Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(71)/2015
Жыццё Касцёла

ДЗЕЛЯ ПАЯДНАННЯ ВЕРЫ І НАВУКІ

«Я ЎВЕСЬ У РУКАХ БОЖЫХ»
Да 500-годдзя святой Тэрэзы ад Езуса

ГОРАД СВЯТОЙ ТЭРЭЗЫ
Sanctorum opera
Постаці

З РУКАПІСАЎ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Асобы

ХРАМ ЯГО ПАЭЗІІ
З архіваў часу

АФЯРА

ВЕРШЫ
Проза

НАШЫХ ДЗЁН КРЫГАХОД
Архітэктура

АД РЫМА ДА НЯСВІЖА
Проза

З «АГУЛЬНАГА СШЫТКА»
Спадчына
Літаратуразнаўства

БУЛАВА, З ПЯРОМ ЗЛУЧАНАЯ
Мастацтва

«ART-ВОРША-РУБОН»

Уладзімір КАРОТКІ

БУЛАВА, З ПЯРОМ ЗЛУЧАНАЯ

Хрысціянскі запавет гетмана Гасеўскага

Вінцэнт Гасеўскі.

Даследаванне помнікаў перакладной літаратуры Беларусі, як правіла, скіраванае на вывучэнне рукапіснай пісьмовай спадчыны — «Александрыі», «Троі», «Аповесці пра Трышчана» і г. д. Між тым, багатая, але не ўведзеная ў навуковы ўжытак друкаваная перакладная літаратура нашых суайчыннікаў пакуль што не зрабілася прадметам даследавання беларускіх вучоных. Шырокаму колу беларускіх чытачоў яшчэ не вядомыя імёны такіх знакамітых перакладчыкаў, як Стэфан Дзічкоўскі, Зыгмунт Брудзецкі, Ян Ліцыній Намыслоўскі, Беняш Будны.

«Люстэрка, якое нікому не дагаджае...» (Вільня, 16651; Торунь, 16952) французскага гістарыёграфа Жана Пюжэ дэ ля Сэра, прысвечанае найвышэйшым саноўнікам Вялікай Брытаніі. Перакладзенае польным гетманам Вялікага Княства Літоўскага Вінцэнтам Аляксандрам Корвінам Гасеўскім (каля 1620 – 1662) у маскоўскім палоне, яно з’яўляецца яркім прыкладам перакладной польскамоўнай літаратуры Беларусі эпохі Барока. У чатырох раздзелах кнігі — «O poznaniu siebie samego» («Пра пазнанне сябе самога»), «О wzgardzie sławy i bogactw» («Пра пагарду да славы і багаццяў»), «Zwycięstwo i tryumph żywota ludskiego nad śmiercią» («Перамога і трыумф жыцця людскога над смерцю»), «Nowy widok na theatrum cmentarzów, grobów i trun» («Новы погляд на тэатр могілак, склепаў і трунаў»), а таксама ў прысвячэнні ўдаве гетмана Магдалене раскрываецца барочнае бачанне чалавечай існасці ў створаным Богам сусвеце, даецца ацэнка духоўным і матэрыяльным каштоўнасцям у гістарычнай рэтраспекцыі.

Гэты твор французскага пісьменніка, драматурга, гістарыёграфа, пяру якога належыць звыш ста сачыненняў, быў не толькі вядомы, але і надзвычай папулярны ў Заходняй Еўропе. Так, у 1639 годзе «Люстэрка...» было перакладзена на англійскую мову і выдадзена ў Лондане, а ў 1667 г. — на нямецкую, і апублікавана ў Амстэрдаме.

