Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(104)/2023
З нагоды юбілею
УРЭШЦЕ КРЫЖ ПЕРАМОЖА
З кнігі-інтэрв’ю Гжэгажа ПОЛЯКА з біскупам Ежы МАЗУРАМ SVD

Літаратуразнаўства
Ad fontes
Нашы святыні

ГЕРОІ БУДСЛАВА
Постаці
З нагоды юбілею
Паэзія

ПЕРАД ВЕЧНАСЦЮ...
Проза

ПРОЗА З ТОЙ КНІЖКІ, ЯКАЯ МОЖА БЫЦЬ
Спадчына
Сяргей ЧЫГРЫН

ПОЗНІ ПРАТЭСТАНТЫЗМ У ЗАХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ

Пратэстантызм як адзін з кірункаў у хрысціянстве ўзнік у выніку Рэфармацыі Каталіцкага Касцёла. Першапачаткова звязваўся з вучэннем Лютэра, пазней Кальвіна, Цвінглі і іншых рэфармацыйных плыняў. Да сярэдзіны XVI ст. пратэстантызм распаўсюдзіўся па ўсёй Еўропе, а ў XVII ст. пашырыўся і за яе межамі. У выніку ўзніклі і арганізацыйна аформіліся пратэстанцкія цэрквы: лютэранскія, кальвінісцкія, англіканскія, з якіх утварыўся шэраг рэлігійных груповак і аб’яднанняў.

На Беларусі пратэстанцкія погляды пачалі распаўсюджвацца з сярэдзіны XVI ст., што спрыяла эвалюцыі грамадскага ладу, фармаванню шляхецкай дэмакратыі, развіццю рэнесансава-гуманістычных і рацыяналістычных тэндэнцый у духоўным жыцці, станаўленню новых формаў культуры, пашырэнню міжнародных культурных сувязяў. Рэфармацыю падтрымлівалі Радзівілы, Тышкевічы, Сапегі, Кішкі, адукаваная частка грамадства.

Навуковую працу пра позні пратэстантызм у Заходняй Беларусі 1921–1939 гадах напісала Таццяна Лісоўская. Кніга выйшла з друку напрыканцы 2021 года ў Брэсце, але яна засталася незаўважанай, ды і мне выпадкова трапіла ў рукі ў мінскай краме «Акадэмічная кніга». Выданне на рускай мове «Поздний протестантизм в Западной Беларуси 1921–1939 гг.» я прапусціць не змог, бо шмат гадоў даследую жыццёвы шлях пісьменніка Гальяша Леўчыка (1880–1944), перакладчыка Яна Пятроўскага (1905–2002), пастара і перакладчыка Лукаша Дзекуця-Малея (1888–1955), шведскага метадыста Джона Віта (1885–1973) і іншых асобаў, якія мелі дачыненне да евангельскага руху ў Заходняй Беларусі.

Да выдання сваёй кнігі Таццяна Лісоўская папярэдне апублікавала шэраг цікавых матэрыялаў пра пратэстанцкі рух у Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гадах. Чатыры яе артыкулы друкаваліся ў зборніках «Евангельская Царква Беларусі: гісторыя і сучаснасць» (Мінск, 2014–2021). Гэта артыкулы пра пратэстанцкі рух у Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гадах як частку еўрапейскага пратэстантызму, пратэстантызм у кантэксце этнаканфесійных працэсаў у Заходняй Беларусі (1921–1939), пра міжканфесійныя камунікацыі: пратэстантызм у поліканфесійным грамадстве Заходняй Беларусі (1921–1939 гадах), пра месца і ролю евангельскага руху ў канфесійным жыцці Заходняй Беларусі (1921–1939 гады). Пра гісторыю Евангельскай Царквы ў Беларусі часцей за ўсё гісторыкі пішуць па-беларуску дзякуючы Гальяшу Леўчыку, Яну Пятроўскаму, Лукашу Дзекуцю-Малею, а таксама сённяшнім гісторыкам Андрэю Унучаку, Юрасю Бачышчу, Алене Глагоўскай і іншым даследчыкам. Чаму я гэта падкрэсліваю? Ды таму, што, чытаючы кнігу Таццяны Лісоўскай, адчуваеш, што яна яе перакладала з беларускай мовы на рускую. Ды і чытаецца выданне па-руску даволі цяжка, хаця даследаванне вельмі патрэбнае, бо пасля Другой сусветнай вайны на гісторыю пратэстантызму ў Беларусі не звярталі асаблівай увагі, ды і не дазвалялася грунтоўна даследаваць пратэстантызм.

