|
|
|
№
1(71)/2015
Жыццё Касцёла
Да 500-годдзя святой Тэрэзы ад Езуса
Sanctorum opera
Постаці
Пераклады
Паэзія
Асобы
З архіваў часу
Проза
Архітэктура
Проза
Спадчына
Літаратуразнаўства
Мастацтва
|
Працяг. Пачатак у № 3(57)/2011.
XIV. ЭСХАТАЛАГІЧНЫЯ ПЕРСПЕКТЫВЫ, 1. Для многіх філосафаў, якія філасафуюць у духу Платона, філасофія — гэта разважанне аб смерці. Meditatio mortis — адно з шматлікіх найменняў, якімі называлі філасофію. Смерць, безумоўна, настолькі істотная для чалавека, што яе асэнсаванне, наколькі гэта магчыма, заўсёды лічылася і лічыцца надзвычай важным. У матэрыялізме смерць — гэта канец усёй свядомасці і існавання. У спірытуалізме — гэта вызваленне душы з вязніцы, пакіданне цялеснай шкарлупіны, разрыў сувязі з целам. З прыроднага гледзішча смерць — гэта катаклізм, разрыў адзінства, якім ёсць чалавек. Вера падказвае нам, што гэты род смерці ўвёў у наш свет першародны грэх. Матэрыялізм мае рацыю толькі ў тым, што чалавек як цэласць, гэтак жа, як іншыя цялесныя субстанцыі, знішчальны. І гэтая маналітная сувязь матэрыі і формы распадаецца. Аднак філасофскае разважанне кажа нам, што ў нас ёсць нейкі дзівосны, боскі і незнішчальны пачатак. У еўрапейскай філасофіі ўжо Платон і Арыстоцель, за некалькі сот гадоў да Хрыста, сцвярджалі, што ў чалавеку ўсё ж ёсць штосьці боскае — theios, пазацялеснае. Дзякуючы гэтаму чынніку душа, г.зн. форма, якая канстытуюе чалавека, можа трываць пасля знішчэння чалавечага псіхафізічнага адзінства, хаця пасля гэтага разрыву, пасля аддзялення ад цела, яна можа рэалізаваць толькі частку сваіх функцый. Яна здольная толькі да здзяйснення разумовага пазнання і жадання, але затое не можа здзяйсняць сваіх пачуццёвых і біялагічных функцый, бо яны могуць быць здзейсненыя толькі тады, калі ёсць поўнае compositum — злучэнне душы і цела, існуючае як субстанцыя. Калі душа трывае пасля смерці, то, паводле св. Тамаша, яна не з’яўляецца цэлым чалавекам. Не з’яўляецца яна і поўнаю асобаю, і таму яна нібы тужыць па целе, па злучэнні з целам і паўнаце чалавечасці. У яе ёсць пазнанне і жыццё, але нібы ў анёла найніжэйшага рангу, бо калі душа пасля смерці не з’яўляецца поўным чалавекам і поўнаю чалавечаю асобаю, то і парэшткі не з’яўляюцца целам. Парэшткі — гэта толькі рэліквія, агрэгат клетак, якія былі субстанцыйным адзінствам, калі іх ажыўляла душа. Св. Тамаш гаворыць аб парэштках, што мы называем іх целам неадпаведна, бо звонку яны падобныя да цела, але гэта ўжо не цела чалавека. Калі пра Пана Езуса мы кажам, што сапраўды Яго цела было ў магіле, то гэта таму, што Хрыстус і пасля смерці захаваў паўнату асобы, бо ў Ім заўсёды ёсць адна і тая ж самая Асоба — Божае cлова. Калі б Ён быў толькі чалавекам, то нельга было б казаць, што гэта цела Хрыста. Быццё разумнай душы пасля смерці ёсць у чыста прыродным парадку ўласна чаканнем паўнаты, чаканнем рэалізацыі наноў цэлага чалавека. Гэтае натуральнае чаканне новай рэалізацыі поўнай чалавечай асобы мы можам назваць тугою па ўваскрашэнні, па паўнаце існавання, якая зводзіцца ўрэшце да глыбіннай тугі па Богу, яшчэ мацнейшай у гэтым прыродным парадку рэчаў пасля смерці, чым пры жыцці. Але не затрымліваймася на гэтай натуральнай перспектыве, бо яе бясконца перасягае звышнатуральнае пакліканне чалавека. 2. Чалавечая душа існуе пасля смерці. Для св. Тамаша гэта нават — як яшчэ потым пабачым — філасофская аксіёма. Аднак разрыў з целам, выкліканы смерцю, ёсць нечым вельмі істотным, бо праз гэта чалавек перастае быць поўным чалавекам. Аснова асобы захоўваецца, але поўнай асобы ўжо няма. Душа, аднак, чакае і з неабходнасці дамагаецца паўнаты асобы, г.