Двойчы «Люстэрка…» ў перакладзе польнага гетмана, падскарбія ВКЛ Вінцэнта Гасеўскага друкавалася ў Рэчы Паспалітай абедзвюх дзяржаў, і гэта быў рэдкі выпадак у нашай культурнай прасторы. Характэрна, што ў торуньскім выданні на тытульным аркушы не пазначаны аўтар «Люстэрка…», а толькі гаворыцца пра тое, што гэты твор «zgotowany w moskiewskim więzieniu» («падрыхтаваны ў маскоўскім зняволенні») у 1650 г. Вінцэнтам Гасеўскім. І тым самым ужо тытульны аркуш утрымлівае ў сабе загадку, якая датычыць перш за ўсё года ці гадоў працы польнага гетмана над перакладам сачынення дэ ля Сэра. В. Корвін-Гасеўскі да 1638 г. вучыўся ва ўніверсітэтах Вільні, Вены, Рыма і Падуі (нарадзіўся каля 1620 г.), дзе «...zabawiał młode lata swoje słuchaniem i przeglądaniem wiekopomnych dzieł swoich Corwinow w Rzymie Consulow, a w Węgrzech Krolow, w X. Litewskim Senatorow» («...бавіў маладыя гады свае слуханнем і вывучэннем векапомных твораў сваіх Корвінаў, консулаў Рыма, каралёў Венгрыі, сенатараў Кн. Літоўскага»)3. Толькі з 1646 г. пачалася яго службовая кар’ера ў якасці стольніка ВКЛ, а таксама вельмі хуткі кар’ерны рост (1648 г. — крайчы ВКЛ, 1650 г. — маршалак пасольскай ізбы, 1651 г. — генерал артылерыі ВКЛ).

З даступных нам крыніцаў вядома, што падчас вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай у сярэдзіне XVII ст. гетман Вінцэнт Гасеўскі не быў у палоне ў 1650 годзе. Ён быў захоплены ў палон маскоўскімі войскамі на чале з ваяводам Іванам Хаванскім 21 кастрычніка 1658 года. Як сведчыць аўтар артыкула Адам Пшыбась у «Польскім слоўніку біяграфічным», вязень быў вызвалены ў 1659 годзе. Пры гэтым даследчык заўважае, што Гасеўскі прысвяціў свой пераклад жонцы Магдалене Канапацкай4. Аднак і гэта не зусім дакладная інфармацыя. Прысвячэнне ўдаве гетмана напісаў выдавец Юзаф Ляскоўскі. Хутчэй за ўсё, ён і знайшоў рукапіс перакладу кнігі дэ ля Сэра, як і іншыя сачыненні Гасеўскага. Выдавец «Люстэрка…» адзначае, што, акрамя гэтага перакладу, Гасеўскаму належыць яшчэ шэраг сачыненняў: «Inne, że są niedoskonałe, podobno w cieniu zostają. Tej zaś nie zdało mi się zamilczeć, aby praca tak wielkiego człowieka nieużytecznie zapaść miała, i żeby przez nas miała Ojczyzna po śmierci jego utracić reflexyią w tym Zwierciadle, którą on jey za żywota zawsze dawał hojnie, y w tej to pracy swojej do przejrzenia się gotował. <...> ta księga godna iest i rąk i oczu wielkich ludzi» («Іншыя, з прычыны іх недасканаласці, падобна, застаюцца ў цяні. Але пра гэтую мне не даводзіцца маўчаць, бо інакш бы праца такога вялікага чалавека магла б марна заняпасці, а Айчына з-за нас пасля яго смерці страціла б рэфлексію, заключаную ў гэтым «Люстэрку…», якую ён пры жыцці сваім заўсёды шчодра ёй прыносіў, і гэтай вось працай сваёй рыхтаваўся да разглядання самога сябе. <...> гэтая кніга вартая і рук, і вачэй вялікіх людзей»)5.

У гэтай жа прадмове Ю. Ляскоўскага змешчана і эпітафія (аўтаэпітафія), напісаная Гасеўскім у палоне. Далей ідзе яшчэ адна эпітафія, на лацінскай мове, якая, хутчэй за ўсё, была змешчана ў касцёле святога Казіміра ў Вільні. Там жа жонка Гасеўскага Магдалена паставіла помнік у гонар свайго мужа. На жаль, пасля 1832 г. маскоўскія войскі разрабавалі грабніцу Гасеўскага, а сам касцёл ператварылі ў царкву святога Мікалая.