Пачну з памылак, бо іх у кнізе вельмі шмат. Вось некалькі прыкладаў. Кандыдат гістарычных навук Андрэй Унучак раптам стаў у кнізе А. У. Унуак. У выканаўчы камітэт Саюза славянскіх абшчын баптыстаў у Польшчы уваходзіў Іван Чапко (с. 168), але на с. 83 згадваецца ўжо Я. Чапко, які таксама ўваходзіў у Саюз. Гэта адна асоба ці дзве? Піша аўтарка і пра Л.Шэндэроўскага-малодшага і Л.Шэндэроўскага-старэйшага, але на с. 83 згадваецца і А. Шэндэроўскі. Гэта іншая асоба ці нехта з Л. Шэндэроўскіх?.. З 1926 года ў кіраўніцтва Саюза славянскіх абшчын баптыстаў у Польшчы ўваходзіў Антон Кірцун (с. 157), а на с. 81 напісана, што ён А. Кірчун. Ды якое на самай справе яго прозвішча?.. І такіх памылак можна назваць шмат.

Ян Пятроўскі —
сябра Гальяша Леўчыка.
Фотаздымак 1991 г.

Я шмат гадоў сябраваў з Янам Пятроўскім, перапісваўся з ім, у мяне захоўваецца стос яго лістоў, маю ў асабістай бібліятэцы ўсе яго кнігі. Але ніколі Ян Пятроўскі не называўся Іванам Пятроўскім, як у кнізе Таццяны Лісоўскай, хаця на с. 126 аўтарка прыгадвае Я. Пятроўскага, які рэдагаваў часопіс «Светач Хрыстовае навукі». На пачатку біяграфіі Гальяша Леўчыка напісана, што ён памёр у верасні 1940 года, а ў канцы біяграфіі паведамляецца, што «умер в 1944 г. у Варшаве». Дык якой даце верыць?..

Шмат інфармацыі ў кнізе адведзена аднаму з самых славутых пратэстанцкіх пастараў Беларусі Лукашу Дзекуцю-Малею (1888–1955). Таццяна Лісоўская піша, што ён «родился в Слонимском районе Гродненской области», але вядома, што Лукаш Дзекуць-Малей нарадзіўся ў вёсцы Шастакі Дзятлаўскага раёна…

А цяпер пагартаем кнігу Таццяны Лісоўскай «Поздний протестантизм в Западной Беларуси 1921–1939 гг.». Яна складаецца з чатырох частак, заключэння і біяграфічнага даведніка.

У першай частцы кнігі аўтарка распавядае пра гісторыяграфію позняга пратэстантызму ў Заходняй Беларусі, пра крыніцы і метады яе даследавання. Дарэчы, адной з першых працаў, прысвечаных развіццю евангельска-баптысцкага руху ў Заходняй Беларусі, стала калектыўная праца пад рэдакцыяй беларускага філосафа Міхаіла Ленсу «Баптызм і баптысты. Сацыялагічны нарыс» (Мінск, 1969).

У другой частцы кнігі Таццяна Лісоўская спынілася на распаўсюджванні і прававым становішчы позніх пратэстанцкіх рухаў у Заходняй Беларусі. Аўтарка падкрэслівае, што фармаванне канфесійнай палітыкі Польскай дзяржавы ў адносінах новых пратэстанцкіх рухаў Заходняй Беларусі праходзіла на працягу ўсяго міжваеннага перыяду і было цесна звязана з распрацоўкай прынцыпаў нацыянальнай палітыкі, а гэтыя новыя рухі павялічваліся: найперш з’явіліся вернікі пяцідзясятніцкага руху і метадысты.

У трэцяй частцы кнігі распавядаецца пра станаўленне і развіццё позняга пратэстантызму ў Заходняй Беларусі. У 1930-я гады евангельскія абшчыны надавалі вялікае значэнне працы сярод моладзі, бо 30% сяброў абшчынаў складалі вернікі ва ўзросце 16–30 гадоў. Моладзевыя гурткі былі створаны пры абшчынах ЕХБ у Беластоку, у Ваўкавыску, у Лідзе, Наваельні, Нараўцы, Гайнаўцы, Слоніме і іншых месцах. Распавядае аўтарка пра розныя саюзы, аб’яднанні, таварыствы, уніі, місіі баптыстаў у Польшчы, пра міжнародныя сувязі беларускіх абшчынаў і арганізацый.

