|
|
|
№
1(71)/2015
Жыццё Касцёла
Да 500-годдзя святой Тэрэзы ад Езуса
Sanctorum opera
Постаці
Пераклады
Паэзія
Асобы
З архіваў часу
Проза
Архітэктура
Проза
Спадчына
Літаратуразнаўства
Мастацтва
|
Працяг. Пачатак у № 2 (64)/2013.
Раздзел IV Я падкрэсліў «неабавязковасць» сяброўства, і гэта патрабуе ад мяне больш дакладнага тлумачэння. Можна аспрэчыць маю пазіцыю, сказаўшы, што сяброўства прыносіць вялікую карысць грамадству. Усе вялікія грамадскія ініцыятывы і цячэнні, можна сказаць «рэлігіі», развіліся ў малой групе сяброў. Матэматыка як навука пачала складацца тады, калі некалькі сяброў у Грэцыі пачалі размаўляць пра лічбы, лініі і вуглы. Тое, што называецца цяпер Каралеўскім навуковым таварыствам, спачатку было сустрэчамі некалькіх джэнтльменаў, якія ў свой вольны час абмяркоўвалі пытанні, што былі цікавыя ім (і некаторым іншым таксама). Рамантызм распачаўся з бясконцых размоваў спадароў Уордсварта і Колрыджа (у першую чаргу гэтага апошняга) пра іх асабісты погляд на рэчы. Можна без перабольшванняў сказаць, што камунізм, трактарыянізм30, метадызм, рух за скасаванне нявольніцтва, Рэфармацыя, Рэнесанс узніклі такім жа чынам. У гэтым нешта ёсць. Але, напэўна, амаль кожны чытач палічыць адны з гэтых рухаў добрымі для грамадства, а іншыя — дрэннымі. Але ў цэлым прыведзены спіс як найлепш дэманструе, што сяброўства можа стаць для грамадства і добрай дапамогаю, і небяспекаю. Але нават у якасці добрай дапамогі сяброўства вартаснае не столькі для выжывання, колькі «для цывілізацыі». Як сказаў Арыстоцель, яно дапамагае грамадству не выжываць, а жыць лепш. Часам у некаторыя эпохі і ў пэўных абставінах вартасць для выжывання і вартасць для развіцця цывілізацыі супадаюць, але не заўжды. Аднак у любым выпадку можна ўпэўнена сказаць, што калі сяброўства прыносіць грамадству нейкую карысць, гэта адбываецца выпадкова і з’яўляецца пабочным прадуктам. «Рэлігіі», распрацаваныя для грамадскай карысці, як праслаўленне боскай годнасці імператара ў Старажытным Рыме або сучасныя спробы «прадаць» хрысціянства як сродак «уратавання свету», ні да чаго не прыводзяць. Малыя групкі сяброў, якія адварочваюцца ад «свету», вось яны сапраўды змяняюць яго. Матэматыка Егіпта і Бабілёна мела вялікае практычнае і грамадскае значэнне, служыла сельскай гаспадарцы і магічным рытуалам. Але незалежная матэматыка Грэцыі, якою некалькі сяброў займалі свой вольны час, прынесла нам больш карысці. Некаторыя ізноў жа могуць сцвярджаць, што сяброўства мае неацэнную карысць, а магчыма, і неабходнасць для выжывання індывіду. У якасці доказу можна прывесці мноства аўтарытэтных выказванняў: «безабаронная тая спіна, за якою не стаіць брат», і «ёсць сябры, бліжэйшыя за братоў». Але, гаворачы так, мы ўжываем слова «сябар» замест «хаўруснік», «прыхільнік». Звычайна ж слова «сябар» значыць, або прынамсі павінна значыць, нешта большае. Сябар, зразумела, павінен праявіць сябе як хаўруснік, калі гэта неабходна: пазычыць грошай або дапамагчы ў патрэбе, апекавацца ў хваробе, заступіцца перад ворагамі, зрабіць усё магчымае для ўдавы і сіротаў сябра. Але ўся гэтая дабрачыннасць не мае адносінаў да сяброўства. Акалічнасці, якія вымушаюць