|
|
|
№
1(71)/2015
Жыццё Касцёла
Да 500-годдзя святой Тэрэзы ад Езуса
Sanctorum opera
Постаці
Пераклады
Паэзія
Асобы
З архіваў часу
Проза
Архітэктура
Проза
Спадчына
Літаратуразнаўства
Мастацтва
|
Мікола КУПАВА
«ART-ВОРША-РУБОН»
Выстава, прысвечаная 500-гадоваму юбілею |
||||||||||||||||||||||||
|
| М. Купава. «Раніца пад Воршай». |
Нашу краіну шчодра азараюць юбілеі. У 2012 г. мы адзначылі 650-я ўгодкі перамогі войскаў ВКЛ над трыма татарскімі ханамі і вызвалення Украіны ад чужаземнага ярма. Нашымі войскамі тады кіраваў сам вялікі князь Альгерд Гедзімінавіч. У 2010 г. таксама былі адзначаны важныя юбілеі: 660 гадоў з часу нараджэння Вітаўта Вялікага і 600-гадовы юбілей перамогі саюзных войскаў Польшчы і Літвы пад Грунвальдам, 445 гадоў ІІ Статута ВКЛ, 270-годдзе Літавора Яўхіма Ігната Язэпа Храптовіча — апошняга канцлера ВКЛ. Былі і іншыя даты, значныя па сваёй важнасці ў гісторыі і культуры Беларусі. І гэтыя даты суправаджаліся мастацкімі выставамі і іншымі мерапрыемствамі, за якімі стаіць невялікая група мастакоў. Але гэтыя святы, як склалася ў апошнія дзесяцігоддзі, былі святамі для патрыятычнай часткі грамадства. 500-гадовы юбілей важнай падзеі ў нашай гісторыі адзначалі Грамадскі нацыянальны аргкамітэт і патрыятычныя беларускія арганізацыі. У ліку іншых мерапрыемстваў было праведзена святкаванне на Аршанскім полі — пабаявішча, якое стала галоўнай часткаю свята.
Паводле праграмы Аргкамітэта, народныя святкаванні праходзілі ў розных местах і вёсках нашай краіны і ў замежжы. Такі значны юбілей Аршанскай бітвы адзначаўся ў Менску, Вільні, Варшаве, Гародні, Магілёве, Гомелі, Смаленску і ў іншых местах. Усе святкаванні трансляваліся ў сродках інфармацыі і ў інтэрнэце. Аргкамітэт лічыў правядзенне нацыянальнай мастацкай выставы адным з найважнейшых мерапрыемстваў юбілею. Да правядзення выставы спрычыніўся Беларускі саюз мастакоў. Кіроўны орган БСМ — Рада — у траўні 2014 г. зацвердзіла план выставачнай дзейнасці творчага звязу, у тым ліку і правядзенне выставы, прысвечанай 500-годдзю вялікай перамогі пад Воршай. Назву выставе далі «Art-Ворша-Рубон», ужыўшы старабеларускае слова з двайным значэннем: «ура» і «сеча». Назва выставы, на наш погляд, цалкам адпавядае гістарычным фактам і рэаліям бітвы.
|
| Я. Батальёнак. «Поле пад Воршай». |
У беларускім сучасным выяўленчым мастацтве тэма Аршанскай бітвы пачала развівацца з 1984 года. У гэты час Генрых Ціхановіч напісаў карціну «Бітва пад Воршай», а праз 10 гадоў Гаўрыла Вашчанка напісаў кампазіцыйны партрэт Канстанціна Астрожскага. Так пачала складвацца беларуская тэматыка пра Аршанскую бітву ў сучасным нацыянальным мастацтве. Конная статуя Льва Гумілеўскага «К. Астрожскі», адлітая ў матэрыяле сілумін, выдатна дапаўняе і робіць тэму паўнавартаснай і паўнакроўнай. Гэта скульптура ўпрыгожвае экспазіцыю Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.
Экспазіцыя выставы пачыналася з копіі карціны невядомага мастака першай чвэрці XVI ст. «Бітва пад Воршай» з Нацыянальнага музея ў Варшаве. Пяць гадоў даследавання карціны прынеслі плён: мы цяпер можам сцвярджаць, што гэта карціна беларуская, але да гэтага часу ў беларускім мастацтвазнаўстве пра яе не было аніводнай публікацыі. Другім творам, які самым яркім чынам ілюструе падзеі бітвы, была каляровая аўталітаграфія М. Басалыгі «Бітва пад Воршай», а таксама конны партрэт К. Астрожскага. Гэта вобраз палкаводца, які ўзначальвае літоўскае войска ў пераможнай бітве. У серыю ўваходзіць партрэт Юрыя Алелькавіча, маладога слуцкага князя, сына Настассі Іванаўны, арганізатаркі і камандзіркі войска Слуцкага княства ў бітве і перамозе з крымскімі татарскімі наезнікамі ў 1506 годзе. Ён прымаў актыўны ўдзел у Аршанскай бітве. У розныя гады ўжо ў ХХІ ст. да стварэння вобраза К. Астрожскага і бітвы пад Воршай звярталіся многія мастакі: Ніна Сакалова-Кубай, Антаніна Лапіцкая, Мікола Купава, Алесь Мара, Сяржук Цімохаў, Юрась Каралевіч, Ягор Батальёнак, Алесь Пушкін, Святлана Баранкоўская з Віцебска, Генадзь Говар з Гомеля, Мікалай Аўчыннікаў і Рыгор Мяжуеў з Маладзечна, Эдуард Мацюшонак, Валеры Калясінскі, Усевалад Свентахоўскі, Пётра Шарыпа і іншыя мастакі.
|
|
|
| А. Шаціла. Медаль, прысвечаны К. Астрожскаму. | ||
Варта асобна разгледзець некаторыя творы гэтай галерэі. Надзвычай арыгінальная кампазіцыя Ніны Сакаловай-Кубай. У кампазіцыі ўжытыя два колеры і белая папера, што стварае ў рэалізацыі трохкаляровае вырашэнне задумы. Надзвычай пранікнёна ў Ніны Сакаловай-Кубай паказаны вобраз Багародзіцы. Гэта невыпадкова, бо 8 верасня 1514 года было вялікае свята канфесійнага зместу — Дзень Нараджэння Святой Багародзіцы, які адзначаўся ў абедзвюх хрысціянскіх канфесіях: у праваслаўнай і ў каталіцкай. Арыгінальная тэхніка выцінанкі.
Творы Міколы Аўчыннікава вызначаюцца высокім прафесіяналізмам, дынамікай і прадуманай кампазіцыяй. Гэта надзвычай прыгожыя акварэлі «Бліскавіца над Дняпром», «У сутоцы Крапіўны і Дняпра». Кожны разумее, што адлюстраваныя мясціны, дзе і была гэтая эпахальная бітва. Мастак услаўляе сваю зямлю, якая нарадзіла перамогу. Многія мастакі былі ў гэтых мясцінах, авеяных славутай перамогай, але кожны пісаў самастойную, толькі ім убачаную карціну. Ягор Батальёнак гэты ж самы матыў паказаў прыгожа і лірычна, а Алесь Пушкін падаў крапівенскія краявіды ў эпічным прачытанні.
|
|
|
|
Г. Вашчанка. «К. Астрожскі». |
М. Басалыга. «Бітва пад Воршай». |
У канцы жніўня — пачатку верасня на берагах Дняпра і Крапіўны пад Воршай, на полі пабаявішча, прайшоў пленэр, арганізаваны творчай суполкай «Пагоня». Творы, якія адлюстроўваюць краявіды Падняпроўя, якраз і нарадзіліся на пленэры. І на ўзвышшы, дзе 8 ве-расня 1514 г. на белым кані стаяў К. Астрожскі, які кіраваў ходам бітвы, пакуль яшчэ невядомымі скульптарамі былі ўсталяваныя барэльефы К. Астрожскага, Ю. Радзівіла і І. Сапегі. Бронзавыя барэльефы ўмураваныя ў вялікія валуны, і на гэтыя помнікі з боку Крапіўны адкрываецца грандыёзнае відовішча.