Добра, што Таццяна Лісоўская звярнула ўвагу ў сваёй кнізе на супрацоўніцтва метадыстаў з беларускай творчай інтэлігенцыяй, з ТБШ, з беларускімі гімназіямі ў Вільні, Клецку і Радашковічах, але хацелася б, каб пра гэта быў у кнізе асобны вялікі раздзел, бо тэма цікавая і пісаць ёсць пра што: толькі пра аднаго Джона Віта і яго ўзаемаадносіны з Клецкай і Радашковіцкай беларускімі гімназіямі можна было б распавесці шмат цікавага і новага, а таксама пра сяброўства Джона Віта з Аляксандрам Уласавым. Нагадаю трохі пра яго я. У другой палове 1920-х гадоў шведскі місіянер метадыстаў Джон Віт вельмі часта наведваў Вільню, дзе сустракаўся з Радаславам Астроўскім, Браніславам Тарашкевічам, Сымонам Ракам-Міхайлоўскім, Аляксандрам Уласавым і Антонам Луцкевічам. Але найбольш Віт пасябраваў з Аляксандрам Уласавым. Спадар Віт цікавіўся не толькі царкоўнымі справамі, але і праблемамі беларускага нацыянальнага руху. Як піша гісторык Алег Латышонак, з гэтае пары ён стаў самым шчырым заступнікам беларусаў у царкве метадыстаў (Алег Латышонак. Беларускія палітыкі і пратэстанты. Ад «Гомана» да Грамады// Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух на пачатку ХХ стагоддзя. Мінск, 2006, с. 5).

Джон Віт быў вельмі адукаваным чалавекам. Акрамя роднай шведскай мовы, добра валодаў англійскай, нямецкай, польскай. Ведаў рускую мову, хаця яе не любіў. Хутка пачаў вывучаць беларускую мову, стараўся на ёй размаўляць з беларусамі, вучыў і ведаў беларускія народныя песні. Сярод беларусаў яму было добра і дужа цікава. Ён адразу зразумеў праблемы беларускага люду, праблемы беларускай інтэлігенцыі, і колькі ў яго хапала сілаў, стараўся дапамагаць беларусам.

Дзякуючы Джону Віту царква метадыстаў была фундатарам школаў і інтэрнатаў у Радашковічах, Вільні, Слоніме, Клецку. Віт трымаў пад кантролем беларускія гімназіі, яму рабілі справаздачы, інфармавалі аб беларускіх справах на ніве адукацыі Астроўскі, Рак-Міхайлоўскі, Тарашкевіч, Уласаў, Луцкевіч. Джон Віт праяўляў зацікаўленасць навучальным працэсам, развіццём школьніцтва і беларускай працы ў Польшчы, а таксама беларускім рэлігійным, культурным, нацыянальным і палітычным рухам у Польшчы. Ён вывучаў адносіны і настрой беларусаў да польскай дзяржаўнасці. Сам вельмі часта бываў на Слонімшчыне, у Радашковічах, у Клецку. Аляксандр Уласаў, які ўзначальваў у 1922–1929 гадах Радашковіцкую беларускую гімназію імя Францыска Скарыны, часта запрашаў Джона Віта ў госці, і Віт з радасцю да яго прыязджаў. Ён прыязджаў і гасціў у Аляксандра Уласава не толькі адзін, але і разам з варшаўскімі метадыстамі, якія дапамагалі арганізоўваць для вучняў інтэрнаты, дзе вучні маглі бясплатна харчавацца і рыхтавацца да заняткаў. Джон Віт хораша спяваў шведскія народныя песні, спрабаваў разам з вучнямі і настаўнікамі выконваць і беларускія народныя песні. Калектыў гімназіі за гэта яго вельмі любіў і паважаў. Калі ў Радашковічы прыязджаў Джон Віт, у гімназіі было свята, і, вядома ж, ён пакідаў Аляксандру Уласаву грошы на беларускія справы.

Гальяш Леўчык.
Фотаздымак зроблены
ў фотамайстэрні Б.Вайнштэйна
ў Слоніме ў 1904 годзе.

На жаль, сцісла прыгадвае аўтарка ў сваёй кнізе і Гальяша Леўчыка (Ілью Ляўковіча, 1880–1944) — беларускага паэта, перакладчыка, калекцыянера, мастака, музыканта, які адыграў вялікую ролю на ніве беларускай Метадысцкай царквы. Нагадаю, што, жывучы ў Варшаве, Ілья Ляўковіч далучыўся да Метадысцкай царквы і актыўна працаваў дзеля яе. У сярэдзіне 1920-х гадоў ён быў абраны сакратаром метадысцкага Амерыканскага камітэту ў Варшаве. На гэтай пасадзе Ляўковіч пазнаёміў многіх беларускіх дзеячаў з Метадысцкай царквой. У выніку паспяховай дзейнасці беларусы ў Вільні стварылі Віленскі амерыканскі камітэт. У яго склад увайшлі сенатар Аляксандр Уласаў, пасол Польскага Сейма Браніслаў Тарашкевіч, старшыня Варшаўскага беларускага нацыянальнага камітэту Адам Більдзюкевіч, настаўнік Беларускай гімназіі ў Вільні Язэп Гаўрылік, пастар Станіслаў Нядзведзкі і Вера Тарашкевіч. Падобны камітэт быў створаны ў мястэчку Радашковічы недалёка ад Мінска. Дарэчы, у Доме метадыстаў у Варшаве з 1925 года мясціўся Беларускі нацыянальны камітэт, сакратаром якога быў Гальяш Леўчык.

Памяшканне Беларускага камітэту знаходзілася ў Варшаве на вуліцы Макатоўскай, 12, якраз у Доме метадыстаў. Як пісаў гісторык Юры Туронак, лакалізацыя Беларускага камітэту ў Доме метадыстаў выклікала зразумелую цікавасць, бо адна арганізацыя бескарысна трымала пад сваім крылом іншую арганізацыю, што наводзіць на думку іх супрацоўніцтва.

Гальяш Леўчык актыўна наладжваў узаемасувязь Метадысцкай царквы з беларускай інтэлігенцыяй. Ды й сам паэт шмат перакладаў на беларускую мову рэлігійную літаратуру.

Беларусаў у метадысцкіх камітэтах найперш цікавілі фінансавыя сродкі, каб укладваць іх у беларускія справы, а метадысцкі амерыканскі камітэт задавальняла тое, што пашыралася кола іх вернікаў на тэрыторыі ўсходняй Польшчы. Праз гэтыя два камітэты метадысты пачалі авалодваць беларускімі вёскамі і мястэчкамі, у якіх адкрылі шмат парафій.

Выданне, дзе Гальяш Леўчык друкаваў духоўныя вершы, 1927 г.

Са студзеня 1927 года Гальяш Леўчык выдаваў у Варшаве штомесячнік «Дух і праўда» як дадатак да выдання «Pielgrzym Polski». Ад Радашковіцкага таварыства беларускай школы ўдзельнічаў у школьнай акцыі метадысцкай місіі па арганізацыі беларускіх прыватных школаў на вёсцы.

Гальяш Леўчык супрацоўнічаў з дзіцячым беларускім часопісам «Заранка», на старонках якога выступаў з вершамі і прозай. У 1930 годзе ў Вільні пад яго рэдакцыяй выйшаў спеўнік з нотамі «Хрысціянскія духоўныя песні. Божая ліра», выдадзены Паўночна-Амерыканскай суполкай «Sothem Trade».

«Лукаш Дзекуць-Малей». Мастак Надзея Салейка.

На жаль, аўтарка вельмі коратка піша пра жыццёвы і творчы шлях Лукаша Дзекуця-Малея, які дзесяць гадоў перакладаў «Новы Запавет і псальмы» на беларускую мову і да канца жыцця заставаўся верным пратэстанцтву.

Чацвёртая частка кнігі Таццяны Лісоўскай прысвечана міжканфесійным адносінам: позняга пратэстанцызму — з Рымска-каталіцкім Касцёлам, Праваслаўнай Царквой, яўрэйскім насельніцтвам Беларусі.

Біяграфічны даведнік «Лідары і ўдзельнікі евангельскага руху Заходняй Беларусі», змешчаны ў канцы кнігі, даволі цікавы, але ён мог быць яшчэ больш грунтоўным. Нягледзячы на названыя ці не названыя недахопы, манаграфія Таццяны Лісоўскай заслугоўвае вялікай увагі, бо аўтарка смела ўзялася за гісторыю позняга пратэстантызму ў Заходняй Беларусі, над якою яшчэ можна працаваць і працаваць...


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY