Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(71)/2015
Жыццё Касцёла

ДЗЕЛЯ ПАЯДНАННЯ ВЕРЫ І НАВУКІ

«Я ЎВЕСЬ У РУКАХ БОЖЫХ»
Да 500-годдзя святой Тэрэзы ад Езуса

ГОРАД СВЯТОЙ ТЭРЭЗЫ
Sanctorum opera
Постаці

З РУКАПІСАЎ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Асобы

ХРАМ ЯГО ПАЭЗІІ
З архіваў часу

АФЯРА

ВЕРШЫ
Проза

НАШЫХ ДЗЁН КРЫГАХОД
Архітэктура

АД РЫМА ДА НЯСВІЖА
Проза

З «АГУЛЬНАГА СШЫТКА»
Спадчына
Літаратуразнаўства

БУЛАВА, З ПЯРОМ ЗЛУЧАНАЯ
Мастацтва

«ART-ВОРША-РУБОН»

Аркадзь КУЛЯХА OCD

СВЯТАЯ ТЭРЭЗА АД ЕЗУСА — НАСТАЎНІЦА КАМУНІІ З БОГАМ

Vuestra soy, para Vos nací:
¿Qué mandáis hacer de mí?
Soberana Majestad, eterna Sabiduría,
Bondad buena al alma mía;

Я — Твая, я для Цябе нарадзілася
Што пажадаеш зрабіць з мяне?
Найвышэйшая Веліч, Мудрасць вечная,
Вялікае Дабро для маёй душы.

«Para Vos nací» («Я для Цябе нарадзілася») — гэтыя словы абраныя дэвізам юбілею 500-годдзя нараджэння святой Тэрэзы ад Езуса, слушна названай вялікай. У адным з вершаў святая цалкавіта аддаецца Богу, які яе стварыў, і пытаецца, чаго Ён ад яе чакае і хоча. Св. Тэрэза адкрыла ў Богу праўду пра сябе, знайшла сябе ў Ім, таму прагнула ўвайсці з Ім у адносіны, прыязнасць, дыялог і блізкасць, каб дазволіць Богу ажыццявіць свой план у ёй. У адным сваім творы яна напіша: «О мой Божа! Бясконцая Мудрасць, без меры і межаў, вышэйшы за ўсялякі розум анёлаў і людзей! О Любоў, якая любіш мяне больш, чым я сама сябе любіць умею! Няўжо я хацела б прагнуць чагосьці звыш таго, што Ты даць мне хочаш?»1. Менавіта згода на ўсялякае Божае дзеянне, гатоўнасць быць Яго слугою, пакора і паслухмянасць узнялі іспанскую жанчыну — манашку, якая жыла ў складаны час XVI стагоддзя, на вышыні кантэмпляцыі.

 

Жыццё святой Тэрэзы

Дзяцінства і маладосць

Тэрэза Санчэс-дэ-Сепеда і Аўмада (Teresa Sanchez de Cepeda y Ahumada) нарадзілася 28 сакавіка 1515 года ў Авіле шостым дзіцем у заможнай шляхецкай сям’і. Мела дзвюх сясцёр і дзевяць братоў. Сама святая так успамінае сваю сям’ю: «З Божай ласкі я мела цнатлівых і багабоязных бацькоў. Мой бацька вельмі любіў чытанне добрых кніг <...>. Гэтыя чытанні, а таксама клопат, з якім маці вучыла нас малітве і пашане да Найсвяцейшай Панны Марыі і святых, пачалі пабуджаць мяне да Божай любові»2. Ужо ў гэтых першых радках успамінаў святая Тэрэза звяртае ўвагу на ролю бацькоў у выхаванні і фарміраванні дзяцей як адказных і свядомых людзей. Важны ва ўсе часы прыклад бацькоў трэба лічыць найлепшым і першым «букваром» і катэхізісам.Св. Тэрэза піша, што ў хрысціянскім узрастанні яе падтрымлівалі менавіта бацькі, якія мелі «пашану і ўпадабанне толькі да цноты»3. Чытаючы наступныя радкі Кнігі жыцця святой, мы даведваемся пра яе бацьку, які быў міласэрны, літасцівы, праўдамоўны і праведны. «Ніхто, — піша Тэрэза, — ніколі не чуў, каб ён прысягаў або казаў дрэнна пра іншых»4. Сваю маці яна запомніла як сціплую, мудрую і адкрытую на ўсіх жанчыну. Відавочна, што ў бацькоўскім доме трэба шукаць крыніцу сціпласці, пакоры, умілавання праўды, імкнення да праведнасці і святасці будучай святой.

Ужо ў дзяцінстве Тэрэза захаплялася жыццём святых. Яна сама ўзгадвае, што ва ўзросце сямі гадоў, разам са сваім братам Радрыга вырашыла пайсці ў Афрыку, каб там аддаць сваё жыццё як мучанікі. Яны патаемна ўцяклі з хаты, каб здзейсніць задуманае, аднак ім перашкодзіў дзядзька, які спыніў іх ужо за мурамі горада. Калі мучаніцтва не атрымалася, Тэрэза абрала сабе куток у садзе, каб там наследаваць пустэльнікаў і пакутнікаў. Асаблівым выпрабаваннем для 12-гадовай Тэрэзы стала смерць яе маці. Менавіта тады яна аддае сябе ў духоўную апеку Найсвяцейшай Панне Марыі, абіраючы Яе за маці. Наступныя гады — гэта складаны падлеткавы ўзрост, пра які Тэрэза піша з жалем, бо спазнала тады, што «натура чалавека больш да злога схільная, чым да добрага»5. Успамінаючы гэты перыяд, яна дае актуальную і сёння параду ўсім бацькам, каб асаблівую ўвагу звярталі на тое, з кім іх дзеці прабываюць у маладосці.

 

Сталенне і пачатак манаскага жыцця

Даручаная айцом апецы сясцёр аўгустынак, Тэрэза вырашае цалкам прысвяціць сябе Богу ў манаскім жыцці, аднак бацька не даваў на гэта згоды. У 1536 г. Тэрэза ўцякла з дому і патаемна ўступіла ў Авіле ў кляштар кармэлітак, прысвечаны святому Юзафу. Убачыўшы рашучасць дачкі, бацька благаславіў яе.

Першыя манаскія гады яна пражыла рупліва і ў радасці. Кляштар стаў для яе сапраўдным домам. На жаль, праз 7 гадоў раптоўная і моцная хвароба прымусіла яе пакінуць клаўзуру і прайсці курс лячэння. Будучы амаль пры смерці, яна атрымала дар аздараўлення дзякуючы заступніцтву святога Юзафа, якога раіла як настаўніка духоўнага жыцця і малітвы тым, хто такога яшчэ не мае. Час хваробы Тэрэза выкарыстала для чытання духоўнай літаратуры. Асаблівую карысць прынёс ёй «Трэці духоўны алфавіт» Францішка дэ Асуна з Ордэну францішканаў. З дапамогаю гэтай кнігі маладая манашка вучылася ўнутранай малітве і кантэмпляцыі — пазней іх вялікай настаўніцай стане яна!

Падчас беатыфікацыйнага працэсу сястры Тэрэзы ад Езуса сведкі пацвердзілі, што ў манаскім жыцці яна не рабіла памылак звыш тых, якія здараюцца нават у добрых асобаў; хоць хварэла, але аддавалася малітве нават больш, чым было прадпісана сёстрам у кляштары. Спаведнікі святой засведчылі, што яна ніколі не ўчыніла ніякага цяжкага граху. Аднак у «Кнізе жыцця» Тэрэза абвінавачвае сябе ў тым, што дзеля кантакту з людзьмі пакідала Бога, што ўводзіла яе душу ў стан рассеянасці і сухасці6. Яна была ўпэўненая, што не заслугоўвае блізкіх адносінаў з Богам, бо занядбала ўнутраную малітву. Пазней яна напіша: «…цэлы год і даўжэй я жыла без духоўных разважанняў, дзеля вялікай, як мне здавалася, пакоры, а была гэта найбольшая з усіх спакусаў»7. Было гэта ў 1542 годзе. Кляштар святога Юзафа ў Авіле даволі часта наведваў бацька Тэрэзы, якому Тэрэза і прызналася ў сваёй сухасці, хоць і не цалкавіта. Дон Алонза, які сам практыкаваў унутраную малітву, навучаны ёй, дарэчы, дачкою, зразумеў сапраўдную крыніцу рассеянасці Тэрэзы і перажываў па гэтай прычыне і, напэўна, маліўся за яе.

 

Сустрэча з любоўю Бога

Важным элементам духоўнага жыцця святой Тэрэзы ад Езуса была споведзь, падчас якой яна раскрывала сваю душу духоўнаму кіраўніку. Усхваляваная смерцю свайго бацькі, Тэрэза прызналася спаведніку ў сваім стане. Духоўны айцец загадаў ёй вярнуцца да ўнутранай малітвы, што стала пачаткам новага духоўнага вопыту Тэрэзы, якая на працягу дзесяці наступных гадоў будзе з дапамогаю ласкі змагацца за сваё поўнае вяртанне да Бога8. Кульмінацыйным момантам яе поўнай перамены стала сустрэча з бічаваным Езусам у выяве, змешчанай з нейкай нагоды ў кляштарнай капліцы. Тэрэза пазней напіша: «…такі вялікі жаль ахапіў мяне пры думцы, як дрэнна я адплочваю за гэтыя раны, што мне здавалася, нібы сэрца разрываецца; упаўшы перад Ім на калені, я са слязьмі маліла Пана ўзмацніць мяне так, каб больш Яго не абражала»9. Жаданне цалкавітага аддання сябе Богу дапоўніла чытанне «Споведзі» святога Аўгустына: «…мне здавалася, што я бачу свой уласны вобраз <...> О Божа, надта пакутуе душа, калі страціць дадзеную ёй свабоду»10. Тэрэза хутка парве рэшткі зямных прывязанасцяў, каб знайсці «большае дабро, якое дае ўнутраная малітва»11, і, адданая без рэшты Богу, задае сабе пытанне, што яшчэ можа для Яго зрабіць.

 

Рэфармацыя і рэформа св. Тэрэзы

Бог адкрывае перад рупліваю і з’яднанаю з Ім кармэліткаю новыя духоўныя далягляды. XVI стагоддзе — гэта час рэфармацыі ў Еўропе. Святая Тэрэза вельмі пакутуе па гэтай прычыне і прагне, каб сёстры больш маліліся за Касцёл і пакутавалі за грахі іншых. Апошнія дваццаць гадоў жыцця святой будуць перапоўненыя жаданнем большага праслаўлення Бога. Калі навокал знішчаюцца касцёлы і не ўшаноўваецца Найсвяцейшы Сакрамэнт, Тэрэза атрымлівае ад Бога наказ заснаваць кляштар, у якім «будзе квітнець руплівае служэнне Богу»12. З гэтага моманту яе жыццё пераменіцца цалкам — у перыяд рэфармацыі яна таксама стане рэфарматаркаю, аднак у іншым вымярэнні: ёй будзе дадзена заснаваць 18 новых жаночых кляштараў, у якіх сёстры будуць адараваць Найсвяцейшы Сакрамэнт, і ў часе, калі Бог меў так шмат ворагаў і так мала сяброў, прынамсі гэтыя апошнія былі Яго праўдзівымі сябрамі13. Пазней былі заснаваныя яшчэ 15 мужчынскіх кляштараў, якія былі плодам яе малітвы і дзейнасці пры дапамозе святога Яна ад Крыжа.

Тэрэза, якая прагнула аддацца ціхай малітве ў клаўзуры, будзе вымушана змагацца з рознымі складанасцямі і перашкодамі, сустракацца з рознымі людзьмі, шмат падарожнічаць… У гэты ж час яна таксама напіша тысячы лістоў, паэтычных твораў і шэдэўраў духоўнай літаратуры: «Кнігу жыцця», «Шлях да дасканаласці», «Унутраны замак», а перад смерцю — «Кнігу фундацый». Як гэта магчыма і якім коштам зроблена? Не са шкодаю для духоўнага развіцця і малітвы — асноўных сфераў яе дзейнасці. Тэрэза сама адказвае на гэта пытанне, паказваючы на Бога як на крыніцу сваіх чынаў: «…чаго хоча Ягоная Веліч, тое не можа не ажыцявіцца»14.

