|
|
|
№
1(71)/2015
Жыццё Касцёла
Да 500-годдзя святой Тэрэзы ад Езуса
Sanctorum opera
Постаці
Пераклады
Паэзія
Асобы
З архіваў часу
Проза
Архітэктура
Проза
Спадчына
Літаратуразнаўства
Мастацтва
|
У кнізе Рыгора Барадуліна «У неба пехатою», што рыхтавалася да друку пры жыцці паэта, а сталася першай пасмяротнай, маю ўвагу надоўга запыніў верш, які пачынаецца афарыстычным чатырохрадкоўем:
І далей — тройчы, як малітоўны рэфрэн, паўтараецца радок: «Паэт будуе сам сябе, як храм». Не ведаю, што будзе напісана на надмагільным помніку Р. Барадуліна, які мяркуецца ўсталяваць сёлета ва Ушачах, дзе пачаўся і закончыўся яго зямны шлях. Калі б гэта залежала ад мяне, на помніку з’явіліся б менавіта гэтыя словы: «Паэт будуе сам сябе, як храм», бо ўся паэзія Р. Барадуліна — як выбудаваны ў неба вечнасці Беларускі Храм. З усімі неабходнымі для святыні атрыбутамі. Храм — як антытэза грахоўнай халабудзе, дзе збіраецца смецце нашага мітуслівага побыту. «У храме весялей адбыцца цуду»… Цуды здараюцца не толькі ў храме, а паўсюль, дзе трэба ўратаваць чалавецтва ад поўнай зняверы. Вось і з’яўленне ў 1991 г. на мапе свету Рэспублікі Беларусь я разглядаю як адзін з цудаў. Упершыню ў беларускай гісторыі была прынятая Канстытуцыя, якая насамрэч адпавядала нацыянальным інтарэсам, урэшце сама ўлада загаварыла па-беларуску. І як адна з праяваў таго цуду — наданне звання народнага паэта Рыгору Барадуліну. Неяк я загаварыў пра гэта з тагачасным кіраўніком Беларусі Станіславам Шушкевічам, і ён сказаў, што Барадулін для яго вялікі паэт і святы чалавек, і што тою пастановай Вярхоўны Савет проста замацаваў відавочнае — Рыгор Барадулін і без усялякіх званняў народны. Доўгі час у нашым літаратуразнаўстве ствараўся стэрэатып, як ні дзіўна, жывы і па сёння, паводле якога беларуская літаратура — пераважна патрыярхальна-вясковая, а яе героі ледзь не ўсё ХХ ст. абораю хлеб кроілі. Гэта, вядома ж, не так. У процівагу я мог бы прывесці дзясяткі імёнаў і сотні твораў. Але дастаткова назваць імя аднаго Барадуліна, у чыёй творчасці адлюстравалася ўсё наша шматпраяўнае беларускае быццё. І глядзім мы з радасным здзіўленнем на тое адлюстраванне, бо мы, аказваецца, і цікавыя, і самадастатковыя, і нябедныя, і хадзіць нам у пазыкі да чужога дзядзькі неабавязкова. Паводле сваёй метафорыкі, вобразатворчасці Рыгор Барадулін як паэт, на маю думку, не мае сабе роўных, хоць раўнялі неаднойчы і яго. Як усіх.