аказваць паслугу, — гэта хутчэй перашкода для сяброўства. Яны пэўным чынам істотныя ў ім, а пэўным чынам — не. Істотныя, бо, не аказаўшы дапамогі ў патрэбе, вы акажацеся несапраўдным сябрам, а неістотныя — бо роля дабрачынцы заўжды выпадковая, нават крыху чужая ролі сябра. Яна ставіць сябра ў няёмкае становішча, бо сяброўства абсалютна вольнае ад патрэбы быць патрэбным, уласцівай прыязнасці. Нас засмучае, што ўзнікла патрэба дапамагаць, пазычаць або дзяжурыць уначы пры ложку хворага. Давайце ж дзеля Бога хутчэй забудзем пра гэта і вернемся да сапраўды прыемных размоваў і заняткаў. Гэтаму віду любові нават удзячнасць перашкаджае. Стэрэатыпная фраза «Забудзься» перадае пачуцці, якія мы перажываем. Адзнака сапраўднага сяброўства не ў тым, каб дапамагчы, калі сябра прыцісне (гэта і так зразумела), а ў тым, што аказаная дапамога нічога не змяняе. Гэта адцягвае ўвагу, адводзіць ад галоўнага. Гэта толькі жахліва забірае час, які можна правесці разам, а яго і так заўжды мала. Можа, у нас толькі пара гадзінаў, каб паразмаўляць, а Божа ратуй, цэлых дваццаць хвілін давялося аддаць справам. Бо справы сяброў нас зусім не цікавяць. Сяброўства, у адрозненне ад кахання, не дапытлівае. Вы становіцеся некаму сябрам, не ведаючы і не цікавячыся тым, ці ён жанаты, ці не, і як ён зарабляе на жыццё. Якія адносіны маюць усе гэтыя «неістотныя рэчы і фактычныя абставіны» да сапраўды важнага пытання: «Ты бачыш тую ж праўду?». У коле сапраўдных сяброў кожны чалавек проста з’яўляецца самім сабою, выяўляе сябе толькі як асобу. Нікога не цікавіць яго сям’я, прафесія, становішча ў грамадстве, даход, нацыянальнасць або мінулае. Зразумела, што вы так ці інакш пра ўсё гэта даведаецеся. Але выпадкова. Гэтыя акалічнасці будуць патроху выяўляцца дзеля нейкага прыкладу або правядзення аналогіі, паслужаць прэамбулай для анекдота, але самі па сабе яны не маюць значэння. У гэтым каралеўская годнасць сяброўства. Мы сустракаемся як валадары незалежных дзяржаваў, за іх межамі, на нейтральнай тэрыторыі, вольныя ад кантэксту ўласнага жыцця. Гэты від любові па сутнасці не звяртае ніякай увагі не толькі на нашую цялеснасць, але і на тое, у што яна загорнутая: сям’ю, працу, мінулае і сувязі. Дома, будучы проста Пітэрам і Джэйн, мы маем яшчэ і сацыяльную ролю: мужа або жонкі, брата або сястры, кіраўніка, калегі, падначаленага. Але з сябрамі ўсё інакш. Сяброўства вызваляе і агаляе розум. У каханні агаляюцца целы, у сяброўстве — асобы. У гэтым (зразумейце мяне правільна) заключаецца тонкая адвольнасць і безадказнасць гэтага віду любові. Я не абавязаны быць нічыім сябрам, і няма ў свеце чалавека, абавязанага быць маім. Ніякіх прэтэнзій, ні ценю неабходнасці. Сяброўства не з’яўляецца неабходным, таксама як філасофія, мастацтва і сам сусвет (у Бога не было неабходнасці ствараць яго). Яно не патрэбнае для жыцця, але гэта адна з тых рэчаў, без якіх не патрэбнае жыццё. Кажучы пра сяброў, якія стаяць побач, плячо да пляча, я падкрэсліў абавязковае адрозненне гэтай паставы ад паставы закаханых, якія ўяўляюцца нам тварам да твару. Я ўжыў гэтае параўнанне толькі каб паказаць адрозненне паміж імі. Агульныя зацікаўленасці або светапогляд, якія