Сама выстава, прысвечаная такой вялікай і па сутнасці ўнікальнай падзеі і даце, была значнаю з’яваю ў нашым культурным жыцці. І арганізатары выставы пастараліся зрабіць яе адкрыццё таксама значнай падзеяй у мастацкай практыцы. Прэлюдыяй да выставы былі паказальны выступ і двубой удзельнікаў рыцарскага клуба «Гівойт», а таксама выступы музыкаў, паэтаў і песняроў, у якіх знайшліся адпаведныя паэтычныя радкі, характэрная музыка і песні, блізкія па духу падзеям 1514 года. А галоўнай песняй свята была беларуская народная песня «Бітва пад Воршай», якой ужо каля 500 гадоў і якая ўслаўляе вялікую перамогу.
Тэма выставы значна шырэйшая за батальныя сцэны і партрэты герояў бітвы. Задачай, якую ставілі перад сабой арганізатары выставы, з’яўляецца пашырэнне гісторыі і культуры ВКЛ праз выяўленчае мастацтва і асэнсаванне гэтага перыяду ў нашай гісторыі. Беларусь у гэты час называлі краінай замкаў. У краіне будаваліся храмы-крэпасці, фартэцыі, палацы. Ствараліся велічныя творы літаратуры. Дарэчы, адразу пасля перамогі пад Воршай Ян Вісліцкі напісаў эпічную паэму «Пруская вайна» і «Оду каралю Жыгімонту» з апісаннем славутай бітвы. Гэта быў першы прыклад мастацкай літаратуры пра вялікую перамогу. М. Гусоўскі ўжо пісаў сваю славутую «Песню пра зубра», а Ф. Скарына перакладаў на родную мову кнігі Бібліі і ў 1517 г., якія пачне друкаваць, заснаваўшы такім чынам беларускае кнігадрукаванне. У беларускіх храмах з’явіліся новыя выдатныя абразы. Гэтыя з’явы засведчылі, што ў Вялікім Княстве Літоўскім развіваецца культура зусім іншага тыпу — еўрапейскага. Гэта было Адраджэнне Беларусі, залаты век Беларусі-Літвы.
|
|
|
|
Ю. Каралевіч. «Рыцары ВКЛ». |
А. Лапіцкая. «Канстанцін Астрожскі». |
Некаторыя тэмы Адраджэння знайшлі сваё ўвасабленне ў творчасці нашых мастакоў і былі паказаны на выставе. Гэта творы А. Лапіцкай, Н. Сакаловай-Кубай, Р. Мяжуева і інш. Сярод твораў дробнай пластыкі варта адзначыць медаль і жэтон Генадзя Лойкі і Валерыя Калясінскага. Творы вельмі вобразныя і тэхналагічныя, у іх вельмі красамоўна выкарыстаны матэрыял — бронза.
Віцебскі кераміст Міхась Паўлаў у плакетцы паказаў Аршанскі замак. Гэта дэбют мастака, які сваёю працаю заняў пачэснае месца ў шэрагу творцаў, якія на выставе развівалі мірную тэму Адраджэння.
Юбілейны двухбаковы медаль, які прадстаўляе і бітву, і Канстанціна Астрожскага, стаў выдатнаю памяткаю пра перамогу, што было так неабходна вялікаму святу (яго аўтар — скульптар і медальер Алесь Шаціла).
Выстава прыцягнула ў Палац мастацтва найбольшую колькасць гледачоў у параўнанні з мінулымі гадамі. Гледачы ішлі на выставу зацікаўленыя і ўдзячныя яе арганізатарам. Выстава стала значнай культурнай падзеяй і значным унёскам у святкаванне 500-гадовага юбілею вялікай перамогі пад Воршай, важнай даты ў гісторыі нашага народа.
|
|
|