![]() ![]() |
![]()
|
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
|
№
2(104)/2023
![]() З нагоды юбілею
Літаратуразнаўства
Уладзімір КАРОТКІ,
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ «ПЕСНЯ ПРА ЗУБРА» МІКАЛАЯ ГУСОЎСКАГА Ў КАНТЭКСЦЕ ХРЫСЦІЯНСКАЙ ТРАДЫЦЫІ ЭПОХІ РЭНЕСАНСУ Ad fontes
Нашы святыні
Постаці
З нагоды юбілею
Паэзія
Проза
Спадчына
Яніна ГРЫНЕВІЧ КАМПАНІЯ ПА ЗБОРУ БЕЛАРУСКАГА ФАЛЬКЛОРУ НА СТАРОНКАХ ГАЗЕТЫ «КРЫНІЦА» Пераклады
|
Боб-коні Помніцца й такая адмета майго дзяцінства — боб-коні... Буйное густа-чорнае з белай мецінкай зерне, а яшчэ яно і чорна-рудое з цьмянымі плямінкамі на рабым полі. А ўсё разам і паасобку — бліскучае, глянцавітае, трохі выцягнутае і крыху сплюшчанае... Я, малы хлопчык (яшчэ да школы!), сядзеў у хаце на чыста вымытай залацістай падлозе, і перада мной стаялі развязаная торба і завязаная торбачка. У торбе — боб-коні, у торбачцы — давераснёвыя металічныя польскія злотыя. Гэта мае цацкі на той час, і торба з бобам-коні была мне даражэй за торбачку са злотымі! На падлогу, асветленую сонцам, я ашчадна выкладваў бабіну за бабінай і зусім не думаў, што́ рабіў, але нібыта звычайнае ператвараў у незвычайнае і тым самым несвядома ствараў на яркай падлозе нейкі зразумелы аднаму толькі мне дзіўны ўзор. Зрэдку развязваў і торбачку са злотымі, іх таксама ашчадна выкладваў на падлогу, але незвычайны ўзор, зразумелы толькі мне аднаму, чамусьці не выходзіў, таму торбачку са злотымі сапраўды развязваў нячаста. Напэўна, гэта быў знак мне, што схільнасці да грошай мець не буду! Калі падрос, хатнія забаўкі ўзбагаціліся, бо адкрыўся большы свет — агарод, у якім шамацела гібель лазовых тычак, абвітых бабоўнікам. Раз тычка, то і боб-коні «тычкову́» — так яго ў Давыд-Гарадку называлі. Але чаму «коні»? А таму, што ў ягонай высознай гне́чы1 мог схавацца конь, а то і не адзін. Боб-коні віўся ўгору, да неба, і такая карціна заварожвала, асабліва ў ліпені, калі ён цвіў... Ад зялёна-бэзавых сцяблін адкідваліся ў бакі галінкі — на кожнай па тры шорсткія ліпучыя лісты. З адной завязі выходзіла і галінка з лісцем і галінка з цветам — з кветкаю на тры чырвоныя пялёсткі. І вось там, дзе чырванеў цвет, і выспявалі бабовыя струкі... Недзе ў канцы жніўня, у верасні, лісце блякла, абвісала, струкі рабіліся ўсё больш і больш сухімі, тады іх і пачыналі рваць. Імкнуліся ўправіцца да халадоў, бо калі ноччу ляжа шэрань ці набяжыць пад раніцу нават слабы марозік — урод можа прапасці! Боб-коні варылі, ён даваў страве сіняватую закрасу, і тут варта сказаць: боб-коні не проста смачны — салодкі! Нават і халодны... А садзілі яго (у красавіку або ў траўні) зазвычай паўз плот ад вуліцы ці паўз іншы плот ад суседа — за такой шчыльнай надзейнай агароджаю ніхто не ўбачыць, што робіцца ў тваім гародзе і ў тваім падворку. Бо навошта, каб нехта бачыў, што ты робіш там, дзе табе добра!
24 кастрычніка 2021 г., нядзеля, 16 г. 55 хв.; Менск –
Белы боб Стоячы на ганку, я любіў глядзець на белы боб — ён мяне заўсёды супакойваў. Нават не скажу чаму. Мо таму, што белы?! Як і боб-коні, ён таксама «тычкову́», гэтак жа высока віўся па тычках, і струкі ягоныя завязваліся на галінках з цветам, і кветкі яго — тры пялёсткі, толькі не чырвоныя, а (як назва падказвае!) белыя. Зерне меншае, чым зерне бобу-коней, і мела яно ледзьве бачную жоўта-белую радзімую плямінку. Светла-зялёныя сцябліны белага бобу пагойдвалі галінкамі, якія, можна сказаць, выхваляліся адна перад адной сваімі вялікімі шорсткімі трыма лістамі. Так, так — усё тыя ж тры па колькасці пялёсткі і ўсё тыя ж тры па колькасці і таксама шорсткія лісціны... Белы боб мог расці на пяску сярод бульбы, збіралі яго ў жніўні, у самыя апошнія дні лета, і ў першыя вераснёўскія дні. Як і ўсё смачнае, і яго варылі сабе на пажыўнасць, а дзецям на здароўе... Калі пры варцы бобу-коней у закурэлым гаршку збіралася цьмяна-сіняватая накіпа, нібыта сажы ў гаршчок нападала, то пры варцы белага бобу страва па-малочнаму бялела, таму і здавалася смачнейшаю. Успамінаю і зноў у думках стаю на тым ганку, і зноў гляджу на той белы боб!
30 кастрычніка 2021 г., субота, 12 г. 15 хв.; Менск –
Просты боб У Давыд-Гарадку часам чулася: у каго тычкі большыя, той і гаспадар большы! Праўда, іншым разам з тычкамі выходзіў клопат — ужываныя вартыя былі хіба што на тое, каб да іх памідоры кіта́йкамі2 падвязваць (бо тая лазіна падгніла, а гэтая зусім паламалася), а па новыя трэ было йсці на базар. Там прадавалі ў пуках і раўнейшыя, і крывейшыя. А гэта грошы. Ці па новыя трэ было ехаць з сякераю куды-небудзь за Хабішча, а то і на Прыпяць. А гэта час. Але той, хто збіраўся вясною садзіць просты боб, пра тычкі і не замарочваўся: просты боб — куставая расліна, якой падпоркі не патрэбныя! Садзілі просты боб і сухім, і прарошчаным, калі з выразна чорнай радзімай плямкі кожнай бабіны ўжо праглядваў кволы белы росцік3. І садзілі звычайна па бульбе, не вельмі густа, у кожную ямінку, калі была пясчаная глеба, падсыпалі чорную зямлю і клалі тры-чатыры бабіны. Сівавата-зялёныя кусты простага бобу цвілі белым цветам. Кветка мела тры пялёсткі — адзін вялікі і два меншыя з чорнымі крапінкамі. У ліпені, бліжэй да жніўня, цвет чарнеў, ператвараўся ў струк на сцябле каля галінкі з пяццю-шасцю лісцікамі. Па форме лісце простага бобу падобнае да рабінавага — яно далікатнае, мяккае і гладкае. Скажам, ліпучае лісце бобу-коней і белага бобу чаплялася да адзення, а гэтае — не! Яно, можна сказаць, любіла людзей. Лісцем простага бобу нашы людзі гоілі ва́ўкі4, прыкладвалі да парэзанага пальца або да збітага калена. І памагала! Скажу і пра зерне. Абрысам (калі глядзець паасобку на кожную бабінку) яно крыху нагадвала зерне бобу-коней. Няроўныя, сплюшчаныя, але без глянцу бабіны. А па колеры яны ўсялякія — выцерта-цагляныя, фіялетава-шэрыя, а то і чорна-смаляныя з пробліскам рудога адцення... Варылі просты боб і не луплены — для асаблівага смаку! — а калі лупілі, то смажылі ў печы на блясе. Елі не толькі хатнія, а часам і сусед, які нарываўся на вячэру. 2 лістапада 2021 г., аўторак, 20 г. 30 хв.; Менск.
Боб-садун Перш чым казаць пра апошні мой боб, скажу пра тое, што гарод быў багацейшы за мяне, — так уяўлялася тады. Ён умеў лепей, чым я, гаварыць. Сонечным і не сонечным ліпенем і жніўнем, калі па тычках крута віўся бабоўнік, гарод з небам гаварыў — такім высокім, такім зіхоткім бачыўся. Ажно вочы адбіраў! Здавалася, казытаў у вачах «чолове́чкі»5. Ён багаціў маю мову, і першы незабыўны вокліч гэтага ўзбагачэння: даць бобу! І не толькі маю мову рабіў цікавай — у той ці іншай спулцы-грамадзе не-не, а ўздымаўся радасны голас: — От, далі бобу! Што значыла: у гэтай вясёлай кампаніі нехта зрабіў прычво́ры6! А калі хто расказваў пра ўчарашняе ці пазаўчарашняе: «Нашы хлопцы там далі бобу дык далі!» — то станавілася ясна, што ўчора-пазаўчора на нейкім там вяселлі ці гулянцы, гэтыя хлопцы добра такі пажартавалі; як кот на гліне, вырабілі нешта вельмі смешнае, а то і адпалілі рызыкоўную штуку — словам, выкінулі коніка... Агародная мова зіхацела закітаванаю шыбінаю — вобразы ўзнікалі ўмомант... — Звары мне шваячо́к! — прасіў гаспадар. Шваячка́мі (маленькімі шчупакамі!) называў струкі простага бобу. Гаспадыня варыла, шчаслівы гаспадар еў... Як і просты боб, і боб-садун таксама рос без тычак, бо куставы, і яго прарошчвалі гэтак жа — мачылі ў грэтай вадзе, замотвалі ў лапікі і клалі на цёплую чарэнь. І садзілі зноў жа па бульбе — часам нават позняй вясной, а то і ў першыя дні чэрвеня; паміж бульбяных корчыкаў тыкалі ў ямінкі тры ці пяць бабін. Няцотны лік. Былі гаспадары, якія верылі: менавіта няцотны лік зярнят узыходзіць лепей! Хто прызнаваў гэта, а хто не, аднак жа збольшага і ў нас лічылася, што няцотнае ўзмацняе сілу ўсяго! Таму і пад квахтуху клалі сем або дзевяць яек, бо з васьмі ці з дзесяці яек — няпэўна разважалі! — квахтуха ці выседзіць куранятаў... Боб-садун садзілі ў полі — па самым краі, па межах, і, вядома, каля хаты; нехта мог на дваццаці сотках сваіх раскінуць, як шырокую браму, вялікую граду. Кусты бобу-садуна цвілі белымі кветкамі, а лісце... Што да бабовага лісця наогул, то маю такую дзіцячую згадку... Гагарын паляцеў у космас, і я, пяцігадовы, пачаў шукаць у хаце, а як настала лета, пачаў шукаць каля хаты прыдатную цацку для гульні ў далёкі палёт. Маці ж наказала мне глядзець у гародчыку на кветкі, і так ласкава наказала, нібыта там і хавалася тая запаветная цацка. Калі ўсе кветкі, і нават пчолы на іх, былі звучаны, а цацка не знойдзена, маці наказала ўжо ў гародзе глядзець на высокія тычкі. І я падступіў спачатку да бобу-коней... Пазней, калі ўжо вучыўся, уцяміў, што ў ягонай гнечы мог схавацца конь, таму (як ужо гаварылася!) ён і называўся конскім, аднак жа і зярняты меў самыя вялікія (ну, як тыя коні!), а ягонае лісце... Такое ж, толькі меншае, расце і на бярозе, а лісце белага бобу — махо́та7, а лісце простага бобу па форме і «рабінавае», і нібыта «вярбовае». А вось лісты бобу-садуна таксама ж «бярозавыя» і таксама ж ліпучыя, як у бобу-коні, толькі трохі драбнейшыя... Ніякай касмічнай забаўкі так і не знайшоў, але тая згадка, тая даўняя карціна засталася ў маёй крыві і зрэдку гаворыць мне, што сваё люблю больш, чужое — менш... У верасні боб-садун зрывалі і зразалі ягоныя голыя кусты, пакідаючы карэнне, якое станавілася ў глебе азотным угнаеннем, і, калі прыходзіла новая вясна, на гэтай градзе сеялі што-небудзь іншае — скажам, сальвію. Азотнае ўгнаенне добра жывіла чырвоную сальвію — краску дарагую і даволі далікатную; дарэчы, настолькі далікатную, што вясною кожны флянец сальвіі накрывалі ад начнога холаду шклянымі слоікамі... Прадаўгаватае белае зерне бобу-садуна сыпалася ў стары пабіты горшчык, аплецены дротам. Варыўся багаты суп, смак у якога амаль такі ж, як і ад зваранага белага бобу. Я чуў, як ля печы казалі: боб-садун і белы боб — сваякі! Спакойныя думкі складаліся ў хаце ў разумную мову. 9 лістапада 2021 г., аўторак, 17 г. 41 хв.; Менск.
|
![]() |
![]()
|
![]()
|
![]() |