Празаічнае прысвячэнне Магдалене Канапацкай нагадвае перш за ўсё прысвячэнні ўдовам у фунеральнай літаратуры Беларусі (напрыклад, прысвячэнне Соф’і Слуцкай, удаве Сімяона Алелькавіча; Ганне Хадкевіч, удаве Яна Караля Хадкевіча і інш.). Відаць, выдавец лічыў друкаваныя пераклады кнігі Гасеўскага сведчаннем філалагічных заняткаў польнага гетмана. Усё прысвячэнне прасякнута матывамі memento mori6, vanitas vanitatum et omnia vanitas7. Эпіграфам да твора з’яўляецца цытата з Сенэкі на лацінскай мове. У тэксце прадмовы гэты эпіграф перакладаецца на польскую мову, але перад перакладам эпіграфа змешчана заўвага Юзафа Ляскоўскага пра тое, што там, дзе некалі былі «mury Dardańskie, dziś pługiem ziemię krają, a gdzie był zamek Troiey, dziś kłosy wspływają, jednym słowem że wszystko ginie, poczynając» («муры Дарданіі, сёння [людзі] плугам зямлю крояць, а дзе быў замак Троі, сёння каласы ўсплываюць, адным словам, усё, што пачынаецца, гіне»)8. І толькі потым ідзе пераклад словаў Сенэкі: «nigdy nie jest prożna praca dobrеgo i życzliwego Ojczyźnie człowieka: słuchaniem bowiem, weyrzeniem, milczeniem i chodzeniem nawet iest pomocny» («ніколі не бывае марнаю праца добрага і зычлівага да Айчыны чалавека, бо ён слуханнем [сваім], поглядам, маўчаннем і нават хадзьбою ёй дапамагае»)9.

Годнасць чалавека, гетмана перш за ўсё была заснаваная на высокай навуцы і памяці пра слаўных продкаў і сваякоў. Упамінаюцца, напрыклад, гераічныя справы яго бацькі і брата. Ды і сам малады Вінцэнт Гасеўскі праславіўся ў першых сваіх бітвах з непрыяцелем тым, што ён «Dimirską y Irpieńską wygranemi potrzebami białoryskich W. X. L. obronił krajow» («Дзімірскай і ірпеньскай перамогамі10 абараніў беларускія землі В[ялікага] Кн[яства] Л[ітоўскага]»)11. На чатырох старонках прысвячэння ўзгадваюцца галоўныя вехі жыцця Вінцэнта Гасеўскага, яго перамогі і паразы, расказваецца і пра яго дыпламатычную дзейнасць. Ю. Ляскоўскі адзначае, што Вінцэнт Гасеўскі быў у маскоўскім палоне чатыры гады, і сенатары Рэчы Паспалітай называлі яго «delicium» (аздобаю) дзяржавы. Гэта не перашкодзіла, аднак, западозрыць Вінцэнта Гасеўскага ў дзяржаўнай здрадзе. Пасля вызвалення з палону 6 красавіка 1662 г. Гасеўскі атрымаў віншаванні ад французскага караля Людовіка XIV. Відаць, пад уплывам каралевы Людавікі Марыі Ганзага Вінцэнт Гасеўскі 12 чэрвеня 1662 г. у прысутнасці французскага пасла дэ Люмбрэ даў касцёльную прысягу, што падпарадкуе сабе войска Вялікага Княства Літоўскага. За гэта пазней ён быў расстраляны, але і яго карнікі Багдан Хлявінскі і Казімір Катоўскі таксама ў хуткім часе атрымалі смяротны прысуд.

Відаць, перыпетыі жыцця, звязаныя са зменай прыярытэтаў і мецэнатаў, пераканалі Вінцэнта Гасеўскага ў марнасці ўсяго існага. Таму выбар твора для перакладу відавочна меў значэнне. Не можа быць таксама двух меркаванняў адносна часу выканання задумы: гэта быў перыяд яго турэмнага зняволення. Праўда, шкада, што сёння мы маем толькі адзін з перакладных твораў гетмана — інфармацыя пра нейкія іншыя арыгінальныя творы таксама падаецца няпэўнай.