яднаюць сяброў, зусім не прымушаюць іх заставацца абыякавымі і безуважнымі адзін да аднаго. Наадварот, менавіта ў сяброўскім асяродку ўзнікае ўзаемная любоў і ўзаемнае веданне. Нікога мы не ведаем так добра, як «старога сябра». Кожны крок у супольным падарожжы выпрабоўвае, з чаго ён зроблены, і гэтыя выпрабаванні нам цалкам зразумелыя, бо мы самі праз іх праходзім. І калі раз за разам мы бачым трываласць металу, з якога выкаваны сябра, наш давер, павага і прызнанне расцвітаюць у вельмі моцную і ўпэўненую любоў ацэнкі. Калі б мы з самага пачатку больш цікавіліся самім сябрам, а не тым, «пра што» мы сябруем, мы б ніколі не даведаліся пра яго так шмат і не палюбілі б яго так моцна. Вы не адкрыеце ў чалавеку ваяра, паэта, філосафа або хрысціяніна, проста гледзячы яму ў вочы, як каханай, лепш змагайцеся побач з ім, чытайце разам з ім, спрачайцеся і маліцеся. Мне здаецца, у дасканалым сяброўстве гэтая любоў ацэнкі часта бывае такой вялікай і трывалай, што кожны з сяброў у глыбіні сэрца адчувае сваю мізэрнасць перад іншымі. Часам ён дзівіцца, што робіць сярод гэтых людзей, настолькі лепшых за яго, і неімаверна шчаслівы знаходзіцца ў такой кампаніі. Асабліва калі ўся кампанія збіраецца разам, кожны сябар выяўляе ў іншых самае лепшае, мудрэйшае, забаўнейшае. Гэта залатыя часы, калі чацвёрка або пяцёрка сяброў вяртаецца дамоў пасля цяжкага дня падарожжа, абувае пантофлі, выцягвае ногі да зыркага агню. Напоі пад рукой і ўвесь свет, і нават нешта па-за ім адкрываецца ў цягу размовы нашым розумам. Ніводзін з нас не мае прэтэнзій да іншых або абавязкаў перад імі. Усе свабодныя і роўныя адзін перад адным, так, нібы ўпершыню сустрэліся ўсяго гадзіну таму, і ў той жа час нас лучыць прыязнасць, правераная гадамі. У жыцці — у зямным жыцці — няма большага дару за гэты. Хто яго заслужыў? З таго, што было сказана, становіцца зразумела, што амаль заўжды ў грамадстве і амаль ва ўсе эпохі мужчыны сябравалі з мужчынамі, а жанчыны — з жанчынамі. Мужчыну і жанчыну могуць звязваць прыязнасць і каханне, але гэты від любові — не. Вельмі рэдка яны бывалі кампаньёнамі ў адной справе, а гэта — аснова сяброўства. Там, дзе мужчыны адукаваныя, а жанчыны — не, дзе мужчыны працуюць, а жанчыны — не, або іх праца зусім іншага роду, ім звычайна няма «пра што» сябраваць. Але відавочна таксама, што хутчэй менавіта гэтая нестыкоўка перашкаджае сяброўству, а не асаблівасці мужчынскай і жаночай натуры. Там, дзе мужчына і жанчына могуць быць кампаньёнамі, яны могуць стаць і сябрамі. Ва ўніверсітэцкім асяродку, як мой, дзе мужчыны і жанчыны працуюць побач, а таксама ў місіянерскай працы або сярод пісьменнікаў і мастакоў падобнае сяброўства — звычайная рэч. Здараецца, што сяброўства, прапанаванае адным бокам, іншы бок прымае за каханне, і гэта выклікае боль і няёмкасць. Або адносіны, што пачаліся як сяброўства, могуць перарасці ў каханне. Аднак казаць, што адно прымаюць за другое або адно ператвараецца ў другое — не значыць адмаўляць іх адрозненні. Гэта само сабою зразумела, інакш нельга сказаць, што адно «пераблыталі» з другім, або адно «ператварылася» ў другое.
Пераклад з англійскай мовы
Паводле: «The Four Loves»,
|
|
|
|