|
|
|
№
1(71)/2015
Жыццё Касцёла
Да 500-годдзя святой Тэрэзы ад Езуса
Sanctorum opera
Постаці
Пераклады
Паэзія
Асобы
З архіваў часу
Проза
Архітэктура
Проза
Спадчына
Літаратуразнаўства
Мастацтва
|
Дзесяць гадоў таму, 2 красавіка 2005 года, адышоў у вечнасць Вялікі Папа Ян Павел ІІ. Як сам ён напісаў у адным з вершаў: «Не затрымаць і не спыніць бег часу. Ён мінае…» Незаўважна мінула ўжо цэлае дзесяцігоддзе з тых красавіцкіх дзён, калі, здавалася, увесь свет апрануўся ў жалобу, развітваючыся з тым, хто быў маральным аўтарытэтам гэтага свету, хто яшчэ пры жыцці выпраменьваў святасць, сваім апостальскім служэннем даваў жывое сведчанне веры і хрысціянскай любові нават да сваіх ворагаў. Год назад Касцёл афіцыйна пацвердзіў святасць Яна Паўла ІІ: 27 красавіка, у свята Божай Міласэрнасці, ён быў кананізаваны… Цяпер, молячыся і просячы заступніцтва новага святога, я з асабліваю цеплынёю і ўдзячнасцю згадваю дзве незабыўныя сустрэчы з Янам Паўлам ІІ, якія адбыліся ў 1994 і 1995 гадах у яго летняй рэзідэнцыі ў Кастэль Гандольфо. Тады Бог даў ласку не толькі паразмаўляць з Папам, але й атрымаць яго апостальскае благаслаўленне на нашу рэдакцыйна-выдавецкую працу, якую мы ў той час распачыналі. Потым на працягу многіх гадоў я мела шчасце кантактаваць з яго жывым словам, перакладаючы на родную мову энцыклікі, апостальскія лісты, асабістыя кнігі, а таксама Тэстамэнт сёння ўжо святога папы Яна Паўла ІІ. Менавіта ягоны Тэстамэнт (побач з рукапісным факсіміле) мы надрукавалі ў спецыяльным нумары «Нашай веры», прысвечаным памяці Яна Паўла ІІ адразу пасля яго адыходу да дому Айца. «Не пакідаю пасля сябе ўласнасці, якою трэба было б распарадзіцца, — напісаў Папа ў Тэстамэнце. — Рэчы штодзённага ўжытку, якімі карыстаўся, прашу раздаць паводле меркавання. Асабістыя нататкі — спаліць. Прашу, каб пра гэтыя справы паклапаціўся кс. Станіслаў, якому дзякую за шматгадовае спагадлівае супрацоўніцтва і дапамогу». Якое ж было маё здзіўленне, калі мінулаю вясною ў адной з кракаўскіх кнігарняў я ўбачыла «Асабістыя нататкі» Яна Паўла ІІ, выдадзеныя асобнаю кнігаю: прыгожы, важкі (больш як на 600 старонак) том. Не хацелася верыць, што гэта тыя самыя «нататкі», пра якія Папа пісаў у Тэстамэнце… Разгарнула кнігу і ўбачыла прадмову кардынала Станіслава Дзівіша, якому Святы Айцец якраз і даручаў распарадзіцца сваёю спадчынаю. Былы сакратар Папы, а цяперашні Кракаўскі мітрапаліт, напісаў: «Я не спаліў „нататак“ Яна Паўла ІІ, бо яны — ключ да зразумення ягонай духоўнасці, гэта значыць таго, што найбольш унутранае ў чалавеку: яго адносінаў да Бога, да іншага чалавека і да сябе…» «Усё гэта так, — падумалася мне, — але як жа быць з захаваннем волі Папы?» Тады я ўсё ж набыла кнігу, як, зрэшты, набываю амаль усё, што датычыць асобы Яна Паўла ІІ і яго спадчыны. Крыху пазней у польскай каталіцкай прэсе давялося сустрэць шмат розных думак і меркаванняў наконт таго, меў ці не меў права былы сакратар Папы публікаваць ягоныя «Асабістыя нататкі». Адны аўтары асуджалі ўчынак Кракаўскага мітрапаліта, іншыя называлі яго смелым і нават мужным. У мяне ж доўгі час не хапала духу падступіцца да чытання прывезенай з Кракава кнігі: было такое адчуванне, быццам зраблю штосьці забароненае… І толькі не так даўно я дастала яе з кніжнай