зн. —уваскрашэння. На гэтую праблему можна таксама паглядзець з іншага боку, з боку пытання пра трыванне, вечнасць усёй рэчаіснасці. Толькі Бог абсалютна вечны і незнішчальны, а ўсе стварэнні адносна знішчальныя, г.зн. не маюць той абсалютнай незнішчальнасці, якую мае толькі Бог. Аднак з увагі на тое, што яны пачалі існаваць, што яны ўкаранёныя ва ўсеагульнай прычыне існавання, у самім самаісным існаванні, якім ёсць Бог, яны трываюць у Богу як у сваёй прычыне. Усё, што ёсць бытам, трывае ў Богу як у крыніцы свайго існавання. Інакш трываюць у Богу свядомыя быты: анёл, чалавек, а іначай — быты, пазбаўленыя свядомасці, але так ці інакш усё, што пачало існаваць, трывае. Для чалавека, які мае ў сабе духовы элемент, смерць — гэта выйсце з часава-прасторавага парадку, гэта пераход у іншы час і ў іншую прастору. Гэта надзвычай цяжка альбо нават немагчыма ўявіць, але разам з тым гэта нібы відавочна ў тым сэнсе, што, выходзячы з часапрасторы, у якой мы бытуем у гэтым жыцці, мы пераходзім у нейкі іншы парадак. Іншы сэнс набываюць гэтыя справы ў святле Аб’яўлення. Стан чалавечай душы, якая бытуе пасля смерці без цела, у прыродным парадку рэчаў можна разглядаць як у пэўным сэнсе скалечаны, няпоўны, трываючы ў чаканні, хоць адначасна нібы ачышчаны ў сваёй духовасці. Чалавек збаўлены ў хвіліну смерці робіцца рэальным удзельнікам Божага жыцця. Ён пачынае ўдзельнічаць у Божым жыцці; не ўваходзіць у якісьці іншы, пераходны часавы парадак, у іншую прастору, але ў вечнасць, у надчасавасць, ва ўдзел у жыцці Бога — Тройцы. Лагічнаю высноваю таго, чаму вучыў св. Тамаш (хоць сам пра гэта непасрэдна не казаў), здаецца тэза пра тое, што ў выпадку збаўленага чалавека чакання няма, бо няма чакання ўваскрашэння, бо ў Богу ёсць вечнае «цяпер». Чаканне Апошняга Суду, уваскрашэння ёсць удзелам і нават неабходнасцю для істотаў, бытуючых у часе і прасторы. Калі ж мы ўжо ў парадку Божым, то ў гэтым выпадку ўсё ўжо ёсць. І таму чалавек, які ўваходзіць у сапраўдны ўдзел у Богу, можа сказаць пра сябе, як св. Павел: «Спазнáю так, як і я спазнаны...» (1 Кар 13, 12). Душа збаўленага чалавека ўдзельнічае ўжо ва ўсім тым, што для нас, улучаных у наш зямны астранамічны парадак часу, можа стацца праз дзясяткі тысячаў ці праз мільёны гадоў. Гэта тая перспектыва, якая змяняе для нас, выраўнівае ўсю недасканаласць бытавання адарванай ад цела душы, бо паказвае, што яна адносіцца толькі да яшчэ не збаўленых людзей. Мы не ўваходзім у тэалагічнае пытанне чыстца. Але ў святле Аб’яўлення ясна, што чалавек, які не ў чыстцы, але ўжо збаўлены, выходзіць са стану непрыемнага чакання і непаўнаты асобы. Чалавечая душа тады ўжо не па-за целам, але ў стане ўваскрашэння, а гэтае «ўжо» азначае, што яна прабывае па-за часам. Збаўленыя, якія ўдзельнічаюць у Божым жыцці, таксама атрымаюць зноў усё, што ім належыць, бо ўсё, што ёсць бытам, усё што ёсць, што існуе, што добрае, сапраўднае і прыгожае, трывае. І тут яшчэ раз могуць быць ужытыя словы, вядомыя з Апакаліпсіса: «...не будзе ні смерці, ні смутку, ні плачу, ні болю...» (Ап 21, 4), бо ўсё гэта праява стану недасканаласці. Усё будзе новым, а ранейшае праміне. Пан Езус падчас Апошняй Вячэры кажа пра віно: «Не буду піць ад вінаграднага плоду, пакуль не прыйдзе Божае Валадарства» (Лк 22, 18). Мы разумеем, што ў гэтым выказванні гаворка ідзе пра стан атрымання зноў абсалютна ўсяго і нашага бытавання ў поўным уваскрашэнні і ў поўнай асобе. Нам падаецца важнаю гэтая папраўка да пашыранага меркавання, бо падчас чытання разважанняў св. Тамаша на тэму бытавання душы пасля смерці ствараецца ўражанне нейкага недахопу. Бо выглядае гэта даволі незразумела: бедная душа, без цела, блукае, жыве жыццём, горшым за нашае, а мы маем поўнае жыццё! З аднаго боку, сапраўды яна мае больш чыстыя пазнаўчыя і жадальныя функцыі, але, з другога боку, яна не ёсць поўнаю асобаю. Для чалавека яшчэ не збаўленага — для ягонай душы — гэты стан рэчаў, які апісвае св. Тамаш, падаецца цалкам абгрунтаваным. Але чалавек збаўлены, які ўдзельнічае ў Божым жыцці, не чакае (як мы на гэтым свеце) Апошняга Суду, але ўжо мае ўдзел ва ўваскрасенні. З усяго ж Аб’яўлення вынікае, што гэты ўдзел у Божым жыцці рэальны. Калі хтосьці збаўлены, то ён ужо разам з намі і з усімі тымі, хто да канца свету будзе збаўлены, бо для Бога ўсё ёсць цяперашняю хвілінаю; няма аніякага «раней» і «потым». Aeternitas — вечнасць, гэта не час, які трывае бясконца, а пазачасавасць. Гэтая пазачасавасць належыць ні нам, ні чыстым духам, а толькі Богу. Аднак, калі св. Павел кажа, што не бачыла вока і не чула вуха, што Бог прыгатаваў любячым Яго (пар. 1 Кар 2, 9), то ён таксама ясна кажа: «Спазнáю так, як і я спазнаны...» (1 Кар 13, 12). Гэта значыць, што пазнáю так, як я пазнаны Богам, буду ўдзельнічаць у Божым пазнанні, буду ўдзельнічаць у Божым жыцці. Аб’яўленне адкрывае перад намі ашаламляльныя перспектывы. Няма чаго турбавацца пра тое, што мінаюць нейкія важныя ці прыгожыя перажыванні, бо ўсё ёсць, усё трывае. Знікае толькі ўсё тое — тут мы вяртаемся да філасофіі, якая адкрывае нам гэта, — што ёсць нябытам. Зло, брыдота — гэта нябыт. Таму надзвычай глыбокія гэтыя словы Апакаліпсіса: «... не будзе ні плачу, ні смутку...» (Ап 21, 4), бо гэта нябыт, тое, што не мае трываласці. Але ўсё стварэнне (прыгадайма, як пра гэта кажа IV эўхарыстычная малітва) будзе нейкім чынам удзельнічаць у гэтым новым жыцці: «з усім стварэннем, вызваленым ад тлену граху і смерці, мы будзем славіць Цябе...» (Рымскі Імшал). Усё, што не злое, сапсутае ці пашкоджанае, будзе разам з намі, бо яно ёсць у Богу як быт. Гэта рэчы цяжкія для разумення. Мы не знойдзем у св. Тамаша непасрэднага абмеркавання гэтай праблематыкі, але такія высновы з’яўляюцца вынікам усёй яго філасофіі. Ёсць яшчэ адна важная рэч: Тамаш стаіць на пазіцыі, супрацьлеглай неаплатанізму і скрайне спірытуалістычным канцэпцыям таксама і з іншай прычыны. Нават нехрысціянскія неаплатонікі займаліся містыкаю пэўнага кшталту і духовым жыццём. Але тут ідзе гаворка пра натуральную містыку, прадпісанні якой абвяшчаюць, што чалавек можа, пры вялікай унутранай працы і аскезе, прыйсці да такога духовага жыцця, што яно будзе нібы пераходам да таго свету. Сустрэнем гэта таксама і ў вялікай індыйскай містыцы. Св. Тамаш рашуча супраць такіх канцэпцыяў. Ён сцвярджае, што паміж тым, да чаго мы здольныя ў дачасных умовах, — нават у нашых найвялікшых духовых асягненнях і містычных перажываннях найвышэйшага парадку — і тым, што нас чакае ў будучым жыцці, — ляжыць непераадольная бездань. Таму для сузірання Бога і ўдзелу ў Яго aeternitas чалавеку неабходная таксама асаблівая духовая здольнасць. Св. Тамаш называе яе lumen gloriae — святло славы, без якога чалавек не мог бы перажыць таго, што абяцана яму, як запэўнівае св. Павел. Паміж нашай рэчаіснасцю, нашымі дачаснымі магчымасцямі і тым, што будзе ў нас у стане вечнага шчасця, няма розніцы ўзроўню, але ёсць розніца якасці, сутнасці. Нас чакае там цалкам новы парадак, які бясконца перасягае тое, да чаго мы былі б здольныя тут, нават пры наймацнейшых высілках з нашага боку. Нам будзе патрэбны гэты lumen gloriae — святло славы, каб мы маглі рэальна і свядома ўдзельнічаць у Божым жыцці. Вучэнне пра lumen gloriae характэрнае менавіта для св. Тамаша.
Пераклад з польскай мовы
Паводле: Świeżawski Stefan. Święty Tomasz
|
|
|
|