 

Дарога да хвалы

Кляштар у Авіле быў наймілейшым месцам для спрацаванай сястры Тэрэзы ад Езуса. У ім, магчыма, яна хацела б заставацца да моманту поўнага спаткання з Панам у вечнасці, аднак Ягоная воля была іншаю. Увосень 1582 года па загадзе правінцыяльнага вікарыя Тэрэза паехала ў Альба дэ Тормэз, каб там даглядаць хворую княгіню, — тая выздаравела да прыбыцця Тэрэзы, але сама святая моцна захварэла і 4 кастрычніка 1582 года памерла. У захапленні любові, апошнім дыханнем яна прамовіла словы: «Урэшце, Пане, я — дачка Касцёла». Усё сваё жыццё св. Тэрэза любіла Касцёл і дзеля дапамогі яму засноўвала новыя кляштары. За кожнае слова, запісанае ў Святым Пісанні, за кожную праўду веры, за кожны, нават найменшы касцёльны абрад яна гатовая была памерці15.

У 1622 годзе Тэрэза з Авілы была кананізаваная папам Грыгорыем XV, а ў 1970 годзе папа ПавелVI абвясціў яе першай жанчынай, якая стала доктарам Касцёла. Праз стагоддзі і сёння св. Тэрэза вучыць новыя пакаленні сваіх нашчадкаў у Кармэлі і вернікаў сяброўскім адносінам з Богам, які ёсць Любоў, і з усведамленнем сваёй ролі ў Касцёле кажа: «Няхай будзе благаслаўлёны і праслаўлены Пан, ад якога паходзіць усё, што толькі добрае ў думках, словах і ўчынках нашых»16.

Аб’яўленне Святога Духа святой Тэрэзе Авільскай.
Пітэр Паўль Рубенс. 1612-1614. Ратэрдам.
Музей Бойманса ван Бёнінгема.

Тэрэза як пісьменніца і настаўніца духоўнага жыцця

Шчодра надзеленая натуральнымі дарамі, св. Тэрэза атрымала таксама пісьменніцкую харызму, дзякуючы якой яна перадала тэалагічную праўду, абапіраючыся на свой уласны вопыт. Трэба зазначыць, што пісаць яна пачала па загадзе сваіх духоўных кіраўнікоў, настаяцеляў або самога Хрыста. Творы Тэрэзы — гэта багатая крыніца разнастайнага духоўнага вопыту, гэта яе сведчанне, яе глыбокае духоўнае прасвятленне, гарманічная і грунтоўная духоўная дактрына17.

 

1) La Vida («Кніга жыцця») — міласэрнасць Пана буду ўсхваляць вечна.

У іканаграфіі святая Тэрэза прадстаўлена ў габіце; анёл прабівае ёй сэрца стралою любові, бачны крыж, пяро, голуб, кніга і надпіс Misericordias Domini in aeternum cantabo («Міласэрнасць Пана буду ўсхваляць вечна»). Менавіта гэтыя словы могуць перадаць змест «Кнігі жыцця». Аўтарка распавядае пра ўсё, што ў ёй учыніў міласэрны Бог, тлумачыць значэнне і ўзнёсласць гісторыі збаўлення, якая рэалізуецца ў жыцці чалавечай асобы. У гэтай кнізе святая, «кажучы пра кантэмпляцыю жывога Бога і справу заснавання новых кляштараў рэфармаванага ёю Кармэля, дасканала і з вялікай мудрасцю прадстаўляе таямніцу Хрыста, прысутнага ў Касцёле сакрамэнтальна. Усклікаючы ў хвіліну смерці «Я — дачка Касцёла», святая Тэрэза перадае стан свайго духу, дзякуючы якому кантэмпляцыя Бога ў Хрысце становіцца ў любові кантэмпляцыяй Яго Касцёла, прагненне прысвяціць сябе Богу — прагненнем прысвячэння сябе Касцёлу»18.

 

2) Camino de Perfección («Шлях да дасканаласці») — быць сапраўдным сябрам Бога.

Абапіраючыся на тэкст малітвы Ойча наш, св. Тэрэза сцвярджае аскетычны фундамент духоўнага жыцця, неабходнасць развіцця цнотаў і вартасць спалучэння вуснай і ўнутранай малітвы. Спазнаўшы веліч і дабрыню Бога, яна заахвочвае да таго, каб малітва была «размовай сяброў, сямейнаю блізкасцю з Богам, з якім мы прабываем ва ўкрытасці, ведаючы, што Ён нас любіць»19. Малітва, паводле святой Тэрэзы, як вынік любові да Бога, калі стварэнне цалкам яднаецца са сваім Створцам, вядзе да апостальства, сведчання перад іншымі аб велічы Пана і Яго любові20.