шафы. Мушу прызнацца, што чым больш я паглыблялася ў кнігу, тым слабейшаю станавілася мая першапачатковая нязгода з публікацыяй «нататак». Замест яе ў душы з’яўлялася ўдзячнасць за іх ацаленне, за тое, што гэтыя запісы сталі даступныя нам як яшчэ адно моцнае і яскравае сведчанне духоўнага жыцця ў Богу і з Богам Вялікага Папы. Сапраўды, як піша кардынал Дзівіш, гэтыя «нататкі» паказваюць нам крыніцу духовасці Яна Паўла ІІ, вытокі «яго ўнутранай сілы і рашучай волі служэння Хрысту да апошняга ўздыху». Запісы ахопліваюць перыяд з 1962-га па 2003 год, калі Караль Вайтыла быў дапаможным біскупам, потым Кракаўскім арцыбіскупам і кардыналам, а пасля, больш за чвэрць стагоддзя — наступнікам святога Пятра. Гэта ягоныя медытацыі, роздумы, рэфлексіі, іншы раз — толькі пункціры думак, што ўзніклі падчас рэкалекцый, якія ён перажываў паводле ігнацыянскай духовасці. Уражвае дакладны план кожнага дня рэкалекцый, у цэнтры якога была св. Імша. Аўтар «нататак» рыхтаваўся да яе падчас ранішняй медытацыі, а пасля Імшы дзякаваў за дар Эўхарыстыі. Ягоны дзень быў запоўнены малітвамі Брэвіярыя, св. Ружанца, Крыжовага шляху і завяршаўся святою гадзінаю перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам.
У «Асабістых нататках», якія датычаць часцей за ўсё тэматыкі рэкалекцый, Аўтар разважае пра час і вечнасць, пра грэх і святасць, пра жыццё і смерць, пра важнасць і неабходнасць малітвы, пра місійнае пасланніцтва Касцёла і яго прароцкую структуру… Тут шмат важных, глыбокіх думак, якія хочацца занатаваць, каб назаўсёды пакінуць іх у памяці і ў сэрцы: «Радасць ад святарства — пункт апоры ў выпрабаваннях і пераследах, яна іх перамагае»; «Касцёл — не крэпасць, а адкрыты горад…»; «Калі ў Касцёле „крызіс“, то гэта заўсёды крызіс нашай малітвы»; «Трэба пачынаць з навяртання ўласнага сэрца…» У апошнія гады жыцця запісы Папы становяцца ўсё больш кароткімі. Ян Павел ІІ запісвае ўжо толькі тэмы рэкалекцый і праграму дня, часам — тэмы медытацый і сваіх разважанняў. Вось некаторыя з іх: «Езус — апошняе Слова Бога, бо Ён — Яго першае Слова»; «Сакрамэнт любові і запаведзь любові», «Марыя каля падножжа крыжа»… Кракаўскае выдавецтва «Знак», у якім выйшлі «Асабістыя нататкі» Яна Паўла ІІ, і рэдакцыйная група, што рыхтавала іх да друку, выканалі велізарную, карпатлівую працу. Наколькі яна была складанаю, можна меркаваць па факсімільных старонках у кнізе. Рэдактарам трэба было не толькі расчытаць драбнюткі, не заўсёды чытэльны почырк Аўтара «нататак», але і расшыфраваць усе скарачэнні, алюзіі і спасылкі. Бачна, што запісы рабіліся для сябе, а не для друку… «Жыццё праходзіць, — запісаў Папа падчас аднаго разважання. — Але ж гэта не аднабаковы працэс: ад жыцця да смерці. Старэе і прамінае чалавек „вонкавы“, адначасова „дарастае“ чалавек унутраны, „дарастае“ да жыцця вечнага ў Богу…» Шаноўныя чытачы! У 10-ю гадавіну адыходу «да жыцця вечнага ў Богу» святога Яна Паўла ІІ прапануем вам невялікую падборку ягоных «Асабістых нататак». Іх было няпроста выбраць і «выняць» з кантэксту гэтай унікальнай кнігі, але спадзяюся, што нават такая невялікая падборка стане для вас яшчэ адною магчымасцю адкрыцця духоўнай глыбіні нашага святога Сучасніка — незабыўнага папы Яна Паўла ІІ. Крыстына Лялько
Гл. таксама:
|
|
|
|