Доўгі час Рыгора Барадуліна адносілі да гэтак званага філалагічнага пакалення, пазней вобразна названага пакаленнем, абпаленым вайной. Але Барадулін не становіцца ні ў якія шэрагі. Можна, вядома, уявіць яго ў пачэсным арэапагу разам з творцамі-равеснікамі, з якімі ён сябраваў. З заглыбленым у гісторыю жыццялюбам Уладзімірам Караткевічам, які сваімі творамі намагаўся прышчапіць жыццялюбства ўсяму народу. З далікатным і тонкім знаўцам душы чалавечай Міхасём Стральцовым. З пажыццёва задзірыстым (нават на чыноўніцкіх пасадах) Генадзем Бураўкіным. І ўсё ж Барадулін — не ў шэрагу, ён сам па сабе, як той зубр-адзінец. Дарэчы, бескампрамісная Ларыса Геніюш яго так і называла: «Барадулька мая харошая, шляхотны пабраціме зубра барадатага». Выйшла больш за сотню кніг паэта. Цяпер разбіраецца і апрацоўваецца яго архіў — ужо выйшаў у свет першы том дзённікаў і запісаў. І міжволі прыходзіш да думкі, што, каб ацаніць усё ім створанае і пакінутае нам як дар, не шкодзіла б заснаваць Інстытут барадуліназнаўства. Так, Рыгор Барадулін сам па сабе, але — з народам. Калі ў свой час выйшаў знакаміты зборнік «Здубавецця», я наўпрост спытаўся ў паэта, ці ўсё там народнае, ці вы трошкі і свайго дадалі? Адказ быў даволі ўхілісты, і я зразумеў, што нават не трошкі. Тое самае, думаю, адбылося і з кнігай «Вушацкі словазбор». Дадумваць за народ — Барадулін меў такое права. Гэта немагчыма высветліць і ўдакладніць, але ў кожнай народнай прыказкі ёсць канкрэтны аўтар. Часта яна — мастацкі мінітвор, бывае нават рыфмаваны: «Памёр багатыр — за ім ідзе ўвесь мір, а памёр худачок — ідуць святар ды дзячок»; «хваліўся старац, што перажыў марац, ажно ў маю — нясуць яго да гаю». Хто аўтар гэтых і сотняў іншых такіх жа запамінальных выслоўяў? Нехта ж пусціў іх у свет, а народ узяў, як кажуць, на ўзбраенне, штосьці дадаўшы. Так і Барадулін часам пісаў у суаўтарстве з народам. І гэта ёсць найвышэйшы пілатаж для паэта. Перачытайце, скажам, барадулінскі паэтычны цыкл «Бяроза з лістам гаварыла», прысвечаны памяці маці — Куліны Андрэеўны. «Грабовыя дошкі сціснулі ножкі, сырая зямля на сэрца лягла» — гэта фальклор ці гэта Барадулін? Пытанне для будучага Інстытута барадуліназнаўства.
Кажуць, што сапраўдным паэтам радкі Бог дыктуе. Аднаму, каб пачуць іх, патрэбна засяродзіцца і настроіцца. А другі чуе іх увесьчасна, дзе б ні быў — «ці на піры, ці ў бары». Як чуў Божую дыктоўку, прыкладам, Адам Міцкевіч, і сучаснікі дзівіліся з яго імправізатарскага таленту. Гэткім жа рэдкім талентам валодаў і Рыгор Барадулін. Прыгадваецца далёкі ўжо 1996 год. У Доме літаратара праходзіць паэтычная вечарына, прысвечаная Дню волі. Сярод шаноўных выступоўцаў і Рыгор Барадулін. Пасля вечарыны — чарга па аўтографы. Спецыяльна прыстройваюся пасля ўсіх, каб мець магчымасць перакінуцца словам з паэтам. Барадулін бярэ кнігу і нешта падазрона доўга піша. Я нецярпліва выцягваю шыю і пачынаю разумець, што на маіх вачах нараджаецца верш. Для мяне тады гэта было нечуваным дзівам. Пазней ужо я даведаўся, што Барадулін шмат каму падпісваў кнігі вершамі. Вось ён, самы дарагі для мяне барадулінскі аўтограф-імправізацыя:
Памятаю, як выйшла ў свет унікальная ў кантэксце ўсёй сусветнай літаратуры кніга «Паслаў бы Табе душу…» — перапіска Барадуліна з маці. Я параіў бы прачытаць яе ўсім сынам і дочкам, бо яна літаральна сатканая з любові і пяшчоты. Матчынай і сыноўскай. Маці ўведзеная Рыгорам Барадуліным у почат святых — згадайма яго кнігу «Евангелле ад Мамы». Ён штодня маліўся да мамы, нават напісаў адмысловую малітву. У мяне ёсць яе дыктафонны запіс, і, калі слухаю, перахоплівае дыханне… Аднойчы па дарозе ў быкаўскія Бычкі мы заехалі ў Вушачы, на Бутаўскія могілкі. Барадулін падышоў да помніка з барэльефам Куліны Андрэеўны, абняў яго і пацалаваў. І стаў гаварыць з маці — як з жывою. Мы з Сяргеем Шапранам ажно разгубіліся. Слухаў я і песні ў выкананні Куліны Андрэеўны. Што ні песня — то сюжэт. Думаю, што яна шмат дала сыну як паэту. Ён проста кшталтаваў тыя сюжэты, аздабляў літаратурна. Год таму на апошнім развітанні з паэтам я чуў: Барадулін — вялікі паэт, гонар нацыі, чаму вырашана пахаваць яго ў Вушачах? Менавіта ў Вушачах. Па-першае, каля мамы, як ён сам наказваў. Па-другое, выпраўляючыся ў паломніцтва да святыні, чалавек мусіць пераадолець пэўны шлях. Як пераадольваюць яго людзі, кіруючыся ў Святыя горы да Пушкіна ці ў Зэльву да Ларысы Геніюш. Так будуць ісці і ехаць у Вушачы — да Барадуліна. Гэта неабходна нарэшце зразумець і мясцоваму начальству. Прыкра ўспамінаць той факт, што ў вушацкай раённай кнізе «Памяць» біяграфія Рыгора Барадуліна даецца толькі да 1986 года, хоць «Памяць» тая выйшла ў 2003-м! Ажно 17 гадоў актыўнага — творчага і грамадскага — жыцця паэта падаліся камусьці непатрэбнымі. Начальнікі, відаць, пакуль не зразумелі: Вушачы — гэта не яны, дачаснікі, і не абкарнаная «Памяць». Вушачы — гэта Рыгор Барадулін. І ўжо навечна.
Раней я лічыў, што геній — вызначэнне пасмяротнае. Геніі так рэдка сустракаюцца на зямлі, што ў іх прысутнасць боязна паверыць. Тым болей боязна паверыць у гэта нашаму наскрозь скептычнаму грамадству. І ўсё ж шмат для каго даўно было ясна як божы дзень: Рыгор Барадулін — геній, які жыве побач з намі. Але — і гэта вельмі істотна — яго геніяльнасць нікому не перашкаджала. Дваццаць гадоў ён быў для мяне дзядзькам Рыгорам (ягоная просьба — называць менавіта так), ад яго ў любую хвіліну можна было пачуць чарговы досціп, вершаваны экспромт, літаратурную показку, што сыпаліся як з чарадзейнага рога ці бяздоннага меха. Нездарма Сяргей Шапран кнігу сваіх гутарак з паэтам так і назваў — «Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным». І гэткі «сам-насамны» Рыгор Барадулін ёсць у кожнага з нас. Аднойчы дзядзька Рыгор па тэлефоне папрасіў пашукаць для яго лекі (у аптэцы паблізу ягонага дома такіх не было). Я зрыхтаваўся запісаць мудрагелістую лацінскую назву, але пачуў у слухаўцы — лірыка. Падумаў, што паэт жартуе. Аказалася, пілюлі пад назвай Liryka сапраўды існуюць, і ветлівая аптэкарка неўзабаве расказала мне пра іх эфектыўнасць. Эфектыўныя лекі — і барадулінская лірыка. Неабходна прымаць іх як мага часцей. Гэтыя лекі не для схварэлага цела — лекі гэтыя ўмацоўваюць знявераную душу. Нездарма сваю выніковую кнігу Рыгор Барадулін назваў знакавым словам «Ксты». Менавіта духоўныя вершы з «Кстоў», выдадзеных і некалькі разоў перавыдадзеных мінскім касцёлам святых Сымона і Алены, дзе настаяцелем служыць дзейсны і адданы Богу і беларушчыне ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, сталіся малітоўнай канвой Крыжовага шляху, які сёлета праходзяць вернікі ў парафіі святога Андрэя ў Нарачы. «Паэт будуе сам сябе, як храм…». І ўсе мы ўслед за паэтам мусім будаваць сябе, як храмы, а не як халабуды. Бо кім ні ёсць чалавек на зямлі, на якіх шыкоўных аўто ні ездзіць, у неба ў свой час ён адыходзіць пехатою. І ў гэтым мне бачыцца галоўны запавет Паэта з Божай ласкі Рыгора Барадуліна.
Міхась Скобла.
|
|
|
|