 

3) El castillo interior («Унутраны замак») — раскоша каралеўскіх палацаў.

Сем апартаментаў ці памяшканняў, па якіх Тэрэза вядзе чытача, — гэта этапы духоўнага жыцця, працэс развіцця Божага жыцця ў чалавеку, які можа стаць удзельнікам таямніцы Тройцы і Хрыста ажно ў найвышэйшых ступенях містычнага вопыту. Святая ведае, якія скарбы хавае чалавечая душа, і прагне дапамагчы выкарыстаць іх для асабістага шчасця іншых: «Калі Пан увядзе душу ў сваё жытло, якім ёсць яе ўласнае нутро, душа гэтая становіцца падобнай да неба, у якім жыве Бог»21.

 

4) Libro de las fundaciones («Кніга фундацый») — кантэмпляцыя Бога і дзеянне ў Яго імя.

Святая Тэрэза ў гэтай кнізе хоча падзяліцца з чытачом сваім багатым вопытам фундацыі, г. зн. заснавання новых кляштараў. Яна гаворыць пра ласкі, якія атрымала разам з сёстрамі ад Бога, пра складанасці і праблемы, пра сваю радасць, а таксама пра сум і цярпенні, якія перажывала. У тэксце паказана спалучэнне глыбокай малітвы і пастаяннага прабывання ў Божай прысутнасці з вялізнай знешняй актыўнасцю як бы спалучаных евангельскіх Марыі і Марты (пар. Лк 10, 41). Святая ведае, што дзейнічае моцаю Бога, што ад Яго атрымлівае сілы: «О Божа вялікі! Як дзівосна аб’яўляеш сваю магутнасць, дадаючы смеласці маленькаму чарвячку»22.

 

5) Libro de las relaciones («Духоўныя справаздачы») — Божая ласка мацнейшая за чалавечую слабасць.

Простымі словамі святая Тэрэза апісвае свае духоўныя перажыванні, парады спаведнікаў і духоўных кіраўнікоў, а таксама атрыманыя ад Бога ласкі. З гэтага тэксту паўстае жывая рэальная жанчына, якая ўмілавала праўду, імкнулася цалкавіта аддацца Богу і была звязаная з Ім цесным вузлом любові. Містычны вопыт дазволіў ёй непасрэдны кантакт з Богам, які размаўляў з ёю і пабуджаў да дзеяння: «Калі я разважала, якую любоў вінная Пану Езусу <...>, Ён сказаў мне: з гэтага моманту імкніся і старайся, каб служыла Мне яшчэ больш рупліва, чым дагэтуль»23.

 

6) Conceptos del amor de Dios («Разуменне Божай любові») — пацалунак любові.

Св. Тэрэза адважылася ў XVI стагоддзі, у час іспанскай інквізіцыі, напісаць каментарый да кнігі Старога Запавету — да Песні Песняў Саламона. Трэба зазначыць, што ў Іспаніі не было перакладу гэтай кнігі Бібліі, а каментарыі псеўдамістыкаў фальсіфікавалі сапраўдную духоўнасць. Тэрэза, абапіраючыся на айцоў Касцёла, бачыла ў гэтай кнізе алегарычны сэнс. Любоў паміж Боскім Абраннікам і душою была часткаю яе жыцця, таму біблійныя вобразы і звароты так адпавядалі візіі духоўных заручынаў. Святая паказвае тут таксама дзеянне Духа Святога: «Думаю, што Дух Святы дзейнічае як пасрэднік паміж душою і Богам, і Ён сам узбуджае ў душы такія палкія прагненні і так набліжае да яе гэты агонь з неба, каб уся разгарэлася ў ім. О Пане, якая вялікая міласэрнасць Твая, з якою абыходзішся з душамі! Будзь благаслаўлёны навекі!»24.

 

7) Exclamaciones del alma a su Dios («Воклічы душы да Бога») — крыніца жывой вады.

Св. Тэрэза знайшла крыніцу жывой вады, таму ў шчасці, з глыбіні сваёй душы яна ўсклікае да Бога. Гэты твор — не толькі кніга, гэта малітоўнік і ўзор малітвы, напісаны жанчынай, якая атрымала містычнае пазнанне Бога. Тэрэза скардзіцца на працягласць «зямнога выгнання», кажа пра моцнае прагненне сустрэцца з Богам, аднак гатовая на пакуты дзеля Яго: «О мая раскоша! Пане ўсяго стварэння і Божа мой! Дакуль жа яшчэ буду чакаць шчасця аглядаць Твае аблічча? <...> О доўгае жыццё! О горкае жыццё! О жыццё без жыцця! <...> Хочаш, мой Божа, каб мізэрны чарвяк перанёс і выцерпеў рэч, для сябе супярэчную? Няхай так будзе, Божа мой! Калі Ты так хочаш, я не хачу нічога, толькі Цябе!»25.

 

8) Паэтычныя творы — solo Dios basta! Дастаткова аднаго толькі Бога!

Св. Тэрэза разумее, што яна не паэтка, аднак ёй здараецца без складанасці пісаць вершы. Яе паэзія, як вынік містычных перажыванняў, напоўненая глыбокімі думкамі, яна вылучаецца цікаваю лірычнаю формаю і паказвае найглыбейшыя перажыванні аўтаркі. Многія вершы святой Тэрэзы пакладзеныя на музыку і выкарыстоўваюцца ў малітвах. Прапаноўваю як прыклад свой улюбёны фрагмент аднаго з вершаў духоўнай маці:

Nada te turbe,
Nada te espante,
Todo se pasa,
Dios no se muda,
La paciencia
Todo lo alcanza;
Quien a Dios tiene
Nada le falta:
Sólo Dios basta.

Хай нішто не трывожыць,
Хай нішто не пужае,
Ў свеце ўсё прамінае,
Толькі Бог ёсць нязменны.
Калі маеш цярплівасць,
Тады ўсё табе ўдасца;
Усяго табе хопіць,
Калі ты маеш Бога,
Бо Яго аднаго дастаткова.

Галоўныя элементы духоўнасці святой Тэрэзы

Папа Бэнэдыкт XVI, кажучы пра святасць, піша, што «святы — гэта не хтосьці, хто здзяйсняе вялікія гераічныя чыны, абапіраючыся на свае чалавечыя якасці, але той, хто ў пакоры дазваляе, каб Хрыстус увайшоў у яго душу і дзейнічаў праз яго. Дазволіць весці сябе такім чынам магчыма толькі для таго, хто вядзе інтэнсіўнае жыццё малітвы».

 

1) Цноты як фундамент жыцця.

Сярод цнотаў, якія хрысціянін павінен развіваць, можна вылучыць некалькі асабліва актуальных сёння, хоць, магчыма, забытых. Па-першае — евангельскае ўбоства, карыснае для ўсіх, не толькі хрысціянаў. Дзякуючы гэтай цноце развіваюцца адпаведныя адносіны да свету і яго дабротаў: між іншым, стрыманасць у іх выкарыстанні, скіраванне думак у бок духоўнасці, вызваленне ад эгаізму і празмернага спажывальніцтва.

У манаскай супольнасці святая Тэрэза дбала пра любоў як да Бога, так і да бліжніх. Узаемная пашана, альтруізм, гатоўнасць дапамагчы іншаму чалавеку альбо проста любоў да бліжняга — гэта асноўны прынцып жыцця не толькі манаскай ці хрысціянскай, але наогул чалавечай супольнасці.

Determinada determinación, г. зн. поўная рашучасць, для Тэрэзы ёсць неабходным элементам духоўнага развіцця і ўмоваю малітвы. Як жа патрэбная гэтая цнота сучаснаму чалавеку ў сутыкненні з маральным рэлятывізмам секулярызаванага свету! У фарміраванні рашучасці і адвагі ў дзеянні веруючаму чалавеку дапамагае хрысціянская надзея, дзякуючы якой чалавек спадзяецца на Божую ласку.

Тэалогія вучыць, што ласка базуецца на натуры, выкарыстоўвае яе і ўдасканальвае. Св. Тэрэза ад Езуса звяртае ўвагу на такія чалавечыя цноты: праўдамоўнасць, сціпласць, ветлівасць, весялосць і асабістая культура.

 

2) Біблійны фундамент духоўнасці.

Відавочна, што святая Тэрэза слухае Божае слова і жыве ім. Яе еднасць, і нават атаясамленне з біблійнымі постацямі, а перадусім з Езусам Хрыстом, — гэта дарога для сучаснага чалавека, які прагне ўвайсці ў кантакт з Богам.

 

3) Малітва як прабыванне ў Божай прысутнасці.

У кармэліцкай духоўнасці вялікая ўвага ўдзеленая таямніцы Божай прысутнасці ў жыцці чалавечай асобы. Усведамленне гэтай праўды дапамагае веруючаму яднацца з Богам у розных абставінах. Упэўненая ў Божай прысутнасці ва ўсіх стварэннях, а асабліва ў душы чалавека, святая Тэрэза моліцца на працягу ўсяго дня, незалежна ад часу і месца26. Хрысціянская малітва не адарваная ад рэчаіснасці жыцця, але ахоплівае менавіта ўсе яго сферы і праяўленні, робячы з іх свайго роду змест малітвы. Трыванне ў Божай прысутнасці вядзе да адкрыцця прысутнасці ў сваёй душы Езуса Хрыста, у якім усе людзі — гэта сёстры і браты. Адносіны з іншымі людзьмі таксама прасякнуты Богам. Дзякуючы таямніцы Божай прысутнасці святая не прывязваецца да людзей, але ўсіх любіць са свабодай у Хрысце.

 

4) Роля спаведніка і духоўнага кіраўніка ў духоўным развіцці.

Веруючы чалавек, які сур’ёзна ставіцца да свайго духоўнага развіцця, не абмяжоўваецца толькі споведдзю, але шукае дапамогі ў духоўным кіраўніцтве. Хоць гэтая тэма не галоўная ў творах святой Тэрэзы, але ў яе жыцці, як яна сама напіша, мела вялікае значэнне. Святая карысталася дапамогай духоўнага кіраўніка перадусім падчас сакрамэнту споведзі. Выбіраючы спаведніка і духоўнага кіраўніка, яна звяртала ўвагу на тое, каб ён меў адпаведныя тэалагічныя веды, вопыт, быў разважлівы і вылучаўся асабістай святасцю, пакораю і любоўю.

 

5) Клопат пра збаўленне чалавека.

Святая Тэрэза з болем бачыла адыход людзей ад Касцёла і веры, што вядзе да вечнага асуджэння: «Сэрца разрываецца ад бачання столькіх душаў, якія ідуць на загубу. Каб ужо скончылая гэта няшчасце! Каб я ўжо не глядзела на загубу душаў, якая з кожным днём памнажаецца»27. Асабліва сёння важныя словы Тэрэзы аб гатоўнасці аддаць жыццё за Касцёл, у якім ёсць збаўленне...

Гл. таксама:
Святлана ГРЭСВІ :: ПРА «КНІГУ ЖЫЦЦЯ» СВ. ТЭРЭЗЫ АВІЛЬСКАЙ ::
ЖЫЦЦЁ СВЯТОЙ ТЭРЭЗЫ АД ЕЗУСА, ЗАПІСАНАЕ ЁЮ САМОЮ ::
Валеры БУЙВАЛ :: ГОРАД СВЯТОЙ ТЭРЭЗЫ ::


  1. Воклічы душы да Бога, 17,1.
  2. Кніга жыцця, 1.
  3. Тамсама.
  4. Тамсама.
  5. Тамсама, 2,3.
  6. Тамсама, 7,1.
  7. Тамсама, 7,11.
  8. Пар. тамсама, 8,7.
  9. Тамсама, 9,1.
  10. Тамсама 9,8.
  11. Тамсама 7,10.
  12. Тамсама, 32,11.
  13. Пар. Шлях да дасканаласці, 1,2.
  14. Кніга фундацыі, 22,18.
  15. Пар. Кніга жыцця, 33,5.
  16. Шлях да дасканаласці, 42,7.
  17. Пар. Павел VI, Апостальскі ліст Multiformis Sapientia Dei.
  18. Ян Павел II, Апостальскі ліст Virtutis exemplum et magistra, 1.
  19. Шлях да дасканаласці, 8,5.
  20. Пар. тамсама, 32,12.
  21. Унутраны замак, VII, 2,9.
  22. Кніга фундацыі, 2,7.
  23. Духоўныя справаздачы, 42.
  24. Натхненні Божай любові, 5,5.
  25. Воклічы душы да Бога, 6,1.
  26. Пар. Кніга жыцця, 18, 15.
  27. Шлях да дасканаласці, 1,4.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY