэлігійных інтэлігентаў і эгаізм духавенства. Аўтар публікацыі, St. Al., сцвярджаў, што «грамадзянства не адчула патрэбу добрага сьпеву і музыкі ў касьцёле»27. Касцёльная музыка бачыцца аўтарам артыкула натуральным вытокам, пачаткам музыкі сучаснай, таму асноўная задача касцёльнага арганіста — вярнуцца да народу і там працаваць на яго карысць: «Трэба, каб беларускі арганісты вучыў сьпевакоў сваіх беларускай песьні і выступаў з імі на вечарынах-канцэртах. Трэба, каб арганісты збіраў свае песьні, перакладаў іх на ноты і перасылаў-бы іх хоць-бы ў рэдакцыю «Бел. Крыніцы»28. Арганіст павінен быць далучаны да грамадскага жыцця праз падпіску/чытанне газеты, а ў адказ на гэта: «Рэдакцыя ж „Крыніцы“ ахвотна дасьць голас сваім прыяцелям і супрацоўнікам-арганістым. Больш таго: рэд. „Крыніцы“ гатова навет адкрыць спецыяльна аддзел у газеце, прызначаны на справу музыкі, сьпеву і арганізацыйнага жыцьця нашых арганістых»29. Такім чынам, рэдакцыя газеты яшчэ раз дэманстравала падрымку ў справе збірання і пашырэння беларускай народнай песні. У дваццаць дзявятым нумары газеты «Беларуская Крыніца» за той жа год публікуецца адказ пад назвай «Аб арганістых»30 на цытаваны вышэй артыкул. У ім аўтар Arhanisty-Bielarus, па-першае, указвае на аднабаковасць погляду свайго апанента: «St.Al. прыпісывае ўсю віну ўпадку становішча арганістага польскай літаратуры, інтэлігенцыі і ксяндзам Палякам, памінуўшы тое, што і беларускіе літэратары, інтэлігенцыя і некаторыя ксяндзы аднолькава ўглядаюцца на арганістых, як і першыя»31. У прыклад аўтар прыводзіць Янку Быліну, які ў сваёй творчасці выводзіць вобраз арганіста, блізкі да Сянкевічавага. Звяртаецца ўвага і на тое, што некаторыя ксяндзы беларусы гэтак жа нядобра, як і палякі, адносяцца да арганістаў беларусаў. Адказ на гэтую сітуацыю бачыцца ў тым, каб «паказаць ксяндзам і арганістым Палякам, што сапраўды паміж ксяндзамі Беларусамі і арганістымі Беларусамі няма ніякай класовай пропасьці, і што мы, Беларусы, павінны ненавідзіць і несправядлівасьць, і нявольніцтва»32. Аўтар артыкула заклікае звярнуць увагу на беднасць арганістых і падкрэслівае, што змяніць іх матэрыяльнае і духовае становішча могуць толькі ксяндзы. Палеміка працягнулася і далей — у трыццаць другім нумары газеты «Беларуская Крыніца» за 1926 год. У артыкуле «Яшчэ ў справе арганістых» St.Al. адказвае, што Arhanisty-Bielarus недастаткова добра ўчытаўся ў яго словы, і ў сучасным стане арганістаў вінавата не літаратура, якая толькі адлюстроўвае жыццё, «а вінавата грамадзянства, асабліва яго складовая частка — духавенства, якое будучы на нізкай ступені музыкальнасьці не вымагае культуры музыкальнай у арганістых»33. Урэшце, аўтар прыходзіць да высновы, што «ксяндза і арганістага беларускага можа і павінна лучыць калі ня блізкае суседства і супольная праца касьцельная, то прынамсі ідэя адраджэньня нашага народу і супольная праца ў гэтым кірунку»34. Палеміка, якая разгарнулася на старонках газеты, прыцягвае ўвагу да становішча арганіста ў касцёле, паказвае яго ролю ў захаванні і папулярызацыі песеннай спадчыны беларусаў, узнімае праблему адсутнасці рэлігійных спеваў на беларускай мове. Хто ж хаваецца пад псеўданімамі Arhanisty-Bielarus і St.Al.? Аказваецца, што абодва псеўданімы належаць аднаму і таму ж чалавеку — Альбіну Стаповічу35. Вядомы беларускі дзеяч, брат Казіміра Сваяка, ён кіраваў некалькімі беларускімі хорамі, пісаў нарысы пра беларускую народную песню і нават ствараў музычныя творы сам. Як чалавек зацікаўлены, Альбін Стаповіч выкарыстаў такі прыём для прыцягнення ўвагі да важнага пытання збірання і пашырэння беларускіх народных песень, стварэння рэлігійных спеваў па-беларуску. Такім чынам, задача збірання фальклору выступіла кансалідуючым заклікам, які сведчыў пра рост нацыянальнай самасвядомасці. У выніку рэгулярных публікацый артыкулаў, заклікаў, зваротаў да сваіх чытачоў збіраць народны, пераважна песенны фальклор, рэдакцыяй «Беларускай Крыніцы» быў сабраны даволі аб’ёмны фальклорны архіў, і невялікая яго частка была надрукавана на старонках газеты. Напрыклад, этнограф Мар’ян Пецюкевіч надрукаваў у 1930 годзе запісы з роднай вёскі Цяцеркі Браслаўскага павета36. Гэтыя матэрыялы даюць жывое ўяўленне аб жанрава-відавым складзе фальклору, які збірала міжваенная беларуская інтэлігенцыя ў Заходняй Беларусі. Аднак большасць сабраных матэрыялаў так і засталася неапублікаванай. Пасля закрыцця газеты яе архіў трапіў на захаванне ў Беларускі музей імя Івана Луцкевіча, які сёння знаходзіцца ў архіве Інстытута літоўскай літаратуры і фальклору ў Вільні37. Паступова гэтыя матэрыялы пачалі апрацоўвацца і друкавацца беларускімі даследчыкамі38.
|
![]() |
![]()
|
![]()
|
![]() |