«Люстэрка…» ў знакавай сістэме паэтыкі Барока займае асобае месца. Люстэрка як прадмет служыць механізмам адлюстравання, але ў розныя эпохі сам прынцып адлюстравання ўспрымаецца па-рознаму. Найбольшую метафарызацыю люстэрка набывае ў эпоху Барока, калі кожны прадмет набывае другі, прыхаваны, сэнс. У звычайных з’явах мастакі Барока бачылі адлюстраванне вечных паняццяў, катэгорый і каштоўнасцяў. Сам па сабе прадмет мог і не мець пэўнай каштоўнасці, але яго ўнутраны сэнс, прыхаваны для непасвечанага, — вынік гістарыясофскага асэнсавання быцця, прычым у сусветным, касмічным маштабе. У адным люстэрку могуць быць сфакусіраваны самыя розныя прадметы, адлюстраванні асобаў, іх жыццёвыя гісторыі; калі не стае якой-небудзь адной рэчы, яе можа замяніць іншая, блізкая паводле падабенства альбо адрознасці. Вельмі важным элементам у пабудове самых розных канцэптаў была ідэя Божага Провіду. Самакаштоўным элементам, які захоўвае чалавечае ў чалавеку з пункту гледжання пісьменнікаў эпохі Барока, ёсць перш за ўсё дух, духоўнае — тое, што збліжае чалавека з космасам. Усё астатняе не належыць да вечнага.

Асаблівае месца ў гэтым вартасным радзе займае чалавечае цела і яго абрамленне, я б сказаў, атрыбутыка. Пісьменнік эпохі Барока імкнецца даказаць, праілюстраваць сваё бачанне сусвету праз гісторыю (historia est magistra vitae12). Для гэтага адбіраюцца не звычайныя прадметы ці асобы, а толькі тыя, што нясуць у сабе сімвалічны змест. Прывяду характэрныя для эпохі Барока выразы з гэтай кнігі. Аўтар задае пытанне, чым ёсць чалавек. Адказ: «Ty nazwany jesteś ziemią, boś nie z czego innego iest uczynion, tylko z ziemie... Ty w rzeczy samej niczem jesteś» («Ты названы зямлёю, бо створаны ні з чаго іншага, як з зямлі... Ты ў самой [сваёй] сутнасці — нішто»)13. Усе прарочыя сны, хімеры, усё прыватнае, з пункту гледжання аўтара, — нішто, і чалавек — таксама нішто. Ёсць толькі дзве асноўныя кнігі быцця: Біблія і Неба. Згодна з канцэпцыяй адлюстравання, усё чалавечае жыццё, усё, што жыве на зямлі, — гэта толькі вобраз смерці. Чалавечае жыццё можна параўнаць з кветкай, якая на ўзыходзе сонца завязвае пупышкі, апоўдні расцвітае, а на схіле дня адцвітае. У гэтым і ёсць канчатковая мэта жыцця. На с. 6 знаходзіцца глоса: «Niemasz nic niesmiertelnego w człowieku, tylko cnota» («Няма нічога несмяротнага ў чалавеку, толькі цнота»). Для ілюстрацыі гэтай думкі ізноў жа прыводзіцца люстэрка: «...proch i popioł ludzki służy nam za nowe zwierciadło namniej nie pochlebujące» («...прах і попел ад людзей служыць нам за новае люстэрка, якое нікому не дагаджае»)14.

Дзеля асэнсавання вечных праблемаў існавання чалавека ў хрысціянскім разуменні пісьменнік падае сваю спрэчку з антычнымі аўтарамі.

Merkury Trysmegyjski:

— Człowiek iest to ieden cud wielki

— toć musi być iednym cudem indzie.

Pytagor:

— Człowiek iest jakimś bogiem śmiertelnym

— gdybyś się przeyrzał w ułożeniu kości i żył iego, musiał by odmienić swoje zdanie.

Platon:

— Człowiek iest z pokolenia Boskiego

— a słusznie, ponieważ twoi bogowie byli ludźmi, a człowiek ponieważ z ziemie iest, do ziemi wrocić musi.

([Гермес] Меркурый Трысмегіст:

— Чалавек — гэта адзіны вялікі цуд.

— Значыць, павінен быць адзіным цудам у іншым месцы.

Піфагор:

— Чалавек — у пэўным сэнсе смяротны бог.

— Калі б ты ўбачыў, што ён складаецца з касцей і жылаў, мусіў бы змяніць сваё меркаванне.

Платон:

— Чалавек — з боскага роду.

— Гэта справядліва, бо твае багі былі людзьмі, а чалавек, паколькі паходзіць з зямлі, то ў зямлю і вярнуцца павінен15.

Для ўзмацнення ўздзеяння на чытача аўтар неаднаразова паўтарае: «Wspomnicie sobie, żeście wy ludzie» («Памятайце, што вы — людзі»).

Звяртаючыся да вялікіх каралёў, князёў, аўтар ізноў жа нагадвае, што «wasze wszystkie wyniosłości, wasze wszystkie bogactwa zawarte będą na owych marach, na których wy będziecie złożeni, wszystko bowiem to, co wam da dziś fortuna, śmierć wam odejmie jutro, a jutrzejszy dzień może was jeszcze postawić w szereg najnędzniejszych na świecie ludzi» («...уся вашая ганарлівасць, усе вашыя багацці будуць абмежаваны тымі прывідамі, з якіх вы складаецеся, бо ўсё тое, што вам сёння дае фартуна, смерць у вас заўтра адбярэ, а заўтрашні дзень можа яшчэ і паставіць вас у шэраг самых убогіх на свеце людзей»)16.

Марнымі з пункту гледжання барочнага пісьменніка аказваюцца не толькі людзі, іх жыццё, подзвігі, але і тыя матэрыяльныя каштоўнасці, якія яны пакінулі нашчадкам. Ён успамінае Капітолій, збудаванні Семіраміды, амфітэатр у Пампеях, — усё «zapadło w ieden ocean wieczności» («абрынулася ў адзін акіян вечнасці»). У адрозненне ад славы мірской, якую ён лічыць марнай, слава ёсць толькі ў Богу: «Szukajcie sławy w Bogu» («Шукайце славы ў Богу»).

Нават пісьмовыя крыніцы, якія сведчаць пра велічнасць каралёў, цароў, імператараў, не пакінулі нам нічога іншага, як толькі ўспаміны пра дзікасць чалавечай прыроды. З пункту гледжання аўтара, не трэба мець і шыкоўных надгробкаў. Аўтар успамінае адказ Дыягена, які той даў Аляксандру Вялікаму на могілках, дзе быў пахаваны Філіп Македонскі. «Ja się krzątam (odpowiedział Dyogenes) szukając kości ojca twego Filipa, w pośrodku tej wielkiej liczby, ktorą tu widzisz, ale mój trud iest daremny, bo iedne od drugich niczym rożne nie są» («Я корпаюся (адказаў Дыяген), шукаючы косці твайго бацькі Філіпа, сярод той вялікай [іх] колькасці, якую тут бачыш, але мае намаганні дарэмныя, бо адныя нічым не адрозніваюцца ад другіх»)17. Згадваючы пра надгробкі Аляксандра Македонскага, Кіра, Фемістокла, аўтар прыходзіць да высновы, што найлепшы надгробак, які нам пакінула гісторыя, — той, які датычыць смерці Адама ў Святым Пісанні: «Umarł — tyle nam powiedziano o nim» («Памёр — гэта ўсё, што нам сказана пра яго»)18.

Твор, перакладзены Вінцэнтам Гасеўскім, — яркае сведчанне тыпалагічнай блізкасці тэмаў, сюжэтаў, архетыпаў, топасаў у беларускай і заходнееўрапейскіх літаратурах эпохі Барока. Рэнесанснае разуменне гарманізацыі асобы, адзінства цялеснай і духоўнай арганізацыі змянілася ў ім канцэпцыяй, заснаванай на тэалагічным бачанні сусвету. З’яўляецца асобая паэтыка кантрастаў, якая ідэальна падыходзіць для адлюстравання несумяшчальнасці зямнога і нябеснага, высокага і нізкага ў жанрава-стылёвай сістэме Барока. Не сам чалавек, а яго сімвалічная напоўненасць, не яго дзяянні як знак увекавечвання жыцця, а пастуліраванасць іх нікчэмнасці і марнасці ў касмічным маштабе становяцца асновай эстэтычнага выбару. Гармонія Бога і чалавека бачыцца ў асобым тыпе раздвоенасці душы і цела, якая становіцца перашкодаю, а па сутнасці зброяй д’ябла на шляху да Бога і вечных каштоўнасцяў.


  1. [de la Serre, P.] Zwierciadło nikomu nie pochlebujące przez Jaśnie Wielmożnego Jego Mości P. Wincentego Corwina Gosiewskiego, podskarbiego wielkiego, pisarza ziemskiego, hetmana polnego W. X. L., Osmianskiego, Wieliskiego, Puńskiego, Markowskiego, Lodzieyskie(go) starostę, oekonomiey Grudziądzkiey, Mohilewskiey y Olitskiey administratora Polskiemu narodowi w Moskiewskim więzieniu zgotowane, roku 1650. Opus posthumum niegdy przez Piotra della Serre Historiographa Francuskiego językiem francuskim dedykowana Naiaśnieyszym Maiestatom Wielkiey Britanniey, roku 1632 w Rowan do druku podane. Drukowano w Wilnie, roku 1665.
  2. Zwierciadło nikomu nie pochlebujące przez Jaśnie Wielmożnego Jego Mości P. Wincentego Corwina Gosiewskiego, podskarbiego wielkiego, pisarza ziemskiego, hetmana polnego W. X. Lit., Ośmiańskiego, Wielińskiego, Puńskiego, Markowskiego, Lodzieyskiego starostę Polskiemu narodowi w Moskiewskim więzieniu zgotowane, roku 1650. Opus posthumum. Teraz świeżo przez Iego Mości Pana Iozefa Laskowskiego do druku podane. W Thoruniu: drukował Ian Balcer Bresler, 1695.
  3. [de la Serre, P.] Zwierciadło nikomu nie pochlebujące... Drukowano w Wilnie, roku 1665. Aрк. 2 зв.
  4. Przyboś, A. Gosiewski (Gąsiewski) Wincenty Aleksander Korwin // Polski słownik biograficzny. T. 8. Wrocław–Kraków–Warszawa, 1959–1960. S. 345.
  5. [de la Serre, P.] Zwierciadło nikomu nie pochlebujące... Drukowano w Wilnie, roku 1665. Арк. 4, 4 зв.
  6. Memento mori (лац.) – памятай пра смерць.
  7. Vanitas vanitatum et omnia vanitas (лац.) – марнасць над марнасцямі, і ўсё марнасць (словы з Кнігі Эклезіяста).
  8. [de la Serre, P.] Zwierciadło nikomu nie pochlebujące... Drukowano w Wilnie, roku 1665. Арк. 1.
  9. Тамсама. Арк. 2 зв.
  10. Маюцца на ўвазе перамогі над казацкім войскам Багдана Хмяльніцкага падчас ваеннай аперацыі Рэчы Паспалітай у чэрвені – ліпені 1651 г.
  11. [de la Serre, P.] Zwierciadło nikomu nie pochlebujące... Drukowano w Wilnie, roku 1665. Арк. 3.
  12. Historia est magistra vitae (лац.) – гісторыя ёсць настаўніца жыцця.
  13. [de la Serre, P.] Zwierciadło nikomu nie pochlebujące... Drukowano w Wilnie, roku 1665. С. 1 другога ліку.
  14. Тамсама. С. 6 другога ліку.
  15. Тамсама. С. 19 другога ліку.
  16. Тамсама. С. 58 другога ліку.
  17. Тамсама. С. 149–150.
  18. Тамсама. С. 155.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY